Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Палачанах Маладзечанскага раёна..
Не хлебам адзіным
…І што ёсць чалавечае жыццё? Хвілінка ў параўнанні з вечнасцю. А што ёсць памяць пра яго? А памяць пра яго да вечнасці падобная… Яна перадаецца з пакалення ў пакаленне, жыве ў людскіх роспаведах, складзеных імі вершах і легендах, у помніках, нейкіх іншых матэрыяльных выявах. Усё гэта існуе, з цягам часу набываючы яшчэ большую духоўную, гістарычную і культурную каштоўнасць, калі клапоцяцца пра яго неабыякавыя людзі, для якіх мінулае сведчыць аб прысутнасці Бога ў жыцці іх папярэднікаў.

Інакш і не патлумачыш тыя вялікія і годныя намаганні, якія прыкладаюць вернікі парафіі Св.Роха разам са сваім пробашчам ксяндзом канонікам Сяргеем Бараўнёвым, а таксама жыхары Палачан, Аборак і іншых навакольных вёсак, прадстаўнікі інтэлігенцыі, якія ў гэтых краях нарадзіліся, або якія тут працуюць, каб адрадзіць мінулае. Вялікі ўнёсак у захаванне духоўнай спадчыны ўносіць Фонд “Спадчына М. К. Агінскага”, утвораны па ініцыятыве дырэктара Маладзечанскага каледжа мастацтваў Рыгора Сарока.
Гісторыя вёскі Палачаны цесна звязана з гісторыяй вёскі Аборак, якая напрыканцы ХХ ст. была ўключана ў склад Палачан. Першы ўспамін пра яе адносіцца да 1434 года. Тут акурат прайходзіла мяжа Вялікага Княства Літоўскага з Полацкім княствам да моманту ўключэння апошняга ў склад ВКЛ.
У 1773 г. у вёсцы Аборак на сродкі князя Францішка Ксаверыя Агінскага – дзядзькі кампазітара – быў пабудаваны знакаміты на ўсю акругу касцёл Святога Роха. У ім знаходзіўся і абраз святога, зроблены ў Парыжы ў XVIII ст. Абраз лічыўся цудадзейным і прыцягваў да сябе натоўпы вернікаў і пілігрымаў. У гэтай святыні сакрамэнт хросту атрымалі шмат знакамітых ураджэнцаў Маладзечна і ваколіц. Аднак пасля Другой сусветнай вайны храм спасціг той самы трагічны лёс, як і шмат іншых хрысціянскіх культавых пабудоў. Адразу касцёл быў прыстасаваны пад гаспадарчае сховішча, а ў 1949 годзе і зусім разбіты, разрабаваны…
Жудасная карціна паўстала перад вачыма жыхароў, калі са склепа роду Дэдэркаў, які знаходзіўся на тэрыторыі касцёла, былі выцягнутыя труны, параскіданыя косці пахаваных тут у XVIII – XIX стст. уладальнікаў маёнтка. Месца апошняга прыстанку старажытнага шляхетнага роду Дэдэркаў бязбожнікі ператварылі ў сметнік.
– Добра памятаю, – успамінае сённяшні закрыстыянін Палачанскага касцёла Рамуальд Стужынскі, – як вернікі стараліся захаваць святое начынне касцёла. Мае бацькі ўзялі на захоўванне ліхтары, працэсуальны і алтарны крыжы. Сёння яны служаць нашаму касцёлу ў Палачанах. Той знакаміты абраз Св. Роха жанчыны занеслі ў вёску Лебедзева, а далей, казалі, абраз быў перададзены ў Мастацкі музей Мінска. Ну а наш касцёл у Палачанах, асвечаны ў 2007 г. таксама пад іменем Святога Роха, за-ступніка перад рознымі захворваннямі і эпідэміямі, не мог абыйсціся без абраза, і я выканаў яго копію.
…Да асобы 80-гадовага Рамуальда звернемся дадаткова. Яго, як кажуць людзі, Бог у цемечка пацалаваў, адарыўшы, па-першае, талентам мастака. Па-другое, Усявышні так пакіраваў яго жыццём, што дзіцячая мара хлапчука – прыслугоўваць каля Божага алтара, на вачах якога (заўважма!) разбураўся касцёл, разрабоўвалася касцёльная маёмасць, – ажыццявілася! Пасля тэрміновай службы ў войску завочна скончыў Мастацка-прамысловы інстытут у Маскве і працаваў мастаком-афарміцелем, сталяром. А калі наступіла гарбачоўская “адліга” у адносінах да рэлігіі і святыні пачалі вяртаць вернікам – аднаўляў алтары, вежы, ствараў абразы, выконваў усялякую касцёльную працу. Напрыканцы 90-х адрадзілася парафія, вернікі загаварылі пра касцёл у Палачанах, і Рамуальд на калгасным сходзе, дзе размова йшла пра ўрадлівасць зернавых, папрасіў слова. “Не хлебам адзіным жыве чалавек!” – сказаў, як адрэзаў, і прапанаваў, каб калгас аддаў былую кантору, якая не выкарыстоўвалася, для касцёла. Сход прагаласаваў “за”, і гэта было “падвалінай” Рамуальда ў будынак сённяшняга касцёла Св. Роха ў Палачанах.
А што на тым вякамі намоленым месцы ў Аборку? Намаганнямі хрысціянаў, пры дапамозе мясцовых уладаў тэрыторыя добраўпарадкавана, адрэстаўрыраваны каменная агароджа і ўязная брама ХIХ ст., на фундаменце былога касцёла ўстаноўлены крыж-помнік, а памятныя табліцы напамінаюць пра людзей і калектывы, якія прыклалі свае высілкі да ўвекавечання знакамітых папярэднікаў. Склеп роду Дэдэркаў ачышчаны ад смецця, закрыты рашоткай, і высокая магільная стэла з белым ангелам уверсе напамінае ўсім, чыя нага ступае на гэты слынны і трагічны пляц, што жыццё чалавечае – хвілінка ў параўнанні з вечнасцю… Усё астатняе – памяць пра яго і знак Божай прысутнасці ў нашым жыцці.
Тэкст Веранікі БЕЛЯК
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Мінская вобласць.
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.