“Праходзьце, даражэнькія мае, праходзьце!” – за-прашала да сябе ў кватэру жанчына, хочацца сказаць, тэатральнай знешнасці, і адчуванне было такое, што мы з ёю ўжо сустракаліся. Праз хвіліну-другую стала зразумелым, што гэтае адчуванне – здаўна, з той пары, калі Галіна Радына-Марцінкевіч пачала дасылаць свае вершы ў рэдакцыю часопіса “Дыялог” – яны такія ж шчырыя, багатыя сэнсам, як і сама яна, іх аўтар. А яшчэ – напоўненыя ўдзячнасцю Богу за лёс, якім бы ён ні быў…
Як далёка, далёка засталося яе дзяцінства з яго непаўторнай радасцю, але якім цяплом дыхае светлы ўспамін пра яго сёння! Заплюшчыць вочы – і ўсплываюць карціны роднай вясковай хаты ў Есьманах, бярозкі пад вакном, мама, што завіхаецца па гаспадарцы, і тата разам з конікам Буланчыкам на полі. Тата ўставаў раненька, яшчэ да сонца, каб болей паспець зрабіць, і яна, самая малодшая з дзяцей, заўсёды нясла яму есці. Мама падрыхтуе, завяжа ў невялічкую палатняную сурвэтку – “Нясі!”, і дзяўчынка з радасцю ляціць на тое бацькава поле. Вясновы прастор, водар кветак і жыццё наперадзе – такая радасная далячынь!
Дзяўчынка нарадзілася ў 42-м, таму дзяцінства і школьнае юнацтва, прыпаўшыя на ваенныя і пасляваенныя гады, не было ўпрыгожана цацкамі ці напоўнена прысмакамі, як у дзяцей сёння, але, дзякуючы тату, які моцна яе любіў, быў выдатным сталяром, наогул здольным да ўсялякай працы, да таго ж яшчэ і слынным на ўсю акругу музыкантам, іграў на вяселлях, розных забавах, голаду ў сям’і не было. Канешне, першую ляльку мама скруціла ёй таксама з рушніка, як рабілі тады ўсе мамы, але што датычыцца абутку, адзення, то аб гэтым пазней клапаціўся сам тата, і дзяўчынка басанож у школу ніколі не хадзіла. А дзеравяшкі, якія былі падобныя да сучасных басаножкаў і якія рабіў вясковым дзяўчаткам яе старэйшы брат Франак, мела і яна.
– Мой тата быў набожным, – успамінае Галіна.– Казаў пра тое, што самая мудрая кніга ў свеце – Біблія, і шчаслівы той, хто яе мае і чытае. Сам ведаў і часта прамаўляў цытаты і прытчы з Бібліі. На жаль, у маім дзяцінстве такой кнігі не было, але татавай спадчынай застаўся наказ: помніць аб тым, што ёсць свет духоўны, што яго патрэбна пазнаваць, каб не згубіцца ў жыццёвым моры. І хоць мама таксама была адкрытая, працавітая і набожная, вучыла мяне пацерам, памяць чамусьці захавала больш постаць таты, які часта маліўся. Кладуся вечарам у ложак – тата моліцца… І гэта стала таксама і маім абавязковым пра-вілам. Марыў аб тым, каб я, калі падрасту, стала, як ён, музыкантам. Нават вучыў мяне патроху іграць: пасадзіць, бывала, дасць мне ў рукі акардэон, такі вялізны, а я – малая, нічога з-за яго не бачу, і не надта цікава мне… А мама была дабрэйшай душы чалавек, прымала пад дах бяздомных, дзялілася з імі апошнім кавалкам хлеба – гэта праўда. А людзей такіх пасля вайны хапала, хадзілі па хатах, дапамагалі выконваць што-небудзь па гаспадарцы за адзіны хлеб…
Ах, дзяцінства басаногае – якое яно бясконца дарагое…
Галіна Ўладзіміраўна азіраецца на свой жыццёвы шлях і дзякуе Богу за ўсё, што паслаў ёй спаўна. Нехта, ведаючы пра яе лёс, можа здзівіцца яе стану задавальнення, нехта наогул не зразумее, але ў яе – свой погляд на лёс і сваё перакананне:
– Бясконца дзякую Богу за ўсё, што мне пасылаў на працягу жыцця, бо ведаю, што пасылаў на карысць душы маёй. І бясконца дзякую Богу за Яго вялікую Міласэрнасць, якою ахутваў мяне таксама на працягу жыцця.
Сапраўды, што карыснае для нашай душы? Бесклапотнае жыццё не робіць людзей ні моцнымі, ні спагадлівымі, ні мудрымі… Гаротнае жыццё надае клопату, а разам з ім – і цярпення, і сілы пераадольвання цяжкасцей, і разважлівасці, і адказнасці, і ўмення ў крытычны момант сабраць усю сваю волю… Замуж пайшла маладая, за свайго былога адна-класніка, які пасля заканчэння тэрміновай службы ў Казахстане застаўся ў войску надалей і забраў да сябе Галіну. Там нарадзіўся ў іх сынок Алежка. У хуткім часе мужу прапанавалі новае месца службы – у Туркменістане, а там– пясок, барханы, дзюны… Да таго ж, у яго пачаліся праблемы з сэрцам, і маладая сям’я прыняла рашэнне вярнуцца на радзіму, у прывычныя кліматычныя ўмовы, але першае сур”ёзнае выпрабаванне ўжо чакала – ва ўзросце 22 гадоў Галіна захварэла на туберкулёз, што з’явілася аддаленым наступствам тых частых запаленняў лёгкіх, якія перанесла яшчэ ў раннім дзяцінстве, у вайну, калі ад бамбёжкі мама хавалася разам са сваім немаўляткам у акопах…
Хварэла, лячылася ў шпіталях і спецыяльных санаторыях на працягу трох гадоў і прасіла Міласэрнага Бога і Маці Божую аб заступніцтве. Ступень захворвання была цяжкай, усе медыцынскія метады былі выкарыстаны…
– Вылячыў мяне тата, – расказвае, – калі недзе, як кажуць, праз дзесятыя рукі здабыў барсучыны тлушч, дзякуючы якому каверны зніклі, лёгкія зарубцаваліся, быццам нічога і не было, што моцна здзівіла доктара, які лячыў.
Прыгожая, ўдалая і ахвочая да працы Галіна (ўсё жыццё займалася кравецтвам і была слынным майстрам) усё ж жаночага шчасця, па людскіх мерках, не мела: пражыўшы дваццаць гадоў з Антонам, засталася ўдавою. Адзіным, хто радаваў яе сэрца, быў іх сынок – знешне падобны да мужа, ён прыгожа маляваў, займаўся музыкай, прычым – на прафесійным узроўні, вучыўся ў каледжы, валодаў ігрою на розных музычных інструментах, падчас службы ў войску – іграў у аркестры… Пасля дэмабілізацыі працаваў мастаком-афарміцелем на прадпрыемствах сталіцы…
Праз пяць гадоў пасля трагічнай смерці Антона Галіна сустрэла Пятра… Пакахала?.. Хутчэй за ўсё – праявіла да яго сардэчную міласэрнасць, разуменне, падтрымала, бо той апынуўся ў цяжкім маральным становішчы па прычыне (добра вядомага ёй самой!) захворвання туберкулёзам – ягоная сям’я адрынула ад яго… Жонка, дзеці таксама… Скончылася тым, што Галіна з Пятром атрымалі сакрамэнт шлюбу ў Валожынскім касцёле і пасля сямнаццаці гадоў сумеснага жыцця яна зноў засталася ўдавою…
Але са смерцю другога мужа выпрабаванні жанчыны не скончыліся – наперадзе чакалі новыя: праз сем гадоў – анкалагічнае захворванне, яшчэ праз тры – пералом пазваночніка, праз год – пералом таза-сцегнавага сустава… І шпіталі – то ў Бараўлянах, то ў Мала-дзечна. Боль – пры ёй, а думкі… Думкі ляцелі да адзінага яе сыночка, які знаходзіўся ў Стаўбцоўскім псіханеўралагічным інтэрнаце… Адкуль сілы чэрпаць жанчыне?
– Маліліся за мяне нашыя парафіяне ў касцёле, мае сябры хрысціяне-пратэстанты, і сама я прасіла Бога, каб аздаравіў, калі бачыць ва мне карысць. Кожны дзень, у 15 гадзін, я чытала і чытаю Вяночак да Божай Міласэрнасці, чытала на памяць псальмы, многа малюся на беларускай мове, на рускай, на польскай… І Міласэрны Бог трымае мяне. А хто, акрамя Яго, мог даць мне моц духоўную? Хто, акрамя Госпада, даў мне талент пісаць вершы ў такім немаладым узросце? Так, у школьным дзяцінстве і маладосці я шмат чытала, перачытала многіх класікаў і айчынных, і замежных, але каб вершы пісаць, – неяк дзіўна паціснула плячыма суразмоўца. – А тут прыйшла муза, не магу стрымаць думкі: адкуль бяруцца гэтыя прыгожыя словы, новыя адчуванні і новы рытм жыцця? Духоўны рытм! Божа Найсвяцейшы, дзякуй Табе за гэты нечаканы і незвычайны дар! Толькі Тваё Міласэрнае Сэрца магло адчуць увесь боль майго збалелага сэрца і выліць на яго такую чароўную і гаючую ласку, – вочы Галіны Ўладзіміраўны поўныя слёз. – Не звяртайце ўвагі, – змахнула хустачкаю, – гэта слёзы радасці. Плачу толькі ад пачуцця яднання з Богам у малітве, а таксама з удзячнасці Богу за Ягоную Міласэрнасць. Ва ўдоўстве сваім, у сваёй адзіноце Ён вучыць мяне быць карыснай гэтаму свету і расстаўляе на маім шляху патрэбных людзей у патрэбны мне час…
Першыя вершы за подпісам Галіны Марцінкевіч былі на-друкаваны ў Валожынскай раённай газеце “Працоўная слава” у 2005 годзе. Пасля выйшлі зборнікі “Верыць і любіць”, “Ковчег надежды”, “Пад сінявой Тваіх нябёсаў”, “Незабыўнае”; зараз рыхтуецца да друку зборнік “Ад глыбіні”.
– Кожны мой дзень – цярпенне, але я ведаю, дзеля чаго яно мне наканавана. Малюся, выконваю розныя комплексы гімнастыкі – для органаў дыхання, органаў руху (мне надта цяжка хадзіць з-за зламанага пазваночніка, а ў сустаў ужыўлены імплантант). Лю-бімы занятак – вершы. Пішу вершы пра Бога і захоўваю надзею, што нехта ж слаўцо маё прачытае і, можа, знойдзе для сябе ці добрае зярнятка для пасеву, ці гаючую кроплю расы… Наш свет, нашае жыццё багатыя на прыгажосць і дабрыню, патрэбна толькі маліцца, каб нашыя вочы раскрыліся, каб бачыць усе гэтыя Божыя цуды, а вушы – каб пра іх пачуць…
Перагортваю зборнічкі Галіны Ўладзіміраўны і на кожнай старонцы – нібы рассыпаныя разнакаляровыя пацеркі, – тонка прыкмечаныя вобразы, параўнанні, трапныя выразы. Шмат вершаў філасофскага гучання, шмат аўтабіяграфічных, лірычных, а галоўнае – што ўсе яны жыццёсцвярджальныя, без наракання на лёс, з пакорай:
Я не шкадую і не плачу.
І, нават, не хацела б зноў
Вярнуцца, каб пражыць іначай…
А лепш малітваю гарачай
Усё асвячу, са шчырых слоў
……………………….
Ілюзій мне не абяцана,
Што без цярпення пражыву.
Злучу свой боль з цярпеннем Пана,
Што дасць – удзячна ўсё прыму.
Раіса СУШКО
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА , SVD
г. Валожын.