Калі сям’я светлай памяці Леанарда і Веранікі Хамені ў 1958 г. пакідала родныя мясціны, а разам з імі і межы Беларусі, малодшаму іх сыну Мар’яну быў усяго годзік. У Польшчы, куды яны выехалі і дзе абаснаваліся на пастаяннае месца жыхарства, нарадзіліся яшчэ двое – Збышэк і Ядзя, але Богу, відаць, было пажадана, каб менавіта Мар’ян вярнуўся праз дзесяцігоддзі на свае родныя палеткі засяваць іх зернем Божага Слова. Сёння кс. пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах Мар’ян Хаменя, CSMA лічыць гэта праяўленнем Божай Міласэрнасці да яго. І аб гэтым – наша з ім размова.
– Кс. Мар’ян, ці можам з Вамі гаварыць сёння аб плёнах Году Божай Міласэрнасці, які заканчваецца?
– Так, аб’яўлены Год заканчваецца, але Божая Міласэрнасць – бясконцая. Асабіста я адчуваў яе на сабе мноства разоў і перакананы, што ўсе тыя дарогі, якімі хадзіў і хаджу па сённяшні дзень, – вялікая Божая ласка для мяне. Наша сям’я, як і сем’і іншых рэпатрыянтаў, прыбыўшых з былога СССР, багацця не мела. Перад выездам у Польшчу бацька прадаў тут хату, купіў матацыкл з каляскаю, а прыехаўшы на Балтыйскае ўзбярэжжа, – прыдбаў за тыя грошы карову, каб карміць сям’ю. Сям’я была немалая – тата з мамаю, мая бабуля, мой старэйшы брат Тадэвуш і я. Жылі ў вёсцы Госцішэва, вялі сваю гаспадарку, многа працавалі. Памятаю, што часта хадзіў з мамаю да касцёла і што ісці мне туды хацелася! Асаблівае ўражанне пакідалі набажэнствы, якія адбываліся на працягу Вялікага Тыдня ўначы. Вялікі Чацвер, Вялікая Пятніца, Субота, удзельнічаў у адарацыі Найсвяцейшага сакрамэнту ў цямніцы і пры гробе. Маліўся і спяваў. Памятаю, як здзіўляліся дарослыя, бачачы мяне побач. Пазней стаў міністрантам у мясцовым касцёле, і з’явілася ў мяне жаданне быць ксяндзом, місіянерам, паехаць у далёкія краіны, пераказваць тым народам Евангелле. У сваёй сям’і дружыў з малодшым братам Збышкам. Ва ўзросце 11 гадоў мой любімы брат моцна захварэў, верталётам яго даставілі ў Гданьск, дзе дактары сказалі: “Рыхтуйцеся, нічога з яго не будзе!”. Мы маліліся і ўдзень, і ўначы, просячы Бога ўратаваць хлопца ад смерці, вярнуць яго да жыцця. Пасля, калі мой брацік выздаравеў, дактары спыталі ў нашай мамы: “А хто такі Мар’ян? Чаму хворы весь час клікаў: “Мар’янэк, ратуй мяне!”?
У хуткім часе, скончыўшы ліцэй, я падаўся ў Пененжно, каб стаць манахам, уступіў у Ордэн вербістаў. Вучоба мне падабалася, фармацыя праходзіла паспяхова, весь вольны час мы прысвячалі заняткам фізкультураю, гулялі ў футбол. Усё было добра, пакуль я падчас гульні не атрымаў траўму бядра. З той пары пачаліся вялікія праблемы з нагою, у Гданьску зрабілі мне складаную аперацыю, і маё жыццё змяніла фарбы… Было гэта ўжо на IV курсе майго навучання ў Пененжно…
– Але гэта не перашкодзіла Вам у далейшым?
– Адразу мне здалося, што моцна перашкодзіла… Памятаю такі выпадак. Традыцыйна, падчас абеду, перад ядою, клерыкі па чарзе (а было нас больш за сто чалавек) чыталі ўрыўкі са Святога Пісання. Была Вялікая Пятніца, і мне давялося чытаць урывак з Евангелля, дзе Юдаш здрадзіў Хрыстусу. Пэўна ж, не першы раз чытаў я гэты сюжэт, але на той момант ён так моцна крануў мяне, мне стала так моцна шкада Езуса, што я пачаў плакаць, а ўсе прысутныя сталі смяяцца. У выніку, у канцы года мяне не дапусцілі да часовых шлюбаў, так і сказалі: “З-за твае далікатнасці, уражлівасці, па прычыне твае фізічнай і псіхічнай слабасці – не дасі сабе рады!”. (Атмасфера перасцярогі была вызвана тым, што акурат у той час здарыліся выпадкі з місіянерамі, якія працавалі на місіях у Афрыцы і не вытрывалі псіхічна). Можаце ўявіць, што пачало тварыцца ў маёй душы – шок, жаль, боль, роспач!.. У пэўны дзень вяртаюся дамоў. Не сам – мяне, з маімі рэчамі, адвозяць ксяндзы, якія ехалі па справах Касцёла з Пененжно ў бок майго бацькоўскага дому, а гэта болей за 100 кіламетраў. Весь гэты шлях быў паліты маімі слязамі… Здолеў узяць сябе ў рукі, убачыўшы маму з татам, якія выйшлі насустрач… Праз многа-многа гадоў я зразумеў, што гэта было часткаю Божага плана адносна мяне, Мар’яна Хамені.
– А як сталася, кс. Мар’ян, што Вы апынуліся ў Кангрэгацыі св. Міхала? Што азначае дэвіз міхалітаў “Хто, калі не Бог!”.
– Відаць, гэта – наступная частка Божага плана адносна мяне… Гадоў пяць таму былы наш правінцыял Аляксандр Агароднік перадаў меркаванне правінцыяла вербістаў, што, маўляў, недапушчэнне мяне да прыняцця часовых шлюбаў было звычайнаю памылкаю… Але сёння я сам добра разумею, што памылкаю гэта не было… У Бога памылак не бывае. А як апынуўся ў міхалітаў? Зноў праз Божую ласку. Пакідаючы Пененжна, я меў шчасце пагутарыць асабіста з рэктарам семінарыі кс. Мар’янам Фалішкам, які расказаў пра свой шлях у святарства і пра тое, што, каб загартаваць сябе фізічна, ён два гады працаваў нават у шахце. Мне пажадаў, каб і я загартоўваў сябе, не губляючы надзею. Я так і зрабіў. Звяртаючыся ў розныя Кангрэгацыі з просьбаю прыняць мяне на вучобу, працаваў на гандлёвых складах у Гданьску, перанёс яшчэ адну аперацыю на бядро, і праз два гады атрымаў пісьмо з Варшавы, дзе мне прапанавалі навіцыят у Ордэне міхалітаў. І ці не Божая Міласэрнасць гэта была? У той час існавала строгае правіла: да кандыдатур клерыкаў, якія па той ці іншай прычыне адыйшлі з навучальнай установы, другі раз не вяртацца. А мне Пан Бог даваў шанс! Радасць мая была бясконцай – пайшоў у спальню, лёг крыжам і плакаў ад шчасця… Не ведаў на той час, што Бог рыхтуе для мяне і новыя падзеі, і новыя вялікія выпрабаванні, што на ўсё гэта дасць сілу… Пасля 3-гадовай вучобы ў Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Кракаве служыў у адной з парафій г. Торунь, дзе вучыў дзяцей рэлігіі. У 1987 г. адбывалася пілігрымка св. Яна Паўла II у Люблін, і правінцыял міхалітаў кс. Ян Храпэк накіраваў мяне ў ліку іншых на прыняцце сакрамэнту святарства – аб такой сустрэчы марылі ўсе клерыкі! Хвалюючая падзея адбылася 9 чэрвеня, а ў хуткім часе правінцыял дае мне новую прапанову – ехаць на 2 гады ў Рым, вучыцца дагматыцы ва Ўніверсітэце Святога Крыжа. Хіба можна было адмовіцца? Дзякуючы Пану Богу, дапамозе міхалітаў я атрымаў магістра дагматыкі. Дыпломную працу напісаў на італьянскай мове і тэма яе гучала так: “Тэалогія нацыі, народа ў лістах заснавальніка Ордэна міхалітаў Браніслава Маркевіча”. Адразу ж было прапанавана мне ісці далей, пісаць дактарат. Не згадзіўся, бо клопату часам падкідвала здароўе … Але сапраўды: хто, калі не Бог, дапамагае чалавеку ва ўсе моманты яго складанага жыцця!? У дэвізе Ордэна – у цэлым адказ на галоўнае пытанне нашага быцця тут, на зямлі.
– Кс. Мар’ян, як лічыце, ці цяжка святару быць міласэрным да ўсёй парафіяльнай супольнасці?
– Пытанне само па сабе цяжкае, адказваючы на яго, баюся аказацца несправядлівым. Скажу толькі, што з малога ўзросту хіліўся да бедных, да сіротаў, іх жыцці заўсёды займалі маю галаву і сэрца. Ніколі не зайздросціў багатым – чалавеку патрэбна мець мінімум, які б забяспечваў яго нармальнае жыццё. Імкнуўся дапамагаць людзям пакінутым. Калі пачынаю аглядацца і аналізаваць свой святарскі шлях тут, у Шылавічах, а гэта мая асноўная пляцоўка, на ёй я болей як чвэрць веку, то маё асабістае жыццё хутчэй за ўсё падобна да бегу навыперадкі – з часам і грашыма, і нават з самым сабою. Ні першага, ні другога у святара няма ніколі, а патрэба ў гэтым вялікая і заўсёды. Што датычыцца “з самым сабою”… Прыехаўшы на зямлю, дзе жылі мае далёкія продкі, сустрэўшы тут сардэчную людскую прыязнасць, раптам адчуў сябе моцным. Як сына мяне прыняла і як сына даглядала сям’я Анатолія і Ядзвігі Гусар. Пачалі рабіць рамонт касцёла, весці будоўлю плябаніі і парафіяльнага дому – дапамог біскуп Храпэк, які прысылаў дапамогу з Італіі, з зоны Балоніі, дзе існуюць два місіянерскія Цэнтры дапамогі бедным. Падчас будоўлі Бог паслаў нам і знаёмства з ураджэнцам гэтых месцаў Чэславам Саўко, сёння грамадзянінам ЗША, які ахвяраваў вялікія грошы на башню храма. Сёстры-францішканкі з Азано (Італія) ахвяравалі сродкі на набыццё аўтобуса для парафіі. З 1992 года на працу ў парафію прыбылі манашкі Кангрэгацыі св. Сястры Фаўстыны – сапраўдны наш скарб! І весь час дапамагалі парафіяне. Раніцай, перад сваёю працаю “на працы”, яны прыходзілі, каб нешта паспець зрабіць, а вечарам ішлі пасля “працы” зноў, каб дапамагчы яшчэ: рыштаванні ставілі, тынкоўку старую збівалі і выносілі, малявалі. Адпачынку людзі не мелі, і я не меў, быццам спаборнічаў сам з сабою, каб болей паспець, болей зрабіць. Уступіўшы сваё месца ў доме Гусароў прыбыўшым законным сёстрам, перайшоў жыць у сакрыстыю, перакананы, што тут нават зручней, тут патрэбен кожную хвіліну. Міжволі да такой думкі і да такой ахвярнай працы схіляў парафіянаў. Лічыў, што фізічная праца ў імя Бога, на хвалу Яго маюць першынства перад усімі астатнімі заняткамі…Дык хіба была ў гэтых маіх дзеяннях міласэрнасць?.. Праўда, цешыла тое, што мянялася жыццё, людзі павярну-ліся да веры, да Бога… У 1993 годзе падчас кансэкрацыі касцёла ў Шылавічах, на якой прысутнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і біскуп Радомскі Ян Храпэк (Польшча), былі бежмаваны больш за 700 вернікаў.
У 1996 г. трапіў я ў страшэнную аварыю на перакрыжаванні каля в. Ражанка, атрымаў страсенне мазгоў і чатыры пераломы… Моцна цярпеў, лячыўся, разважаў, прыйшоў да высновы, што аварыя, зрэшты, была для майго дабра, бо менавіта падчас той пакуты зразумеў, што галоўнае – не фізічная праца без водгіну, а малітва і падзяка Богу. Стан здароўя мой значна пагоршыўся, але мы зноў пачалі будоўлю – касцёл св. Фаўстыны ў Субачах. Я быў шчыра адданы за духоўнасцю св. Сястры і паабяцаў Богу, гэта значыць меў такое адчуванне, быццам дамаўляюся з Панам у Духу: што, калі пабудую касцёл у Субачах, буду збаўлены. Касцёл у Субачах атрымаўся прыгожы, дзейнічае. Таму сведчу: мне Бог заўсёды дапамагаў, мяне Бог заўсёды ратаваў і просьбы мае Бог выслухоўваў. Дадам яшчэ: я ніколі не быў адзін, мне заўсёды дапамагалі мае субраты-міхаліты.

– Шаноўны ойча, гаворачы пра міласэрнасць, не магу не спытацца: ці сустракалі Вы жабракоў?
– Яшчэ колькі. Першы раз – у Польшчы, калі быў малы, а пасля – усюды, дзе прыйшлося быць. Напрыклад, у той жа Італіі, на вуліцах спяць, проста прыкрытыя паперамі… Памятаеце, што сказаў Пан Езус: “Убогіх заўсёды маеце пры сабе і, калі захочаце, можаце чыніць ім дабро” (Мк 14,7). Нам патрэбна прыслухацца да другой часткі выказвання Хрыстуса.
– А ці трэба праяўляць міласэрнасць да тых, хто прызвычаіўся стаяць з працягнутаю рукою, а на самой справе – гультай?
– Такое пытанне гучыць часта, але не трэба моцна здзіўляцца: Зямля, на якой жывём, – гэта не Божае Валадарства. Божае Валадарства ў небе. На Зямлі заўсёды былі і сваркі, і несправядлівасць, і жабракі, і гультаі, і тыя, хто не ўмее прытрымлівацца ні Божых Запаведзей, ні прававых межаў. І будуць, куды дзенуцца? Мы з вамі павінны заслужыць Неба, жывучы на Зямлі. Складаная гэта навука, але многім усё ж пад сілу, бачым на прыкладах святых.А ці аказваць міласэрнасць? Нас так вучылі: калі ёсць сумневы, то лепей даць, чым не даць.
– Кс. Мар’ян, і чым у Шылаўскай парафіі завяршаецца Год Божай Міласэрнасці?
– Пілігрымаваннем вялікай фігуры Маці Божай Фацімскайпа сем’ях. Пачалося ў 2015-м, скончыцца ў 2017-м. Няхай Маці Божая і св. Сястра Фаўстына дапамагаюць людзям станавіцца дабрэйшымі да бліжніх.
– Дзякую за размову, шаноўны кс. пробашч. Няхай Божая Міласэрнасць заўсёды суправаджае Вас.
Размаўляла Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА
і з асабістага альбома кс. Мар’яна Хамені.