Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Шэметаўскім раёне на Міншчыне.

 

 

 

Прывітае цябе Хрыстус

 

 

 

f-str-28У Мядзельскім раёне, па дарозе з Канстанцінава ў  Шэметава, захаваліся вёскі Венцавічы і Лукашэвічы. Старэйшыя мясцовыя жыхары расказвалі, як ставілі і стараліся захоўваць прыдарожныя крыжы, перакананыя, што “крыжы – гэта выраз пабожнасці, за імі заўсёды стаяць  людзі, для якіх права Божае – важнейшае за людское, і іншага няма”.На жаль, гэта толькі ва ўспамінах…

А пад’язджаючы да рыбных ставоў паміж вёскай Шэметава і касцёлам Маці Божай Нястомнай Дапамогі, яшчэ ў 70-я гады (напрыканцы мінулага стагоддзя) можна было ўбачыць (з правага боку дарогі) крыху нахілены невысокі крыж. Дамоў паблізу ніякіх не было, і крыж здаваўся такі самотны, быццам пакінуты. Але пры ім заўсёды было галубінае сямейства, а белы голуб вельмі часта сядзеў на перакладзіне крыжа. Нават не баяўся людзей, якія час ад часу падыходзілі да крыжа, на хвілінку затрымоўваліся, просячы Бога аб здароўі, добрым надвор’і,  дажджы і багатым ураджаі, а рыбакі – аб добрым улове. Вясною прасілі благаслаўлення на пачатак палявых прац, а таксама выганяючы сваіх кароў і авечак на пашу.

 Яніна Іватовіч з вёскі Яневічы апавядала, што гэты крыж не раз спілоўвалі мясцовыя камуністы, але людзі знаходзілі яго і ставілі зноў. Ніхто не ведае дакладна, хто вяртаў крыж на месца, але людзі лічаць, што гэта маглі рабіць толькі рыбакі.

Крыж з металічнымі палоскамі і сёння стаіць у  кусце  бэзу як сімвал  супрацьстаяння

Крыж з металічнымі палоскамі і сёння стаіць у кусце бэзу як сімвал супрацьстаяння

Вёска Яневічы ад Шэметаўскага касцёла знаходзіцца праз 4 км на трасе Свір-Занарач. Можа мясцовыя жыхары так і не думаюць, але чалавеку “свежаму” яе месцазнаходжанне падаецца спецыфічным. Вядома, што крыж прыдарожны ніколі не ставяць выпадкова – ён узвышаецца альбо на пачатку вёскі, альбо пры канцы яе. У мясцовых, як кажуць, божых актывістаў, звычайна ўсё прадумана. А тут, у гэтым выпадку, крыж ёсць і на павароце вёскі, і на скрыжаванні  – на спалучэнні двух палавін  вёскі і як бы на ўзвышэнні.

Стары крыж, які захаваўся ў бэзе насупраць хаты Адама-Тадэвуша і Ліліі Іватовічаў, быў пастаўлены ў 1962 годзе. З цягам часу камуністы спілоўвалі яго некалькі разоў, рабілі гэта ноччу, бо ўдзень не адважваліся, і кудысьці  вывозілі, але бацька Тадэвуша – Альфонс Іватовіч, з другімі  аднавяскоўцамі знаходзілі крыж і ставілі зноў на тое ж самае месца, таксама ўначы. Урэшце, каб крыж не маглі больш спілоўваць, увагналі па даўжыні крыжа жалезныя палоскі. Як сведка жорсткага супрацьстаяння  крыж і сёння стаіць у кусце бэзу  з тымі палоскамі…

Але ўзвышаецца ў Яневічах і новы крыж, пастаўлены  на скрыжаванні каля дзесяці гадоў таму. Людзі кожны дзень праходзяць каля яго і ведаюць, што Хрыстус трымае апеку над імі.

– Наша вёска ўжо шмат перажыла, – гавораць яны, –  і Першую сусветную вайну, і Другую, і пераслед веры, але трэба ведаць, што трымае нас адзіна Бог. Яго трэба шанаваць, Яму верыць, па Ягоных Запаведзях жыць. Зямля – гэта наш супольны дом, яна дадзена нам Панам, а крыж пастаўлены  дзеля  таго,  каб захоўваў  людзей.

f-str-29-2– Але на гэта патрэбна мужнасці, адвагі таксама, – заўважылі мы. – Каб захаваць веру, адкрыта яе вызнаваць, ставіць знакі Божай  прысутнасці  насуперак  атэістычным уладам, як адбывалася…

Дарэчы, Адам-Тадэвуш Іватовіч з Ліляю бралі шлюб у Шэметаве адкрыта. Не вельмі гэта падабалася мясцовым уладам, але Адам-Тадэвуш сказаў: “Я жыву па веры і па сумленні, і як чалавек веруючы, лічу, што жыву правільна. Тады працаваў у калгасе. Як мяне маглі пакараць? Забараніць працаваць?..”.

…Немнагаслоўнымі аказаліся жыхары гэтай вёскі. Увесь час спрабавалі перавесці размову і казаць ужо аб тым, як ім пашанцавала, што ў іх маладосці быў ксёндз Станіслаў Кучынскі, і што ён быў незвычайны як святар і як чалавек, ведаў усе праблемы парафіян – і духоўныя, і матэрыяльныя. Франя Шабан успамінала, як у іх гаспадарцы пала карова – ксёндз даведаўся і праз Гэлену Бакула прыслаў грошы, а другой сям’і, Андрушкевічаў, праваслаўных  –  таксама дапамог, каб маглі  купіць карову. Бо былі вялікія сем’і, а на вёсцы без малака не выжыць. “Пра ксяндза пішыце, а то што тут пра нас пісаць”, –параілі нам напрыканцы.

…Якою дарогай ні ехаў бы ты, ці ні йшоў бы ў гэтую вёску, спаткае і прывітае цябе Хрыстус на прыдарожным крыжы. Людзі аддаюць Яму чэсць, удзячныя за Яго апеку, нягледзячы на розныя супярэчнасці лёсу. Крыж бароніць ад злога, указвае шлях і прыпамінае нам сэнс жыцця. Спяваючы старадаўні спеў “Swiety Boze … od zarazy, glodu, ognia i  wojny  zachowaj  nas, Panie “, верым, што Бог чувае над светам.                            

 

 

 

Ядвіга  ШЧУЧКО.

Мінская  вобласць.


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий