Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія захаваліся ў вёсцы Ёды.
Сімвал удзячнасці
У вёску Ёды (сустракаецца таксама напісанне Іоды) што па дарозе з Шаркаўшчыны на Браслаў, мы наведаліся з бр. Карнэліем ў сярэдзіне сакавіка і неспадзеўкі адчулі надыход вясны. Па-першае, свяціла шчодрае сонца, хоць пад нагамі ляжала яшчэ зусім мерзлая зямля; па-другое, нас усюды суправаджалі доўгія шнуры гусей, якія цягнуліся недзе здалёк; асаблівай неспадзянкай была сустрэча з шэрымі журавамі – птушкай з Чырвонай кнігі. Адчуванне вясны прысутнічала і ў настроі парафіянаў, з якімі сустрэліся…
А сустрэліся мы адразу з трыма старшынямі парафіяльнага камітэту – Галінай Ніканораўнай Пучынскай, Вандай Іванаўнай Кірылавай, Галінай Парфір’еўнай Яблонскай, што па чарзе змянілі адна другую на гэтай касцёльнай “пасадзе”, і закрыстыянінам Антоніем Вацлававічам Паўловічам.
– Каля вытокаў адраджэння парафіі, – папярэдзілі нас адразу, – стаяла наша паважаная Ніканораўна, больш за ўсіх ведае…
Гісторыю капліцы Маці Божай Шкаплернай, якая існавала ў Ёдах, як лічылі мясцовыя, з 1918 года да Другой сусветнай вайны, Ніканораўна ведала з роспаведаў сваіх бацькоў і старэйшых вяскоўцаў. Расказвалі, што вясковыя дзеці бегалі часта ў панскі двор – палац Лапацінскіх стаяў у самым прыгожым месцы вёскі, на невялікім узгорку. Пра пана казалі, што быў ён заможным, меў іншыя палацы ў другіх месцах, а тут у яго былі такія вялікія гаспадарчыя падвалы, што можна было заязджаць нават коньмі. Палову палаца займаў сам гаспадар, а ў другой размяшчалася капліца. Туды і хадзілі маліцца вясковыя жыхары на маёвыя, чэрвеньскія і кастрычніцкія набажэнствы – пан дазваляў; ведаў, што супольная малітва мае вялікую сілу…
На жаль, Другая сусветная вайна знішчала без разбору ўсё. Згарэў панскі палац у Ёдах, а разам – і капліца. Адны казалі, што спалілі немцы, другія – што спалілі партызаны, а на самой справе доказаў ніякіх ні адкуль не з’явілася; застаўся попел… Попел на месцы палацу, попел у людскіх душах… А хіба не?.. Але провідам Божым і, дзякуючы вернікам, захаваліся абраз Маці Божай Шкаплернай, што быў у алтары капліцы, і два старажытныя працэсійныя крыжы. Якім чынам? І на гэтае пытанне не было адказу, толькі вядома, што зрабіла гэта святой памяці шчырая каталічка – маці Рэні Цітовіч. Зняла дарагое палотнішча з рамы, злажыла ў некалькі столак і схавала ў падстрэшша.
– Адразу пасля вайны людзі збіраліся і маліліся па хатах, – успамінала Ніканораўна, – а далей улады пачалі забараняць, і мы сталі баяцца. Пэўна ж, і Рэня не прызнавалася, што яе маці захавала абраз Маці Божай Шкаплернай са спаленай святыні, а захоўваўся ён амаль цэлага паўвеку!
Можа, захоўвала б Рэня (маці яе адыйшла у вечнасць) рэліквію далей, каб не падзеі, якія набіралі хуткасць на пачатку 90-х гадоў.
– Стала чутна, што пачалі вяртаць католікам святыні, – працягвала Ніканораўна. – У Ёдах перад Другою сусветнаю вайною таксама быў пабудаваны свой драўляны касцёл, але ўлады яго адразу зачынілі, а пасля перабудавалі пад школьны інтэрнат. Мясцовым католікам спачатку аддалі памяшканне былога дзіцячага садка, а праз год, па заяве вернікаў у Вярхоўны Савет рэспублікі, далі іншае памяшканне – па вул. Зялёнай. Яно патрабавала вялікай рэканструкцыі, рамонту, але людзі праглі мець сваю святыню, і дапамагалі.
Арганізатарам справы адраджэння веры з’явілася Галіна Ніканораўна Пучынская, менавіта яе абралі старшынёю парафіяльнага камітэта. І пасля гэтага, у 92-м Рэня Цітовіч прыйшла да Ніканораўны. “Не ведаю, ці можна яго як-небудзь адратаваць…”, – і працягнула палатно, перацёртае заломамі і загібамі. Гэта быў пашко-джаны часам, але захаваны абраз Маці Божай Шкаплернай. Ратавалі яго настойліва.
У 1992-м здарылася яшчэ адна падзея – сумная, памёр муж Ніканораўны. Пробашч Новапагосткай і Барадзінічскай парафій, які ў той час абслугоўваў духоўныя патрэбы мясцовых католікаў, кс. Бэрнард Мар’янскі паставіў ўдаву перад абразам Маці Божай Шкаплернай і сказаў проста: “Пані Галіна, ніякага табе новага шлюбу. Займайся касцёлам. Перажагнайся і паабяцай!”. 57-гадовая загадчыца мясцовага атэлье Галіна Пучынская паабяцала і фактычна стала першым памочнікам ксяндза ў адраджэнні парафіі, якую ў 1999-м зарэгістрыравалі.
Няма сэнсу пералічваць усё, што зроблена клопатам Ніканораўны і яе пазнейшых “паплечніц”. Сёння мясцовая святыня Маці Божай Шкаплернай стала цэнтрам духоўнага жыцця ў Ёдах. Абласканая клопатам вернікаў і сённяшняга ксяндза Генадзя Рэйшаля, прыгожая і дагледжаная, яна збірае вернікаў і ў святы, і ў будзённыя дні, у ёй праходзяць рэкалекцыі і катэхеза для дзяцей. У цэнтры алтарнай часткі – абраз Маці Божай Шкаплернай, той самы, з папялішча, адрэстаўрыраваны, дзякуючы пробашчу з Германавіч, кс. Яну Пугачову. З правага боку – копія абраза, намаляваная мастаком з Шаркаўшчыны (Ніканораўна тады шмат “адрасоў” аб’ездзіла, пакуль знайшла спецыяліста).
…Пакідаем утульную святыню і разам з кс. Генадзем і закрыстыянінам Антоніем накіроўваемся на месца былога палаца Лапацінскіх, былой капліцы, былога папялішча… Сёння няма тут нічога, акрамя некалькі векавых дрэваў. І толькі крыж, устаноўлены ў вугалку пляца, акурат пры дарозе, напамінае пра тое, што ў гэтым месцы віравала жыццё, была святыня, у якой шмат гадоў збіраліся людзі, каб узнесці свае малітвы да Пана Бога і папрасіць у Яго благаслаўлення. У гэтага крыжа і капліцы нейкі падобны ці нават адзіны лёс – быць напамінкам і сімвалам удзячнасці Богу за адроджаную веру, за адроджаную парафію.
Тэкст Веранікі БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Віцебская вобласць. Шаркаўшчынскі раён
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.