Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць ў вёсцы Новая Руда на Гродзеншчыне.
…Вялізныя лясныя масівы, праз якія шэрая лента асфальту выводзіць на шырокі, як вокам акінуць, прастор дагледжаных палёў, за імі – зноў лес, зноў поле – і перад вачыма абавязкова паўстае мілая вёсачка са шматлікімі садамі… Гэта ўсё Гродзеншчына, дзе на кожным кроку адчуваецца нейкая своеасаблівая атмасфера добраўпарадкавання. Здаецца, і жыхароў ужо ў тых вёсках амаль не засталося, а парадак – ёсць! Як у Новай Рудзе.
Самае кранальнае, што абавязкова вызывае настальгію ў тых, хто тут нарадзіўся і хто час ад часу наведвае родныя мясціны, – гэта прыгожая святыня, што прытулілася да лесу, – касцёл святога Юрыя. Ён вядомы сёння тым, што на працягу трох дзесяцігоддзяў – з 1956 па 1986 гг. – тут знаходзіўся першы і арыгінальны абраз Езуса Міласэрнага, які па загаду святой Фаустыны з Супольнасці сясцёр Маці Божай Міласэрнасці (Вострабрамскай) намаляваў у 1934 годзе мастак Яўген Казіміроўскі.
Менавіта абраз Езуса Міласэрнага, прывезены ў Новую Руду ў 1956 годзе кс. Юзафам Грасевічам, тагачасным пробашчам, з віленскага касцёла Святога Духа надаваў святыні таямнічасць і ўзмацняў веру мясцовых католікаў у Божую Міласэрнасць. Ды і як сказаць мясцовых – з усяе акругі.
– Бывала як прыедуць на падводах цэлымі сем’ямі, з дзецьмі,– успамінае 94-гадовы Аўгустын Хоцян, – вуліцу заставяць, на людскіх надворках коней папрывязваюць. Асабліва многа людзей збіралася на фэст у красавіку, ва ўспамін св. Юрыя. Прыязджалі да нас з усіх навакольных вёсак – з Ельнікаў, Маркішаў, Хлушнева, Забалаці, Белай, Дзертніцы, Парэчча, Азёраў і іншых. Некаторыя з тых вёсак ужо не існуюць, але ж памяць захоўвае ўсё, што калісьці тут адбывалася. За сённяшнім храмам стаяла святыня старэйшая, таксама драўляная. Была яна невялікіх памераў і ў святы не магла змясціць усіх жадаючых. Таму ў 1938 годзе і пабудавалі гэты касцёл, што маем сёння. Але ж хутка ўжо і вайна пачалася. Не стала нашага ксяндза Казіміра Відлак-Грабоўскага, намаганнямі якога храм будаваўся, – загінуў у гітлераўскім палоне. Адразу пасля вайны пробашчам да нас быў прызначаны кс. Юзаф Грасевіч. У той час і дабудоўвалі святыню. Магу сказаць, што няма тае дошкі ў храме, якую не падняла б мая рука: пілавалі, габлявалі, ачэсвалі – усё ўручную.
Тую падзею 1956 года, калі абраз Езуса Міласэрнага кс. Юзаф Грасевіч прывёз з Вільні ў лясную святыню (у СМІ сустракаецца і такая трапная назва), добра памятае і Рэгіна Абухоўская. Разам з вясковымі дзяўчатамі хадзілі прыбіраць тэрыторыю, ставіць кветкі каля алтара, маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці – такую практыку ўвёў кс. Юзаф Грасевіч, які і пачаў развіваць культ Божай Міласэрнасці ў парафіі.
– Без Бога і веры мы не жылі ніколі, хоць пастаяннага святара і не было ў нас працяглы час, – дадае жанчына, – але перыяд той быў надта жорсткі ў адносінах да веруючых; за наведванне храма, за хрост дзіцяці з працы звальнялі… У нашай вёсцы такія факты былі.
Мясцовыя вернікі моцна даражылі сваёй святыняй.
– Здавалася нам, што прыгажэйшай можа няма нідзе ў свеце, – шчыра ўсміхаецца 85-гадовая Яўгенія Абухоўская. – А ў 1970-м годзе кіруючыя ўлады вырашылі зачыніць касцёл, зрабіць з яго сховішча. Божа міленькі, а як жа мы будзем без святой Імшы?! І тут такое пачалося – падагналі машыны, пачалі нешта з храма выносіць… Людзі пад машыны кідаліся, не даючы, каб у іх кузавах вывозілі ўбранства храма. Праўда, нічога не знішчылася, казалі, што ўсё было перавезена ў касцёл у Парэчча. І галоўнае – застаўся абраз Езуса Міласэрнага, што кс. Юзаф з Вільні прывёз…
80-гадовая Ванда Алімоўская, якую мы таксама ўважліва выслухалі, расказала, што яе самыя яскравыя ўспаміны звязаны з першай святой Камуніяй, якую яна прыняла ў гэтай святыні ў 1947 годзе. І як самы вялікі цуд, які адбыўся дзякуючы Божай Міласэрнасці, захоўвае ў памяці выпадак са сваім родным дзядзькам Напалеонам Лячыцкім. Ён працаваў на будаўніцтве святыні, на даху і ўпаў недзе з 25-30 метраў вышыні. Ніякіх траўмаў, ні дня не ляжаў, на заўтра ж пайшоў на працу. «Хіба не цуд? – хвалявалася жанчына. – І доўга пасля гэтага яшчэ жыў…».
Парафіянам святыню вярнулі ў 1989 годзе, аднак была яна ў стане заняпаду; знакаміты абраз Езуса Міласэрнага ў 1986 г. быў вернуты ў Вільню, у касцёл Святога Духа, а ў наварудскай святыні з’явілася копія абраза, зробленая гродзенскай мастачкай Марыяй Шоцік.
– Дзякуй Табе, Божа Найвышэйшы, за нашага сённяшняга святара айца Анджэя Шчупала, які з намі ўжо на працягу 30 гадоў і зрабіў поўны рамонт і аднаўленне святыні. Дзякуй за ўсё тыя ласкі, якімі надзяляеш Новую Руду і яе жыхароў. Дзякуй за Тваю бясконцую Міласэрнасць! – Яўгенія Абухоўская перахрысцілася, і мы далучыліся да яе падзякі Богу.
Тэкст Веранікі БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Гродзенская вобласць
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.