Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у вёсцы Бабраўнікі на Гродзеншчыне.
Праз заступніцтва Святога Роха
Творчыя журналісцкія пошукі прывялі нас з братам Карнэліем на гэты раз у в. Бабраўнікі. Гэта – вёска на паўночным усходзе Астравецкага раёна за 20 км ад знакамітага сёння Астраўца на Гродзеншчыне. Славутасць вёскі – капліца Святога Роха, што на скрыжаванні вясковых вуліц. Хто-небудзь пра яе нам раскажа? “Лепей за пані Ірэну ніхто”, – адазваўся малады мужчына, якога мы сустрэлі і запыталі першым, і паказаў на дом Ірэны Ярмак. Праз хвіліну мы апынуліся ва ўтульнай, чысцюткай хаце, насупраць якой, праз дарогу, і стаіць гэтая сакральная пабудова.
– А ўсё ж старасць – рэч невясёлая. У маладосці, бывала, пойдзеш куды захочаш, куды вока цябе пакліча, да любога касцёла на фэст даедзеш, а ў старасці, што ні кажыце, – чалавек абмежаваны, – з сумнай ноткай у голасе пачала свой роспавед Ірэна Эдвардаўна Ярмак, расказваючы пра сваё жыццё-быццё. – Мне то, дзякаваць Богу, пашанцавала, – заўважыла весела, перавёўшы свой позірк на капліцу. – Бывае, адна малюся, а на маёвыя набажэнствы штодня збіраемся чалавек восем-дзесяць і молімся супольна. У жніўні, на ўспамін Святога апекуна шпіталяў, дактароў, фармацэўтаў і хворых, наогул шмат людзей каля каплічкі збіраецца. Прыязджаюць ксяндзы або з Варнянаў, або з Гервятаў, спавядаюць, падчас святой Імшы слухаем казанні… І заўсёды ўспамінаем святой памяці нашага былога аднавяскоўца Уладзіміра Праўлуцкага, стараннямі якога каплічка была адрамантавана пасля заняпаду. Праўду кажучы, удзел прымалі ўсе жыхары вёскі, але завадатарам быў ён…”.
Ірэна Эдвардаўна, спрытна накінуўшы на плечы паўпаліто, ідзе з намі да каплічкі, расказваючы гісторыю, якая перадаецца тут з пакалення ў пакаленне:
– Казалі старэйшыя, што гэтая капліца была пабудаваная і асвечаная пад іменем Святога Роха, каб захаваць людзей ад халеры. У нашых краях некалі тут моцна бушавала гэтая зараза, дактароў і лекаў амаль не было, і смяротнасць была моцна высокая. Аднаму тутэйшаму чалавеку сон прысніўся, быццам невядомы голас паведаміў: каб пазбавіцца хваробы, трэба на скрыжаванні вуліц пабудаваць каплічку або паставіць крыж. Людзі сабралі сродкі і пабудавалі капліцу, увенчаную крыжам. Праз некаторы час таму самаму чалавеку зноў сніцца сон. З’явілася жанчына ў чорным і кажа: “Вы перагарадзілі мне дарогу, няма дзе разгуляцца”. З тае пары людзі пачалі шчыра маліцца Богу, і хвароба паволі адступіла. Капліца, казалі, пабудаваная была ў 1850-я гады. Час разбураў яе, але людзі ўсё ж захавалі. А пра Святога Роха памятаю яшчэ з дзяцінства, як ксёндз у Нястанішках, дарэчы, я адтуль родам, казаў, што Святы Рох нарадзіўся ва Францыі. Пасля смерці бацькоў раздаў усю сваю маёмасць і без усялякіх матэрыяльных сродкаў вандраваў па свеце. Ён меў цудоўны дар аздараўляць хворых на чуму, робячы над імі знак крыжа.Такім чынам ён выратаваў шмат жыхароў Рыма падчас эпідэміі. Вяртаючыся адтуль, Рох сам захварэў на чуму. Не спадзяваўся падняцца і чакаў смерці. Аднак тады Роху з’явіўся Анёл, які яго падбадзёрыў, а нейкі сабака штодня прыносіў яму хлеб, пакуль Рох цалкам не ачуняў…
Капліца ў Бабраўніках Астравецкага раёна – цікавы твор народнага дойлідства, даўно намоленае месца. З трох яе бакоў – зашклёныя праёмы-дзверцы. Выкананыя так, каб іх можна было адчыніць, паставіць кветкі. У франтальнай частцы – арачны зашкляны праём, у якім знаходзіцца фігура Езуса Хрыста і абраз святога апекуна.
– У жніўні, калі прыязджаюць сюды ксяндзы і на набажэнства збіраецца многа людзей,– расказвае Ірэна Эдвардаўна, – адчыняецца гэты цэнтральны праём, і Езус Хрыстус прысутнічае разам з намі. Калі молімся маёвыя набажэнствы – заўсёды адчыняем дзверцы, дзе знаходзіцца фігура Маці Божай. У праёме з трэцяга боку знаходзіцца абраз Святога Роха, намаляваны Нінай Бохан; і таксама адчыняем, калі молімся апекуну, просячы праз яго заступніцтва здароўя ў Бога.
– Ніна Бохан гэта мясцовая мастачка? – удакладняем у пані Ірэны.
– Не зусім мясцовая, яна вандроўная…
Вандроўная? Малявала абразы святых? Інфармацыя Ірэны Эдвардаўны зацікавіла, і прыйшлося “запытаць” у Гугла: а ці ведае ён што-небудзь пра ўпамянутую мастачку. Аказалася, што імя Ніны Бохан невядомае ў мастацкім свеце, але даследваннем яе таленту, яе прац і жыцця заняліся даследчыкі, а разам з імі і журналісты тых раёнаў, дзе Ніна вандравала, – на Астравеччыне, Смаргоншчыне, Маладзечыншчыне… Пакуль не знайшлі ўсяго, што б яскрава пралівала свет на яе лёс, невядома нават, дзе засталася пахаваная. Але вядома, што пісала абразы святых, нават фрэскі ў храмах, а найбольш – пейзажы з лебедзямі, казачным жывёльным і раслінным светам, кветкамі, птушкамі – такім маляўнічым раем. У цэлым вядома болей за 30 работ самадзейнай мастачкі.
Так, у яе не было жылля, сталага месца працы і нават пашпарту. Пасля Другой сусветнай вайны хадзіла па вёсках, носячы ў руках чамадан з пэндзлямі і фарбамі, і на хлеб зарабляла маляваннем. Размалёўвала дываны, столь, сцены, дзверы… Людзі плацілі такія-сякія грошы і з гэтага жылі яна сама, яе сёстры і брат. Яны былі з так званых мясцовых “бежанцаў”, якія аб’явіліся пасля вайны, страціўшы сваю гаспадарку і маёмасць.
Дарэчы, маляваныя дываны былі вядомыя на Беларусі з канца ХIХ стагоддзя. У вёсках творы гэтага народнага жанру калісьці дарылі “на шчасце” перад вяселлем або на ўваходзіны ў новы дом.
…Такія цікавосткі захоўвае пры сабе каплічка Святога Роха ў Бабраўніках. Ірэна Эдвардаўна Ярмак, якая апякуецца гэтаю сакральнаю пабудоваю, пра іх ведае. У гэтым годзе жанчыне 80, не згадзілася, каб бр. Карнэлій зрабіў яе фотаздымак: “Ото ж чытачы вашыя смяяцца будуць; скажуць, такую старую сфатаграфіравалі”. Але, паважаныя чытачы, не выглядае Ірэна на свае восем дзясяткаў – значна маладзей, проста да сябе ў яе планка патрабаванняў высокая.
Тэкст Веранікі БЕЛЯК
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Гродзенская вобласць.
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.