Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Іванаўскім раёне на Брэстчыне.
Ратонда ў Моладаве
…Напэўна, хоць раз у жыцці, але слова “ратонда”, якое насамрэч ужываецца рэдка, вы чулі. Паходзіць яно з італьянскай мовы, абазначае “круглы” і, шырока распаўсюджанае ў архітэктуры, вызначае форму пабудовы. Гісторыкі пішуць, што ўпершыню храмы і іншыя сакральныя збудаванні ў форме ратонды з’явіліся ў Старажытнай Грэцыі. Форма спадабалася архітэктарам свету, і з цягам часу яны распаўсюдзілі яе таксама пры ўзвядзенні помнікаў, павільёнаў станцый метро, як элементы садова-паркавай архітэктуры і інш., і інш.
Дарэчы, цікава, што ратондамі называюць яшчэ і жаночую вопратку паўкруглай формы, якая выкарыстоўваецца як плашч. А яшчэ, падаюць мастацтваведы, у Сярэднявечча на тэрыторыі сучаснай Еўропы такую назву меў танец, які выконваўся мужчынамі і жанчынамі як карагод.
Аднак мы з вамі вернемся да архітэктурнай ратонды, якая захавалася ў вёсцы Моладава, што ў Іванаўскім раёне на Брэстчыне, – да купальнай капліцы-ратонды, пабудаванай па праекту віленскага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага ў 1905-1908 гг. Гэтая радавая капліца беларускага магнацкага роду Скірмунтаў – апошні будынак багатай сядзібы. Сёння яна закансерваваная ад далейшага разбурэння і як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны нацыянальнага значэння занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Капліца, пабудаваная ў напрамку неакласіцызму, засталася адзіным аб’ектам маёнтку Скірмунтаў у Моладаве пасля таго, як у 1943 годзе быў спалены палац. У савецкі час у ёй знаходзіўся склад трактарных запчастак.
Што ж гэта за пабудова, якая прыцягвае турыстаў і тых, хто цікавіцца мінулым нашых продкаў?
Каб адказаць на пытанне, скарыстаем кароткую інфармацыю з Вікіпедыі: “Мураваны цэнтрычны храм-ратонда дыяметрам 8 м завершаны сферычным купалам . Ніжэйшая за астатні аб’ём прамавугольная, раскрапаваная пілястрамі апсіда і дарычныя порцікі з трох бакоў надаюць плану крыжападобную форму. Уваходы порцік чатырохкалонны, астатнія – дзвюхкалонныя. Апрацаваны гарызантальным рустам цыліндрычны аб’ем завершаны шырокім фрызам з поясам ляпных гірлянд і карнізам з сухарыкамі і мадульёнамі. Тымпаны франтонаў і ліштвы акон, якія мелі калісьці каляровыя вітражы, аздоблены ляпным раслінным арнаментам. У інтэр’еры сцены рытмічна раскрапаваныя пілястрамі і завершаны па перыметры карнізам.
У алтары была ўстаноўлена беламармуровая скульптура Хрыста, створаная скульптарам Броцкім (не захавалася)”.
Капліцы ў вёсцы Моладава прысвяціў некалькі старонак і аўтар кнігі «Старинные усадьбы Берестейщины» беларускі вучоны, доктар біялагічных навук Анатоль Федарук. “Інтэр’ер капліцы, – адзначае ён, – меў вельмі сціплае афармленне. Белыя сцены, жоўтыя з залацістым адценнем вітражы вокнаў стваралі, незалежна ад пагоды, уражанне сонечнага асвятлення. Падлога была выкладзена мармуровай белай і чырвонай 6-кантовай пліткай”. Аўтар паведамляе таксама і пра тое, што поблізу захаваліся некаторыя захаванні прадстаўнікоў магнацкага роду.
Той, хто наведвае гэтае незвычайнае і запамінальнае збудаванне, якое лічыцца адзіным з падобных у Беларусі, напэўна ступіць на могілкі Скірмунтаў, якія знаходзяцца побач з ратондай у парку. На некаторых з іх даўно павырасталі дрэвы, а рэшткі надмагільнага помніка Аляксандру Скірмунту (1830 – 1909), вядомаму прадпрымальніку і грамадскаму дзеячу, захаваліся, і на ягоным надмагіллі можна прачытаць словы, што быў гэта чалавек вялікіх заслуг, праваднік сялянскай рэформы 1861 года, якая скасавала прыгоннае права. Па сённяшні дзень жыве, перадаецца з пакалення ў пакаленне ўспамін пра тое, што труну з целам памерлага Аляксандра Скірмунта сяляне неслі на руках з Парэчча, дзе жыў і працаваў, у Моладава, дзе пахаваны, на руках – на адлегласць больш за сем кіламетраў. Гэты людскі ўспамін – найлепшы доказ, што чалавек пражыў недарэмна і што памяць пра яго жыве не толькі ў Дзень успаміну ўсіх памерлых…
Тэкст Веранікі БЕЛЯК.
Здымак Карнэлія КОНСЭКА, SVD
і з кнігі А. Федарука «Старинные усадьбы Берестейщины».
Брэсцкая вобласць
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.