Шлях да Бога Зосі Сяргей

У розныя ўзроставыя перыяды чалавек мяняецца. І бывае так, што праз пэўную колькасць гадоў партрэт яго мяняецца ўжо непазнавальна. Рэдка каму ўдаецца быць пазнаным у сталасці, тым больш у старасці…

 

 

f-str-19Як і нашы святары, я называю гэтую 82-гадовую жанчыну, польку, паняй Зосяй, гараджане ж звяртаюцца да яе – Соф’я Іосіфаўна. Не магу назваць яе старой, а толькі сталай і дасканалай. Пражытыя гады яе – бясконца павучальны і варты для пераймання вопыт у шуканні Бога. Яе аповеды пра жыццё ў розныя гістарычныя часы можна слухаць гадзінамі. Але пра партрэт. Ён пазнавальны па нязменна добраму, прыветліваму погляду карых вачэй, у якіх захаваўся жывы бляск нерастрачанай любові. Пані Зося не ходзіць, яна бегае (цяпер ужо не так шпарка), каб паспець дапамагчы таму і там, каму і дзе патрэбна міласэрнасць, спачуванне і дзеянне. Можна сказаць, што яна – чалавек дзеяння, а не толькі малітвы – паўсядзённай, шчырай. І, як пра сябе гаворыць сама, адкрытая і шчырая. Згадзіцеся: шчырасць, давер, доўгацярплівасць, жаданне рабіць дабро ўсім без разбору, не зважаючы часам на зневажанне, няўдзячнасць і непрыманне дапамогі (ёсць і такое) – не так і часта сустрэнецца ў жыцці. Гэта цяжкі крыж, але радасны.
– Я нарадзілася ў рэлігійнай сям’і, – расказвае мая суразмоўца. –  Тата з мамай спявалі ў касцёльным хоры. Кожную раніцу і вечарам на ўколенцах маліліся разам – дзеці, і бацькі. А 12 гадзіне, як зазвоняць званы ў касцёле, падалі на калені і адмаўлялі “Анёл Панскі”. У школе не раз выслухоўвала крытыку за тое, што верыла ў Бога. Хадзіла ў касцёл у нядзелю і па святах, а ў маі і чэрвені кожны дзень на набажэнствы, рэгулярна ачышчала сваю душу ад грахоў. Бацькі вучылі нас на сваім прыкладзе рабіць людзям дабро, любіць кожнага чалавека. Мама дапамагала старым і хворым выздаравець сваімі малітвамі, і людзі папраўляліся, але за гэта не брала ні грошай, ні падарункаў. Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі благаславіў яе на гэтую справу. Удзячным людзям гаварыла: ”Не я вам дапамагаю, а праз мяне Пан Бог, Яму дзякуйце”. Адмаўляла яна ўсім вядомыя малітвы: “Ойча наш…”, “Вітай, Марыя…”, “Веру ў Бога…”, “Хвала Айцу…”, “Тваёй абароне …” У мамы маёй была моцная вера ў Пана Бога, таму Ён выслухоўваў яе просьбы і прымаў іх і малітвы. У сям’і мы строга захоўвалі пост. Малітвы маіх бацькоў пачуў Пан Бог, калі я нарадзіла першынца і ён памёр з-за недагляду акушэркі, а ў мяне атрафіравалася нага. Мне сказалі, што застануся калекай па яе віне і што  маю права падаваць на яе ў суд. Не судзілася я, а сказала доктару, што калі воляй Пана Бога стануся калекай, то і буду, на ўсё Божая воля. Ніякія лекі, акрамя малітваў, не дапамаглі. А далей адбыўся цуд: праз два месяцы напярэдадні свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ўначы да мяне прыйшла ў пакой Маці Божая, звярнулася да мяне: “Не плач, Зося, падыдзі да Мяне, Я паблагаслаўлю цябе, і ты народзіш яшчэ двух сыноў.” Я ўпала на калені, перахрысцілася, Маці Божая благаславіла мяне і знікла. Пасля я пачала хадзіць, мне стала лёгка на душы. Сапраўды нарадзіла яшчэ двух сыноў. З тых пор я малюся шчыра да Маці Божай кожнага дня і дзякую за дар жыцця, не абмежаванага праз інваліднасць, за сям’ю, дзяцей, унукаў, за мір у краіне.
У 1995 годзе прыязджаў да нас у Ляхавічы кс. Ежы Мазур. Тады служыў у нас кс. Тадэвуш Волас, які і арганізаваў пры нашым касцёле суполку руху “Легіён Марыі”, а я стала выбраным старшынёй прэзідыума “Легіёна Марыі”. З’яўляюся ім і зараз, а таксама актыўным членам руху: наведваю хворых, прыводжу да Бога неахрышчаных людзей з кагорты атэістаў, дапамагаю падрыхтавацца да споведзі, маліцца на Ружанцы, з маім удзелам каля 30 пар павянчаліся за гэтыя гады. Адчуваю вялікую патрэбу людзей мець такіх місіянераў у горадзе, хоць без выдаткаў не абыходзіцца. Часта можна пачуць калючыя словы непрымаючых Божае слова, тым не менш, працую і далей ў гэтым кірунку.
 – Ці можаце назваць, пані Зося, духоўныя асобы, якія паўплывалі на Вашае пакліканне служыць Богу і людзям?  – спытала я. І жанчына адказала:
– У першую чаргу, гэта Вацлаў Пянткоўскі, ксёндз з Польшчы, якога Пан Бог падарыў  Ляхавіцкай зямлі і які да самай смерці служыў у касцёле в. Мядзведзічы. Яго самаадданае служэнне людзям і Богу пачалося ў 50-я гады, калі мясцовы люд звярнуўся ў аддзел па рэлігіі ЦК КПСС з просьбай накіраваць святара ў іх парафію. Прыслалі станоўчы адказ не адразу, але на прозвішча майго таты Юзэфа Сарокі. Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі прыбыў да нас з Рубяжэвіч.  Мой бацька паехаў па яго, з яго нешматлікім скарбам, на кані. І, канечне, завязалася шчырая дружба нашай сям’і з гэтым светлым і святым чалавекам. Мае бацькі шмат працавалі на сваёй гаспадарцы і мелі дастатак. Я насіла часта пачастункі святару – курачку, масла, малако. Жыў ён на старой (цяпер) плябаніі, у якой яму сельсавет выдзеліў два пакойчыкі і куханьку. У адным пакоі жыў сам, а ў другім – пажылая кухарка Тэкля ды самотная жанчына, у якой згарэла хата і не было дзе жыць. Жыў побач з сем’ямі настаўнікаў мясцовай школы. Так што ўсё яго жыццё было як на далоні. Касцёл ажыў, мясцовы музыка-самавучка Аляксандр Пашукевіч іграў на аргане, а кс. Вацлаў змагаўся за душы паствы, каб яны не паддаліся прапагандзе жыцця без Бога.  Дзеці разам са сваімі бацькамі рэгулярна бывалі ў касцёле. А па вечарах зімою кс. Вацлаў праводзіў катэхезу тайна дзецям, тым, хто вельмі гэтага прагнуў. Была сярод іх і я. Па заканчэнні заняткаў ён катаў з гары нас на санках і кожнага завозіў дадому. Як весела было сядзець у санках, у якія ўпрагаўся кс. Вацлаў! Кожны раз, калі я з чарговым пачастункам заходзіла да яго на плябанію, ён усаджваў мяне за стол і паіў гарбатай, мы шмат з ім размаўлялі на розныя тэмы. Але хутка па даносу дырэктара школы ў КДБ наш любы святар апынуўся ў турме ў далёкім Казахстане. На працягу 6 гадоў мы ўсёй парафіяй маліліся перад алтаром, на які клалі яго чорную сутану. Ён як быццам быў з намі. Праз 6 год мы, нарэшце, дачакаліся свайго святара, цалавалі яму рукі, плакалі ад радасці, што ён зноў з намі. Вацлаў Пянткоўскі быў маім духоўным бацькам, настаўнікам і сябрам.
З Тадэвушам Воласам, які 9 гадоў служыў у нашым касцёле, звязаны таксама самыя лепшыя ўспаміны. Ён быў духоўным айцом нашага ляхавіцкага “Легіёна Марыі” ў самым пачатку станаўлення. Заўсёды прысутнічаў на нашых пасяджэннях, дапамагаў арганізаваць працу з хворымі людзьмі, з тымі вернікамі, што адышлі ад Бога. Ён столькі добрага зрабіў для моладзі Ляхавіч!
Маім духаўніком зараз з’яўляецца кс. Конрад Патыка, які кіруе рэгіянальнай курыяй “Маці Божай Царыцы сем’яў” “Легіёна Марыі” і з’яўляецца духоўным айцом афіцэраў прэзідыума легіянераў з Баранавіч, Русіно, Лясной, Лагішына, Ляхавіч, Палонкі, Брэста. Раз на месяц у капліцы Дома Святой Тройцы ў Баранавічах праходзяць нашы сумесныя пасяджэнні, на якіх пасля споведзі, святой Імшы мы прамаўляем малітвы “Легіёна Марыі”, адгаворваем Хвалебныя таямніцы Святога Ружанца ў інтэнцыях экуменічных, за мір у свеце, за навяртанне, за хворых, абцяжараных злымі духамі. Раз у год у Баранавічы на жнівеньскае святочнае ўшанаванне Маці Божай Царыцы, на рэкалекцыі, што доўжацца чатыры дні, з’язджаюцца ўсе беларускія “легіянеры”, сярод якіх ёсць і мужчыны.  Кс. Конрад з’яўляецца арганізатарам такой Божай справы як дапамога малітвай, дзеяннем тым бліжнім, што патрабуюць пільнай увагі і клопату. Душэўны, добразычлівы, гасцінны мой духоўны настаўнік айцец Конрад. Дай Бог яму плёну ў яго пачэснай нялёгкай, але прыемнай працы на карысць Яму і людзям!
На жыццёвым шляху кожнага чалавека з’яўляюцца людзі, што могуць паўплываць на  адносіны да іншых людзей, да сябе, да жыцця, да Бога. Такімі людзьмі для пані Зосі былі людзі ў сутанах, асвяціўшыя яе жыццёвы шлях – шлях да Бога. А ён – адзіна правільны шлях, вельмі пакручасты і нялёгкі для ўсіх, бо кожны дзень трэба здаваць экзамен у зносінах са сваімі дзецьмі і ўнукамі, суседзямі, з тымі, хто разам моліцца з табой у касцёле, адным словам, з бліжнімі. І калі ўдумацца ў сэнс хрысціянскай малітвы-просьбы аб цярпенні, велікадушнасці і радасці, то сутнасць чалавечага шчасця якраз у гэтым. Пані Зося – прыклад для пераймання. Пры любых абставінах яна ўсміхаецца, за ўсё дзякуе, усім прабачае, адклікаецца на дапамогу і нястомна моліцца…

 

Люцыя Івінская
г. Ляхавічы


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий