Парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Удзела на Глыбоччыне святкуе 300-годдзе з дня свайго заснавання. Гэты юбілей супадае з 15-годдзем так званага Беларускага Непакалянава і 100-годдзем Рыцарства Непакалянай. Якія падзеі з яе гісторыі застаюцца ў памяці парафіянаў? Аб іх мы даведаліся з успамінаў удзелаўскіх вернікаў, якія cабраў пробашч а. Яраслаў Банасяк, OFMConv. Зараз яны – перад вашымі вачыма.
З цемры да святла
(Запісана ад Зыгфрыда Гайдукоўскага, 1950 г. н., в. Русакі Глыбоцкага р-на)
З гістарычных даведак вядома, што наш касцёл быў пабудаваны законам францішканаў з Вільна ў 1777–1837 гадах. У 1949 годзе адбыліся трагічныя падзеі – касцёл быў зачынены камуністычнымі ўладамі. Людзі баранілі святыню, як толькі маглі, за што пазней многія праследаваліся. Сярод іх быў і мой бацька – Часлаў Гайдукоўскі, з якога НКУС на цэлае жыццё зрабіла калеку.
Будынак касцёла быў перададзены мясцоваму калгасу і стаў выкарыстоўвацца як зер-нясклад. Першыя крокі ў барацьбе за вяртанне святыні пачына-ліся ў 1982 годзе, і гэта змаганне доўжылася восем год. Свае правы трэба было абараняць аж у Маскве. Урад Беларусі планаваў адкрыць у касцёле музей, гэта, безумоўна, было лепш, чым зернясклад, але, калі сталі вес-ціся археалагічныя даследаванні, былі знойдзены людскія парэшткі, што сведчыла аб тым, што калісьці тут былі могілкі.
На даследаванне і правядзенне ў парадак дакументацыі было выдадзена 60 тысяч ру-блёў у цэнах 1987 года. Страты, нанесеныя будынку касцёла за 40 год калгаснага праў-лення, налічваліся ў 1,5 мільёна рублёў. Захаваліся матэрыялы, з якіх бачна, у якім стане вярнулі мы сваю святыню, – гэта былі амаль руіны.
У1989 годзе 52 члены мясцовай партыйнай арганізацыі выслалі да раённых уладаў ліст пратэсту, у якім выступалі супраць вяртання касцёла вернікам. У тыя часы гэта была распаўсюджаная практыка – выступаць супраць Бога, супраць прыказанняў “не забі, не ўкрадзі”. Супраць усяго таго, з чым павінен жыць сумленны, цывілізаваны чалавек.
Аднак у тым жа 1989 годзе, дзякуючы старанням тых, хто яшчэ захаваў веру і людскую годнасць, дзякуючы малітвам вернікаў і апецы Бога, касцёл быў вернуты. Пан Бог і цуды заўсёды вакол нас. Шукайце і знойдзеце! Знайшлі мы тое, што страцілі. 40 вельмі доўгіх і цяжкіх гадоў ішлі мы праз пустыню, некаторыя і цяпер там блукаюць, але не трэба абвінавачваць нікога, апроч сябе ў тым, што ў сэрцы пустка. Можа, ва ўсім найбольш вінаватыя бацькі, бо на самой справе ніхто не можа так прывесці да веры, да касцёла, як могуць зрабіць гэта тата з мамаю. А бярозка гнецца пакуль маладая…. Некаторыя кажуць, што былі такія часы, калі забаранялася вучыць рэлігіі. Таксама скажу: „Не! Што камуністы крычалі, што Бога няма, гэта нічога не значыць. Калі верабей нарадзіўся ў стайні, то хіба павінен стаць канём?”.
У касцёл мы ўвайшлі 20 сту-дзеня 1989 года і адразу пачалі чысціць завалы, прыбіраць смецце, а ўжо 25 студзеня завітаў у нашу святыню біскуп Раман Андраеўскі, першы раз за 50 год. Уражанне было незвычайнае, усё выглядала, як пасля вялікага пабоішча…
Праход зрабілі толькі ў цэнтры касцёла і, канешне ж, пры-бралі алтар. Трэба было бачыць, як у касцёл уваходзіць біскуп, ідзе праз натоўп людзей, усіх благаслаўляе, набліжаецца да моцна знішчанага алтара. Моўчкі падымаецца па ступеньках, у цішы схіляецца на калені і цалуе гэты паламаны алтар ”паламанага” касцёла, але касцёла не пераможанага, не пакінутага праз сваіх парафіянаў. У час благаслаўлення нельга было стрымаць слёзы, якія накапліваліся ў нашых душах 40 гадоў…
11 сакавіка 1989 года касцёл быў прыгатаваны. Крыху больш як за два месяцы было зроблена шмат, і ўсё, што зрабілі людскія рукі, цяжка пералічыць.
11 сакавіка, а гэта была субота перад Велікоднай Нядзеляй, адбылося ўрачыстае асвячэнне касцёла, прысутнічалі 14 святароў, у тым ліку і ксёндз пралат С. Кучынскі. Незабыўны гэта быў дзень. Радасць і боль перапаўнялі сэрцы – боль па той прычыне, што не ўсе парафіяне дачакаліся такога вялікага свята ў іх касцёле…
З раніцы, а 10 гадзіне пачалася споведзь, спавядалі 10 ксяндзоў, а паток вернікаў, жа-даючых прыняць сакрамэнт, здаваўся бясконцым. Затым пачалася святая Імша – святочная і ўрачыстая. Такой урачыстасці не памяталі старэйшыя людзі, не памятаў і былы за-крыстыян Францішак Лось, які 10 гадоў (да 1944 года) працаваў у касцёле.
Падчас Імшы казанне гаварылі тры ксяндзы, сярод іх быў і ксёндз Антон Лось, які на-радзіўся ў нашай парафіі ў Юстынаве.
Крыжовую дарогу мы абыходзілі ўжо ў сваім касцёле, хаця не ўсё яшчэ да канца было ачышчана і прыбрана. 12 сакавіка была Вербная нядзеля, пачуцці радасці па-ранейшаму перапаўнялі нас.
Па волі Бога лёс злучыў нас з ксяндзом Юзафам Булька. Са шчырай адданасцю кс. Юзаф павёў нас з цемры да святла. Падчас Імшы заўсёды заклікаў нас да жыцця ў цвярозасці, шмат намаганняў прыклаў да таго, каб жалобныя цырымоніі праходзілі без алкаголю.
У Вялікдзень мы зноў заспяшаліся да сваёй святыні, не верылася, што не трэба нікуды ехаць, каб асвяціць Велікодныя дары. У гэты дзень да нас прыехаў госць – ксёндз з Варшавы, і мы гэтым вельмі ганарыліся. У касцёле гуляў вецер, бо не было яшчэ вакон, ляталі галубы, што прывыклі тут частавацца зернем, было холадна, але сэрцы і душы сагравала духоўнае цяпло.
Ксёндз заклікаў нас, асабліва тых, хто ўваходзіў у касцёльны камітэт, быць прыкладам у штодзённым жыцці для ўсіх астатніх. Паведаміў таксама, што заказаў харунгеўку (харунгву) цвярозасці, дзе з аднаго боку змешчаны абраз Маці Божай Вастрабрамскай, а з другога – абраз святога Андрэя Баболі. Насіць гэту харунгеўку павінен той, хто адрачэцца ад алкаголю. І тады аказалася, што знайшлася невялікая колькасць лю-дзей, здольных і прыгатаваных да таго, каб скласці абет цвярозасці. Горка, безумоўна, пазнаць такую праўду!
Нягледзячы на ўсе перашкоды, справа духоўнага адраджэння зрушылася і ў хуткім часе заявіла пра свае першыя поспехі. Дзякуючы Богу і нашаму ксян-дзу, быў адрамантаваны арган, прыведзена ў парадак тэрыторыя вакол касцёла, устаноўлена каменная грота Маці Божай на ўзор Люрдскай Маці, зроблены рамонт плябаніі. Шмат паса-джана кветак і дэкаратыўных кустоў – ксёндз Юзаф быў вялікі аматар прыгажосці і высокай культуры…
40 гадоў без святыні
(З успамінаў Тэклюні Брэхун,1932 г. н., (+2016), в. Лазічы Глыбоцкага р-на)
Упершыню ў храм прывяла мяне бабуля, татава маці, падвяла да ступенек і паказала на крыж. Убачыўшы чалавека, прыбітага да крыжа, я вельмі засумавала, а бабуля патлумачыла, што гэта Пан Езус, што злыя людзі прыбілі Яго да крыжа за нашы грахі. Ніжэй я ўбачыла фігуру жанчыны, якая, здавалася, працягвала мне рукі і так ласкава глядзела на мяне, што адразу стала спакайней на душы. Бабуля зноў патлумачыла, што гэта Маці Божая, а вакол яе анёлы. З бакоў стаялі апосталы Пётр і Павел. Пётр – з ключамі, ён адчыняе неба. Аб усім гэтым я даведалася з вуснаў бабулі.
Нас, дзяцей, збіралася тады многа, заўсёды стаялі перад алтаром: меньшыя – наперадзе, старэйшыя – за імі. Нас вучылі, што ў святым месцы нельга не толькі размаўляць, але і аглядвацца назад. Памятаю, як аднойчы я аглянулася, але бабуля мяне так моцна ўшчыпнула, што гэта я запомніла на ўсё жыццё.
Калі падрасла, мяне ўзялі ў працэсію, было гэта ў 1939 го-дзе. Нас – восем дзяўчынак – выбралі пасыпаць кветкі перад Панам Езусам. Ксяндзом ў нашай парафіі быў тады Францішак Аляшкевіч.
У тым жа 1939 годзе мяне і маіх равеснікаў запрасілі наведваць урокі рэлігіі, катэхезу. Заняткі праводзіў арганіст Павел Казімірскі. А споведзь і Святую Камунію нам удзяліў ксёндз Францішак. Але і пасля гэтага мы наведвалі ўрокі рэлігіі, іх праводзілі кожную нядзелю перад святой Імшой, дзе мы вучыліся таксама спяваць касцёльныя песні.
У той час у касцёле цэлебраваліся дзве Імшы – у 10 і ў 13 гадзін. На ранняй Імшы заўсёды спявалі мы, дзеці.
Ксёндз Францішак часта хварэў. Аднойчы яго зусім забралі ў Глыбокае да ксяндза дзекана – там ён ляжаў, там яго лячылі ўрачы, але хвароба прагрэсіравала, і ў 1942 г. кс.Францішак памёр. Пахавалі яго каля нашага касцёла.
Некаторы час служыў кс. Пётр Барташэвіч, але пазней яго забралі ў другую парафію, а нам прыслалi кс. Яна Грабоўскага, ён быў добрым пастырам. З ім жыла і яго мама. А яшчэ была сястра законная Рудольфа.
У касцёл мы прыходзілі задоўга да Імшы, каб пабачыцца з роднымі, знаёмымі. Рассцілалі маміны хусткі на траве і сядзелі, чакаючы пачатку набажэнства. Касцёл выглядаў сціпла, кветак не было, расло шмат клёнаў і траўка, якую падкашвалі. У касцёл ішлі ўсе, дома амаль ніхто не заставаўся. З ахвотай удзельнічалі ў працэсіі, гэта было вельмі ганарова і пабожна.
Праз некаторы час кс. Грабоўскі ад’ехаў у парафію Германавічы, і хутка пасля гэтага прыехалі закрываць наш касцёл. Старэнькая бабулька Грасылька, якая жыла побач, пачала званіць у званы. Сабраліся людзі і абаранілі святыню. Прыязджалі яшчэ, і бабуля Грасыля зноў званіла, зноў сабрала вернікаў. Людзі плакалі, не аддавалі касцёл. Было вырашана пільнаваць святыню, начавалі прама ля касцёла. Хоць і было лета, але ноччу станавілася холадна. Мы апpаналі кажушкі і бралі з сабой маленькія падушачкі, каб падлажыць пад галаву. Так мы дзяжурылі ля святыні на працягу месяца, і да касцёла ніхто не прыязджаў. Мы вырашылі паслабіць дзяжурства.
Аднойчы ноччу прыехалі ўзброеныя людзі, адрэзалі вяроўкі ад званоў. Бабуля Грасы-лька кінулася, каб зноў сабраць людзей, але не змагла – званы былі адрэзаныя.
Узброеныя людзі паехалі да старшыні касцёльнага камітэта, сілай адабралі ў яго ключы ад касцёла, а самога забралі ў чорны воран. З ім забралі яшчэ і дзяўчат-падлеткаў з вёскі Раманчукі.
Страшная вестка абляцела ўсе бліжэйшыя вёскі, сабраліся парафіяне. Не ведалі пра бяду толькі ў вёсцы Сапеліна. Паведаміць туды даручылі мне і яшчэ адной дзяўчыне, Ядвіні. Па дарозе нас заўважыў адзін з узброеных людзей, Ядвіню арыштаваў, а мне загадаў вярнуцца. Я сказала, што іду дамоў. Вайсковец зрабіў выстрал у паветра, магчыма, жадаючы мяне напалохаць. Канешне, было вельмі страшна, але я схадзіла ў Сапе-ліна і паведаміла людзям. Мы прыйшлі зноў, але да касцёла нікога не падпускалі. Людзі плакалі, ды супраць улад нічога не маглі зрабіць. Засталіся мы без святыні на цэлыя 40 гадоў. Многія прыходзілі да дзвярэй зачыненага касцёла і маліліся, а я падрасла і ездзіла маліцца ў Мосар або ў Глыбокае.
На ўсё воля Божая
(З успамінаў Альбіна Яркаўца, 1921 г. н., (+2010), в. Яркаўцы Глыбоцкага р-на)
Касцёл ад парафіян забралі ў 1949 годзе. Парафіяне ратавалі святыню, як маглі, дзяжурылі ля яе дзень і ноч, а ў жніўні 1949-га прыехалі людзі з Глыбокага, зламалі дзверы ў касцёле, знялі званы, вывезлі маёмасць і ў храм засыпалі зерне.
Так і была наша святыня 40 гадоў у няволі, прыходзіла ў заняпад, стаяла брудная, абшарпаная. Але на ўсё воля Божая. 24 лістапада 1988 года парафіян выклікалі ў раён, дзе ім аб’явілі, што касцёл зноў перадаецца вернікам. У студзені 1989 года пачаліся работы па ачыстцы касцёла ад зерня і смецця. Дзякуючы намаганням і працы людзей, 11 сакавіка ў касцёле ўжо адбывалася святая Імша.
І як прыемна бачыць, што сёння мы маем такую прыгожую святыню, што маем магчымасць маліцца разам са сваімі дзецьмі, унукамі і ўсімі людзьмі, чые сэрцы адкрыты для Пана Бога нашага.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
і з архіваў сямей Брэхун і Яркавец.