Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Дзятлаўскім раёне на Гродзеншчыне.

 

 

 

Крыж дзеда Мухі

 

 

Крыж на хутары Равішча. Малюнак Андрэя Андрушкевіча

Крыж на хутары Равішча. Малюнак Андрэя Андрушкевіча

Гісторыя прыдарожнага крыжа, пра які пойдзе сёння гаворка, шмат у чым незвычайная. Па-першае, ён не зусім прыдарожны. Па-другое, звычайна імёны фундатараў крыжоў і капліц, а таксама падрабязнасці іх пабудовы, застаюцца невядомымі, але ў выпадку крыжа з хутара Равішча, вядомая ўся яго гісторыя, якая з’яўляецца прыкладам вялікай і шчырай  адданасці хрысціянскім каштоўнасцям.

Равішча – гэта закінуты хутар у Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Ён паўстаў у вельмі маляўнічым месцы, на высокім пагорку, сярод палёў і пералескаў. На жаль, жыццё сышло адсюль. Невялікую хатку з праламаным дахам амаль з усіх бакоў закрываюць густыя зараслі хмызняку. Яе амаль не бачна з дарогі. Толькі старыя грушы і высокі драўляны крыж указваюць мінакам на тое, што ў гэтым месцы калісьці жылі і працавалі людзі.

З 1930-х гадоў хутар быў уласнасцю сям’і Муха. Дачка апошняга гаспадара, Тэрэза Станіславаўна Пахірка зараз жыве ў вёсцы Дварэц. Жанчына  расказвае,  што крыж на хутары паставіў яе дзед  – Ян Францавіч Муха яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны.

Ян Францавіч Муха

Ян Францавіч Муха

Спадарыня Тэрэза памятае сямейную гісторыю аб тым, як у   гады акупацыі крыж уратаваў хутар і яго  насельнікаў ад нямецкіх жаўнераў: “Немцы тады забіралі ў людзей прадукты, птушак, жывёлу, але   нашу хату пакінулі ў спакоі, кажучы, што там жывуць набажныя людзі”.

І сапраўды, гаспадары былі глыбока веруючымі людзьмі. Нават  у часы  антырэлігійнай кампаніі ў хаце Мухаў віселі абразы. Найбольш старадаўні   і каштоўны – з выявай Святой Сям’і – Тэрэза Станіславаўна  захоўвае ў сябе .  Зараз, ужо ў новай раме, ён  упрыгожвае яе хату.

Кожныя выходныя  дні на хутары пачыналіся з малітвы на ружанцы. На нядзельную святую Імшу Станіслаў Муха вазіў дачку ў Навагрудак і Дзятлава, бо  касцёл у Дварцы быў зачынены.

– Людзі ведалі, – расказвае жанчына, – што дзед Ян і бабуля Вольга, а таксама іх сямёра дзяцей, выхоўваліся ў набажнасці,  таму  ўсім  нам далі мянушку “святыя”, нават мяне, малую дзяўчынку, так называлі.

Крыж прыцягваў увагу людзей. Хто б калі ні ехаў тут, ці ні ішоў, заўсёды заверне да крыжа: ці памаліцца і Бога папрасіць аб чымсьці  сваім, ці   проста  з цікаўнасці… Але, відаць, не  толькі  падарожнікаў і краязнаўцаў цікавіў гэты крыж на палетку. Так, з невядомых прычын знікла Распяцце, якое месцілася ў паглыбленні (зараз на яго месцы іншае, узятае з хаты).

Сённяшні выгляд крыжа на былым падворку

Сённяшні выгляд крыжа на былым падворку

А ў мінулым годзе на хутар завіталі “чорныя капацелі” з металашукальнікамі. У пошуках  іншых «каштоўнасцей» яны звалілі крыж. Калі жанчына ўбачыла яго на зямлі, то доўга не магла дайсці да сябе і ўтрымацца ад слёз: неверагодна, як лёгка, без усялякага роздуму і без сумнення  робіцца зло!  

На наступны дзень разам з мужам яна зноў паехала ў Равішча, каб паставіць крыж на месца. Агледзілі,  адрэзалі падгніўшыя ад часу і  атмасферных ападкаў кавалкі асноўнага дрэва (але і іх захоўваюць) – па гэтай прычыне крыж  стаўся крыху ніжэйшы.

Зараз, калі  на хутары ўжо шмат гадоў ніхто не жыве, Тэрэза Станіславаўна  ўсё ж працягвае прыязджаць да крыжа і даглядаць за ім:

– Там, у цішыні,  люблю памаліцца, падзякаваць Пану Богу за жыццё, папрасіць Яго аб міласэрнасці да мяне і маёй сям’і. Моцная вера маіх продкаў перадалася малодшым пакаленням.  Кожны з нашай сям’і, хто прыязджае з розных куткоў Беларусі і замежжа, заўжды імкнецца наведаць гэты кавалак намоленай продкамі зямлі.

f-str-29-3Да пачатку эпідэміі каронавірусу  да крыжа прыязджалі мае  сваякі з Латвіі. Пакуль былі жывыя бацькі, прыязджалі  таксама  браты і сёстры  майго  айца з Расіі, Украіны, Польшчы.  Зараз, на  жаль,  іх  ужо няма ў жывых. Зрэдку  бывае толькі  брат, які жыве ў Мінску.

Але перакананая, што прыцягненне  таго  куточка, дзе  нарадзіўся, дзе  прайшло дзяцінства, дзе першы раз пад пільным маміным вокам склаў пальчыкі перад абразом і прамовіў «Ойча  наш, каторы ёсць у небе…»,  пасля навучыўся адрозніваць галасы птушак у кустах бэзу каля бацькоўскай хаты, – самае трывалае  ў свеце.  Наўрад  ці ёсць за яго мацнейшае.

 

 

 

 

  Падрыхтаваў  Дзмітрый  ЗАГАЦКІ

 Здымкі  аўтара

і з альбома  сямі  Тэрэзы Пахірка.


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігурдасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий