Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць ў вёсцы Дубае на Піншчыне.
Пад кронамі каштанаў
…А ўсё ж, відаць, не трэба моцна сумаваць па тых замежных падарожжах, якія, па вядомых прычынах, не ўдаліся, – акалічнасці складваюцца так, што падштурхоўваюць нас наведаць нашы родныя беларускія мясціны, дзе адпачывае душа, дзе не трэба адаптавацца, прыстасоўваючы свой арганізм да знешніх умоваў, дзе можна дакрануцца да сівой даўніны, якая даўно стала набыткам гісторыі і пра якую складалі легенды. Акалічнасці даюць нам зусім не благі “шанс” – ці вы так не лічыце?
Прызнаюся, такія думкі прыйшлі да галавы, калі апынуліся мы з бр. Карнэліем у такім сапраўды незвычайным месцы – вёсцы Дубае (Дубое, Дубай, Дубой), якая лічыцца найстаражытнейшай на Піншчыне. Дарэчы, яго мы ледзь знайшлі, але – дзіва! – уязная брама ў былы маёнтак, на тэрыторыі якога зараз размясцілася аграэкасядзіба “Дубое над Пінай”, захавалася да нашых дзён. Пачынаючы ад яе, мы робім крок ў далёкае мінулае; і дапамагае нам у гэтым гаспадар аграсядзібы Ўладзімір Фабішэўскі. Ён хоць і мае тэхнічную адукацыю, але, расказваючы пра мінулае краю, адчувае сябе быццам у сваёй стыхіі…
У гістарычных хроніках Дубае згадваецца ў 1498 годзе. Уладальнікамі маёнтку ў розныя часы былі Дмітровіч, Карповіч, Вярэніч-Стахоўскія, Полоз, Папоў, Агінскі, Радзівіл. Стараста пінскі Альбрэхт Станіслаў Радзівіл падарыў маёнтак пінскім езуітам, а ў 1773 годзе, пасля ліквідацыі ордэна, уладальнікамі становяцца Кужанецкія. Дарэчы, яны кіравалі тут болей за 100 гадоў, дзякуючы ім і быў створаны палацава-паркавы комплекс, былая прыгажосць і арыгінальнасць якога ўзгадваюцца яшчэ і сёння. Апошняй гаспадыняй маёнтка стала Марыя Выджджына, якая ў 1928 годзе падарыла свае валадарствы сельскагаспадарчай школе з рыбнай гаспадаркай.
Аснову кампазіцыі парка, у якім прыжыліся болей як дваццаць відаў драўняных раслін, складала водная сістэма са строгай сіметрыяй прамалінейных каналаў, што падзялялі парк на шэсць астравоў, на якіх раслі фруктовыя дрэвы. На адным з такіх “астравоў” знаходзяцца магілы палеглых у часы вайны 1914 года нямецкіх і расійскіх салдат.
З паўднёвага боку, у вуглу парка, пад кронамі старых клёнаў і конскіх каштанаў стаіць капліца, пабудаваная пераважна ў стылі барока, з двума алтарамі – св. Андрэя і св. Ігнація. Капліца мае кампактныя памеры, вась-мігранную форму, завяршаецца шлемам і кантаваным ліхтаром, а таксама квадратнай апсідай і створкай такой жа формы. З дэкору прысутнічаюць вуглавыя пілястры, фрызы, шматпластовы карніз. Нямала дэкору было і ўнутры памяшкання.
У 1920 годзе капліцу рэстаўрыравалі і доўгі час яна функцыянавала як касцёл, асвечаны ў гонар Святога Крыжа. У 1944 годзе немцы ўзарвалі былы раскошны палац, што стаяў у цэнтры парка, іншыя пабудовы, а капліца, на шчасце мясцовых католікаў, уцалела. Нават тады, калі не было святара, вернікі прыходзілі, каб узнесці свае малітвы-просьбы да Пана Бога.
Як вядома, савецкія часы не спрыялі захаванню сакральных пабудоваў, наадварот выкарыстоўваліся ў розных, часта гаспадарчых мэтах. Капліцы ў Дубае “пашанцавала” – у 1956 годзе ў ёй быў зроблены радыёвузел, праз два гады – была адкрыта пошта, якая існавала да 1974 года, а пасля і ў ёй былі склады.
На сёння гэта адзінае, што засталося ад былых багаццяў уладальнікаў. Вёска, можна сказаць, апусцела, але наведваюць каплічку пілігрымы, турысты і ўсе тыя, хто шукае карані веры, хто цікавіцца мінулым нашай бацькаўшчыны.
Пробашч парафіі св. Карла Барамея і св. Бэнэдыкта ў Пінску кс. Часлаў Ладыка, якому біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка даручыў кіраваць справамі аднаўлення і рэстаўрацыі капліцы, прыкладае ўсе намаганні для таго, каб каплічка – гэты надзвычай прыгожы знак Божай прысутнасці ў гэтым чароўным вугалку прыроды – захавалася.
Тэкст Веранікі БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Брэсцкая вобласць
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.