…Хто вам сказаў, што лёгка любіць мужа? Безагаворачна аддаць сябе ў ахвяру мужчыне і быць перакананай, што ты – шчаслівая… А хто вам сказаў, што лёгка любіць дзяцей? Трымаць сябе ў стане хранічнага недасыпання, цярпліва выцалоўваць сінякі на пабітых каленцах, не мець часу глянуць на сябе ў люстэрка і адчуваць пры гэтым паўнату задавальнення. Нічога для сябе ні ад каго не прасіць, не чакаць, не патрабаваць, нікому не скардзіцца і спадзявацца, што твая пакора зараз дасягне ўзору Марыі, а твой лёс і ёсць той самы, якога ты прасіла ў Бога…
Так, спрадвеку жанчыне патрэбна была сям’я – муж і дзеці. Спрадвеку гэта і складала сэнс яе існавання. Таму не варта зараз ні пра сучасную жаночую самадастатковасць, ні пра кар’еру ці прафесійныя амбіцыі; адзінае вартае – гэта пра месца, дзе жыве любоў, створаная яе сэрцам, яе рукамі, слязамі… Чым яшчэ? Прысутнасцю любові Божай.
Адчуванне той самай любові, якая “доўгацярплівая, … ласкавая, … не пыхлівая, … не бессаромная, не гневаецца, не памятае зла…. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць” (1 Кар, 13) літаральна паглынае, як толькі перашагнеш парог двухпакаёўкі Тарасевічаў у шматкватэрным доме ў Мя-дзелі. І гэта зусім не гіпербала, заснаваная на перабольшванні. Гэта натуральнае адчуванне пасля таго, як дзверы гасцінна адчыніць прыгожая і прыязная Вікторыя, і перад нашымі вачамі адкрываецца свет гэтай сям’і, тое, што дамініруе ў іх жыццёвым крэда, – любоў! Сямігадовая Надзея, двухгадовы Міхаіл і васьмімесячны Марк. Як жа тут любяць вас, дзеткі!
Двухпавярховы дзіцячы ложак, якім зараз ніхто не карыстаецца, ператварыўся ў выставу цацак і малюнкаў, выкананых дачушкай: партрэтны малюнак Езуса Хрыста, Нараджэнне Хрыстова, уезд Пана Езуса ў Ерузалем, Святое Сямейства… Сюжэты са Святога Пісання, а таксама зробленыя па картках, якія калі-небудзь дзяўчынку ўразілі… Яшчэ малюнкі навакольнага свету, выкананыя ў розных нетрадыцыйных тэхніках, з філасофскім напаўненнем, пра якія і даросламу не грэх задумацца: як 7-гадовае дзяўчо можа ў такой паўнаце адчуваць прастору? Адкуль у яго бачанне нябачнага?
– Надзюшка малюе даўно, – гаворыць Вікторыя, – недзе з 4 гадоў. Мы з мужам адразу заўважылі, што ў яе гэта моцнае захапленне, бо нават у тым узросце праяўляла вялікую засяроджанасць… Канешне, мы пад-трымлівалі яе інтарэс, пачалі развешваць малюнкі ў кватэры, размаўляць пра іх і пра тое, што ў іх цікавага для самой “мастачкі”… Першапачаткова маляванне напэўна не было для яе такім асэнсаваным, як зараз, але што ў Надзі незвычайнае ўспрыйманне створанага Богам свету, што ён прыцягвае яе, было відавочна адразу. Зараз яна займаецца на курсах малюнку online і даволі паспяхова.
…У стосе фотаальбомаў, у рамачках на сценах, на спецыяльных падстаўках – шчаслівыя імгненні жыцця і ўсюды – дзеці!.. Скажаце, у каго гэтага няма? Гэтага – сапраўды многа. Толькі я не ведаю, у каго яшчэ ёсць вось такія творы-дакументы: крыжыкам, рознакаляровымі ніткамі вышыты вобраз дзяўчынкі. Побач – такія ж вышытыя словы і лічбы: “Надежда, 18.11.2013, в 18.25, вес 3.200, рост 50 см”; “Михаил, 11.01.2019, в 17.10, вес 3.750, рост 56 см”; “Марк, 10.07.2020, в 6.15, вес 3.760, рост 52 см”. Мастацкі “пашпарт” Міхаіла ўпрыгожаны вышытым мядзведзяняткам, Марка – вышыўкаю маленькага хлопчыка, які спіць на аблоках… Кожны твор узяты ў асобную рамачку. І гэта – справа рук Тані, хроснай маці Марка, жонкі брата Валерыя – таты сямейства. Сямейства не Святога, але – шчаслівага.
Ноч у часе Вялікага Посту
…Мішка ціха пасопваў. Задаволены, адарваўся ад маміных грудзей і заснуў Маркуша, а На-дзейкі не было дома – па просьбе мамы яна начавала ў хроснай. Вікторыя паглядзела на абраз Святой Сям’і, што вісіць над іх шырокім ложкам у спальні (падарунак Валерыных родных на дзень шлюбу), перахрысцілася і, адчуўшы сябе ўсё ж змучанай, ціхенька выйшла ў той першы пакой, які падказаў нам пра існуючую ў гэтых сценах любоў.
Вікторыі хацелася пабыць сам-на-сам з Богам. Задаць Яму пытанні, на якія не мела адказу. У апошні час жанчына не магла быць на рэкалекцыях, наогул нават пайсці на святую Імшу ў касцёл не магла – не было з кім пакінуць малых: Таццяна працуе і не можа падмяняць яе штодня, муж – кіроўца міжнародных перавозак, зарабляе сродкі на жыццё ў той самы час, калі жыццё ў штодзённым бытавым вымярэнні становіцца падобным да выжывання. Растлумачыць сабе адукаваная жанчына (скончыла Педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, філолаг) і маладая маці магла ўсё, але ўнутраны голас не згаджаўся прыняць яе стан… Раздражняльнасць, крыўда, незадаволенасць сабою з кожным днём нарастала…
Падышла да свайго дамашняга алтарыка. Са сцяны пазіраў на яе абраз Маці Божай Чанстахоўскай, зроблены мужам задоўга да таго, як сталі яны сужэнствам, побач з ім – крыж, таксама зроблены Валерыем. Паклала перад сабой Слова Божае, паставіла фігурку Найсвяцейшай Панны Марыі і Распяцце, палічыўшы, што яе асабісты ўнутраны стан такі ж раздзёрты, як стан Езуса Хрыста ў апошнюю хвіліну жыцця. Запаліла Грамнічную свечку, а з маленькіх свечак-“таблетак” на падлозе вылажыла крыж, стала на калені, пачала размаўляць з Богам. Спавядалася, плакала, разважала, задавала пытанні… Маўчала, прыслухоўваючыся да сябе самой, і зноў размаўляла з Богам, ужо разумеючы, што гэтай ночы яна даўно чакала…
Яна расказвала Госпаду пра сябе, сваё жыццё і адчувала, як у яе падсвядомасці вырастала постаць іншай Вікі, якая не ведае Бога, і якую зараз Пан Бог навучае:
– Віка, ты хочаш разабрацца ў адносінах з мамай, у адносінах з мужам, хочаш разабрацца ў выхаванні дзяцей, але не хочаш пазнаць Мяне…
– Выслухай мяне, Духу Святы Божа, – адказвала Віка. – Люблю Цябе і давяраю Табе! Штодня малюся і выконваю ўсё, што належыць хрысціянцы, толькі не на ўсё мне хапае часу… Бясконца люблю свайго мужа, маму, якая дала мне жыццё, тату, які пазнаў свой грэх і, дзякуючы Табе, выправіўся, пачаў хадзіць у касцёл, болей не ўжывае алкаголь і шкадуе, што гэтага не мог дабіцца ад сябе раней… Умею прабачыць і прабачаю, Госпадзі, але чаму я губляю сілы…Чаму мне не хапае цярпення…. Чаму “зрываюся” на дзецях… Чаму? Чаму?..”
У яе падсвядомасці адначасова вырастала постаць Вікі, якая замоцна патрабавальная да самых блізкіх ёй людзей, і тады самыя жорсткія словы яна скіроўвала да сябе… Ёй станавілася сорамна за той эгаізм, які сама ў сабе выгадавала. “Выслухай мяне, Духу Святы Божа!”, – зноў шапталі яе вусны, і шчокі палымнелі. У гэтыя хвіліны яна разумела, што Бог чакаў яе даўно:
– Віка, калі ў цябе здараліся непаразуменні з мамай, з мужам, ты абабегла ўсіх, акрамя Мяне: раілася з сяброўкамі, суседкамі, з мамай, з мужам… Ты не прыйшла да Мяне…”
– Словы Бога патаналі ва мне, – з хваляваннем гаворыць Вікторыя сёння. – Яны былі для мяне ўкорам і заспакаеннем адначасова. Успомніла, што святары заўсёды заклікалі, маўляў, чытайце Евангелле і ўсё зразумееце. Канечне, я чытала, але хіба напісанае можа ўздзейнічаць так, як сказанае? У нейкі час была нават задаволеная сабою. Мне было прыемна ўсведамляць, што як хрысціянка, выконваю шмат чаго для людзей, якія імкнуцца пазнаць Бога, была перакананая, што гэта ім дапаможа. Жывучы ў Нарачы, пісала сцэнарыі для пастановак на рэлігійныя тэмы, і яны мелі добры водгук; напісала многа варыянтаў Крыжовых шляхоў, вершаў, якія былі ўхвалены святарамі, і вылажыла іх у Інстаграм, каб імі маглі скарыстацца іншыя; рэгулярна хадзіла да касцёла, малілася за маму, за тату, за брата, які аддаліўся ад Касцёла. Пачала маліцца за любімага мужа і дзяцей. А пасля нешта ва мне зламалася, і я, якая хацела стаць ідэальнай жонкай, ідэальнай мамай, ідэальнай дачкой, разгубілася… А тут Бог асабіста кіруе мне словы… Сказала сабе, як адрэзала: “Ты жудасная, Віка! Што ты сабе нафантазіравала? Ніхто і нічога табе не павінен! Ёсць адзіны, хто ніколі цябе не пакіне, табе не здрадзіць, не асудзіць і гэта – Бог! А ты не ведала Яго… Ты і сябе намалявала, Віка, але ты не мастак, каб маляваць, ты – жонка, маці, гаспадыня”. З той хвіліны я пачынала пазнаваць Бога занава…
– О, як я моцна ўдзячная Богу за тую ноч, – працягвала Вікторыя, – за тое, што апусціў мяне на дно маёй душы і паказаў, як многа на мне пылу! Аднойчы заходзіць да мяне Таня, а я сяджу з Маркам на падлозе і пачынаю нэндзіць: глянь, колькі зноў пылу на секцыі, толькі што выцерла… ”Не парься!”, – сказала Таня. І тут падбягае мой Мішка, кладзе пячэнька акурат на той пыл, у момант перадумаў і адразу яго ў рот… Што спажыў мой сынок разам з пячэнькам? Нейкі хатні бруд. Але, каб не сядзела ў той момант на падлозе, то пылу і сама не заўважыла б… Так і з маімі грахамі, наогул з грахамі людскімі: пакуль Бог не апусціць на дно душы – зверху не ўбачыш і нічога пра сябе ведаць не будзеш.
Яшчэ я моцна ўдзячная Богу за Марыю, рада, што ёсць у мяне Нябесная Маці і прыклад яе жыцця. У Вялікі Пост заўсёды думаю пра яе крыжовы шлях: дзевяць месяцаў насіла, цяжарная, ішла ў Ерузалем, на восліку ўсёй сям’ёй уцякалі ў Егіпет… Пасля перажывала здзекі над сваім дарослым Сынам… Што думала Марыя? Што было ў яе сэрцы, калі прыняла на свае рукі цела Сына, знятае з крыжа? Яна проста любіла і прыняла Ягоную місію. У кожнай маці – свой мацярынскі крыж, у кожнай шмат складаных сітуацый, з якіх яны шукаюць выйсця: наведваюць семінары, удзельнічаюць у марафонах на выхаваўчыя тэмы, слухаюць псіхолагаў, сацыёлагаў… Гэта ўсё вельмі добра, але не забываймася пра Марыю і прыклад Яе любові. Думаю, што менавіта гэтага шчырага пачуцця не хапае сучаснаму свету. Бічаваць за грахі мы ўмеем і сябе, і іншых, а любіць? Каб проста падыйсці і сказаць: “Дачушка, люблю цябе!”, “Сынок мой, люблю цябе!”. Дарэчы, па гэтай прычыне фігуркі Маці Божай падабаюцца мне болей, чым абразы, – у фігуркі рукі заўсёды распрасцёртыя для абдымкаў. Хачу, каб і мая дачушка пазнавала і ўшаноўвала нашу Нябесную Маці. Вясной збіраем палявыя кветкі і прыносім да Маці Божай, якая стаіць у нас на падаконніку, зімой штучныя букецікі дарым. Аднойчы Надзька спытала: “А навошта Ёй кветкі?”. “А ты ж мне хочаш зрабіць прыемнае – малюеш карткі, пішаш прыгожыя словы…”. “Ну так…”, – згадзілася малая.
…Наша сустрэча з незвычайна цікавай жанчынай заканчваецца, і я прашу паказаць вершы, напісаныя Вікторыяй. Іх многа, прынесла некалькі сшыткаў. Піша даўно, “кідае” на Вайбер і ў Інстаграм; некалькі гадоў – пакуль на руках была толькі Надзя – вяла паэтычную рубрыку на “Радыё Марыя”. Шчырыя радкі – як раскаянне, як шчырая споведзь у канфесіянале:
Марыя, чаму я Табе не пісала?
Ні слова, ні сказу няма ў мяне…
Ты проста глядзела, проста маўчала,
Стаяла апошняя ў гэтай чарзе…
Марыйныя вершы Вікторыі можна аб’яднаць адзінай сюжэтнай лініяй – гэта быццам дзіцячая галава ўткнулася ў маміны калені, каб паскардзіцца. Мама пагладзіць па галаве, абавязкова выслухае, заспакоіць і скажа: “Але і ты будзь лепшым, сонейка маё, болей так не рабі…”.
…І ўсё ж – час расстання. Вікторыя, Таццяна і дзеці праводзяць нас да дзвярэй, а я доўга яшчэ трымаю ў памяці словы з плаката, што заўважыла ў іх калідоры: “Я і дом мой будзем служыць Госпаду”.
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
і з фотаальбома сям’і Тарасевічаў.
Мінская вобласць.