Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Докшыцкім раёне на Віцебшчыне.
Вёскі – няма, капліца – ёсць
На гэты раз пошукі цікавых аб’ектаў малой сакральнай архітэктуры прывялі нас у Докшыцкі раён на Віцебшчыне. Тут, у колішняй вёсцы Валасатка, знаходзіцца адна з найстарэйшых на Беларусі прыдарожных капліц. Яе ўпрыгожваюць зробленыя рукамі народных майстроў унікальныя драўляныя скульптуры.
Дарэмна шукаць Валасатку на сучасных мапах. Жыццё, на жаль, зышло адтуль яшчэ ў канцы 1990-х гадоў, апошнія пустыя дамы былі знесеныя ў 2003 годзе. Зараз ад гэтай ажыўленай некалі вёскі захаваліся толькі падмуркі забудоў ды прыдарожныя і садовыя дрэвы. А капліца стаіць і дагэтуль, хоць знайсці яе даволі цяжка: трэба ісці ад Докшыц спачатку па лясной дарозе, а потым – па ўзараным полі. Мясціны тут зараз бязлюдныя, хутчэй можна сустрэць дзікіх жывёлаў, чым чалавека.
Звычайна аб прыдарожных капліцах і крыжах вельмі цяжка знайсці інфармацыю. Іх фундатары і будаўнікі найчасцей заставаліся (ці хацелі застацца) ананімнымі. Таму нават мясцовыя святары мала што змаглі расказаць аб гісторыі валасаткаўскай кап-ліцы. На дапамогу прыйшлі краязнаўцы, якія у свой час змаглі паразмаўляць са старэйшымі жыхарамі суседніх вёсак.
Як аказалася, паўстанне капліцы ў Валасатцы было звязана з эпідэміяй халеры, выкліканай перамяшчэннем войскаў па Еўропе падчас рэвалюцыйных па-дзеяў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя.
Халера – вострае інфекцыйнае захворванне, выкліканае бактэрыяй пад назвай халерны вібрыён. Людзі спачатку не ведалі, адкуль бярэцца халера і думалі, што ўся справа ў міязмах, ці, прасцей кажучы, смярдзючым паветры. Колькі памерла жыхароў Беларусі ад халеры ў ХІХ стагоддзі – дакладна невядома. Але лік, напэўна, ішоў на дзясяткі тысяч чалавек. Асабліва халера лютавала на нашых землях у 1848 годзе. У некаторых вёсках людзі, шукаючы ратунку, будавалі на ўскраінах вёсак капліцы. Так зрабілі і жыхары вёскі Валасатка, спадзяючыся на абарону Пана ад смяртэльнай хваробы. Пабудавалі капліцу талакой. Старыя людзі казалі, пераказваючы інфармацыю ад сваіх дзядоў, што ў той час ад халеры у вёсцы ніхто не памёр.
Капліца ўяўляе сабой невысокае драўлянае васьміграннае збудаванне. Унутры змешчана драўляная скульптура “Укрыжаванне з прадстаячымі” з фігурамі укрыжаванага Хрыста, Маці Божай і апостала Яна. Над уваходам знаходзіцца выразаная на дрэве табліца з тэкстам на польскай мове, які перакладаецца так:“Змілуйся над намі, Пане. Ад трагічнай нечаканай смерці і гневу Твайго захавай нас. Ратуй [ад] хваробы халеры. 1848 г.” Адметна тое, што ўнутры каплічкі змешчаны выявы як каталіцкіх, так і праваслаўных крыжоў.
На другім канцы колішняга паселішча захаваўся таксама каталіцкі крыж з Укрыжаваннем са стрэшкай, зроблены з рэеек вузкакалейнай чыгункі. Нягледзячы на тое, што сама вёска даўно ліквідаваная, капліца дзейнічае. Яе даглядае мужчына, якога завуць Віктар, разам са сваім сынам.
Ён нарадзіўся ў Валасатцы, а зараз жыве з сям’ёй за лесам – у суседнім пасёлку Чырвонае Беразіно. Мужчыны прыязджаюць у Валасатку на матацыкле і матаблоку. Яны праваслаўныя, хоць гістарычна вёска была каталіцкай, таму ўпрыгожылі фігуры, згодна з мясцовай традыцыяй, фартушкамі з візантыйскімі крыжамі.
…Так сталася, што першыя жыхары прыйшлі ў Валасатку ў пошуках ціхага, спакойнага жыцця, а апошнія пакінулі яе, Валасатку, перабіраючыся ў іншыя населеныя пункты, бліжэй да цывілізацыі. Хтосьці нават перавёз свае дамы. А капліца і крыж засталіся як знакі Божай прысутнасці і сведкі таго, што ў Валасатцы калісьці жылі і працавалі хрысціяне.
Падрыхтаваў Дзмітрый ЗАГАЦКІ, магістр гістарычных навук.
Здымкі прадастаўлены аўтарам.
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.