Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра капліцу-пахавальню Ордаў, што знаходзіцца ў Слонімскім раёне.

 

 

 

Маці Божая мае вам штосьці сказаць

 

Нам пашанцавала. Стаяў марозны, але ціхі і вельмі прыгожы студзеньскі дзень. Сонца шчодра пасылала свае прамяні на пакрытую снежнаю коўдраю зямлю, на маўклівы, крыху абцяжараны снегам  лес, дарогу, што іскрылася тысячамі каляровых зорачак, і стан спакою ахутваў, здавалася, усю прастору навокалЗдалёк заўважылі струмень дыму над дахам прыбудоўкі, што шчыльна прыціснулася да каплічкі, – жыццё пульсуе!

 

f-str-28Арыгінальная капліца ў Бракава, асвечаная слонімскім кс. дэканам Грыневічам у 1852 г., з’явілася тут, калі адзін з прадстаўнікоў знакамітага на ўсю Рэч Паспалітую роду Ордаў – Пётр Апалінар’евіч, – страціўшы сваю маладую жонку,  вырашыў перанесці цела каханай са слонімскіх могілак і пахаваць у склепе пабудаванай капліцы-пахавальні. Атрымаў на гэта дазвол ад Гродзенскага генерал-губернатара.

Але не ўсё было проста, па факту ўзвядзення  капліцы завязаўся  шматгадовы спор. Паколькі като-лікаў ў вёсцы было ўсяго дзве сям’і, астатнія – праваслаўныя, то Літоўская  Духоўная  Кансісторыя ўзбудзіла судовы разбор аб незаконным  будаўніцтве  каталіцкага храма на тэрыторыі  Слонімскага праваслаўнага прыходу, а Слонімскі Благачынны протаіерэй прасіў  Гродзенскае Праўленне распачаць судовае следства аб незаконным будаўніцтве  таго ж каталіцкага храма.

f-str-29-2Пра тое, як выглядала нэагатычная капліца і чаму вызывала такую рэакцыю, найлепей расказваюць гістарычныя звесткі – даклад Літоўскай Кансісторыі ад 6 чэрвеня 1853 г.: “Воздвигнутое каменное здание в д. Деревянчицы помещиком Ордом отстоит от православных кладбищ на четверть версты, в здании этом с фронта выведено пять  острекольных небольших глав отличной работы, которые все покрыты  белой английской жестью с учреждением на концах  небольших крестов и представляет из себя отличный вид. (…) Здание это построено  вблизи самого двора помещика…”.

Стацкі саветнік Пётр Орда памёр у 1870 г., знайшоўшы свой вечны прытулак у склепе пабудаванай ім капліцы-пахавальні. Пяццю гадамі раней там была пахаваная яго родная сястра Тэкля, а ў 1896 годзе – і яго старэйшы сын генерал-лейтэнант, заслужаны прафесар Мікалаеўскай інжынернай акадэміі Адам Пятровіч Орда.

Спор за  дзейснае існаванне капліцы працягнуў другі сын Пятра – Іосіф Орда. У 1904 г. ён звярнуўся да Гродзенскага  губернатара з просьбай даць дазвол на цэлебрацыю траурных святых Імшаў у дні гадавінаў пахаваных там продкаў. Вось што адказаў  на гэта  Гродзенскі і Брэсцкі праваслаўны епіскап, каму просьба Орды была пераадрасаваная:   “Для владельца имения  Деревянчицы Иосифа Орды, как человека весьма состоятельного, и не составит трудностей совершать заупокойные богослужения по умершим родственникам в одном из Слонимских костелов. Обычная внешняя торжественность  римско-католического богослужения  привлекала бы окрестное православное население  и “вредным образом могла отразиться на  православно-русской деятельности” не только в Слонимском, но и в соседних приходах. Ввиду этого ходатайство Иосифа Орды следовало оставить  без удовлетворения”.

Вікторыя Віктараўна паказвае капліцу на малюнку знакамітага  мастака і кампазітара Напалеона Орды

Вікторыя Віктараўна паказвае капліцу на малюнку знакамітага мастака і кампазітара Напалеона Орды

Як вядома з гістарычных крыніц, у 20-я гады мінулага стагоддзя капліца належала Слонімскаму касцёлу і набажэнствы ў ёй адбываліся да 1939 года. Падчас Другой сусветнай вайны маёнтак і сядзібу Ордаў спалілі, а капліцу ўлады пасля забралі пад склад. Дзякуючы намаганням пробашча парафіі Святога апостала Андрэя айца Вітольда  Жельветро, ужо на пачатку 2000-х капліца была адрамантаваная і 8 верасня 2007 г., як паведамляе памятная табліца на сцяне звонку, “у ёй пачалася служба за ўсіх нас”.

Наш роспавед пра наведванне капліцы ў в. Бракава (гэтая вёсачка амаль “злілася” з другою –  Дзеравянчыцамі), быў бы няпоўны, каб мы не расказалі пра жанчыну, якая наглядае за гэтым сакральным збудаваннем, – Вікторыю Ошурок.

Пахаваўшы мужа і застаўшыся без свае сям,і, імкнучыся рабіць нешта для Бога і бліжняга, яна ўступіла ў Францішканскі закон свецкіх (Трэці закон святога Францішка). Моліцца, адчыняе і зачыняе каплічку, сочыць за парадкам, узімку сячэ дровы, паліць печку і сустракае пілігрымаў, турыстаў, выпадковых падарожных, якія цікавяцца мінулым бацькаўшчыны і духоўным жыццём нашых продкаў. Прызналася: “Часам прамільгне ў галаве, а ці патрэбная я тут?.. А пасля разважу: можа гэта і ёсць маё пакліканне – быць тут, чакаць, сустракаць і дапамагаць людзям, якія шукаюць Бога…”. Вікторыя  Віктараўна і прадаставіла нам цікавы гістарычны матэрыял, які мы часткова выкарысталі ў артыкуле, перададзены другім цудоўным чалавекам – настаўніцаю гісторыі са Слоніма Святланай Брайчук.

Прыходзьце і вы на гэтае цудоўнае месца, – заклікае памятная  табліца, – напэўна, Маці Божая мае штосьці для кожнага з нас”.

Прыходзьце!

 

 

 Тэкст Веранікі БЕЛЯК.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD

Гродзенская   вобласць


 

 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий