Што Бог злучыў…

…Вярталіся мы з бр. Карнэліем з мястэчка Сапоцкін, што  прытулілася паміж дзяржаўнымі межамі Беларусі і Польшчы – з аднаго боку і Беларусі і Літвы – з другога, і не пакідала  ўражанне, быццам перагарнулі адразу некалькі старонак гісторыі мястэчка і яе жыхароў – гісторыі слыннай і драматычнай, прыгожай і непаўторнай адначасова. Не пакідала таксама ўражанне ад шырокай гасціннасці спадарства Пячынскіх, якіх у гэты дзень наведалі, ад  іх адкрытасці і пяшчоты ў адносінах да свае маленькай радзімы і продкаў, якія перадалі ім самы вялікі скарб – веру ў Бога. Бачны былі і гонар, і годнасць, і яшчэ тое, што гэтыя набыткі маюць пад сабою моцную падставу.

 

Пра  мужаf-str-22
…У той вечар пані Ірэна (такое паважлівае азначэнне, паважлівы  зварот “пані” і “пан” засталіся  на Гродзеншчыне яшчэ з польскіх часоў) доўга не магла заснуць. Не, яна не хвалявалася за дзень заўтрашні. Ведала, што заўтра на святую Імшу  збяруцца і яе дзеці, і яе ўнукі, і парафіяне, з якімі моліцца ў Тэалінскім касцёле  болей як паўвеку, ведала, што будзе аднаўленне іх са Станіславам  шлюбу, ведала, аб чым сама папросіць Пана Бога і якое абяцанне зноў дасць свайму мужу, з якім пражылі  50 гадоў. Заснуць не давалі жанчыне ўспаміны, якія нахлынулі неспа-дзявана,  і адганяць іх яна не спяшалася…
f-str-23Перад вачыма ўсплыло іх вяселле: у першы дзень  з Вулькі Жондавай, дзе жылі бацькі Ірэны, разам з  дружкамі і дружбантамі ехалі ў Сапоцкін, у касцёл Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча, каб атрымаць Сакрамэнт шлюбу. Зіма, мароз, а яна ў туфельках… Як кажуць, зуб на зуб не пападаў, але дзякаваць  Богу, абышлося. На другі дзень вяселле зноў накіроўвалася ў Сапоцкін, ужо да бацькоў Станіслава, і столькі снегу за ноч нападала, што тое “грузатаксі” засела, сіламі дружбантаў выпхнуць яго з гурбаў не далі рады, і выцягваў іх  ужо гусенічны трактар. Не дзіва – пачатак лютага, некалі ў гэтую пару самыя вялікія снегапады былі, самыя моцныя завірухі; малыя надта забаўляліся, бывала, як пойдуць на санках з горкі катацца,  дамоў іх не даклікацца, а сёння, можа, не ўсе дзеці нават  снег  яшчэ бачылі. О, колішнія зімы!..
Памяць вяртала яе ў  маладосць. Чаму пайшла за Станіслава? Пытанне, на якое адказ адзіны – лёс! Хлопцаў было многа, і да Ірэны прыглядаліся многія – а хіба не? Але згоду дала Станіславу, які быў старэйшы за яе амаль на дзесяць гадоў: працавіты, спакойны, разважлівы, выгадаваўся ў сям’і, дзе было пяцёра дзяцей, да ўсякай работы ўдалы і ахвочы. А самым галоўным было тое, што Стась з маленства хадзіў да касцёла, і гэта давала ёй надзею, што чалавек веруючы, які шануе Бога, абавязкова будзе шанаваць  сваю сям’ю – будзе добрым гаспадаром, добрым мужам і добрым бацькам.
Ірэна не  памылілася… З ад-крытым сэрцам прыняла яе і светлай памяці пані Міхаліна, мудрая і спагадлівая свякроўка, якая  не рабіла розніцы паміж сваімі дзецьмі і сыноваю, асаб-ліва, калі заўважала, што яна рыхтуецца стаць маці – благаслаўлёны стан Ірэны кожны раз станавіўся  радасным чаканнем для  ўсёй сям’і.

 

Станіслаў і Ірэна ў сваю  першую вясну па шлюбе

Станіслаў і Ірэна ў сваю
першую вясну па шлюбе

Пра жонку
– Жонка мая – кабета адным словам! – пан Станіслаў зухавата падняў вялікі палец. – А знайшоў яе ў нашым касцёле. Ірэна жыла  за 7 кіламетраў ад нашага мястэчка, каля самай  мяжы з Польшчаю, і разам з іншымі ха-дзіла ў Сапоцкін на набажэнства. Ідуць, бывала, кампанія дзяўчат вялікая, усе босыя, каля крайняй стадолы (гумна) у капроны прыбяруцца, туфлі абуюць і накіроўваюцца да касцёла, а мясцовыя хлопцы, не сакрэт, кідаюць вокам: хто прыйшоў, адкуль прыйшоў…  Пасля Імшы затрымаемся, пагаворым, пасмяёмся, а Ірэна адметная была – маладая, прыгожая, спрытная.  Як свята ці нядзеля вечарам моладзь збіралася на танцы. У наш час было так: хлопцы наймалі музыканта, знаходзілі добрага гаспадара, каб дазволіў ў сваёй хаце танцы  ўстроіць, ну а як вясною – то ў каго-небудзь на падворку. А як жа танцавала Ірэна – вачэй  не  адарваць!  І  ўсё добра ўмела – ці польку, ці обэрэк, ці кракавяк. Здаецца, і ног пад ёю не было. Моцна старанная была і ў працы. Вядома, з дзяцінства прызвычаеная.  

Ірэна з мамаю і дзецьмі ў дзень Першай святой Камуніі дачушкі Ані

Ірэна з мамаю і дзецьмі ў дзень Першай святой Камуніі дачушкі Ані

Можа, з дванаццаці ці з трынаццаці гадоў пайшла лес садзіць, смалу збіраць. Што адно, што другое – усё было цяжка, бо ўсё рабілася ўручную: матыкаю раскопвалі ямкі пад сажанцы, пасля вялі праполку, падсадку,  а смалу таксама ў вёдры збіралі – тое вядро, напэўна, дваццаць кілаграмаў важыла, смала ж цяжкая… Некалькі гадоў на цагляным заводзе працавала, на “ленце” стаяла, адымаючы з-пад прэса сырэц…
Пасля вяселля мы пажылі крыху  ў невялікай хацінцы маёй памерлай цёткі, а пасля мае бацькі забралі нас да сябе. Месца  і там было небагата, да таго ж  незамужняй на  той час заставалася  яшчэ  мая сястра Тэрэса і  нежанаты быў брат Ян, але Ірэну прынялі як родную. А яна і да  хатняй  працы ўдалая – і хлеб расчыніць умела, і журэк на ўсіх прыгатаваць, і аладак цэлы стос напячы… Ніколі не заспала…  Бачыце, якую мне Бог жонку паслаў! А нехта скажа, што некалі маладыя за багаццем гналіся – няпраўда;  я  пра жончын пасаг нават не думаў, галоўнае – каб згода  між намі была,  павага,  дабрыня  і каб  Бог  – на  першым  месцы. Ну а што рукам спакою не было – то гэта  праўда. Ірэна  працавала швачкаю  ў мясцовым доме быту, адначасова яшчэ і прыбіральшчыцаю ў сувязістаў, а я – токарам у калгасе. Бывала, і ўначы падымуць, і ў свята, і ў нядзелю, нават  святую  Імшу прапускаў. Крыўдна было, але што зробіш, калі токар – як хуткая  дапамога  на машынным двары, асабліва падчас жніва. Перапрашу Бога і іду на працу…

 

Пра дзяцей

– Нарадзілася спачатку нянька, а потым – лялька, – добрымі вачыма ўсміхнуўся гаспадар. – А нават дзве, – дадала гаспадыня і шчасліва  рассмяялася, быццам гэта адбылося ўчора. – Ані было  чатыры гадочкі, як Бог даў  нам  Веслава, а праз год і два месяцы – Казіка. Гэтыя  ў адной  калысцы ляжалі, як блізняты, толькі што ўмітусь. Часамі і пакрыўдзяць адзін другога, бутэлечку з малаком хто ў каго адбярэ, але, дзякаваць Богу, выгадаваліся. Праўда, на Бога  часта малых пакідала, бо сядзець з дзецьмі так, як цяпер мамкі сядзяць, не  было калі. Па-першае, патрэбна было хадзіць на працу, водпуск па догляду немаўляці быў усяго да трох месяцаў, а па-другое, трымалі вялікую гаспадарку – дзве каровы, дзве цялушкі, свінні, авечкі, конь, усялякае птаства; а каб не гаспадарка, то хіба чалавек пабудаваўся б? А так, што – сабе, што – на продаж, капейка да капейкі… Словам, набывалі ўсё са сваіх  мазалёў… Праз сем гадоў пасля шлюбу зрабілі  ўваходзіны ў свой дом – радасць!Там  ужо  дзеткі  падрастаць сталі, па чарзе ў школу пайшлі… І вельмі нам па гаспадарцы дапамагалі – ім не патрэбна было па сто разоў паўтараць ці прасіць, каб цялятка напаілі, ці куранят пакармілі…
– А  я так скажу, – каментаваў пан Станіслаў. – Там, дзе дзяцей  болей,  яны хутчэй да працы горнуцца, больш старанныя. У майго дзеда дзяцей было пяцёра, і ў майго  таты  нас  пяцёра – адзін ад другога вучыліся, усе на свой хлеб пайшлі… Пэўна, яшчэ ад бацькоў залежыць, бо гэта яны павінны і пацерам дзіця сваё навучыць, і навучыць малаток ці іголку ў руках трымаць. Раней то трэба было яшчэ і касіць, і араць, і самым хлеб пячы – многа чаго рабіць, цяпер ужо іншы ўклад жыцця, але ўсё роўна  першая навука – ад таты з мамаю. Як гаворыцца, дай Божа  ўсё  ўмець, але не дай Божа ўсё рабіць… Трэба, каб і дзяцей у сем’ях болей было –  трое, чацвёра,  пяцёра. Бо без дзяцей няма сэнсу жыцця – працу няма каму сваю пакінуць…  Мы яшчэ сёння  коніка  трымаем; будзеце выязджаць з пасёлка, то ўгледзіце – на лужку пасецца, сівы… А хто яго даглядае? Ужо не мы – сын, Веслаў:  вернецца з працы, то прывядзе яго, і  напоіць,  і накорміць… Зноў жа, жонка  яго Гэлена, таксама кабета дбайная; гаспадарка, якая ёсць, сёння ўжо на іх трымаецца – разам жывём…
– Дзеці – гэта цэлае багацце, уся наша радасць ад іх, – пад-трымлівае  мужа  пані Ірэна. – Усе вывучыліся, усе сем’і свае маюць,  жыллё маюць. Наша старэйшая ўнучка з мужам ужо  свой дом будуюць, малодшыя ўнукі яшчэ падрастаюць – дзякаваць Богу за ўсё.

 

 Пра бацькоўскую навуку

Станіслаў і Ірэна Пячынскія (верхні рад з правага боку) са сваімі роднымі

Станіслаў і Ірэна Пячынскія (верхні рад з правага боку)
са сваімі роднымі

Гаворыць Аня  Жылінская, дачка спадарства, якая працуе медыцынскаю сястрою ў мясцовым шпіталі:
– Тата з  мамаю  для  нас – узор сям’і. Заўсёды разам, у згодзе, з павагаю адзін да другога. Пра любоў  да  бліжняга  яны нам казак не расказвалі – любоўю яны жылі, як нармальная хрысціянская сям’я: дома – сумесная  малітва, нядзеля  ці свята – усе абавязкова да касцёла, пятніца – без мяса, абавязкі па гаспадарцы – у кожнага свае, павінен выканаць, што б там ні было.  Нам бацькі  імкнуліся найперш перадаць веру. Вучылі дабрыні, сумленнасці, справядлівасці, паваж-лівым адносінам да ўсіх старэйшых, незалежна ад таго, ведаеш ты гэтага чалавека ці  не,  свой ён ці чужы. Можна сказаць, што мама – прыклад ахвярнасці жанчыны у сям’і: уставала раней за ўсіх, спаць клалася  пазней  за ўсіх. Тата – прыклад цвёрдага мужчынскага слова: сказаў – зрабіў. Мама больш эмацыянальная,  тата – здаецца, больш спакойны, вырашаў усе складаныя пытанні, мог растлумачыць усё вельмі проста  і зразумела. Яны ўсё умелі і ўсё рабілі сваімі рукамі. А якія прыгожыя святы былі ў нашым доме! Асабліва свята Божага  Нараджэння,  яго мы заўсёды чакалі, бо ў ім была і таямніца Нараджэння Езуса, і прыгажосць ад ёлкі з цацкамі, і многа слодычы, якую бацькі рыхтавалі для нас загадзя. Да нас заўсёды прыходзіў святы Мікалай. Стукаў ў акенца, мы запрашалі яго ў хату, разам з ім чыталі малітву, спявалі, а пасля атрымоўвалі  ад  яго  падарункі. І доўгі час, малыя,  нават не здагадваліся, што святым Мікалаем…  была наша мама.  Традыцыя быць разам ў святы захавалася і да сёння, зараз ідзём да таты з мамаю ўжо са сваімі дзецьмі, а я – ужо і з унучкаю. Абавязкова разам святкуем Вялікдзень, а яшчэ – Урачыстасць Усіх Святых.   Мы шчаслівыя, што ў нас такія бацькі.

 

Пра дзеі Бога ў жыцці

Памятка Станіславу і Ірэне Пячынскім з нагоды 50-годдзя Сакрамэнту шлюбу

Памятка Станіславу і Ірэне Пячынскім з нагоды 50-годдзя
Сакрамэнту шлюбу

– Але жыццё  –  не гладкі асфальт; жыццё – дарога з выкрутасамі і выбоінамі, – і пані Ірэна пачынае расказваць, якое цярпенне мела ўся сям’я незадоўга да іх залатога вяселля. Муж захварэў раптоўна і моцна: аднялася  мова,  некалькі дзён знаходзіўся ў коме, ляжаў пад капельніцаю, нерухомы, ніякай надзеі дактары не давалі. “Сам ён у вас хадзіць не будзе…”, “Сам ён у вас есці не будзе…” Кожнае падобнае слова  гучала, як стрэл, ад якога можна было самой страціць прытомнасць. Так, на ўсё Божая Воля, але Бог выслухоўвае і малітвы, і просьбы, Бог ацаляе і выратоўвае…
За здароўе хворага малілася ўся сям’я,  Пані Ірэна – не адыходзячы ад яго ложка. “Божа Найвышэйшы, злітуйся нада мною  і  над  маім  мужам Станіславам!“– безупынна шапталі вусны жанчыны. Хворы  ні на якія словы не  рэагаваў. Запрасіла пробашча, каб даў  яму  астатняе намашчэнне, пасля зноў пачала адмаўляць Каронку да Божай Міласэрнасці. “І цуд! – да сёння хвалюецца жанчына. – На словы Каронкі Стась адазваўся, пачаў голасна маліцца разам са мною, пасля зноў упаў у  непрытомнасць…” Праз два дні пасля гэтага  ў  інтэнцыі яго здароўя  ў касцёле цэлебравалася святая Імша, а пад вечар таго ж дня ён сам  устаў на свае ногі і пайшоў. Гэта была відавочная дзея Бога ў нашым жыцці. Дзякуем Пану Богу!”
– Так,  без Бога – ні да парога, – падсумаваў  пан Станіслаў, гледзячы на жонку ўдзячным позіркам, а трапяткая  пані  Ірэна ўжо працягвала нам памяткі, якія  атрымалі  яны з мужам  падчас  аднаўлення  шлюбу  ў 40-ю  гадавіну  сумеснага жыцця, і ў 50-ю… “Што Бог злучыў,  чалавек няхай не разлучае…” (Мк 10, 9). Разам з апошняю памяткаю  сужэнцы   атрымалі крыжык,  які  прывёз для іх з Ерузалема кс. Антоній Абухоўскі. Шчасці вам Божа, шаноўныя, і надалей!

 

 Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА
і з архіва сям’і Пячынскіх.
Гродзенская вобласць.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий