Скарб Геноэфы

– Што Вы там усё пішаце?.. Ды так дробненька, Вы ж потым  не дасце рады прачытаць! Трэба большымі літарамі пісаць, – параіла, зірнуўшы на мой блакнот, 100-гадовая Геноэфа Гіляраўна, – і шчыра засмяялася.
– Ой, як-небудзь прачытаю, сама ж пішу, – адазвалася я, не перастаючы захапляцца сваёю суразмоўцаю: натуральна ўспрымае ўсё, што адбываецца навокал, акулярамі не карыстаецца, пляце сваім кручком чарговы дыванок, здаецца, ні на што не звяртаючы ўвагі, а ўсё ж не – рэагуе  адэкватна і з гумарам!

 

 

Жыхары і ахоўнікіfoto-15
…Ведаеце, ва што хочацца верыць, гледзячы на цёцю  Геню (так называюць яе многія з радні і знаёмыя), што чалавека трымае на свеце адзіна толькі дух! Святы дух, калі гэты чалавек пабожны і не наракае на жыццё, не скардзіцца, нічога ні ад кога не патрабуе, не абвінавачвае, не абгаворвае і ні аб чым не шкадуе (“А чаго тут шкадаваць ці скардзіцца –  жыццё Богам даецца. Каб нанава  пачынала жыць, то зноў пайшла б замуж за Валяр’яна і пражыла б, як і жыла”). 18 мая бягучага года ёй споўнілася 100 гадоў.  “Адмысловая дата, 18 мая нарадзіўся святы Ян Павел II”, – далікатна ўдакладніла юбілярка.
З віншаваннямі папрыляталі, бы тыя птушкі ў роднае гняздо, дзеці, ўнукі, праўнукі, пляменнікі  і пляменніцы, родныя і стрыечныя, прыехалі брат Казімір, сястра Марыя, прадстаўнікі мясцовай улады. Наведаў пробашч Камайскага касцёла кс. Яцэк Хутман. У доме паважанай парафіянкі цэлебраваў  святую Імшу, унучка Зося суправа-джала набажэнства на клавішным інструменце  (яна – рэгент хору і арганістка Мінскай катэдры), а прыслужвалі ў ролі міністрантаў зяць юбіляркі Зенон (закрыстыянін  катэдры) і ўнук Генрых, адказны (па панядзелках) за адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту ў той жа парафіі. Ад  пачуцця ўдзячнасці Богу за дзяцей і ўнукаў, за іх пабожнасць  ледзь не выскачыла бабуліна сэрца.  Павіншавалі, паціскалі, выцалавалі бабулю Геню, пагаманілі і… Зноў адляцелі: на працу, вучобу, у дзіцячы садок… Хто ў Літву, хто ў Польшчу, у суседнія вёскі і ў Мінск, а яны зноў засталіся ў вялікім доме на Дуброўшчыне – 100-гадовая Геня,  яе родная сястра 92-гадовая Вераніка,  і іх (даўні) анёл-ахоўнік 69-гадовая Люцыя, дачка Геноэфы. Вераніка сваёй сям’і не мела, ва ўзросце 82-х страціла зрок і шэсць гадоў пражыла ў брата Казіміра ў Яневічах, апошнія пяць  – ужо тут, у доме на Дуброўшчыне.  А Люцыя, у мінулым інжынер Люся, жыхарка сталіцы, сама маці пецярых дзяцей і бабуля васьмярых унукаў, ўсё пералічанае пакінула дзеля мамы і цёткі, бо яны прагнуць “заставацца на гэтых фундаментах да канца жыцця». “Не лічу гэта ахвяраю, – заўважыла, –  выконваю  свой  абавязак”.
Кожны дзень жыхарак на Дуброўшчыне падобны да папярэдняга: першай устае і моліцца на Ружанцы Люся, за ёю адгаворвае Ружанец Вераніка, апошняй прачынаецца Геноэфа і таксама перабірае пальцамі Ружанец. У 9.00 – святая Імша па “Радыё Марыя”, якая трансліруецца з польскага Торуня. Слухаюць усе разам. Затым снеданне  і далей – у кожнага свае справы. Геноэфа, не марудзячы, бярэцца за вязанне дываноў  з по-ліэтыленавых стужак (разразае пакеты ад малака), каб пасля падарыць іх якому-небудзь госцю, а Вераніка цярпліва  чакае Люсю, каб тая пачытала ёй што-небудзь са Святога Пісання. У 15.00, як наказала святая Фаўстына, – Каронка да Божай Міласэрнасці, моляцца разам, абедаюць. Пасля зноў Геноэфа садзіцца за сваё вязанне, Вераніка чакае Люсю, каб пачытала што-небудзь са Святога Пісання, а Люся…

Сям'я Габрыэлі і Гілярыя Шчучко на здымку 1937 года. На фоне вакна стаіць 19-гадовая Геня.

Сям’я Габрыэлі і Гілярыя Шчучко на здымку 1937 года.
На фоне вакна стаіць 19-гадовая Геня.

…Хто не даглядаў пажылых людзей, той нічога з гэтай “тэмы” не ведае. Нічога абсалютна! І па-кінуць сваю сям’ю, адладжаны сталічны быт дзеля бліжняга, каб яму штодня служыць – гатаваць, падаваць, абмываць, прыбіраць і інш., і інш., гладзіць абцягнутую тонкай скурай руку, ці туліцца сваёю гарачаю шчакою да яго халаднеючай, усведамляючы, што робіш гэта толькі дзеля таго, каб яму стала цяплей на сэрцы, – о, гэта насамрэч ахвяра!
– Аднойчы па тэлебачанню, – між іншым заўважыла Люся, –  глядзім перадачу з Андрэем Малахавым. Сабраў  доўгажыхароў і пытае ў іх,  у чым сакрэт доўгажыхарства. А рэакцыя студыі:  які сакрэт – жылі ў вёсках, ні аб чым не турбаваліся, ніякіх стрэсаў не мелі… Мая мама з цёткаю толькі галовамі пакачалі: што вы ведаеце пра вясковыя стрэсы?
– У таты з мамаю я была першая, – расказвала Геноэфа Гіляраўна. – Пасля мяне нарадзіліся Ўладзіслава, яна з 20 года, Юзаф з 23-га (у 43 годзе яго забілі партызаны, з тутэйшых, проста на надворку з-за нейкіх там даваенных яшчэ разборак), пасля –  гэтая самая Вераніка, яна з 25 года, пасля Болек з 29-га, Ян з 30-га, Марыя з 32-га, Казімір з 36-га і Леон з 39 года, – дакладна пералічыла Геноэфа Гіляраўна і паднесла да вачэй хустачку. –  Наша мама памерла, даўшы  жыццё  астатняму…

 

Стрэсы
А зараз уявіце, пры дзявятых родах, ва ўзросце 43 гадоў памірае маці і гаспадыня, і на руках вясковай прыгажуні Геноэфы застаецца плакаць немаўлятка – нованаро-джанае мамінае дзіця, хлопчык Леон. Самой Геноэфе 21 год, яна – знакамітая на ўсю акругу швачка, даўно мае сваіх вучаніц, да яе  пры-глядаюцца хлопцы, і раптам весь жаночы клопат за сям’ю, за гаспадарку і за бездапаможнага  браціка (памёр у 6-гадовым узросце ад дызентэрыі) непамерным цяжарам звальваецца на яе плечы… Хіба гэта не стрэс?..  Дзень і ноч прасіла Бога, каб дапамог.
Замуж Геноэфа вышла за Валяр’яна Шчучко, які ў часе вайны трапіў у нямецкі палон, затым у  сталінскую  турму, а  пасля вызвалення вярнуўся на родныя палеткі. 15 студзеня 1946 года іх шлюб благаславіў пробашч Шэметаўскага касцёла Станіслаў Кучынскі, і першае, што зрабілі сабе на памяць маладыя ў якасці каштоўнага скарбу, –  у мясцовай мастачкі Гэлены Бакула (яе фрэскі і сёння знахо-дзяцца  у галоўным алтары касцёла ў Шэметава) заказалі два абразы –  Сэрца Езуса і Сэрца Марыі. З гэтым Геноэфа пакінула родную вёску Носавічы і прыйшла ў Дуброўшчыну,  у сям’ю свайго мужа.
– У іх я была восьмая: свёкар са свякроўю, Валяр’ян, яго брат Эдмунд, тры  незамужнія сястры і я.  Дом быў харошы, стаяў на гэтым самым месцы,  свая гаспадарка, разам працавалі, за адным сталом елі і між сабою ладзілі. (“А цяпер ўдваіх жывуць – і ўжыцца не могуць, цесна ім!”).  І хоць зямлю саветы ўжо адабралі, а ў Валяр’янавых бацькоў было яе 45 гектараў, Шчучкі лічыліся заможнымі. Старэйшая з сясцёр, Станіслава, камандавала ўсім, а я была, як кажуць, “мальчик на побегушках”: што сказалі, тое і зрабіла. Яшчэ шыла. У мяне была нажная швейная машына, людзі ішлі з заказамі, і заказаў было многа. За маю працавітасць мяне моцна любіў свёкар – заўсёды большую лусту хлеба адразаў мне. Боханы вялікія пяклі, на драўлянай  лапаце саджалі ў печ, падлажыўшы лісты з клёну; доўга не чарсцвеў.  
Спраўнай Геноэфе, аднак, не ўдалося  пазбегнуць выпрабаванняў, яны быццам за яе спіною ў чарзе стаялі. Не паспела адпакутаваць страту свайго першынца, хлопчыка, як пахавала і другое сваё дзіцятка, нованароджаную дзяўчынку.  Гэта не стрэсы?.. Больш таго, у 1948 годзе, у ліпені, –  пажар ад маланкі. “Толькі прыйшлі з поля, змокшыя да ніткі, – расказвае Геноэфа, – як раптам клубок агню па кухні, каля коміна дым; крычу: “Гарым!” Людзі ўбачылі, набеглі, пачалі ратаваць, але хіба дасі рады – страха саламяная, на гарышчы павуцінне… Швейную машыну і шуфляду з чужою тканінаю паспелі з хаты выкінуць, а астатняе ўсё згарэла: і шафа, і куфар з маім пасагам… Жыць  засталіся ў гумне. Зноў стаім перад Богам на каленях: дапамажы!

 

Зруб

100-гадовая Геноэфа Гіляраўна  са сваім  анёлам-ахоўнікам – дачкою Люцыяй

100-гадовая Геноэфа Гіляраўна са сваім анёлам-ахоўнікам – дачкою Люцыяй

Вестка пра тое, што “пагарэла швачка Геня Іватовічава” (дзявочае прозвішча юбіляркі), распаўсюдзілася па ваколіцах з хуткасцю той самай маланкі.
– І Пан Бог так пакіраваў людскім  розумам, – тлумачыць Геноэфа, – што пагарэлі мы 14 ліпеня, а 4 верасня ў новую хату ўвайшлі. Але паслухайце, як было. У вёсцы Яневічы жыў гаспадар Іпаліт Ерман. У 47-м годзе, восенню, ужо пасля абмалоту,  у яго згарэў свіран са збожжам, датла; ні самым чаго есці, ні скаціну карміць.  Ну і акруга прыкінулася,  пачала ратаваць, збіраць зерне. Назбіралі  столькі, колькі Іпаліт ніколі не намалочваў. З усяго гэтага ён быў такі ўзрушаны людскою дабрынёю, што вырашыў: будзе абавязкова дапамагаць людзям, што б з кім ні здарылася. А тут дачуўся, згарэла наша хата. Што робіць Іпаліт –  даў грошай (можа, яшчэ і акруга далажылася, пра гэта нам ніхто не казаў) і ў суседняй вёсцы Калодна купіў для нас новы зруб. Прывезлі, людзі дапамаглі паставіць, а тут мастачка з Носавіч наказвае, што абразы нашыя гатовыя; не ўзяла з нас ні гроша. Ото былі скарбы!  Можна сказаць, скарбы людской дабрыні. Мы шчыра дзякавалі Пану Богу, людзям, не адзін раз заказвалі святую Імшу падзякі. Гэтыя абразы і сёння ў нашым дамашнім алтары – з імі дзень пачынаем, з імі спаць кладзёмся. Муж мой таксама быў моцна набожны, 40 гадоў у Камайскім касцёле за-крыстыянінам служыў. У нашай хаце збіраліся людзі на маёвыя, чэрвенскія, кастрычніцкія набажэнствы, калядкі паспяваць, а  ў жыцці хапіла ўсяго-ўсякага, і бяды, і роспачы…
І бабуля Геня працягвае расказваць.

 

Урок
– Аднойчы было такое: паехала сваякоў наведаць у Носавічы, роварам, каб абавязкова да ночы дамоў вярнуцца. І ўжо выбіралася назад у Дуброўшчыну, як раптам дождж, навальніца. Родныя  адгаварылі ехаць, кажуць, пераначуй, дзе твая гаспадарка дзенецца. Я і засталася. На заўтра ўстала раненька, каб хутчэй заехаць. Праязджаю міма Шэметаўскага касцёла: як не зайсці, не памаліцца? Зайшла на хвіліну і сама сабе кажу: не столькі ты тут намолішся, колькі награшыш пасля ў хаце (Валяр’ян мой гаспадар быў гарачы, я павінна была быць пры ім). І я вышла з касцёла, села на ровар… Еду, еду доўга і бачу, што дарога становіцца непраязджальнай: дрэвы вышынёю пад неба, кусты, а збоку  ад яе – грэбелька з бярвення і галля.  Цягнуся  па той грэбельцы з роварам і думаю сабе: я ж не туды еду!  Але цягнуся далей, падымаюся на пагорак, бачу пляц, фундаменты ад былога будынка. І чую нейкі голас  мне кажа: столькі часу правядзеш тут, колькі прабыла б у касцёле. Ахапіла мяне роспач, трывога, я перахрысцілася, прамовіла пацяры і пацягнулася па грэбельцы ўніз, бо ехаць няма дзе. Праз некаторы час – перада мною чыстая дарога, села і паехала. Во, гэта Пан Бог мне такі ўрок даў – каб не адкідала нічога боскага ніколі! Як ужо ступіла нагою да касцёла, то трэба  было і пабыць на набажэнстве, а не на  ровары ляцець…

 

Цуд святой Агаты  
– Або паслухайце, што яшчэ было ў 2009 годзе, 6 красавіка, – бліскучая памяць бабулі  захоўвае даты, лічбы, імёны і прозвішчы, быццам кампутарны дыск, – быў панядзелак пасля Пальмовай ня-дзелі. Рыхтуемся да Вялікадня, задумалі навесці парадак на двары, спаліць галлё пасля зімы, яшчэ там нешта. Сабралі цэлую кучу, чыркнулі адну спічку, другую – не гарыць, трэба ж нам падлажыць бумагі. Як палыхнула полымя, як пайшла гарэць  сухая леташняя трава навокал, а яе многа… Агонь так хутка  ішоў па траве, як вам зараз кажу, праз наш двор перакінуўся на іншыя пляцы, праз дарогу – і ўсё па траве… Крычу Люсі: “Нясі хутчэй хлеб святой Агаты!”. Яна ўскочыла ў хату, ухапіла той хлеб і адразу яго – у касцёр: “Святая Агата, ратуй нас!”.  Полымя згасла, трава згарэла ўся чысцютка, але агонь не перакінуўся ні на адзін будынак – і дамы, і хлявы засталіся. Цуд!  Цяпер кожны гадок 6 красавіка заказваем святую Імшу падзякі за  захаванне  вёскі ад агню.
Пасля таго пажару яшчэ бяду мела – слізганулася, упала на на-дворку (вясна ўжо пачыналася, але снег яшчэ ляжаў) і зламала “шейку бедра”. На аперацыю не згадзілася, цэлы месяц качалася, але Бог адратаваў.  Цяпер, як дзіця, хаджу з хадункамі… Па бальніцах надта не люблю ездзіць, ды я і была ў доктара адзін раз, як тады здымак рабілі; не, яшчэ ў маладосці, як Люсю радзіла, а пасля Галіну…  Але што тут  многа расказваць, шкода нават час марнаваць. Я ніколі не любіла шуму, не любіла быць першай ці лепшай – заўсёды заставалася ў ценю. Ведала толькі адно: калі Бог на першым месцы – усё астатняе будзе на сваіх месцах!

 

…Добры дом на Дуброўшчыне застаўся жыць сваім адладжаным  жыццём, але ўспамін пра яго  незвычайных жыхароў, сярод якіх гэтая цудоўная 100-гадовая  юбілярка, чыё жыццё стала  скарбам  усіх яе родных, – грэе душу і сёння.
Да новых сустрэч, Геноэфа Гіляраўна!

 

 

 Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
і з архіва сям’і  Г. Шчучко.


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий