Шчаслівыя

Калі чалавек можа сказаць пра сябе, што ён – шчаслівы? Хіба, паміраючы, бо, пакуль жывеш, то не ведаеш, чым тваё жыццё скончыцца. А калі адчуць сваё шчасце? О, гэта іншае пачуццё, яно ”сённяшняе”, яно тое, што можаш адчуць зараз – з цёплага позірку твайго роднага чалавека, з ушанаванага прывітання суседа, са слоў, што прагучалі ў гаміліі святара ў касцёле, а яшчэ з таго, як Бог упарадкуе твае справы на дзень сённяшні. Сужэнства Мазун з Налібакаў заўважылі гэта даўно.

 

 

Ганна і Феліксf-str-16
Шлюб ім даваў кс. Люцыян Хмялёвец, пробашч парафіі Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзераўной. Лютавала зіма, ляжалі вялікія гурбы снегу, стаяў халодны студзень. І  было ў той дзень вялікае хрысціянскае свята – свята Трох Каралёў. На той час Аня дасканала ведала, што яно азначае для хрысціянаў і якую Добрую Навіну панеслі сваім народам Каспар, Мельхіёр і Балтазар. Нявеста моцна шкадавала, што быць сведкамі святога сакрамэнту не магла запрасіць сваіх сябровак, сваякоў, як не мог зрабіць гэтага і Фелікс, – вянчаліся патаемна, першую прыгожую навіну са свайго сямейнага жыцця вымушаны былі захаваць у тайне. У іншым выпадку Аня  магла “развітацца” з працаю выхавацельніцы ў дзіцячым садку і са статусам студэнткі-завочніцы сельскагаспадарчага тэхнікума, а Фелікс – з працаю вадзіцеля галоўнага ўрача участковай Дзераўнянскай бальніцы.  Не шлюбавацца яны тым болей не маглі, бо без шлюбу  Аня нават не ўяўляла пачатку самастойнага сямейнага  жыцця:  ад сваёй маці яна пазнала Бога, добра ведала катэхізіс, усведамляла Божыя Запаведзі. Крыху “халаднейшым” да веры быў Фелікс, але да слова каханай ставіўся з павагай, прыслухоўваўся, бо Аня не проста прапаноўвала пайсці разам да касцёла – яна яшчэ тлумачыла, раз’ясняла  і… чакала.
З моманту іх шлюбу да моманту, калі перад уваходам у налібацкі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з’явіцца грот Маці Божай  –  ахвяра сям’і Мазуноў  – пройдзе больш за трыццаць гадоў жыцця, поўных розных гістарычных перамен, звычайнага чалавечага клопату, радасці і перажыванняў, малітвы і адчування прысутнасці Божай у іх  жыцці.
Сёння Аня і Фелікс лічаць, што менавіта шлюб, менавіта атмасфера, якую стварыў для іх падчас сакрамэнту кс. Люцыян, і тыя пранікнёныя словы, што прамовіў да іх бездакорны святар, пасеялі тое поўнавартаснае зерне ў іх сэрцы, якое прынесла ў іх сям’ю плён непахіснай веры.

 

 Матчына апякунстваf-str-17
І Ганна  пачынае  падрабязны расказ аб тым, як часта звярталася яна да Госпада, да Маці   Божай, да святых апекуноў і як дапамагалі яны ў розных патрэбах.
– Многа гадоў назад мне зрабілі аперацыю на апендыцыт, была яна складаная, працягвалася паўтары гадзіны. Я доўга не магла “адыйсці” ад наркозу і толькі праз суткі ў нейкі момант адчула, што жанчына ў светлым адзенні стаіць у мяне ў галавах і цягне па мне, прыціскаючы,  свае рукі. Мне цяжка раскрыць вочы, але я адчуваю яе кожнай клетачкай  свайго цела. Уздымаю павекі і пытаю ў сваіх суседак па палаце: “Хто каля мяне быў?”. “Абсалютна нікога!”. Кажу ім: “А я адчула, што гэта была Маці Божая, і яна прымусіла мяне ачнуцца”.
Расказала пра гэта сваёй знаёмай. “Галюны”, – хмыкнула тая. “Не, кажу ёй, галюны – гэта, калі д’ябал цягне цябе ў пекла, многія ж расказваюць пра такія жахі, што адбываліся з імі пасля наркозу, а калі Маці Божая абу-джае – гэта ласка, гэта да жыцця!”. З таго часу я ніколі не выйшла з дому, не ўзяўшы з сабою ружанчык і не паклаўшы ў сумачку малітоўнік. Малюся і перш за ўсё дзякую Богу за дар жыцця, за дар нашага сужэнства з Феліксам, а Маці Божай – за яе матчынае апякунства, аб якім прашу ў розных патрэбах. Але хіба ёсць такія маці, у якіх не было б патрэбы папрасіць за сваіх дзяцей? У нашай сярэдняй дачкі Наташкі не было дзетак, і дактары вынеслі “вердыкт”: не будзе. Божа Міласэрны, Маці Найсвяцейшая, як жа ёй жыць без дзяцей? І я кінулася да Маці Божай Будслаўскай – ехала, ішла пехатою, паўзла на каленях… У пілігрымках  была некалькі разоў, ездзіла да Маці Божай ў Чанстахову, на сустрэчу з Янам Паўлам II і з Папам Бэнэдыктам XVI у Варшаву –  на сэрцы заўсёды ёсць  тое, дзеля чаго я гэта раблю. Сёння  наша Наташка мае трое цудоўных дзетак, вучыцца ў катэхетычным каледжы.Каб не дапамога з Неба, нават цяжка ўявіць, як бы яно ўсё было… У 2001 годзе зрабілі мне аперацыю ў Бараўлянах, праз год – другую. Збіраючыся другі раз у Бараўляны, паехала да старэйшага святара, якога на той час ведала, святой памяці Рышарда Юніка ў Рубяжэвічы з просьбай аб малітве да Маці Божай перад аперацыяй. Доўга ён маліўся, паклаўшы мне на галаву рукі, і ў нейкі момант я адчула  незвычайнае цяпло, і такі супакой мяне агарнуў… Праз тыдзень пасля той аперацыі я не толькі была дома, але і на вяселлі ў сваякоў. Разумею, што ўсе гэтыя выпрабаванні Бог пасылае, каб зрабіць мяне больш моцнай, пакорнай, адныя мае жаданні ўтаймоўвае, другімі надзяляе, і за гэта я моцна Яму ўдзячная.
Быў і такі выпадак у нашым жыцці. Фелікс зрабіў для касцёла кленчнік, пафарбаваў яго і пакінуў на ноч  у  майстэрні, каб раніцай завезці ў храм. Пакінуў яго на апілках са стружкамі.  На наступны дзень вяртаецца дамоў і кажа: “Такі ёсць Бог на свеце!”. “А што так гаворыш?”, – пытаюся. Аказваецца, ноччу ў майстэрні згарэла электраправодка, з яе цякло і капала, пачарнелі сцены, але не загарэліся ні стружкі, ні кленчнік – нічога! Ці не Божая воля гэта?

 

Святыя мошчы
­ У галоўным алтары налібацкага касцёла знаходзіцца абраз святой  Джаны Бэрэта Мола, якая далучана да ліку святых у 2004 годзе, у храме знаходзяцца таксама мошчы святой. З імі звязана такая сямейная гісторыя.
– Аднойчы прыходзіць да мяне пляменніца і кажа: “Цёця Аня, вы як пойдзеце раніцай да касцёла, занясіце, калі ласка, і аддайце пробашчу рэліквіарый. Прасіў мяне, каб размясціла і замацавала ў ім мошчы святой Джаны. Я ўсё зрабіла, але заўтра ў касцёле быць не магу”. Я зазірнула, – расказвае Аня, – і амаль не страціла прытомнасць: Божа Найвышшы, калі, у якім доме бываюць мошчы святых! Гэта ж такая Божая ласка!  Узяла рэліквіарый, малітоўнічак у рукі і іду з гэтым  да Фелікса,  а ён безадрыўна глядзіць нешта па тэлевізары. Думаю сабе: дай, Божа, каб згасла святло – мы б памаліліся разам! Не паспела падумаць – святло прападае ва ўсім сяле! Адшукала свечку, запаліла, і мы пачалі маліцца. Святая вядомая тым, што, калі наступіла яе 4-я цяжарнасць, у яе выявілі пухліну маткі, якая перашкаджала данасіць дзіця да канца тэрміну. Джана выбрала такі варыянт хірургічнага ўмяшальніцтва, якое дазволіла захаваць жыццё немаўляці, але не гарантавала выратаванне яе самой. 21 красавіка 1962 г. у яе нарадзілася дачка Эмануэла, а праз тыдзень Джана памерла. Памяць Джаны – 28 красавіка.
 У той час наша самая малодшая дачка Анютка, якая жыве ў Польшчы, была цяжарная сваім першым дзіцяткам і былі ў яе праблемы са здароўем. Вядома, аб чым прасілі мы святую Джану. Маліліся доўга, свечка дагарэла, і я зноў падумала: “Другую ўжо не знайду. Каб святло загарэлася – мы б яшчэ памалі-ліся!” Не паспела падумаць – загараецца электрычнае святло, і мы зноў молімся да святой, чыё імя стала адным з сімвалаў барацьбы супраць абортаў… Дзякуй Табе, Божа, за такую дапамогу ў малітве і дапамогу ў жыцці – Ты чуеш нашыя просьбы! Наша дачушка нара-дзіла Якуба, вагою чатыры з паловаю кіло! Пасля ў нашай Анюткі нарадзіўся Антон, пасля – Леон, з такою ж багатырскаю вагою, але мы заўсёды просім дапамогі святой Джаны…

 

Грот Маці Божай

Пробашч парафіі Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках кс. Мар'ян Шэршань каля гроту Маці Божай

Пробашч парафіі Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках кс. Мар’ян Шэршань каля гроту Маці Божай

А калі адчулі патрэбу адудзячыць Маці Божай вось такім чынам – узвядзеннем грота? Адказаць на  гэтае пытанне  адным словам ні Аня, ні Фелікс сёння не могуць, бо рашэнне насамрэч выспявала на працягу ўсяго жыцця, прыходзіла не только ад  мноства асабістых перажыванняў, але яшчэ і з тых вонкавых аповедаў, якія захавала памяць старэйшых налібаччан.
– Бачыў я такі сон, – пачынае свой аповед Фелікс. – Разам з нашым пробашчам ксяндзом Мар’янам трапіў у Церабейнае, адкуль я родам (тут недалёка), і апынуліся мы каля старой канюшні. Дзецьмі часта бегалі туды збіраць старыя  патроны, што пасля вайны засталіся. Я капаю ямку і дастаю нешта падобнае на жабурынне, зверху саломка, а на ёй – Маці Божая. “Асцярожна!”, – кажа мне ксёндз. – Я паціху  дастаю фігурку і перадаю яе ксяндзу. І сон на гэтым перарваўся. Пры сустрэчы расказаў пра яго святару. “Ну, нешта ж Маці Божая хацела нам сказаць”, – пракаменціраваў пробашч. Расказаў сон сваёй маці, і яна палічыла, што гэта нейкі знак. А які?
Яшчэ маці расказвала, прадаўжае  Фелікс, што перад самаю вайною, на Вялікдзень, леспрамгас прымусіў леснікоў рэзаць лес. Паехала брыгада ва ўрочышча Чарнічнік, гэта недалёка ад Церабейнага, і як толькі зрэзалі першую бярэзіну – на пні з’явілася Маці Божая. Мужчыны спалохаліся, падобнага ў жыцці ніколі не бачылі – ну а рэзалі ж у галоўнае свята! Кінулі працу і вярнуліся дамоў, а сілуэт Маці Божай стаяў на тым месцы можа каля месяца і не прападаў. Людзі ездзілі глядзець – з Дзераўной, з Прудоў – з усяе вако-ліцы…
– Мой тата родам з Русакоў, – падтрымлівае Аня, – і таксама расказваў, што з іх вёскі збіра-ліся мужчыны і ездзілі на тое месца. Сілуэт Маці Божай у вы-глядзе воблака стаяў каля месяца, а пасля знік. Яшчэ праз месяц пачалася вайна, і ніхто нічога не ўвекавечыў, не абазначыў таго месца, не зрабіў ніякай заметкі. Шкада. Нешта ж хацела паведаміць Маці Божая. Можа, аб тым, што хутка вайна, можа, што вёску чакае  трагічны лёс – у жніўні 1943 немцы спалілі Церабейнае датла, жыхароў вывезлі ў Германію… Бацька Фе-лікса таксама быў вязнем у нямеччыне… Бог, Маці Божая часта падаюць людзям знакі, толькі мы іх чытаць не здольныя…
Калі з’явілася ідэя стварыць каля касцёла грот Маці Божай, Фелікс зрабіў адразу чарцёж, пасля макет, навазілі каменняў, зяці Саша і Віталік дапамаглі фізічна. А мінулым летам Фелікс ажыццяўляў наступны свой праект – ствараў, разам са старэйшым унукам Арцёмам, Галготу на мясцовых могілках. Ідэю з разуменнем сустрэлі не толькі вернікі, але і старшыня сельскага выканаўчага камітэту, мясцовыя жыхары. Праца амаль завершана, засталіся дробязі. Але гэта яшчэ не ўсё – сям’я Мазун вынашвае новую ідэю – стварыць  Крыжовы шлях Езуса. Няхай добры Бог надасць ім сіл і пашле на гэтую дарогу як мага больш аднадумцаў!

 

 

Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
 і з  фотаальбома сям’і Мазун, в. Налібакі


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий