Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Цвермах, што недалёка ад Ліды.

 

 

 

Месца,

дзе спыняецца час

 

 

f-str-28Прызвычаіліся мы сёння да транспарту, а калі 12 кіламетраў пешкі, то… “Ой, і як тут людзі ходзяць?”. А людзі ходзяць… І лічаць гэта для сябе абавязковым – пераадолець тую адлегласць, як і некалі пераадольвалі іх продкі, молячыся, успамінаючы ахвяру Езуса Хрыста, і просячы Бога аб дапамозе ў розных жыццёвых абставінах.

На адлегласці прыкладна 12 кіламетраў ад Ліды, пры старой дарозе на Ліпнішкі знаходзіцца невялікая капліца ў атачэнні магутных дрэў. Штогод на другі дзень урачыстасці Спаслання Духа Святога на гэтым месцы адбываецца святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла. Прыбываюць на ўрачыстасць вернікі з Ліды, Ліпнішак, Цвермаў, Тракеляў і іншых навакольных вёсак, каб узнесці свае просьбы-малітвы да Пана Бога і падзякаваць Маці Божай за Яе матчыну апеку. Ды і не толькі на ўрачыстасць – у розныя поры года капліца ў лесе прыцягвае да сябе пілігрымаў, краяведаў, усіх, хто цікавіцца мінулым роднага краю. Прыцягвае таямніцаю, якая спалучае гісторыю  і сучаснасць.

f-str-29…Так, капліца сапраўды здзіўляе: прыгожае, хоць і невялікае, сучаснае збудаванне з белай цэглы, а па-за  ёю – вялізнае і таўшчэразнае разгалінаванае дрэва, якое рухнула не інакш, як пад напорам часу… Яшчэ болей здзіўляюць  сотні,  тысячы рознакаляровых стужачак, лентаў  з надпісамі і без,  якімі абвешаны яго замшэлыя галіны… Што гэта?

І тут распавядае нам гісторыя. Калісьці з даўніх часоў стаяў каля дарогі крыж з драўлянай фігуркай Збаўцы, але аднойчы разбушавалася бура і зваліла крыж. Жыхар вёскі Стэфан Валяль забраў фігурку дахаты, схаваў у свіран і пасля гэтага раптам страціў зрок. Праз некаторы час бачыць сон, у якім Пан Езус пытаецца ў яго: “Чаму мяне трымаеш ў заперці? Вярні на месца!”. Пасля гэтага Стэфан папрасіў суседзяў, разам зрабілі новы крыж і паставілі, прымацаваўшы фігурку Езуса, на старое месца. І зрок вярнуўся да Стэфана. З таго часу  цудадзейным  пачаў лічыцца крыж , і ўжо тлумы народу, дачуўшыся, з розных  куткоў спяшаліся ў Цвермы, каб памаліцца пад крыжам…

У 1920 годзе крыж быў зняважаны, калі праязджала тут чырвоная кавалерыя. Адзін чырвонаармеец дастаў шаблю, секануў ёю фігурку Хрыста, а разам крыж. Людзі пасля зноў аднавілі яго і працягвалі гэтае месца шанаваць –узносілі малітвы, цешыліся з атрыманых ласкаў і чынілі ахвяры, у тым ліку і ў выглядзе фартушкоў з саматканага палатна з рознымі трапнымі надпісамі і вышыванымі крыжыкамі. Святары з Ліды, якія час ад часу заязджалі на тое намоленае месца, тлумачылі вернікам, што гэтае абвешванне фартушкамі Пану Езусу не патрэбна, Ён не быў рамеснікам.   Аднак, нягледзячы на забароны ксяндзоў нічым не абвешваць сакральную фігурку, людзі ўсё ж пакідалі на крыжы, на галінах хвоі напісаныя на палатне інтэнцыі… Фартушкоў ніхто не здымаў, і віселі яны да той пары, пакуль ксёндз з Ліды не загадваў самыя збутлелыя, урэшце, спаліць.f-str-29-2

 Бачачы такую павагу да гэтага месца, пробашч Лідскага фарнага касцёла Гіпаліт Баярунец атрымаў дазвол ад Віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага пабудаваць тут на сродкі парафіян драўляную капліцу. Гэта адбылося ў 1935 годзе.

Але з прыходам савецкай улады помнік архітэктуры народнага дойлідства напаткаў трагічны лёс. У 1960 годзе капліцу разбурылі трактарам, зачапіўшы трос. Дзякаваць Богу, вернікам дазволілі вынесці крыж  з  фігуркай, які яны перадалі ў  Тракельскі  касцёл. На захаванне, спадзяючыся, што  надыйдзе пэўны час, і  крыж  зойме сваё спрадвечнае месца на ростані дарог у лесе.

А што старая хвоя? А хвоя так і засталася. Яе хацелі знесці геадэзісты, калі вырашылі менавіта ў гэтым месцы паставіць трыангуляцыйны (геадэзічны) знак. Аднак не далі рады спіліць, і яна прадаўжала стаяць, быццам ахоўваючы малітвы, надзеі і спадзяванні тых шматлікіх вернікаў, якія ішлі сюды цэлымі  натоўпамі…  Аднак, не вытрымала, рухнула дрэва-волат  і засталося  ляжаць, як адзначылі мы вышэй, за каплічкай, пабудаванай на тым самым месцы ўжо ў нашыя часы.

Месца прастаяла ў запусценні амаль паўвеку, 47 гадоў, і толькі калі-нікалі прыходзілі або прыязджалі cюды пілігрымы, аматары веласіпедных прагулак, асобныя вернікі, каб памаліцца ў Цвермах. А ў 2007 годзе знайшоўся фундатар фермер Валянцін Капачэль, ураджэнец гэтых мясцінаў, які разам з парафіянамі, а таксама пры духоўнай падтрымцы святароў з Ліды і Тракеляў пабудаваў капліцу. З Тракельскага касцёла былі вернуты  драўляная фігурка Езуса Хрыста і пацярпелы ад непагадзі і людскога вандалізму крыж – гэтыя дарагія рэліквіі размясцілі ў сярэдзіне каплічкі пад шклом. 28 мая 2007 года пры вялікім мностве народу адбылося яе асвячэнне і надалося імя – капліца Ўзвышэння Святога Крыжа. 

Дзякуючы гэтай гісторыі – даўняй і сучаснай –  зноў назва вёсачкі Цвермы стала перадавацца з вуснаў у вусны, і зноў пацягнуліся на ростань дарог у лесе людзі, каб памаліцца ў месцы, дзе, як заўважыў кс. Уладзімір Гуляй, пробашч парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, спыняецца час.

 

 

 

   Вераніка БЕЛЯК.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD

Гродзенская вобласць.


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий