Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Баравікоўшчыне, што недалёка ад Івянца.
Няма большай любові за тую…
Штогод у сярэдзіне ліпеня ў Баравікоўшчыну, што ляжыць паміж Івянцом і Пяршаямі, жывымі ручайкамі сцякаюцца шарэнгі пілігрымаў. Ідуць з Івянца, Пяршаяў, іншых месцаў, дзе службу Богу і людзям нясуць айцы-францішкане. Ідуць і католікі, і хрысціяне іншых канфесій, каб аддаць даніну памяці тым, хто ахвяраваў сваё жыццё за выратаванне соцень іншых людзей, бо “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15,13).
…Цішыня. На месцы трагедыі, якую ўчынілі гітлераўцы за вёскай Баравікоўшчына амаль 80 гадоў таму, стаіць такая цішыня навокал, што чуваць перашэпт лісцяў на дрэвах. Відаць, і дрэвы, якія акружаюць паляну з мемарыялам, падобна людзям сумуюць аб маладых францішканах, прынёсшых сябе ў ахвяру за мясцовых жыхароў у гады Другой сусветнай вайны. Прыглядаемся да пліты з выявамі святароў на камені, молімся каля каплічкі з Распяццем, ідзём Крыжовым шляхам Езуса і таксама баімся парушыць гэтую святую цішыню. Крыжовы шлях Езуса, выкананы некалькі гадоў таму, тут, у Баравікоўшчыне, нагадвае крыжовы шлях пробашча Пяршайскай парафіі Ахілеса Пухалы і яго субрата вікарыя Германа Стэмпеня, якіх разам з мясцовымі вернікамі гналі гітлераўцы ў бок лесу ў ліпені 1943 года… Якія думкі віравалі ў галаве 32-гадовага Ахілеса і 32-гадовага Германа ў тыя жудасныя хвіліны, калі ішлі яны наперадзе арыштаваных і заспакойвалі: “Усё будзе добра”.
Святарскі лёс закінуў абодвух у вёску Пяршаі, прыкладна за 20 кіламетраў ад Івянца. Ураджэнцы Польшчы, яны былі амаль аднаго ўзросту – а. Ахілес меў 28 гадоў, калі яго прызначылі на душпастырскую працу ў Пяршаі, а крыху старэйшы за яго а. Герман прыбыў у парафію на год пазней. Адбылося гэта ў 1940-м. Маладыя святары з вялікім жарам узяліся за працу, не толькі духоўна акармлялі сялянскія сем’і, але і аказвалі ім вялікую фізічную дапамогу, праяўляючы клопат пра іх штодзённае жыццё. Мясцовыя вернікі былі ў захапленні ад айцоў-францішканаў і доўгі час распавядалі, як заўзята дапамагалі францішкане на сенакосах, падтрымлівалі бедныя сем’і, а айцец Герман, ураджэнец Лодзі, горада з добра развітай прамысловасцю, паклапаціўся, каб родныя даслалі яму нават боты для аднаго з мясцовых вернікаў, які не меў ніякага абутку.
Трагедыя разыгралася ўлетку 1943 года, калі гітлераўцы распачалі пацыфікацыю супраць мясцовага насельніцтва ў адказ на ўзброенае паўстанне, якое выбухнула ў Івянцы і ў выніку якога быў разгромлены нямецкі гарнізон. Пачаліся масавыя арышты. Асаблівы гнеў гітлераўцаў быў накіраваны супраць католікаў, якіх у гэтых мясцовасцях налічвалася большасць, і іх святароў. Пачалі рыхтаваць карную аперацыю, і пра гэта стала хутка вядома. Пяршайскія айцы-францішкане былі папярэджаныя…
– У нашых братоў Ахілеса і Германа, – разважае а. Яўген Голуб, OFMConv, – была ноч, каб зрабіць выбар, уцячы ім ці застацца ў сваёй парафіі разам з вернікамі. І, будучы вернымі Евангеллю, а. Ахілес адхіліў усякія прапановы аб захаванні асабістага жыцця, прамовіўшы вядомыя словы са Святога Пісання: “Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак” (Ян 10, 11). І яны засталіся з людзьмі.
19 ліпеня 1943 года жыхароў вёскі Пяршаі сагналі на сялянскі падворак – маладых, старых, дзяцей; разам з імі былі і святары. Арыштаваных адразу зачынілі ў гумне, а пасля дзверы расчынілі і загадалі старым і дзецям разысціся па хатах. Людзей малодшага ўзросту разам са святарамі пагналі за вёску ў напрамку Баравікоўшчыны. А. Ахілес і а. Герман ішлі наперадзе, заспакойвалі арыштаваных, маліліся.
– Скончылася тым, – удакладняе а. Яўген, – што падчас пераадолення шляху з вёскі Пяршаі да Баравікоўшчыны загінуў толькі адзін чалавек, якога дагнала куля, калі той кінуўся на ўцёкі. Частка трапіла ў лагеры працы, але ўсе захавалі жыццё. А святары, якія імкнуліся быць разам з людзьмі і раздзяліць іх лёс, сталі ахвярай карнікаў. Гітлераўцы спалілі іх зажыва ў гумне, а на плябанію каты прынеслі два акрываўленыя хабіты… Распазнаць парэшткі айцоў Ахілеса і Германа ўдалося толькі па медаліку і крыжыку… Праз некаторы час парафіяне сабралі іх і пахавалі каля Пяршайскага касцёла, а ў 2000 г., пасля таго, як імёны айцоў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня Святы Ян Павел II ўзнёс да хвалы Божага алтара, святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк урачыста ўнёс рэліквіі благаслаўлёных ў касцёл, і зараз яны захоўваюцца ў рэліквіарыі.
На месцы катавання сёння знаходзіцца капліца, куды раз на год ідзе пілігрымка з розных месцаў, дзе служылі айцы, і адбываецца набажэнства ў гонар благаслаўлёных Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня.
– Супольнасць францішканаў, – гаворыць а. Яўген, – імкнецца распаўсюджваць культ благаслаўлёных, таму што, па-першае, гэта нешматлікія францішканскія святыя, якія працавалі і аддалі жыццё на нашай зямлі, таму небеспадстаўна яны з’яўляюцца апекунамі дэлегатуры францішканаў на Беларусі; па-другое, іх жыццё для нас – вялікі прыклад таго, як перажываць нашае хрысціянскае пакліканне. Ну і для ўсіх сучасных людзей – гэта знак вернасці ў стасунку да жыццёвага паклікання і ў стасунку да тых людзей, якія табе даручаныя, асабліва для моладзі: на момант, калі яны зрабілі такі адказны выбар у сваім жыцці, ім было ўсяго крыху болей за 30. Зусім маладыя. Бачым, якой моцы павінен быць фундамент, на якім патрэбна будаваць асабістае жыццё…
Вераніка БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Мінская вобласць.
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.