Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра таямнічую лясную каплічку, што знаходзіцца ў Астравецкім раёне.

 

 

 Там, дзе цячэ Вілія

 

 

 Сказаць, што тут мясцовасць непаўторная і таямнічая – не сказаць нічога. Ды хіба словамі можна выказаць усе пачуцці, якія накрыюць хваляю, як толькі наблізішся да гэтага намоленага месца? Пачуцці – гэта справа перш за ўсё твайго сэрца. І вачэй. Таму на ўсё патрэбна  паглядзець сваімі вачыма.

 

f-str-28…Лясная дарога з Жодзішак праз вёску Ашмянец і сцежка з боку вёскі Дубок, што вядзе па мосціку праз рачулку Руднянка, вывядуць вас на прыгожую паляну, дзе пад аховаю векавых дубоў стаіць  драўляная капліца. Месца гэта нашы продкі называлі Курганам святой Марыі, а капліцу – Курганскай.

З Граматы на асвячэнне капліцы, якое адбылося 26 мая 1929 года, дазнаёмся, што здзейсніў гэта біскуп Віленскі Ўладыслаў Бандурскі ва Ўрачыстасць Святой Тройцы. У дакуменце, які і сёння вісіць на сцяне лясной капліцы, адзначана, што “ пабудавана святыня агульнымі намаганнямі і стараннямі кс. Рамуальда Дроніча, пробашча парафіі Жодзішкі, пры дапамозе і вялікай ахвярнасці пабожных парафіянаў, мясцовай інтэлігенцыі і настаўніцтва пад тытулам Маці Божай Нястомнай Дапамогі”.

Жыхар в. Дубок Іосіф Варабей

Жыхар в. Дубок Іосіф Варабей

– Гэта праўда, да будаўніцтва капліцы далучылася ў свой час уся парафія, людзей тут пражывала многа, – расказвае  парафіянін, жыхар вёскі Дубок Іосіф Варабей. – Ведаю, што і мой тата разам з іншымі жыхарамі вёскі будаваў капліцу. На той час лесу ніякага тут не было, чыстае поле. А чаму менавіта гэтае месца выбралі? Па-першае, на беразе Віліі, каля вады, людзям з’явілася аднойчы Маці Божая. Па-другое, палічылі, што тут месца самае ціхае і самае прыгожае. Канешне, за дзевяноста гадоў лес вунь які вырас! Але дубы, што вакол капліцы, раней тут стаялі,  ім ужо па некалькі стагоддзяў. Пакажу вам дуб, якому больш за 500 гадоў, яго пяць чалавек не здолеюць абхапіць рукамі па кругу, такі вялізны… Ён  паводдаль стаіць, на колішнім  людскім пляцы…

У парафіяніна Іосіфа адносна капліцы ёсць абавязак ключніка – адамкнуць, калі прыедуць пілігрымы ці экскурсанты, і замкнуць, калі ад’едуць. Калісьці капліца не  замыкалася, у любы час любы чалавек мог прыйсці і ўкленчыць перад Маці Божай, памаліцца, палюбавацца справай рук дзядоў і прадзедаў, палюбавацца прыродаю – справаю Творцы.  Дарэчы, самай вялікай каштоўнасцю і ўпрыгожаннем капліцы быў абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, напісаны ксяндзом  Баляславам Грамза. Вось што чытаем  пра абраз ў тым жа  дакуменце на асвячэнне капліцы: “Каб Марыя Каралева ў алтары гэтай капліцы Курганскай распаўсюджвала сваю наймацнейшую  апеку  над усёй парафіяй Жодзішкі і над ваколіцай і была нястомнай дапамогай вернаму люду ў захаванні  святой каталіцкай веры,  у адданасці  святому Касцёлу, у практыкаванні цнотаў, хрысціянскіх і бытавых абавязкаў у працах і цяжкасцях што-дзённага жыцця”.

З набажэнства ў Курганскай капліцы пачынаецца  Марыйны шлях...

З набажэнства ў Курганскай капліцы пачынаецца Марыйны шлях…

Але “ліхія 90-я” прынеслі з сабою ліхія прагненні –  і абраз цэнтральнага алтара капліцы знік, як і зніклі многія іншыя прадметы касцёльнага культу і цырыманіялу. На жаль, святое месца наведалі тыя, для каго акурат нічога святога не існуе… Не здолелі, хіба, «прибрать к рукам»  40-кілаграмовы звон,  ахвяраваны для капліцы  дырэктарам фабрыкі і “MOJ.” з Катовіц. Відавочна, праглі разбагацець. Але “якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы  сваёй пашкодзіць?” (Мц 16, 26).

Таму сёння ў Дубок ідуць і едуць тыя, хто не пра рарытэты – пра душу сваю клапоціцца… А прыцягвае  вернікаў не толькі з абчэсанага бярвення  капліца, якая ўзведзена ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства і абапіраецца  на падмурак валуноў, але і Марыйны шлях, які менавіта з набажэнства  ў  гэтай  капліцы пачынаецца…

Так, кожны год, у першую нядзелю ліпеня тут адбываецца парафіяльны фэст. З’язджаюцца вернікі з бліжэйшых  парафій, з Гродна, Вільні, Вілейкі, Смаргоні… Больш  за дзесяць гадоў таму мы з бр.  Карнэліем таксама мелі шчасце  быць  удзель-нікамі набажэнства і прайшлі Марыйным шляхам уздоўж берага Віліі. Стаяла звонкае лета з яго высокім небам, шчодрым сонцам і густым водарам ад лясных кветак і траў. Вернікі ішлі моўчкі, расцягнуўшыся ў даўжэразны ланцужок, уступаючы адзін другому сцежку і несучы да Маці Божай кожны свой боль…

Кальварыя Маці Божай Курганскай была створана ў 1936 годзе намаганнямі кс.  Рамуальда Дроніча і працягнулася на адлегласць больш за два кіламетры. На ёй сем прыпынкаў-стацый, сімвалізуючых сем боляў-смуткаў Святой Марыі. Кожная з іх калісьці была пазначана крыжам і абразом, якія напісаў ксёндз Баляслаў Грымза, але да нашага часу захаваліся толькі крыжы, мураваныя слупы і каплічка, якія час ад часу аднаўляюць вернікі.

Найдаўжэй затрымліваюцца пілігрымы каля трэцяй стацыі,  дзе  на ўзвышэнні-гроце  з камянёў стаіць  Маці Божая ў белых шатах. З-пад самых ног яе б’е крыніца. Па чарзе схіляюцца да яе людзі, каб зачарпнуць гаючай вадзіцы і напоўніць посуд, які прывезлі з дому. Вадою Святой Марыі будуць карыстацца самі, даваць піць дзецям, нават дадуць дамашняй жывёліне, калі тая занядужыць…

«Маці Найлепшая, якая апошні  раз бачыла замучанае цела свайго Сына, пакладзенае ў труну,  упрасі для мяне ласку, каб памятаў, што і маё жыццё на зямлі ёсць уступам  да жыцця вечнага.  Ва ўсіх патрэбах зямнога жыцця будзь мне і слодычай, і падпорай, у хвіліне смерці – абаронай, а пасля смерці – Пані і Каралевай у  жыцці вечным. Амэн».

Такую малітву чыталі нашы продкі, спыніўшыся пры апошняй, сёмай стацыі. Тэкст яе, як і тэксты малітваў пры ўсіх стацыях, змешчаны ў брашурцы “Сем стацый Маці Божай Пакутуючай”, якая выдадзена  ў Вільні кс. Ромуальдам Дронічам і захоўваецца ў Жодзішкаўскай  парафіі Найсвяцейшай Тройцы. Сёння  такія  рэчы, як кажуць, на вагу золата.

Таму, калі вы яшчэ не былі ў лясной капліцы, што стаіць на левым беразе ракі Вілія непадалёку ад вёскі Дубок на Астравеччыне, знайдзіце дзеля гэтага вольны час. Наведайце незвычайную святыню. Гэта будзе час благаслаўлёны.

 

 

Тэкст Веранікі БЕЛЯК.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD

Гродзенская   вобласць


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.



 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий