Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра капліцу ў Лапушна.
Пажаданне сэрца
“Niech bedzіe pochwalоny Jеzus Chrуstus”, – склаўшы рукі, шчыра прывітала нас жыхарка вёскі Лязневічы 82-гадовая Станіслава Цыгель, яшчэ не ведаючы, чаго мы да яе прыехалі. Але ў яе прывітанні, у яе голасе было столькі радасці! Простай чалавечай радасці ад таго, што ў яе далёкую вёсачку Лязне-вічы, што ў Дзятлаўскім раёне, у яе двор наогул нехта завітаў. Бо жыхароў тут засталося… Справядлівей сказаць, амаль не засталося; на жаль, толькі хаты з забітымі вокнамі…
А заехалі мы да Станіславы Францаўны асабіста дзеля таго, каб распытаць пра дарагую яе сэрцу падзею, якую захоўвае яна праз усё жыццё і якая моцна грэе ёй душу сёння. А падзея гэта звязана з капліцаю, што ў суседняй вёсцы Лапушна.
Капліца, якая сёння ўвайходзіць у дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны нашай рэспублікі, помнік архітэктуры неакласіцызму, была пабудавана ўладальнікамі маёнтка знакамітага шляхетнага роду Наркевічаў-Ёдка, якія ў часы Вялікага Княства Літоўскага валодалі тут зямельнымі абшарамі. Апошнімі з уладальнікаў былі Раман Наркевіч-Ёдка з жонкай Марыяй. Даследчыкі мінулага сцвярджаюць, што яны валодалі незлічоным багаццем, але не былі шчас-лівымі бацькамі, бо мелі адзіную дачку Тэрэзу, якая памерла ва ўзросце 15 гадоў. Смерць яе прыйшлася на 1898 год і пакінула роспач для яе бацькоў на ўсё жыццё.
Дзяўчынка была пахаваная на ўзлеску, акурат насупраць дарогі, якая вяла ў сядзібу заможных уладальнікаў. Гора бацькоў было невыносным, прасілі ў Бога суцяшэння і вырашылі менавіта ў гэтым месцы ўзвесці сакральнае збудаванне. У 1908 годзе прыгожая каплічка на лясным узгорку стала рукатворнаю памяццю аб дзяўчынцы і была кансэкраваная пад іменем святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. На фасадзе капліцы выраз на латыні выражае пажаданне сэрца бацькоў памерлай дзяўчынкі: “Няхай адпачываюць у спакоі”.
Аднак з цягам часу месца на лясным узгорку пачало “засяляцца” нябожчыкамі зусім не “панскага роду” – простымі людзьмі з вёскі і нават ваколіц, былымі панскімі парабкамі і ўжо іх нашчадкамі, ператвараючы яго ў вясковыя могілкі.
…А Станіслава Цыгель? Не, яна не памятае ні памерлую дзяўчынку, ні яе багатых і засмучаных бацькоў, якія таксама знайшлі ў капліцы свой вечны спачын: адразу – бацька, пасля – маці. Сёння Станіслава Францаўна разам са сваімі пажылымі аднавяскоўцамі наведвае каплічку ў нядзельку і ва ўрачыстасці, куды прыязджае пробашч Раготнаўскай парафіі кс. Віктар Захарэўскі, і, сузіраючы Святое Распяцце, дае волю сваім успамінам.
– Мой тата, Францішак Крукоўскі, – расказвае нам, – быў вельмі набожны чалавек, баяўся, каб Бога не ўгнявіць і не абразіць ні словам, ні паводзінамі сваімі. Хадзіў у каплічку святой Тэрэзы, куды заўсёды даязджаў ксёндз, прыглядаў за магілкамі, якія час ад часу тут паяўляліся, прыбіраў. Аж пачалася другая сусветная вайна (я то яшчэ малая была), усё панскае тут пачалі разбураць, у тым ліку і капліцу святой Тэрэзы, многа чаго параскрадалі – і фізгармонь, і абразы – усё. Гэта тата расказваў. Пасля вайны камуністы сталі зусім забараняць Бога, людзі маліліся па хатах… І прайшло ўжо многа-многа гадоў, тата мой адыйшоў у вечнасць, сама я была ўжо замужам, мела дзяцей. Трэба ж мне аднойчы пайсці ў татава гумно па салому (ды колькі разоў я перад гэтым па тую салому хадзіла!). Гляджу, пад нагамі нешта быццам цвёрдае падалося мне. Пачала разграбаць – закручаны ў шматы нехта ляжыць! Спалохалася, нарабіла крыку, па-клікала суседзяў – глядзіце!.. Адно ж раскручваем, а там – Пан Езус! Святое Распяцце з дрэва, але без ручак. Пан Езус без рук. А тата ж столькі гадочкаў маўчаў і на той свет адышоў, нічога не сказаўшы (пазней нехта з вяскоўцаў выказаў думку: маўляў, прыбіраў перад Урачыстасцю Усіх Святых і знайшоў). Што рабіць? Фігура была моцна забруджаная, відаць, сапраўды, праляжала доўга, можа, на тых самых могілках, закіданая вехцем ці яшчэ якім дрэвам. Мы з жанчынамі палажылі яе ў балею, давай мыць, сушыць і зноў мыць… А пасля пра гэтую знаходку расказалі ксяндзу Янушу, а праз некаторы час – і пробашчу Антонію Дзям’янка з Наваградка, сённяшняму біскупу Пінскаму. Ён кажа, маўляў, не хвалюйцеся, на гэта ёсць рэстаўратары. І так зрабілі. Праз некаторы час кс. Антоній прывёз акуратнае Святое Распяцце ў кап-лічку, размясцілі яго на крыжы на сцяне, асвяцілі. А пасля пробашч кс. Антоній цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі ўсёй нашай сям’і – за мяне, якая знайшла, за памерлага тату, які таксама недзе знайшоў і надоўга захаваў дарагую фігуру Езуса Хрыста, і за астатніх. “Знойдзеная і ўшанаваная фігура Пана Езуса, – сказаў тады пробашч кс. Антоній, – гэта будзе сведчаннем і памяццю ўсёй вашай сям’і”.
У дзень нашага візіту ў Лапушна каплічку адкрыў нам Сямён Сарока:
– Вось тут, у падлозе, у цэнтры самой каплічкі, – паказваў мужчына, – бачыце, выбоіна. Гэта падчас разбурэння капліцы, у 40-я гады і адразу пасля вайны, рабаўнікі спрабавалі пранікнуць у падвал, мусіць, мелі намер фамільныя каштоўнасці здабыць. Але пані Марыя, удава Рамана Наркевіча-Ёдкі, яшчэ пры жыцці дала распараджэнне, каб пасля яе пахавання ўваход у падвал быў замураваны, каб спакою памерлай сям’і ніхто не парушыў. І, дзякаваць Богу, не парушылі, не далі рады…
Тэкст Веранікі БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Гродзенская вобласць.
Ад рэдакцыі:
Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225320, г. Баранавiчы.
Будзем моцна ўдзячныя.