Ушанаванне постаці святара

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

…Ці не хацелася вам, паважаны чытач, калі-небудзь даследаваць лёс свайго знакамітага земляка, які пакінуў аб сабе добрую памяць, каб вучыцца ў яго, наследаваць яго? А пасля, назапасіўшы вялікі пласт гістарычна цікавых і нечаканых знаходак, адкрыць нават музей, каб узбагачаць ужо не самога сябе і сваіх дзяцей, а на прыкладзе яго жыцця вучыць знаёмых, аднавяскоўцаў, гасцей, можна сказаць, вучыць наступныя пакаленні? Калі скажаце, што пачаць непасільную для сябе працу рызыкоўна і немагчыма, – будзеце мець рацыю. Але ці магчыма прымусіць сваё сэрца маўчаць, калі яно прагне ствараць і аб гэтым гаварыць? Удвая – не! Да такой высновы прыйшла я, пазнаёміўшыся з Тарэсай Бітэль, парафіянкай Вішнеўскага касцёла Наведвання Найсвяцейшай Панны Марыі.

 

 

“Уводзіны”f-str-13

   Першы раз мы з ёю сустрэліся падчас пасяджэння за “круглым сталом”, якое было арганізавана ў парафіі Св. Міхаіла Арханёла ў в. Багданава і куды за-прасіў яе пробашч кс. Павел Беразун.  Абмяркоўвалі  ўрывак “Даручэнне Пятру пастырскай ўлады“ з Евангелля  Св. Яна. Удзельнікі, а гэта былі адныя жанчыны, заўважна хваляваліся, даючы сведчанні са свайго жыцця і жыцця парафіяльнай супольнасці, разважаючы пра безабароннасць тых людзей, якія не маюць духоўнага кіраў-ніка. Мне падалося, што не хвалявалася толькі Тарэса, яе разважанні  былі настолькі грунтоўнымі і пераканаўчымі, што пра яе падумала: жанчына напэўна мае тэалагічную падрыхтоўку (мая здагадка пазней напалову пацвердзіцца).

Там, у Багданава, пачулі мы і пра 13 крыжоў, якія існуюць непадалёку, у вёсцы Войштавічы: наша  тэма! Пытлівая Тарэса таксама зацікавілася: “Ці на самой  справе трынаццаць? Паеду  пералічу  і вам патэлефаную!”. Маленькі крок, зроблены ёю нам  насустрач, быў для нас нечаканым, надзвычай прыемным і стаўся “уводзінамі” да асобы самой Тарэсы. І, калі мы прыбылі ў Валожынскі раён у наступны раз,  мэтанакіравана, каб сабраць матэрыял, зрабіць здымкі для чарговага артыкула пра  знакі Божай прысутнасці, нас чакала… Тарэса. Так, яна прыехала ў Войштавічы спецыяльна, каб на свае вушы пачуць гісторыі  з’яўлення  прыдарожных  і крыжоў на падворках жыхароў вёскі. Мы правялі разам цэлы дзень, і з кожнай хвілінай Тарэса здзіўляла ўсё болей: відавочным было яе веданне гісторыі  краю, яго насельнікаў, іх  лёсаў, зацікаўленасць  у атрыманні не вядомай дагэтуль інфармацыі, што ўсё болей пераконвала, якім бясцэнным скарбам лічыць і як моцна шануе  мінулае  бацькаўшчыны  звычайная вясковая жанчына (але ж хіба “звычайная”?).

Сакрамэнт Першай Святой Камуніі Ганначцы ўдзяліў пробашч парафіі Наведвання  Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вішневе кс. Юзаф Мельдзюк. Здымак на памяць  - разам з бацькамі, 2016 г.

Сакрамэнт Першай Святой Камуніі Ганначцы ўдзяліў пробашч парафіі Наведвання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вішневе кс. Юзаф Мельдзюк. Здымак на памяць — разам з бацькамі, 2016 г.

Урэшце, наша трэцяя сустрэча – за гарбатай, з пачастункамі і доўгімі размовамі – адбылася ў Тарэсы дома. Акурат выходны ад працы дзень меў гаспадар, яе муж Юзаф, і вольны ад вучобы час мелі абедзве іх дачушкі – Ганначка, якая сёлета скончыла сярэднюю школу і стала студэнткай Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа, і 13-гадовая сонечная Марыйка, школьніца. Мы сядзелі на зашклёнай тэрасе, адчуваючы ўтульнасць гасціннага дому і водар вясковай раскошы, дзяўчынкі паказвалі свае вышыўкі і маляванкі, фотаальбомы і кветкі… У кожным пакоі, на тэрасе – поўна рознакаляровай герані, фікусаў, фіялак, бягоніі, на надворку, уздоўж дарожак, што вядуць на вясковую вуліцу, – ружаў, хостаў, лілеяў, лаванды, флоксаў, манарды, дэкаратыўных кустарнікаў лазы.  “Моцна любім  кветкі, любім эксперыменты з імі, але не хапае часу забяспечыць належны догляд”, – быццам дакарала сябе Тарэса, а я спрабавала ўявіць, колькі насамрэч абавязкаў, перажыванняў і розных турботаў, сумненняў і надзеі мае штодня  гэтая надзвычайная жанчына!

 

Калі  Бог адчыняе вокны…

Тарэса Віктараўна – настаўнік хіміі і біялогіі, скончыла Бел-дзяржуніверсітэт і дзесяць гадоў працавала ў сярэдняй школе па спецыяльнасці. Юзаф, якога яшчэ ў школьным дзяцінстве сябры празвалі “ксяндзом” за яго рэгулярнае наведванне храма разам з маці, на самой справе святаром не стаў (працуе станочнікам на лесапераапрацоўчым прадпрыемстве), але менавіта ў Вішнеўскім касцёле Тарэсу і запрымеціў – абое мясцовыя, абое былі паслухмянымі дзецьмі сваіх веруючых бацькоў  і  сёння моцна ўдзячныя, што бацькі прывялі іх калісьці да алтара…

Праз пяць гадоў пасля шлюбу ў маладой сям’і нарадзілася Аня, а яшчэ праз чатыры – Марыйка. Да гэтых светлых і значных па-дзей, як звычайна бывае ў жыцці, пачалі далучацца іншыя: падстаўлялі падножку, расчароўвалі, часам загартоўвалі і абнадзейвалі, але прыпыніць вучобу ў Мінскім катэхетычным каледжы Тарэсу прымусілі. Наблізіцца да тэалагічнай навукі, каб пра Бога ведаць болей самой, навучаць у будучым іншых, марыла з ранняй маладосці, а прыйшлося – і з патрэбных трох курсаў правучылася, на жаль, толькі палову.  Неяк зайшла ў магазін “Духоўная кніга” у Мінску, і на вочы трапіў зборнік вершаў ксяндза Яна  Твардоўскага. Пачала гартаць: “Калі Бог зачыняе дзверы – адчыняе вокны…”. Якія цудоўныя радкі – Бог адчыняе вокны!.. Значыць, для яе таксама адчыняе – і творчая, няўрымслівая натура Тарэсы Віктараўны неўзабаве знайшла выйсце сваіх эмоцый і даўніх мараў у новай педагагічнай спецыяльнасці – настаўнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў, а галоўнае – атрымала магчымасць ушчыльную заняцца тым, на што даўно глядзела праз тое адчыненае Богам вакно, – больш дэтальным вывучэннем постаці легендарнага ксяндза Ўладзі-слава  Чарняўскага, марыяніна, які жыў і працаваў у Вішнева больш за 45 гадоў.f-str-15

Калі ўпершыню прыйшла да яе думка стварыць музей святара? Цяжка адказаць на гэтае пытанне дакладна, але думка вітала ў паветры хіба столькі, колькі памятае сябе Тарэса. Шчыра адданай касцёлу была і па сёння застаецца яе маці – Галіна Геранімаўна:  прыбірала ў касцёле, таксама выконвала хатнія справы па просьбе святара, мыла яго адзенне, касцёльнае начынне, сталовую бялізну; бацька Віктар Вікенцьевіч сачыў за парадкам на тэрыторыі касцёла, ажыццяўляў розныя рамонты, а малую Тарэсу бралі з сабою – кветкі расставіць, букецікі змяніць, падмесці. Абодва яе браты – старэйшы Віталь і малодшы Міхаіл – служылі ў касцёле міністрантамі. Наогул жыццё парафіі было часткаю духоўнага жыцця ўсёй сям’і Герасімовічаў – усе рэгулярна спавядаліся, бралі  удзел у набажэнствах, урачыстых працэсіях. І Бог так пакіраваў апошнімі хвілінамі жыцця кс. Ўладзіслава, што і памёр ён амаль на руках свайго міністранта Віталія.f-str-15-2

 

«Займіся сам!»

У Вішнева кс. Уладзіслаў Чарняўскі  прыехаў у канцы 1953 г., пасля таго, як загінуў (у 1950-м) кс. Станіслаў   Міхальскі. Тры гады пробашча ў мястэчку не было, але святыня не была знішчана ці занядбана. І  прыбыўшы з Літвы кс. Ўладзіслаў, народжаны ў Ашмянскім (сённяшнім) раёне, лічыў, што на Беларусі Касцёл павінен гаварыць па-беларуску і пачаў паслядоўна карыстацца ў пастырстве беларускай мовай. Літургічныя тэксты, казанні, малітвы, песні – усё перавёў на беларускую мову. Гэтым самым адразу зрабіў сябе не толькі адметнай асобай ў Вішнева і ваколіцах, але і набыў непрыяцеляў з ліку тых, хто не ведаў роднай мовы і ведаць не імкнуўся. Старэйшае пакаленне  малілася па-польску і не жадала нічога мяняць, настойвала, каб  набажэнствы  праводзіліся ў касцёле на польскай мове, а малодшае не прыдавала гэтаму веданню мовы (ці наадварот няведанню) ніякага значэння, бо дзецям і моладзі, як вядома, дзяржава, школа наогул не дазвалялі  наведваць  храмы. Атрымліваецца, што амаль паўвеку ксёндз Уладзіслаў свядома змагаўся за веру ў Бога і адначасова –  за нацыянальную свядомасць беларусаў, тлумачачы ім Слова Божае па-беларуску.

У 1967-68 г. кс. Чарняўскі быў запрошаны ў Ватыкан і прыняты на аўдыенцыі Папы Рымскага Паўла VI, дзе размаўлялі на латыні. Айцец Уладзіслаў паскардзіўся, што беларускія католікі не маюць Святога Пісання на роднай мове, на што пачуў адказ:  «Дык сам займіся перакладам!». Разам з ім ён атрымаў і  благаслаўленне Папы.

…І ўсё ж калі думка аб стварэнні музея памяці святара набыла рысы канкрэтнай справы і Тарэса, як кажуць, пагрузілася ў яе  ўсёю  сваёю істотаю? Па часе гэта крыху супала з тым перыядам, калі дзяржава пачала наводзіць парадак на зямлі і занялася бясхознымі гаспадаркамі і пабудовамі. І праз восем гадоў пасля смерці кс. Уладзіслава Чарняўскага (памёр у 2001 г.) высветлілася, што тая сціплая хата, у якой пражываў пробашч парафіі, таксама не была належным чынам аформленая, і ніхто (па закону) не заявіў пра сваё спадчыннае права адносна яе, а асабістыя рэчы айца Ўладзі-слава, галоўнае – рукапісы перакладаў Бібліі і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, якімі ён займаўся на працягу дваццаці апошніх гадоў свайго жыцця, ліставанні, розныя запісы, тэзісы, заметкі, запрашэнні на мерапрыемствы, фотаздымкі, малітоўнікі, рэдкія гістарычныя, тэалагічныя і кнігі па прыродазнаўству, таксама шмат чаго яшчэ – захаваліся. Усё пералічанае, быццам каляровая мазаіка, яскрава сведчыла аб шматграннай асобе душпастыра, да якога прыязджалі шмат   літаратараў, мастакоў, паэтаў і слухалі яго, слухалі…

Старэйшыя жыхары сведчаць таксама пра тое, як далікатна сябраваў святар з мясцовымі, знаў іх патрэбы, наведваў і ніколі нікому ні ў чым не адмовіў. Сам быў вельмі сціплы, і калі нехта даваў яму грошы на ахвяру для патрэбаў касцёла, абавязкова пытаў: “А сам ці маеш чым пакарміць дзяцей?”. І  калі бачыў, што сям’я ледзь зводзіць канцы з канцамі, ад грошай адмаўляўся: “Не вазьму, другі раз дасі”. Любіў прыроду, быў такім “ціхім паляўнічым”. Здарыцца вольная хвілінка, ён на ровар – і ў лес. Есць сведчанні, што ў часы ваяўнічага атэізму там і шлюбы даваў, і спавядаў, і хрысціў…

 

Бог. Біблія. Беларусь

– Бог. Біблія. Беларусь – гэтыя тры словы былі ў аснове жыццёвага крэда ксяндза Чарняўскага, – падкрэсліла Тарэса. – Гэтае крэда было для яго як Сімвал веры, і мы павінны былі з усім гэтым духоўным багаццем нашага святара нешта зрабіць. А што?

За парадай звярнуліся да кс. пралата Уладзіслава Завальнюка, які сябраваў з кс. Чарняўскім і таксама моцна цаніў уклад вішнеўскага пробашча ў адра-джэнне беларускамоўнай святой Імшы ў Касцёле на Беларусі.

…Тут, прабачце, дазволю сабе апусціць падрабязнасці, хто, куды, колькі разоў і за якімі даведкамі ездзіў, каб тая пабудова ўсё ж не была сцёртая з мапы Вішнева, толькі скажу, што асноўны клопат узяла на свае плечы Тарэса, спрычыніўся да ўсяго гэтага працэсу  і дапамог на той час пробашч Чырвонага Касцёла кс. Завальнюк. Сёння той вясковы дом адрамантаваны, належным чынам зарэгістраваны, і пражывае ў ім сям’я, якая калісьці пацярпела ад пажару. А музей?

Музей ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага, адкрыты ў 2016 годзе пры вялікай колькасці мясцовых вернікаў, жыхароў вако-ліцы і ганаровых гасцей, займае два пакоі ў мясцовым Доме культуры на адным паверсе з Вішнеўскай сельскай бібліятэкай і Вішнеўскай дзіцячай школай мастацтваў, якая, у сваю чаргу, мае свой музейны пакой традыцыйнай культуры  “Паміж мінулым і сучасным” (няцяжка здагадацца, што адказная за яго  – Бітэль  Тарэса Віктараўна).f-str-16

У музеі кс. Уладзіслава болей за 2000 розных экспанатаў, шмат асабістых рэчаў святара – альба і арнат, Ружанец, малітоўнікі, абраз Сэрца Езуса, перад якім штодня маліўся, стол, за якім працаваў, крэслы, на якіх сядзеў, шмат іншага. Сюды прыязджаюць экскурсіі з розных месцаў нашай краіны і замежжа, тут жыве дух палымянага беларускага каталіцкага святара, аб чым гавораць Ганаровая грамата Валожынскага выканаўчага камітэта, якою быў узнагароджаны кс. Уладзіслаў Чарняўскі за вялікую асветніцкую дзейнасць, прапаганду беларускай мовы і здаровага ладу жыцця, а таксама шматлікія запісы ў спецыяльнай Кнізе водгукаў. Дарэчы, першы запіс у ёй зроблены Мітрапалітам арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Тарэса Віктараўна з удзячнасцю гаворыць пра вясковых вернікаў, людзей добрай волі, якія шчыра дапамагалі ў працах па падрыхтоўцы экспазіцыі музея, таксама ў арганізацыі яго адкрыцця.

Так, аднаму чалавеку падняць такую вялікую справу немагчыма. Патрэбна талака і патрэбен рухавік, функцыю якога выдатна выканала мясцовая настаўніца Тарэса Віктараўна Бітэль, стаўшы побач з постаццю святара і захаваўшы яго духоўную спадчыну, за што шчырую  падзяку даслаў ёй Генеральны настаяцель Ордэна Айцоў  Марыянаў а. Анджэй Пакула, МІС з Рыма.

 

 

 Раіса СУШКО.

Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

Мінская вобласць.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий