Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці,зробленыя жанчынай, якая жыла калісьці на Астравеччыне.
Кранутыя часам
…Нашае чарговае з бр. Карнэліем падарожжа пралягло праз тую частку Астравецкага раёна, якую называюць беларуска-літоўскім памежжам. А накіроўваліся мы, каб убачыць знакі Божай прысутнасці, няхай і моцна кранутыя часам, але існуючыя і сёння, каб адчуць (шостым, ці сёмым пачуццём?) памкненні колішніх мясцовых жыхароў і іх давер Богу. Стаяў канец – на гэты раз сапраўднай – зімы, і шчодрае і ласкавае сонца адорвала нас надзеяй і… перспектывай.
– Пры ўездзе ў вёску Пелігрында адлічыце з левага боку тры хаты, – параілі нам ў Рымдзюнах. – Пафарбаваная ў прыгожы сіні колер і будзе хата дзеда Вацлава.
Вацлава Гродаля як старэйшага чалавека, які добра памятае мінулае свайго краю, параілі нам ў Гярвяцкім сельскім савеце, на тэрыторыі якога знаходзяцца невялікія і паўвеку назад вясёлыя вёсачкі – Пелігрында, Гіры, Кністушкі, Міцюны, Петрыкі і іншыя. Вацлаў Вацлававіч аказаўся чалавекам прыветлівым і без ваганняў згадзіўся паказаць нам рукатворныя знакі Божай прысутнасці, якія нас цікавілі. Дарэчы, амаль 82-гадовы жыхар Пелігрынды ў добрай, дзякаваць Богу, фізічнай форме, на жыццё не скардзіцца, ацэньвае яго па-філасофску… Маўляў, так да нас нашыя продкі жылі, і мы прызвычаіліся… “Шкада толькі, што дзеці зараз не могуць прыехаць з-за гэтых вірусаў. Але Літва побач, не можа быць, каб сітуацыя не палепшылася… Прыедуць, у мяне ж там і сын, і дачка, і ўнукі, і праўнучка чакаю… Я тут адзін жыву, Юзэфа мая памерла яшчэ ў шостым годзе…”. Старэйшыя людзі гэтыя дзве тысячы гадоў не называюць, быццам адлік ад нараджэння Езуса Хрыста нанова пачалі весці самі…
– Глядзіце, – здаля паказаў дзед Вацлаў на першую архітэктурную форму, – вось гэта і ёсць каплічка Маці Божай. Некалі тут збіраліся на маёвыя, чэрвеньскія і кастрычніцкія набажэнствы людзі, а зараз падыйдуць якія-небудзь выпадкоўвыя вандроўнікі, паразглядаюць, памоляцца, а каб спецыяльна – то няма каму збірацца. У нашай вёсцы разам са мною ўсяго чатыры жыхары, а гадоў яшчэ дваццаць назад было каля сарака хат, у кожнай жылі сем’і. Пры ксяндзу, вечны супакой, Несцюку – ён быў пробашчам ў Гярвятах, а мы да той парафіі належалі, – у нас праводзіліся Крыжовыя дні, з малітвамі, спевамі хадзілі мы ад каплічкі да каплічкі… Але ўжо колькі гадкоў з тае пары мінула…
Усе гэтыя каплічкі, працягваў наш важаты, паставіла тут нашая Юлітэ Кармазене, але і яна спіць вечным сном ужо больш за дзесяць гадоў. Ведаеце, такая ўдалая была да ўсяго, жыла ў нашай вёсцы. Усякую мужчынскую работу ўмела зрабіць, гаспадарку вяла сама. Муж у яе быў, Косцікам зваўся, але надта хваравекаваты, з вайны такі прыйшоў; то яна – ўсё сама. З дзяцінства маляваць умела, а яшчэ ж недзе ў Вільні вучылася ў рамесным вучылішчы і пасля нават абразы малявала, розныя карціны, сцены хат людзям распісвала. І з гэтага сям,я жыла, бо якія ў калгасе заробкі былі на той час… Пасля пачала помнікі рабіць, з бетону, у такіх дамашніх умовах, усё рукамі. Зрабіла перш па мужу, як памёр. Пасля вырашыла зрабіць помнік і па сабе – (вядома ж, пры жыцці), і па свайму сыну, бо нежанаты быў. А помнікі былі прыгожыя, усе – з выявамі Маці Божай, на мясцовых могілках іх лёгка заўважыць, адметныя… Юлітэ была моцна адданая Богу, шмат чаго рабіла і для касцёла. Напрыклад, распісала Крыжовы шлях, усе 14 стацый… Доўгі час ён вісеў у Гярвяцкім храме, пасля перадалі ў Завельцаўскую капліцу.
…Чарговы прыпынак, падыходзім да чарговай каплічкі Маці Божай, зробленай рукамі таленавітай і руплівай жанчыны.
– У гэтым месцы, як я памятаю, – удакладняе дзед Вацлаў, – стаяў прыдарожны крыж. Вядома, з дрэва не можа стаяць вечна, моцна падгніў. На яго месцы Юлітэ паставіла каплічку. Галоўнай апякункай свету яна лічыла Маці Божую, таму паўсюдна стварала яе выявы. Бетонныя капліцы стаяць таксама ўжо многа гадоў, добра было б іх паднавіць, але пакуль ніхто не бярэцца за гэтую справу, як ужо казаў – няма людзей…
Вацлаў Гродаль жыве тут усё жыццё і вельмі любіць родныя мясціны. Добра іх ведае, таму ў сезон і ягады збірае, і за грыбамі ходзіць і ездзіць.
– Калісьці ў мяне быў матацыкл, пасля – матаровар, цяпер – звычайны ровар. “Тише едешь – дальше будешь», – пажартаваў. – Але бывае так захочацца куды-небудзь ад’ехаць, паглядзець, ці жывуць яшчэ людзі ў нашым тут памежжы. Саджуся на ровар і кручу педалі. Шафёры заўважаць – сігнал мне падаюць! Добра, думаю, дзеда вітаюць! У апошнія гады аб’ехаў Астравецкі, Смаргонскі, Ашмянскі раёны. Заўважыў: дзе жыве адна жанчына – там па надворку куры бегаюць, дзе адзін мужчына – там сабака. Недалёка пад Ашмянамі заехаў у вёсачку – ні адзінай жывой душы, двары заросшыя, я і паехаў далей. Удагон чую: “Пачакай-пачакай… Пагаворым!..”.
…Здавалася б, што можа зрабіць жанчына на вёсцы – адна, без дапамогі, маючы хворага мужа, трымаючы гаспадарку – ды яшчэ ў тыя пасляваенныя гады! Юлітэ змагла. Бог даў ёй не толькі талент, але і даваў сілы на кожны дзень жыцця. У гэтым можаце самі пераканацца, паглядзеўшы ў інтэрнэце дакументальны фільм “Божа мой!” беларускага кінарэжысёра Галіны Адамовіч. Ушаноўваючы Маці Божую і яе Сына, Юлітэ пакінула рукатворную памяць і пра сябе. Добра было б, каб гэта як мага надалей захавалася для нашчадкаў.
Тэкст Веранікі БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Гродзенская вобласць
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.