Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Іўеўскім раёне на Гродзеншчыне.

 

 

 

Спадзяючыся на апеку Пана

 

f-str-28Прыдарожныя крыжы і каплічкі з’яўляюцца настолькі натуральнымі элементамі вясковага пейзажу, што людзі найчасцей не задумваюцца аб прычынах іх паўстання. Між тым, кожны такі аб’ект малой сакральнай архітэктуры мае сваю гісторыю і фундатара. Звычайна іх будавалі ў знак удзячнасці за Божую ласку, для адзначэння важных падзей, а таксама ў пэўных інтэнцыях. Вялікая колькасць каплічак паўстала ў ХІХ стагоддзі, у ваенныя гады, перыяды голаду і эпідэмій. Фундуючы іх, мясцовыя жыхары спадзяваліся на апеку і абарону Пана Бога ад хваробаў і стыхійных бедстваў. На жаль, праз столькі гадоў мала якая прыдарожная капліца можа “расказаць” гісторыю свайго паўстання. Але капліца ў вёсцы Ліпнішкі, што знаходзіцца ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці, з’яўляецца прыемным выключэннем

 Ліпнішкі маюць шматвекавую гісторыю. Раней гэты населены пункт быў мястэчкам, якое ў 1633 годзе было надзелена нават магдэбургскім правам. Ліпнішкі адрозніваліся вялікай колькасцю цагляных будынкаў, там дзейнічалі вадзяны млын і піваварня, рэгулярна праводзіліся ярмаркі. Зараз аб “мястэчкавым” мінулым сведчыць былая рыначная плошча.f-str-29 На ўсходнім яе баку ў пачатку ХІХ стагоддзя на сродкі тагачаснага ўладальніка князя Аляксандра Безбародкі быў пабудаваны драўляны касцёл. Гэты храм некалькі разоў гарэў. Мясцовыя парафіяне нават сёння расказваюць, што прычынамі былі то маланка, то свечка, якая быццам бы выпадкова абрынулася. У 1890 годзе, падчас новага вялікага пажару, касцёл згарэў поўнасцю. Жыхары Ліпнішак убачылі ў гэтым дрэнны знак і вырашылі будаваць новы касцёл у новым месцы. Дазвол яны атрымалі на будаўніцтва ў заходняй частцы мястэчка. А на тым месцы, дзе стаяў стары храм, вырашана было паставіць прыдарожную капліцу. Яна перажыла дзве сусветныя вайны, выстаяла ў перыяд антырэлігійнай кампаніі, калі было знішчана шмат іншых сакральных пабудоваў і фігур.

 Ліпнішкаўская капліца пабудавана ў форме двух’яруснага цаглянага слупа пад чатырохсхільным дахам. Такі тып канструкцыі быў шырока распаўсюджаны на захадзе нашай краіны. Другі ярус скразны, прарэзаны аркавымі праёмамі. Там яшчэ ў 1890 годзе была ўсталявана скульптура Езуса з крыжам, якая захавалася да нашых дзён. Дарэчы, такі вобраз Хрыста дастаткова часта выкарыстоўвалі стваральнікі скульптур, размешчаных у прыдарожных капліцах. Найбольш вядомая з іх знаходзілася ў неіснуючай ужо капліцы перад віленскім касцёлам Святога Рафала на Сніпішках.

Ліпнішкі. Капліца  на  былой рыначнай плошчы. Здымак 1916 г.

Ліпнішкі. Капліца на былой рыначнай плошчы. Здымак 1916 г.

Варта памятаць, што ў мінулым прыдарожныя капліцы былі не толькі месцам для малітвы, хоць гэта было іх галоўнай функцыяй, аднак – не адзінай. Скульптурныя вобразы павінны былі таксама выклікаць у вернікаў рэлігійныя пачуцці. І так адбывалася. Стоячы перад фігурай Збавіцеля, які нясе крыж на Галгофу, чалавек не мог не ўзгадваць Яго Муку, болей таго, сам імкнуўся быць пакорным перад Богам, мужным  і трывалым перад цяжкасцямі  штодзённага жыцця, разумеючы, што без дапамогі Бога няма ні лёгкіх шляхоў, ні поспехаў, ні надзеі на жыццё лепшае. Толькі вера адкрывае сэрца хрысція-ніна  на свет, дабро, міласэрнасць у адносінах да бліжняга.

Нездарма паэт Уладзіслаў Сыракомля ў ХІХ стагоддзі напісаў наступныя радкі: „Калі ў справах жыцця стане цяжкім наш крыж ці параняць шыпы, тады годна ісці па цярністым шляху, памажы нам, Хрысце!”

Сёння капліца ў Ліпнішках з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. За ёй даглядаюць прыхаджане мясцовай парафіі. Капліца агароджана, вакол высаджаны дэкаратыўныя дрэвы. На пачатку ХХІ стагоддзя яна некалькі разоў перафарбоўвалася: спачатку была белай, потым ружовай, а пасля фіялетавай. Таксама на сценах з’явіліся выявы Маці Божай і Хрыста.

 

 

 

Падрыхтаваў Дзмітрый ЗАГАЦКІ, магістр гістарычных навук.

Здымкі прадастаўлены аўтарам.


Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий