Выйдзі насустрач…

Міласэрнасць у характары беларусаў існавала заўсёды, толькі, можа, не заўсёды называлі людзі так свае добрыя ўчынкі. Рыгор Барадулін у адным са сваіх вершаў пісаў:

 

 

Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы,
Надзейныя сябры і дружбакі,
І госць, і падарожны ў нас, як дома…

 

 

Заўсёды кармілі галодных, саджалі за стол жабракоў, шанавалі старэйшых і апекаваліся хворымі. Мае землякі дапамагалі ў час вайны ўцекачам з Беразвечча (лагера для ваеннапалонных і партызанаў на Глыбоччыне), дапамагалі яўрэям, партызанам. Родны брат майго дзядулі Гінько Людвік  з сям’ёй быў вывезены ў Германію разам з тымі сем’ямі, якія аказаліся ў партызанскай зоне і былі заўважаныя ў дапамозе партызанам, а ўся іх маёмасць і будынкі спалены.
Мне расказвалі, як у самы галодны час у 1944–1945 гадах да майго дзядулі ў дом прыходзілі жабракі. У вёсцы іх так і накіроўвалі: “Ідзіце ў тую хату на два канцы, вас там накормяць”. І мае родныя кармілі, хоць у саміх у тыя гады хлеба не было, толькі шчаўе ці капуста…
 Памятаю сваю родную вёску Ясюкі ў 60–70-я гады. Старым адзінокім людзям дапамагалі хто мог. Захварэла адзінокая старая – па дзве, па тры жанчыны хадзілі да яе, каб адначасова і печ ёй прапаліць, і есці зварыць, і яе жывёлу дагледзець. Быў адзінокі стары ў вёсцы, які жыў толькі са свайго саду, пенсіі не меў – дык стараліся дапамагчы яму сабраць слівы ці яблыкі на продаж. Другому адзінокаму старому мае цёці ўвесь час дапамагалі пасвіць яго карову (адбываць чаргу), сушыць сена на зіму,  бо разумелі, што без каровы-карміцелькі стары прападзе. Калі хварэлі бацькі ці іншыя родныя, бралі да сябе, даглядалі, нікога не здавалі ў дом для састарэлых ці на сацыяльны ложак.
Жывучы ў Паставах, я пазнаёмілася з Вандай Адамаўнай Мацкевіч, якая пражывае ў пансіянаце для адзінокіх і састарэлых людзей. Яна расказала:
“У 18 год я цяжка захварэла, застудзіла пазваночнік – арала зямлю, стамілася і заснула проста на зямлі, яна здавалася цёплай. Хвароба прыкавала мяне да ложка. Думала, не ўстану. Стала прасіць Бога: “Божа, дапамажы мне паздаравець. Нікому не буду служыць, акрамя Цябе, дай толькі маму дагле-дзець”. У мяне былі сёстры і брат, але на той час яны ўжо мелі свае сем’і, мы жылі ўдваіх з мамай. І праз паўгода маёй шчырай ма-літвы я паднялася, стала хадзіць, працаваць. І дапамагала іншым: уколы рабіла, банькі ставіла, хоць ніколі на медсястру не вучылася.
У нашай вёсцы жыла адзінокая старая. Хто ні ідзе ў суседнюю вёску ў магазін, заходзяць да яе з пытаннем: “Цётка, што табе купіць?”. Я, ідучы з працы вечарам, заўсёды заглядала да яе, каб вады прынесці, дроў, па-глядзець, ці наварыла яна сабе есці. Памятаю, аднойчы цэлыя суткі мяло, гурбы ўпоравень з плотам. Брыду з працы дадому, а сама думаю: “А ці хадзіў хто да цёткі?”. І хоць стомленая была, пайшла да яе. Заходжу на яе двор – ні слядочка. Пастукала ў шыбу – тая адазвалася. Але дзвярэй не адчыніць, цэлая гурба снегу. Паклікала я на дапамогу сяброўку. Удзвюх мы расчысцілі сцежку да калодзежа, змялі снег з ганка, прынеслі цётцы вады, прапалілі ў печы, наварылі есці. І нанеслі дроў на наступны дзень.Так усёй вёскай і дагледзелі старую.
Цяпер, на жаль, так рэдка бывае. Захварэе стары чалавек – родныя яго на сацыяльны ложак у бальніцу адпраўляюць, не думаюць, што гэта іх абавязак дагледзець хворага, праявіць міласэрнасць. Зразумела, у бальніцы будзе і ў цяпле, і накормлены, але дзе цяпло чалавечых родных сэрцаў? Мы сваіх бацькоў глядзелі, спадзяваліся, што і нас дагледзяць. Чаму ж так не атрымалася?..”.
Хочацца спадзявацца, што гэты Год Міласэрнасці зробіць нас больш чулымі і адкрытымі на бліжніх.Таму што Пан Бог так і задумваў нас – каб мы дапамагалі несці цяжары іншым. Як пісаў Філ Босманс, філосаф і святар: “Усё мае сэнс. Маю вусны – магу адарыць другога пацалункам або шчырай усмешкай; маю рукі – магу абняць або працягнуць кавалак хлеба; маю ногі – магу выйсці насустрач бліжняму”.

 

Аліна ЛАТЫШ
г.Паставы.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий