…Ці ведаеце, шаноўныя чытачы, чым будзеце займацца ў старасці? Пытанне, відаць, крыху недарэчнае, бо адразу трэба разабрацца, што такое старасць і калі яна наступае. І ці па пашпарту, ці па стану духу? Для мае суразмоўцы, з якой сустракалася мінулым летам, старасць яшчэ не наступіла, хоць юбілеі свае яна святкавала… Ды якая там старасць, калі кожны новы дзень для яе пачынаецца ў 5.00, а як малодшы сынок ад’язджае на працу, то і ў 4 гадзіны раніцы? А раніца, як вядома, не “па пашпарту” – яна па сонцу.
– Божа, які гэта прыгожы і благаслаўлёны час – летні ранак! – у захапленні ўспамінае пані Марыя. – Цішыня навокал, якую адчуць можна менавіта ў такую рань – не шуміць аўтатраса (яна ад нас за паўтара кіламетра), спяць суседскія аўтамабілі, не гамоняць, не спяшаюцца ў школу дзеці – у іх канікулы, і толькі птушкі шчабечуць, вітаючы новы дзень, а разам з ім вітаючы і мяне. Адправіўшы на працу сына, не іду зноў класціся спаць – выходжу на надворак, каб у супакоі і разважаннях падзякаваць Пану Богу таксама за новы дзень, за тое, што дае мне фізічныя сілы, дапамагае размеркаваць мой час. Спачатку адгаворваю Ружанец, Літанію да Маці Божай, Літанію да Сэрца Езуса. А пасля яшчэ і Літанію да Бога Айца, але гэта ўжо вечарам, перад сном…
Свой дзень пачынаю з абыходу пляцу: загляну ў цяплічку – ці паліць трэба, ці падварушыць што, пасля наведаю кожную градку ў адкрытым грунце, падыду да малінаў, да маладых дрэўцаў… І хоць кожны дзень раблю адно і тое ж, а ўсёроўна цікава: заўважаю, дзе лісток новы раскрыўся, ці флянсік на памідорах выскачыў… Бакавы позірк фіксуе, як узмахнула крылцамі і адляцела, быццам чаго спужалася, Божая кароўка… Затое звонкая пчолка кружыць над за-цвіўшым гурочкам, не звяртаючы на мяне ніякай увагі, наравіць, каб прысесці, відаць, нектар адчула… Гляджу на ўсё гэта ў захапленні і ўспамінаю жыццяпіс Святога Францыска, які размаўляў з раслінамі, жывёламі, і ў кожным стварэнні знаходзіў Творцу. І не дзіва, мне самой хочацца сказаць, гледзячы на гэтае руплівае насякомае: “Мая ты даражэнькая, якая ж ты працавітая, і няма табе адпачынку – ні ў свята, ні ў будні дзень!”. І хочацца на ўзор Святога Францішка ўсклікнуць: “О, Пане, якая ж бязмежная любоў Твая!”. Сказаць травам, кветкам, усяму жывому наваколлю: “Вы не ведаеце, якія вы цудоўныя стварэнні! Я бачу вас, вы заслугоўваеце захаплення. Я праслаўляю Таго, хто стварыў вас, і дзякую Яму за тое, што так проста і натуральна магу назіраць, як існуе, развіваецца, урэшце, сам сябе абслугоўвае гэты раслінны і жывёльны свет! Дзякую Богу, што і мяне стварыў маленькаю часткаю гэтай зямной велічы, імя якой – Прырода!”.
Сею і высаджваю ўсё тое, што і нашы продкі, зрэдку дабаўляю што-небудзь новае. Летась, напрыклад, пасадзіла гібрыд трускалак з ажынамі, не паспелі добра яшчэ разабрацца, што гэта такое. Наогул, у мяне ёсць усялякая гародніна, ягады, лекавыя травы, бульба, розныя пры-правы – каляндра, укроп, базілік, рукала… І абавязкова кветкі – мая радасць, захапленне і падзяка Божай Маці за апеку (пра іх крыху пазней раскажу). Нічога не вырошчваю на продаж. Дзякаваць Богу, ёсць сям’я дачкі, сям’я сына і мы з малодшым, пакуль яшчэ не жанатым. Дзеці дапамагаюць, ўнучкі мае таксама дбайныя дзеткі, яны са мною – і на агародзе, і ў касцёле… Дай Божа, каб і надалей былі такімі стараннымі. Я дзіўлюся, калі часам людзі кажуць, што на пенсіі ім няма чым заняцца. Хіба так можа быць?
Абяцанне
Невялікі домік з вялікім кавалкам зямлі (23 соткі) у вёсцы Анісімавічы (зараз яны ў мяжы Баранавічаў) сям’я Міхаіла і Марыі Сырапятавых набыла напачатку 90-х. Гэтая падзея па часе супала акурат з будаўніцтвам касцёла Маці Божай Фацімскай і Дома Святой Тройцы. Сужэнства, як і ўсе парафіяне, прымала актыўны ўдзел ва ўсіх працах пры ўзвядзенні святыняў, разгружалі, складзіравалі прыбываючыя на пляцоўку будаўнічыя матэрыялы, пільнавалі, каб не было крадзяжу, бачылі надзённыя патрэбы парафіі і касцёла, і Марыя дала абяцанне Богу, што для Маці Божай будзе вырошчваць кветкі.
– Справа ў тым, што я была выхаваная, – тлумачыла жанчына, – у атмасферы глыбокага даверу Богу і Касцёлу. Мая радзіма – гэта вёска Марынава, што на адлегласці 18 кіламетраў ад знакамітых Мядзведзічаў ў Ляхавіцкім раёне, дзе ксёндз пралат Вацлаў Пянткоўскі арганізаваў у свой час падпольную Духоўную семінарыю. Веру мне прывілі бацькі. Дома тата абавязкова чытаў Святое Пісанне, супольна маліліся, і я з дзяцінства ведала, што касцёлу неабходна дапамагаць, з пробашчам трэба дзяліцца харчамі, бо ён не мае свае сям’і і гаспадаркі, ён служыць Богу і людзям. Ну а мы жылі на вёсцы, мелі дастатак, і мае бацькі няслі ксяндзу масла, сыр, яйкі, свежаніну. У нашай сям’і было многа гора – ва ўзросце 26 гадоў памерла мая сястра Тэрэса, 10-гадовы брат Збышэк таксама памёр у вайну, і бацькі, прадаўшы падгадованае цялятка, усе грашовыя сродкі аддалі касцёлу за вячыстыя малітвы за памерлых (я нарадзілася ўжо пасля вайны, калі маме было 50, а тату – 61 год). Таму маё абяцанне – кветкі для Божай Маці – мой муж, а пасля і дзеці прынялі з разуменнем.
…І толькі на першы погляд здаецца, што кветкі – справа лёгкая: пасадзіў і няхай растуць. А яны патрабуюць такога ж догляду, як тыя капрызныя памідоры – або не ўзышлі, або не растуць, або не цвітуць, або не пладаносяць. Кветкі таксама патрабуюць добрай глебы, здаровай расады або клубняў, і догляду, і барацьбы з усялякай вусенню, нават з кратом, які можа перарыць усе пасадкі.
Пачынала Марыя з вяргіняў і хрызантэмаў – прыгожых, урачыстых, рознакаляровых. Цвілі доўга, амаль да самых маразоў. З вяргінямі клопату хапала: патрэбна было выкапаць, даць ім абсохнуць, а пасля захаваць на працягу зімы у сухім і крыху прахладным месцы, а хрызантэмы можна было перасадзіць у гаршкі і зімою трымаць у касцёле.
– Колькі сартоў у мяне і тых, і другіх было – цяжка пералічыць. Розныя былі і па колеры, і па форме кветачак, і па форме пялёсткаў, і па форме самога куста… Магазінаў з расадаю ці саджанцамі кветак яшчэ не было ў той час, і я апытвала родных, знаёмых, жанчын, з якімі працавала, і такім чынам збірала “калекцыю”. Памятаю, як першы раз павезла вяргіні ў касцёл, акурат у жніўні, на Ўрачыстасць Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. На ровары, карзіны і наперадзе, і ззаду, і з бакоў прымасціла… Мо дзесяць ці пятнаццаць чалавек запынілі на дарозе з пытаннем, ці прадаю і ці можна іх купіць. “Не, гэта для Маці Божай”, – адказвала я і заўважала, што мяне не ўсе разумеюць… А для мяне прыемнае было ў тым, што ўпрыгожваю алтар, упрыгожваю крыж-рэліквію ў нашым касцёле, стаўлю букеты ў падножжа амбоны, і ўсё гэта бачыць наша Добрая Маці, якая ў пэўны час выпрасііць у Пана Бога патрэбныя для мяне ласкі.
– І да гэтай пары на ровары возіце? – пытаюся ў гаспадыні падворку, што на ўскраіне горада.
– О, не, з ровара ўжо даўно перайшла на каляску… А некалькі апошніх гадоў дамовілася з пробашчам а. Конрадам, і за кветкамі ён прыязджае на машыне.
– А ці ёсць мода на кветкі, што упрыгожваюць касцёлы? Бо за букетамі, з якімі людзі прыходзяць на розныя ўрачыстасці адзін да другога, нельга паспець – такі зменлівы іх трэнд.
– Думаю, што паняцце “мода” ніякім чынам не датычыцца жыцця касцёла, і кветак таксама, – заўважыла Марыя Іванаўна. – Вырошчваю іх на свой густ, улічваю, канечне, колькі і якія стаяць у букетах, ці не адразу губляюць сваю прыгажосць. У мяне іх многа – півоні (каля ста кустоў), касачы, герберы, цыніі, бархоткі, некалькі відаў хостаў і, канечне, ружы розных колераў. На абразах, іншых выявах вельмі часта бачым Маці Божую ў атачэнні ружаў. Лічыцца, што белая ружа з’яўляецца сімвалам Панны Марыі. Таму, канечне, ружы для Багародзіцы гадую абавязкова – белыя, ружовыя, чырвоныя, жоўтыя… Дарэчы, мая любімая кветка – таксама ружа, і муж мне калісьці дарыў ружы.
Аднак павінна сказаць, – дадае мая суразмоўца, – што першымі кветкамі, якія я падарыла Маці Божай, былі белыя галантусы. Іх прывезла з Прыбалтыкі мая прыяцельніца – цудоўныя і дзіўныя кветачкі, якія рыхтуюцца да росквіту яшчэ зімою, пад снегам. І як толькі паявяцца першыя праталіны, нават кволых праменьчыкаў сонца ім бывае дастаткова, каб парадаваць нас сваёю чысцінёю і пяшчотаю. Так, іх не збіраюць у букеты, не трымаюць у руках – імі проста любуюцца, як толькі яны выглянуць з-пад снегу. Для Маці Божай я іх і пасадзіла не ў кветніку каля хаты – а каля касцёла Маці Божай Фацімскай у Паўночным мікрараёне, і кожную весну яны “распачынаюць” сезон.
Раіса СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD.
Брэсцкая вобласць