У ценю Маці Божай Будслаўскай

У ценю Маці Божай Будслаўскай

– Ну скажыце, калі ласка, ці можа быць месца дзе прыгажэйшае, чым тое, дзе я жыву? – пытала пані Аня (так называюць жанчыну ўсе, хто прыходзіць да касцёла), не патрабуючы на сваё  пытанне адказу. – Раніцою выйду на ганачак хаты – у паветры водар кветак, птушкі на розныя галасы заліваюцца, а перад вачыма – вежы велічнай базылікі. “Маці Божая Будслаўская! Вітаю Цябе, Каралева Неба і Зямлі!  Жадаю Тваёй апекі на дзень сённяшні”, – прамаўляю да свае Нябеснай Апякункі. І так кожны Божы дзянёк, раніцою і ўвечары. Дзякаваць Богу, што я нікуды са свайго Будслава не выехала!

Лёсы і дзеці. Дзеці і лёсы

f-str-13А магла выехаць? Каб захацела, то напэўна. Але Ганна Сцяпанаўна, з дому Вайтасевіч, належыць да тых, хто шануе свае карані. Расказвае, што яны глыбока сядзяць тут, на зямлі будслаўскай, дзе пяць стагоддзяў назад, сярод лясоў і балот, пасяліліся першыя манахі. Яе бацька – Стэфан Вайтасевіч, хоць і паходзіў з беззямельных сялян, але ў руках меў добрую справу, быў кавалём, і ксёндз дазволіў яму пабудаваць на кляштарнай зямлі кузьню на тых умовах, што ён будзе выконваць усю патрэбную касцёлу работу. Нават, калі б і не дазволіў тут пабудаваць кузню, хіба б Стэфан ксяндзу адказаў – ніколі! Але для бацькі справа гэта была яшчэ і пачэсная, ён моцна даражыў ёю, сам быў чалавекам, блізкім да касцёла. А жылі бедна. Ды і адкуль багаццю ўзяцца, калі тата застаўся ўдаўцом з трыма дзецьмі (Веранікаю, Янам і Станіславам), а мама – з двума (Міхаілам і Яўгеніяй)… Ажаніліся – і адразу сямёра едакоў за сталом, а тады яшчэ і двое “агульных” дзетак нажылі – нарадзіліся яна, Аня, і малодшы брат Андрэй. Пасля ксёндз даў яшчэ кавалак зямлі, і Вайтасевічы завялі карову, агарод, але хаты свае не мелі і доўгі час кватаравалі… Між сабою бацькі жылі згодна, і ладзілі між сабою дзеці. Дачка Вераніка (бацькава) і сын Міхаіл (матчын) былі старэйшымі, нават аднагодкамі, і вакол іх кучкаваліся ўсе астатнія, малодшыя. Разам гулялі, разам хадзілі ў школу,  да касцёла і адзін ад другога хлеб па кішэнях не хавалі.
Ганна Сцяпанаўна ў свае 82 мае добрую памяць і ўсё перажытае ўспамінае з дакладнасцю, быццам адбывалася ўчора:
– У 1939 годзе Будслаў занялі бальшавікі, і ў польскай школе, дзе я скончыла першы клас,  размясці- ліся салдаты. Ніхто не ведаў, якая ўлада прыйшла, як надоўга, але тое, што  ўсіх, каму належала вучыцца ў другім класе, адсадзілі назад у першы, ужо савецкай школы, нікому не спадабалася – дзеці страцілі цэлы год! Але гэта была яшчэ не самая вялікая бяда, бо што пачалося пасля!.. У 40–41 гадах бальшавікі пачалі масава вывозіць у Сібір – “кулакоў”, г. зн. хто меў дзве ці тры каровы, авец, сваю зямлю, а таксама леснікоў, настаўнікаў, розных рамеснікаў, аптэкараў… Жудасная была карціна. Пустымі заставаліся хаты, лю-дзям не дазвалялі браць з сабою пажыткі, і па вуліцах ляжалі горбы адзення і іншага дабра – кажухі, сярмягі, палатно. Але ніхто нічога чужога не браў (пазней улады раздалі тое адзенне бедным). Цяпер часам чуваць: да тога залезлі ў хату праз вакно, тога абрабавалі… А тады нічагутка ніхто не браў – па Божых запаведзях людзі жылі.

Ганна Сцяпанаўна  (другая злева) з роднымі. Здымак 1970-х гадоў.

Ганна Сцяпанаўна (другая злева) з роднымі. Здымак 1970-х гадоў.

Як склаўся далейшы  лёс нашай сям’і? У 1943 годзе Міхаіл згінуў – выйшаў з дому і болей не вярнуўся. Яна і Станіслава немцы забралі ў Германію. З Германіі Ян апынуўся ў Чэхаславакіі, а пасля вызвалення, калі эшалоны везлі былых вязняў назад на Ўсход, быў арыштаваны адразу, як толькі пераехаў мяжу, і пісаў нам ужо з турмы. Дадому вярнуўся яшчэ пры Сталіне, па амністыі, але хутка завербаваўся ў Карэлію, бо за працу паабяцалі вагон лесу… Дом хацеў пабудаваць свой, але там і памёр (у 1958 годзе). Ад Станіслава ліст атрымалі пасля вайны; ён не меў ніякіх дакументаў і хацеў атрымаць іх, каб вярнуцца з Германіі дамоў. Гэта быў ужо 1950 год. І прыходзіць аднойчы да нас чалавек у форме, на галаве шапка з чырвоным аколышам, пытаецца ў мяне: “Кім даводзіцца вам  Станіслаў Вайтасевіч?”. “Братам”, – адказваю, а ён мне: “Калі хочаце дажыць спакойна, то каб ніякай перапіскі болей не мелі!”. І мы не пісалі. Тата наш на той час ужо не жыў, а мы баяліся за астатніх (дзе Міхаіл знаходзіцца, які лёс яго напаткаў, па сённяшні дзень не вядома). Самая старэйшая, Вераніка была настаўніцай пачатковай школы ў вёсцы Поня, вучыла дзяцей 2-га і 4-га класаў. І ўсёроўна ж пацярпела, праўда, не з-за братоў. А было так. Прыехаў аднойчы да яе на ўрок інспектар райана, узяў адзін вучнёўскі сшытак, а там ляжаў так званы “ліст шчасця”. Яго патрэбна было, перапісаўшы, адправіць у дзесяць новых адрасаў. Вераніка сшыткаў яшчэ не правярала і не ведала, які ліст прыхаваў там вучань. І што думаеце? Праз дзень нашую Веранічку вызвалі ўжо ў раён з прэтэнзіямі, маўляў, чым вы займаецеся ў школе – вучыце дзяцей рэлігіі! Вераніка адгаворвалася, маўляў, сама я хоць і веруючая, але дзяцей рэлігіі не вучу. Ды  хто ж каго слухаў – звольнілі! І паехала  наша Вераніка таксама па вярбоўцы – недзе аж у Дагестан. Уладкавалася на рыбны камбінат і працавала там, пакуль не зарабіла цяжкую хваробу. А пасля піша, маўляў, прыступы бываюць, баюся, што магу ўпасці ў мора… Мы з Андрэеем паехалі і прывезлі яе на радзіму, купілі ў Будславе старэнькую хатку, і я дагледзела Веранічку да смерці. І маму дагледзела, а пасля Жэнечку (яна працавала усё жыццё санітаркай у бальніцы); Андрэй загінуў трагічна, толькі магілку яго прыбіраю… Многа ў мяне родных і блізкіх у Будславе пахавана, можна сказаць, усе праз мае рукі прайшлі. І муж мой Чэслаў тут, і яго бацькі, і яго родны дзядзька Баляслаў, які прыняў нас на пастаяннае жыхарства, як мы з Чэсем пажаніліся. Шаснаццаць магілак прыбіраю… Ну і скажыце, куды я ад іх паеду? А ад касцёла – куды? З маіх братоў і сясцёр не пакінуў пасля сябе патомства ніхто, – дадала Ганна Сцяпанаўна з роспаччу…

Цуды бачныя і нябачныя

f-str-15Пані Аня ўспамінае, што сама яна ў касцёле – з сямі гадоў, акурат з таго часу, калі пробашчам Будслаўскага касцёла прыехаў працаваць святар пылкай малітвы, прапаведнік глыбокай веры кс. Станіслаў Жук. Натоўпы людзей, якія штогод прыбывалі сюды ўлетку, на Ўрачыстасць Маці Божай, начныя маленні, працэсіі вакол святыні – гэта таксама ўражанні з дзяцінства, якія з цягам часу ўзмацняліся разуменнем, што Бог – гэта дабрыня і любоў. Вернікі расказвалі пра ласкі і даброты, якія яны атрымліваюць, дзякуючы шчырым малітвам да Маці Божай, і таму пераадольваюць вялікія адлегласці з лёгкасцю, каб прытуліцца да цуда-творнага абраза Найсвяцейшай Панны Марыі… Трапяткое пачуццё даверу да Маці Божай з гадамі даспявала і ў сэрцы маладой будслаўчанкі Анюты:
– Калі ў мяне пытаюць, ці заўважала я калі цуды, якія адбываліся са мною, дзякуючы прысутнасці ў маім жыцці і ў нашым краі Маці Божай, – прызнаецца Ганна Сцяпанаўна, – адказваю: цуды адбываюцца кожны дзень, толькі іх патрэбна заўважаць і навучыцца разумець. Па сабе ведаю. Працавала я ў мясцовай бальніцы дэзінфектарам, і даручылі мне выконваць абавязкі касіра. Патрэбна было ездзіць у  раённы цэнтр у банк, атрымліваць там заробак на весь калектыў і прывозіць яго, карыстаючыся грамадскім транспартам. Мяне ніколі не сустрэла ніякая нядоля. Выязджаю з дому – памалюся, у дарозе – памалюся, прыеду – таксама падзякую Маці Божую Будслаўскую, што апекавалася мною. Яе погляд адчуваю кожны дзень. І ведаеце, калі глыбока крануў ён мяне?.. Памёр мой сынок, Лёня, ва ўзросце 32-х гадоў; гора – ды яшчэ якое, дваіх хлопчыкаў пакінуў, жонку. Я плачу, галашу на ўвесь свет. І раптам думка: а як жа Маці Божая змагла моўчкі перанесці ў сваім сэрцы боль, стоячы пад крыжам, на якім распіналі Яе сына? Гляджу на твар, і мне здаецца, што Маці Будслаўская  хоча мяне падтрымаць, позірк Яе вачэй не халодны, прысутны. Пачынаю разумець, што пакутваць трэба, не лямантуючы…

Памятны знак  у гонар 500-годдзя заснавання  в. Будслаў  і  Санктуарыя  Маці  Божай Будслаўскай

Памятны знак у гонар 500-годдзя заснавання в. Будслаў
і Санктуарыя Маці Божай Будслаўскай

Яшчэ раскажу. Прыходзіць да мяне два гады назад аднавясковец і просіць: “Пані Аня, мяне да Вас сястра законная прыслала. Прашу, каб Вы памаліліся за майго нованароджанага сына, надта слабенькі, у рэанімацыі…”. Ад такой просьбы я нават разгубілася…. Але хіба магла сказаць “не, не буду”?  Як гэта – “не буду маліцца”? І  ў той жа дзень укленчыла ў сябе дома, назаўтра – у інтэнцыі за маленькага Даменіка пасля св. Імшы маліліся на ружанцы ў касцёле, просячы заступніцтва Маці Божай Будслаўскай. І так многа дзён запар, разам з парафіянамі, пакуль хлопчыка не выпісалі з роддома… Слава Богу, такі красаўчык вырас, зараз ужо другога сыночка маладыя бацькі прычакалі… І так часта людзі просяць: памаліцеся за нас! Молімся, просім ласкі Маці Божай, каб выслухала нашыя жаночыя і мацярынскія  просьбы.
А хіба не цуд адбыўся ў нашым Будславе ў 1941 годзе, як немцы на нас вайною пайшлі? Справа ў тым, што бальшавіцкі рэжым змагаўся супраць Бога і рэлігіі, як кажуць, не на жыццё, а на смерць, і з аэрадрома, будаўніцтва якога распачалося непадалёку ад мястэчка, дайшла да нас чутка, што ноч з 30 чэрвеня на 1 ліпеня ўскалыхне Будслаў, і касцёл будзе зруйнаваны. Напярэдадні прыходзілі людзі ў форме, абмяралі будынак касцёла, тэрыторыю, нешта абазначалі – гэта ўсё было праўда. Што рабіць? Нічога іншага – маліцца да Маці Божай. І як толькі прышарэла – дарослыя, старэнькія, дзеці – усе  вакол  касцёла, на каленях, заціснуўшы ў пальцах ружанцы: “Маці Божая Найсвяцейшая, не пакінь нас!». Маліліся, пакуль не страцілі сілы… А калі на раніцу выглянулі са сваіх надворкаў – стаіць нашая святыня з белымі вежамі, як стаяла! Значыць, Маці Божая аказалася мацней за іх вар’яцкія планы! А машына са ўзрыўчаткаю і разарвалася на тым самым аэрадроме.
“Дзякуючы Провіду Божаму, – чытаем ва ўспамінах пра ксяндза Станіслава Жука, пробашча ў Будславе ў 1938-46 гадах, – небяспека абышла таксама і ўсю парафію ў часе адыходу нямецкіх войскаў. Гестапаўцы, пакідаючы  акупіраваныя тэрыторыі, падпальвалі  хаты  і касцёлы. Калі немцы падыйшлі да Будслава, ксёндз  з  Найсвяцейшым Сакрамэнтам і вернікі падаліся ў лес і  маліліся там цэлую ноч. Людзі ўспамінаюць гэта як цудоўнае ацаленне, бо нямецкія войскі Будслаў абмінулі”.

Будслаў  жыве чаканнем

Ганна Сцяпанаўна Грышкевіч таксама жыве чаканнем. Але, у адрозненне ад людскіх натоўпаў, якія раз на год ідуць пехатою, едуць на аўтобусах, каб убачыць дарагі сэрцу  абраз Маці Божай Будслаўскай, сустрэчу з Найсвяцейшай Паннай яна мае  кожны дзень . На працягу дваццаці гадоў пані Аня ставіла кветкі каля галоўнага алтара, цяпер сочыць за прыгажосцю алтара св. Укрыжавання (у будслаўскай святыні 12 алтароў):
– Пакуль абыду і памалюся каля кожнага, на памяць набяжыць амаль усё жыццё: і як патаемна з Чэсем вянчаліся тут у 55-м годзе, як дачушку хрысцілі, пасля сына – таксама патаемна, як разам з мамаю прымалі пілігрымаў. Некалі, як працавала яшчэ ў бальніцы, бягу да касцёла і аглядаюся, каб хаця ніхто не ўгле-дзеў, а прыйду на працу – абавязкова хто-небудзь “уколе”: “Сёння наша Анка маліцца бегала”. Але наш галоўны ўрач, Майсей Тумін, сам у Бога верыў і ў такіх выпадках казаў: “І добра, што бегала. Ты, Анка, і за сябе, і за мяне маліся”. Расказваў, што ў вайну сына свайго падкінуў у панадворак ксяндзу, гэта пад Мінскам было, і хлопчык ацалеў; наогул уся сям’я выжыла, дзякуючы малітве. А сёння – што: іду да касцёла адкрыта, малюся, радуюся, што надышоў такі час, што ніхто нікога не глуміць за веру, што магу каля Найсвяцейшай Маці правесці хоць цэлы дзень, молячыся за дачушку з зяцем, за ўнукаў, за тыя людскія ручайкі і рэкі, якія зноў і зноў будуць плыць у наш Будслаў…

Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА
і з асабістага альбома Ганны


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий