Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Дзятлаўскім раёне на Гродзеншчыне.

 

 

 

Маўклівыя  сведкі

 

 

На гэты раз пошукі прыдарожных крыжоў і капліц прывялі аўтара у Дзятлаўскі раён.

Абеліск, увенчаны  металічным  крыжам, прыцягвае ўвагу здалёк...

Абеліск, увенчаны металічным крыжам, прыцягвае ўвагу здалёк…

Першым пунктам падарожжа стаў Дварэц, цэнтр каталіцкай парафіі Божага Цела. Гэта вельмі маляўнічая вёска, з усіх бакоў акружаная пагоркамі, часткова парослымі лесам. Пагоркі перацінаюць палявыя дарогі, якія вядуць да малых акалічных вёсачак. У Дварцы можна пабачыць велічны касцёл, пабудаваны ў пачатку мінулага стагоддзя ў стылі неабарока.

А вось крыж і фігура Маці Божай Фацімскай на галоўным скрыжаванні  зусім новыя. Як кажа мясцовы пробашч  ксёндз  Павел Скуба, яны былі пастаўлены парафіянамі і папярэднім пробашчам усяго некалькі гадоў таму. А насупраць паставілі крыж праваслаўныя вернікі. “Часам людзі спыняюцца каля крыжа, каб памаліцца, мужчыны здымаюць шапкі і робяць знак крыжа, – расказвае кс. Павел. – Раней, да эпідэміі, вернікі хадзілі да яго працэсіяй на Божае Цела.

Увогуле, на тэрыторыі дварэцкай парафіі няма капліц, усе аб’екты малой сакральнай архітэктуры, гэтыя маўклівыя сведкі веры,  маюць статус прыдарожных крыжоў. Некаторыя з іх паўсталі яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны і, дзякуючы мужнасці вернікаў, іх   адданасці Богу, жаданню захаваць таксама хрысціянскія традыцыі, перажылі перыяд антырэлігійнай кампаніі, калі па ўсёй Беларусі былі знішчаны сотні крыжоў і капліц.

Крыж і фігура Маці Божай Фацімскай  на  скрыжаванні

Крыж і фігура Маці Божай Фацімскай
на скрыжаванні

З даўніх часоў людзі ставілі крыжы на ўездзе ў вёску. Найчасцей іх рабілі з дрэва. Таксама яны маглі мець кшталт невялікага мураванага альбо цаглянага абеліска, увенчанага металічным крыжом. На абе-лісках маглі змяшчаць цытаты з Бібліі, просьбы да Пана Бога аб абароне ці нават даты будаўніцтва. Адзін з такіх крыжоў знаходзіцца ў вёсцы Петрашы. У цёплы і сонечны выходны дзень у гэтым месцы, здавалася, не было жывой душы. Шмат дамоў ўздоўж адзінай вуліцы, на якой захаваліся фрагменты старой брукаванкі, стаяць пустыя. Моладзь даўно пакінула гэтае месца. Засталіся толькі пенсіянеры, і тыя былі неахвочыя да сустрэчы. Даведацца аб гісторыі крыжа ў мясцовых жыхароў не атрымалася. На жаль, на абеліску няма надпісаў, якія таксама маглі б штосьці  “расказаць”. Аднак  адразу відаць, што абеліск вельмі стары, а вось металічны крыж умацавалі  не так даўно. Па словах кс. Паўла, абеліск з крыжам быў імаверна пастаўлены ў памяць аб вяскоўцах, памерлых ад брушнога тыфу. А эпідэмія тыфу лютавала ў заходніх рэгіёнах Беларусі на пачатку 1920-х гадоў.

Каля Дварца знаходзіцца яшчэ адна вёска – Малая Палонка. Пры ўездзе там таксама можна ўбачыць мураваны абеліск з крыжам. Ён крыху больш “інфарматыўны” – можна разгледзець дату ўсталявання – 1935 год. У тыя часы людзі фундавалі крыжы для абароны ад пажароў, паводак. Таксама збіраліся каля крыжоў у час сумесных набажэнстваў на святы, спыняліся каля іх пры выпраўленні ў апошні  шлях аднавяскоўцаў.

Абеліск з крыжам  пры  ўездзе ў Малую  Палонку

Абеліск з крыжам пры ўездзе ў Малую Палонку

“Калі паміраў хтосьці, жалобная працэсія праходзіла праз вёску і затрымлівалася каля крыжа, – расказвае Ніна Антонаўна Галавач, – молячыся аб жыцці вечным для памерлага”. Мясцовыя жыхары, як у Петрашах, так і ў Малой Палонцы, зараз ўпрыгожваюць свае прыдарожныя крыжы жалобнымі вянкамі. Магчыма, гэта звязана менавіта з апісанай вышэй даўняй  традыцыяй…

 

Абеліск з крыжам у вёсцы  Петрашы

Абеліск з крыжам у вёсцы Петрашы

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Падрыхтаваў Дзмітрый ЗАГАЦКІ,

магістр гістарычных навук.

Здымкі прадастаўлены аўтарам.


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігурдасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий