Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць ў сталіцы Палесся – Пінску.
Загадка старой капліцы
У заходняй частцы Пінска, на вуліцы Пяньковай, там, дзе калісьці пралягала дарога, што злучала горад с мястэчкам Янаў Палескі, можна ўбачыць старадаўнюю прыдарожную капліцу. Падобная да шматпавярховай вежы, яна стаіць на старым Загародскім шляху, які цягнуўся ад Пінска на захад праз палескія вёсачкі і мястэчкі. Стаіць як сведка сівой мінуўшчыны і захавальніца пакуль не раскрытых таямніц…
Час пабудовы капліцы схаваны за смугою стагоддзяў, але ёсць некалькі падказак, якія можна ўбачыць у архітэктурным абліччы гэтага сціплага сакральнага будынка. Невядомыя дойліды выкарысталі прыёмы і стылістыку барока – архітэктурнага стылю, які панаваў у беларускім культавым дойлідстве XVII – XVIII ст.ст.. Больш таго яна ўяўляе сабой добра захаваны прыклад таго, як у палескіх умовах схільнае да празмернасці барока робіцца стрыманым і ўмеркаваным. Яго распаўсюджвальнікамі былі перш за ўсё езуіты, і ўжо ад іх моду на крывалінейныя абрысы і дынамічнасць архітэктурных форм перанялі іншыя. Не дзіва, што першым барокавым будынкам у Пінску стаў менавіта касцёл кляштара езуітаў (1635 – 1646). Нават у такім вялікім горадзе цаглянае будаўніцтва было выключнай справай, таму што яно патрабавала шмат сродкаў і добра да-сведчаных майстроў.
Хутчэй за ўсё цагляная прыдарожная капліца пад Пінскам з’явілася пазней за цагляныя будынкі пінскага кляштара XVII–XVIII ст.ст., як лічаць беларускія мастацтвазнаўцы.
Прыдарожная капліца ўяўляе сабой трох’яруснае, цэнтрычнае, квадратнае ў плане, башнепадобнае цаглянае збудаванне. Першы глухі чацьвярыковы ярус моцна ўрос у невысокі травяністы схіл. На ім месціцца другі, крыху меншы. Ён служыць падмуркам яшчэ найменшаму скразному ярусу, які прызначаўся для культавай скульптуры. Рытмічнае памяншэнне памераў ярусаў – распаўсюджаны прыём, які дае адчуванне ўзнёсласці, імклівага руху да нябесных вышыняў.
На вялікі жаль, першапачатковае завяршэнне капліцы не захавалася. Зараз трэці скразны ярус не мае ордэрнага аздаблення, што робіць яго чужародным, не падобным да папярэдніх. Сёння капліца накрыта сціплым шатровым дахам, але яшчэ не так даўно на версе капліцы можна было пабачыць вялікую, вышынёй каля 1,5 метра, буслянку. Гэтая незвычайная “бусліная хата” нават абудзіла неверагодную цікавасць да сціплай капліцы і зрабіла яе адным з турыстычных брэндаў сталіцы Палесся. Шмат гадоў жыхары і госці Пінска дзівіліся таму, як вялікі белы птах пры дапамозе сваёй дзюбы змог збудаваць такую велічную канструкцыю. Але ж аднойчы раз’юшаная віхура наляцела на Пінск ды падхапіла і растрэсла, раскідала буслінае гняздо па наваколлі… Капліца нават не схамянулася.
Часта можна пачуць, што яе называюць капліцай св. Андрэя Баболі. Назва гэта неафіцыйная, але даволі распаўсюджаная. Можа яе блытаюць з Янаўскай капліцай, якая была ўзведзена на месцы пакутніцкай смерці святога і ў XX ст. была зруйнавана? Але ўсё не так проста – ёсць падставы, каб звязаць гэты сакральны аб’ект з імем святога.
Побач з капліцай праходзіць старая дарога на Янаў Палескі. Не аднойчы прайшоў гэтым шляхам і пакутнік за каталіцкую веру св. Андрэй Баболя. Сярэдзіна XVII ст., калі ён знаходзіўся ў пінскім кляштары езуітаў, была пазначана крывавымі дзеямі казацкага паўстання. Яно шугала праз усё Палессе, пакідаючы за сабой закатаваных і забітых іншаверцаў, разрабаваныя і спаленыя гарады, мястэчкі і кляштары… Нягледзячы на небяспеку, Андрэй Баболя працягваў ахінаць сваім душпастырскім клопатам абшар Загароддзя паміж Пінскам і Янавам. Невядома колькі разоў, пакінуўшы Пінск, Апостал Палесся адпраўляўся па гэтай дарозе ў бок Янава. Колькі разоў ён, стомлены хадой, адпачываў тут і шчыра маліўся? Раз за разам яму ўдавалася пазбегнуць сустрэчы з казакамі, якія бязлітасна забівалі каталіцкіх і ўніятскіх святароў і манахаў. Асаблівую лютасць мелі яны да езуітаў. Казакі аб’явілі таленавітага прапаведніка і місіянера Андрэя Баболю, якога называлі “душахватам”, сваім уласным ворагам і шукалі яго па ўсім Палессі.
Так здарылася, што 16 мая 1657 года, калі Андрэй Баболя быў у вёсцы Перадзел (Перадыл) блізка Янава, хтосьці з мясцовых падказаў казакам ягонае месцазнаходжанне. Пасля страшэнных катаванняў, якія Андрэй Баболя вытрымаў мужна і самааддана, казацкая шабля ўсё ж абарвала яго жыццё. Відавочцы сцвярджалі, што падчас несцярпімых пакут, калі да яго вярталася прытомнасць, святы не пераставаў прамаўляць імя Езуса, Маці Божай і словы малітвы. Праз некалькі дзён тут, дзе зараз на старой янаўскай дарозе стаіць капліца, праехалі калёсы з яго целам…
Праз 45 гадоў, калі імя Андрэя Баболі пачало забывацца, ён нечакана аб’явіўся рэктару пінскага езуіцкага каллегіўма і паабяцаў яму сваю апеку ў той складаны час. Па наказу пакутніка, яго труна была знойдзена, і ўсе ўбачылі, што яго цела непашкоджана тленам. Гэта сведчыла пра яго абранасць… Затым праз заступніцтва і цудоўныя аздараўленні пачаў пашырацца культ Андрэя Баболі. Аб яго беатыфікацыі клапаціўся нават сам кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст II Моцны, удзячны за сваё ацаленне ад цяжкай хваробы…
На вялікі жаль, не маем магчымасці зазірнуць у тагачасныя мясцовыя хронікі ці іншыя дакументы… І ўсёж пагадзіцеся, што ў той далёкі час, калі Палессе было наскрозь драўляным, збудаванне прыгожай і высокай цаглянай капліцы па-за межамі Пінска не было выпадковым. Дзеля такога кроку павінна быць вельмі важная прычына, напрыклад, правядзенне ў 1712 – 1722 гг. у Пінску інфармацыйных працэсаў, звязаных з падрыхтоўкай беатыфікацыі Андрэя Баболі. Паколькі справа беатыфікацыі па шматлікіх прычынах расцягнулася больш чым на цэлае стагоддзе, а з цягам часу быў скасаваны ордэн езуітаў, дакументальныя сведчанні пра будаўніцтва капліцы згубіліся. Сама ж капліца стаіць непарушна ўжо некалькі стагоддзяў на гэтым намоленым месцы і не спяшаецца адкрыць нам свае таямніцы…
Таццяна ХВАГІНА.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
г. Пінск
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.