Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Косава Івацэвіцкага раёна.

 

 

 

Пад Тваю абарону…

 

 

f-str-28Як шмат брыльянтаў раскідана па роднай  беларускай зямлі нашымі  папярэднікамі! “Раскідана” не ў сэнсе “занядбана” ці “згублена”, а ў тым, як шмат брыльянтаў  упрыгожвалі  і  ўпрыгожваюць зараз  розныя куточкі матчынага краю!  І сёння  гэта  яны прывабліваюць да сябе сотні гісторыкаў, краяведаў, а таксама турыстаў і вандроўнікаў з усяго свету. Здзіўленне – амаль да шоку – як, стагоддзі таму, без будаўнічай тэхнікі  і  сучасных  тэхналогій,  лічы, “голымі рукамі” ствараліся такія архітэктурныя  шэдэўры, якія сталі помнікамі сакральнага мастацтва і  непаўторнымі  прыкладамі ўвайшлі  ў  падручнікі  спецыяльных навук свету.

…Такія думкі віруюць у галаве, калі ўязджаеш у Косава і бачыш велічны, часткова ўжо адрэстаўраваны Косаўскі палацава-паркавы ансамбль ХІХ ст. Музей-сядзіба Тадэвуша  Касцюшкі,  якая знахо-дзіцца насупраць, па другі бок дарогі,  таксама напаўняе пачуццём гонару – ваенны і палітычны дзеяч  нацыянальны герой Беларусі, ЗША, Польшчы і Літвы, ганаровы  грамадзянін  Францыі  нарадзіўся  тут, на гэтай зямлі, і 12 лютага 1746 года ў косаўскім касцёле  Найсвяцейшай  Тройцы  атрымаў  сакрамэнт  хросту. Купель Тадэвуша  Касцюшкі захавалася да нашых дзён.f-str-29

Але  не  будзем сёння прыпыняцца каля гэтых славутых помнікаў, прабачце, абмінём іх, каб агледзець яшчэ адну ціхую славутасць – прыдарожную  капліцу  Маці  Божай  Каралевы  Свету, якая надавала духоўных сіл не аднаму пакаленню жыхароў мястэчка.  Да таго ж спяшаемся паслухаць сведчанне  найстарэйшай   жыхаркі  Косава,  у  мінулым   настаўніцы,  Вікторыі  Савосцінай:

– Мае бацькі, таксама і знаёмыя калісьці распавядалі, – успамінае 92-гадовая Вікторыя  Осіпаўна, – што  па ўзросту каплічка старэйшая за наш касцёл. Сённяшні храм пабудаваны ў 1877-1878 гадах, а капліца, казалі, дзесьці ў 1800-х. І колькі яна тут стаіць – збіраліся каля яе і католікі, і праваслаўныя, і вернікі  з  іншых  рэлігій, каб памаліцца да Маці Божай. Людзі заўсёды патрабавалі Божай дапамогі, свае скаргі і клопаты, надзеі і спадзяванні  давяралі  адзінаму Богу. Традыцыйна  збіраліся  дзеці перад пачаткам заняткаў – акурат насупраць  каплічкі  знаходзілася школа, у якую таксама хадзіла я.  І нават, калі  ў  1939-м  прыйшла антырэлігійная ўлада і дзецям фактычна было забаронена наведваць культавыя ўстановы, вучні запрашалі адзін  другога  “на  шпацыр”, ведаючы, што пойдуць яны проста да капліцы. Іначай – ніяк і нікуды,  бо сцежка-дарога была адзіная, да таго ж яшчэ брукаваная…

– У 1941 годзе  немцы  разбурылі школу, – прадаўжала  былая настаўніца, – а каплічка з першым радком малітвы “Pod Twojа obronе…” на франтоне і з фігурай Маці   Божай,  якая  трымае  на руках  маленькага  Езуса,  засталася. І  ніхто  ніколі  не прайшоў, каб не ўкленчыць каля яе… У савецкія часы ўлады далі загад старшыні саўгаса Савіну: капліцу – знесці! “Не, – адказаў ён, – не я ставіў, не я буду зносіць”. Пасля таго больш ніхто  і  ніколі  не  падняў  на  каплічку  руку.  Надварот,  калі прыйшла “палітычная  адліга” – клалі  кветкі,  грошы. Прыжылася ў нас такая традыцыя: праводзячы ў апошні шлях нябожчыка, працэсія абавязкова  спыняецца каля каплічкі, некалькі хвілін стаіць моўчкі… Старэйшыя людзі казалі: гэта дзеля таго, каб Маці Божая прыняла душу памерлага. І гэта праўда, Маці Божая заўсёды апекавалася намі – выслухоўвала,  дапамагала, папярэджвала…

Вікторыя Осіпаўна Савосціна

Вікторыя Осіпаўна Савосціна

– На маёй памяці, распавядала далей Вікторыя Осіпаўна, – такі выпадак:  мой  брат  ( старэйшы за мяне)  пагнаў  у   поле  каровы.  Што давалі пастушкам з сабою? Кавалачак хлеба, малако, яйка… З’еў  снеданне,  якое дала яму мама, выпіў малако з бутэлькі і, пакуль   каровы   спакойна  пасвіліся,  – прылёг на траву. Тую бутэльку павярнуў  дном да вачэй, а праз  вузкае  горла  глядзіць  на неба. Бачыць, стаіць Маці Божая, а перад Ёю ляжаць голавы мёртвых людзей…  Моцна  спужаўся, вярнуўся дамоў  бялюткі,  як снег… Гэта было перад 1 верасня 1939 года. Відаць, Багародзіца  папярэджвала,  якое жыццё людзей чакае…

– А  я магу пра сябе расказаць, – гаворыць  экскурсавод-валанцёр Ганна  Бабей, з  якою  мы наведаліся да Вікторыі Осіпаўны. – Мне было гадоў пяць, а брату – тры, жылі  на  суседняй  ад каплічкі вуліцы. Мама  пакінула  нас  дома, а сама  паехала  праведаць  сваю свякроўку  ў  бальніцу. Ад’язджаючы, дала  нам  альбом з фатаграфіямі, а  сама,  расказвала  нам пазней,  падбегла  да  капліцы,  кінула ў скарбонку металічны рубель (такія былі на той час) і папрасіла: “Маці Божая, пакідаю дзяцей на Цябе, паглядзі за імі”. Наша бабуля,  даведаўшыся  пра  гэта ў шпіталі, пачала  моцна  трывожыцца:  вяртайся хутчэй, дзеці адныя, наробяць яшчэ  чаго.  “А я Маці Божую  папрасіла”, – адказала  наша мама. Але прыехала хутка і пачала распытваць, як мы тут час правялі. І я расказала маме, што як толькі яна выйшла  з  дому, я выпадкова глянула ў вакно – з неба глядзела на мяне  жанчына  з закутаным тварам і добрымі вачыма… Яна нічога  не  казала – проста глядзела. Тады я  паклікала  брата, каб і ён пабачыў, але  твар жанчыны  знік… “А  я  прасіла  Марыю,  каб пры-гледзела за вамі”, – сказала нам мама.

…У  нашым  журналісцкім  жыцці многа сустрэч з людзьмі. І бываюць такія – кароткія, можна сказаць, “маланкавыя”, а  ў памяці застаюцца,  як свечкі, – полымя ў іх невялічкае, а свеціць доўга. Так і з Вікторыяй  Осіпаўнай:  ад’ехалі  далёка, а ў вушах – вершы Адама Міцкевіча,  выказванні  Омара  Хайяма,  якія  ўтрымлівае багатая памяць  былой  настаўніцы  ў  Косава, і  яе  цёплыя  ўспаміны.  Заставайцеся з Богам, шаноўная! Жывіце доўга!

 

 

 

 

Вераніка БЕЛЯК.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD

Брэсцкая вобласць.


 

 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий