Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Закозелі, што недалёка ад Драгічына.

 

 

Кветка Сярэднявечча: адраджэнне

 

 

f-str-28Радавая капліца Ажэшкаў у Закозелі, што знаходзіцца на поўдзень ад Драгічына, павінна была стаць сапраўднай кветкай неаготыкі – рамантычнай і непаўторнай. Нездарма над яе праектам працаваў вядомы варшаўскі архітэктар Францішак Яшчолд (1808 – 1873) – творца знакамітага косаўскага палаца і іншых архітэктурных шэдэўраў. Дзякуючы яму ў 1838-49 гг. і нарадзіўся гэты цудоўны помнік, гэты “палескі Нотр-Дам” – адзін з найлепшых і найстаражытнейшых у Беларусі прыкладаў неаготыкі.

Квадратны ў плане помнік і сёння ўражвае гармоніяй форм і дэкору, а таксама выразнай дынамічнай кампазіцыяй. Мноства выцягнутых па вертыкалі ніш надае дзівосную лёгкасць будынку, а гульня светлаценевых эфектаў на паверхні цаглянай кладкі выклікае адчуванне палёту, нібыта гэты грувасты будынак спрабуе адляцець ў вышыню з насыпнога ўзгорка…

Капліцу з яе адкрытай цаглянай муроўкай, белізной элементаў дэкору і меднымі лістамі дахаў можна было назваць сапраўднай кветкай Cярэднявечча, хаця на самой справе ў яе няма аналагаў. Здзіўляе тое, што ў сярэдзіне XIXст. Францішак Яшчолд здолеў стварыць шэдэўр, пазначаны, як лічаць мастацтвазнаўцы, бляскам “гатычнага полымя”. На галоўным фасадзе ўверсе, па баках стрэльчатага ўваходнага партала размешчаны чыгунныя гербы Ажэшкаў і Хржаноўскіх,  якія  парадніліся  праз шлюб Нікадэма Ажэшкі з Фердынандай Хржаноўскай.

Уражанне ад храма больш узмацняецца пры наведванні залы, перакрытай нервюрным скляпеннем. Яно настолькі лёгкае і ажурнае, што здаецца, быццам над залай лунае карункавая вуаль-павуціна са спляценнем тонкіх нітак-нервюр. Унутры  капліцы  быў створаны мармуровы алтар з металічнай аздобай. Паколькі побач не было іншага касцёла, тут не толькі адпявалі і паміналі памерлых, але і праводзілі звычайныя касцёльныя службы для сям’і ўладальнікаў, іх прыслугі і навакольнай шляхты.

Квадратны праём у падлозе вёў у крыпту, дзе былі пахаваны прадстаўнікі роду Ажэшкаў – былы ўладальнік маёнтка Юзаф Ажэшка, яго сын Нікадэм, унучка Тэафілія, а таксама цесць Нікадэма Іван Хржаноўскі.

Капліца Ажэшкаў. Малюнак Напалеона Орды.  Другая палова XIX ст.

Капліца Ажэшкаў. Малюнак Напалеона Орды.
Другая палова XIX ст.

Мясцовы краязнаўца Сяргей Гранік запісаў у свой час цікавы ўспамін чалавека, якому ў 1949г. давялося пабачыць капліцу ў Закозелі. Гэта быў студэнт-практыкант Аляксандр  Зубрыцкі, які пазней стаў вядомым вучоным, кандыдатам медыцынскіх навук.

Ён  успамінаў, што, калі увайшоў  у капліцу, то быў моцна ўражаны яе дзівосным аздабленнем. Паўсюль – ад пола да скляпення – былі гіпсавыя ўзоры, якія пакрывалі сцены і часам пераходзілі ў фігуры жывёл і расліны. У мармуровай падлозе былі добра бачны вялікія  чыгунныя дзверы – уваход у склеп…

Карціна была жудасная – разбітыя труны, сярод якіх у розных позах знаходзіліся забальзамаваныя нябожчыкі, абрабаваныя марадзёрамі. Аб гэтым сведчылі цёмныя бінты, якімі яны былі спавіты, і рэшткі адзення. Адразу было відаць, што тут пахаваны прадстаўнікі мясцовай арыстакратыі. Саркафагі былі вялікіх памераў – вышэй за сярэдні рост чалавека, звонку абшытыя тоўстымі меднымі лістамі, да якіх па акантоўцы былі прымацаваны бронзавыя лілеі.

Унутры саркафагаў знаходзілася абшыўка з моранага дуба і стаялі  цынкавыя труны са шклом. Усяго было сем аднолькавых саркафагаў, сярод якіх асабліва вылучаліся тры, надпісы на якіх былі зроблены  на дзвюх мовах – польскай і французскай. “Генерал ад інфантэрыі, генерал ад кавалерыі, генерал  ад  артылерыі…”. Даты народзін гэтых нябожчыкаў – 1757г., 1760г.. 1763г., а  дата смерці ва ўсіх аднолькавая – 1813 г. Без сумневу, гэта былі генералы французскай арміі з корпуса маршала Юзафа Панятоўскага, якія загінулі ў “бітве народаў” пад Лейпцыгам 16 — 19 кастрычніка 1813 г. Чаму парэшткі  гэтых герояў былі перанесены ў Закозель і хто ўчыніў тут вар’яцкае разбурэнне, малады студэнт так і не даведаўся. Высветлілася толькі, што гэта здарылася пасля 1939 г.

Капліцу, годна аточаную прыгожым паркам са штучнымі каналамі і сажалкай, напаткаў вельмі няпросты лёс – пасля задушэння Студзеньскага паўстання 1863-64 гг. яна была зачынена. Да нашых дзён дайшла легенда аб тым, што ў невялічкай патаемнай каморы, якая знаходзілася ў капліцы, Эліза Ажэшка хавала параненага камандзіра паўстанцаў Рамуальда Траўгута.

Доўгі час Фердынанда Ажэшка, маці Калікста і загінуўшага Нікадэма, дамагалася дазволу ўладаў пакінуць капліцу ў ранейшым выглядзе. Аднак ў 1867 г. капліца была зачынена, а праз год перададзена ў праваслаўнае ведамства, але валавельскі святар не адважыўся перарабляць гатычны будынак на царкву. У час Першай сусветнай вайны ў 1915 г. германскія акупанты знялі з капліцы меднае пакрыццё. Некалькі гадоў будынак стаяў без даху, а ў 1923 г. капліца была накрыта цынкавым дахам на сродкі тагачаснага ўладальніка маёнтка Караля Талочкі.

Надзеі, што такі ўнікальны помнік  архітэктуры  зацікавіць ўладу ў савецкі час, не здзейсніліся і парк ператварыўся ў гушчар, а сажалка і каналы абмялелі, зацягнуліся  балотнай цінай… Па наказе кардынала Казіміра Свёнтка скульптуры евангелістаў былі дэмантаваныя (на жаль, адна з іх пабілася) і перавезены ў Пінск. Нарэшце, у 2017 г. было праведзена грунтоўнае даследаванне аб’екта, выканана праектна-сметная дакументацыя. Неўзабаве пачалася праца па адраджэнні капліцы. Апошнім часам яе можна было бачыць у драўляных рыштаваннях. І вось добрая навіна – рыштаванні разабраны, ідуць работы па ўмацаванні падмурка. А наперадзе – самае складанае – аднаўленне далікатнага ўнутранага аздаблення… Спецыялісты лічаць, што на поўнае адраджэнне  капліцы  спатрэбіцца  ад  5 да 10 гадоў.

 

 

 

  Таццяна ХВАГІНА.

Брэсцкая вобласць


 

 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий