Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Раманішках, што ў Пастаўскім раёне.
Каб не страціць апошняе
…Так, за кожным прыдарожным крыжам, за кожнай сціплай каплічкай абавязкова ёсць гісторыя – гісторыя вёскі, сям’і, ці нават асобнага чалавека: або шчаслівая, або трагічная… Да нас яны дайшлі ўжо праз пакаленні, губляючыся ў хмарах падзей, сціраючыся ад часу, а то і свядома хаваючыся ад нядобрых вачэй… Таму і завём іх “гісторыямі”, бо нясуць на сабе адбітак ўсяго, што адбывалася з нашымі продкамі… Але ўсё ж прызнаемся шчыра: у кожным выпадку знаёмства з гэтымі сакральнымі пабудовамі трапяткое пачуццё ўдзячнасці паволі саступае месца шчымліваму пачуццю трывогі: хоць бы гэтае апошняе не сталася страчаным…
Зараз мы – пра каплічку на скрыжаванні дарог каля вёскі Раманішкі, што ў Пастаўскім раёне на Віцебшчыне. Калісьці бойкае месца, тут акурат дарога на Вільно ішла, таму пра яго тутэйшыя абарыгены распавядаюць з прыдыхам:
– О, тут вялікая падзея была, – успамінае 90-гадовая Хэлена Шымковіч. – З Вільні пешкі ішла пакутная моладзевая пілігрымка на чале з ксяндзом Юзафам Пакальнісам, несучы копію абраза Маці Божай Вострабрамскай для Лынтупскага касцёла.
З лынтупскага боку насустрач ім выйшлі вернікі, гэта было ў маі 1932 года. Мая мама была ў той пілігрымцы і расказвала: прайшлі яны ўжо Пабрадзе (цяпер яно на літоўскім баку) – з малітвамі, з песнямі, як і звычайна ў працэсіі, аж нехта пазваніў у паліцыю, маўляў, у Вострай Браме скрадзены абраз Маці Божай… Што пачалося…Паліцыя затрымала пілігрымаў, пачалі разбірацца, званіць у Вострую Браму, ці сапраўды крадзёж… А з нашага боку людзі таксама дайшлі да капліцы, дзе дамовіліся сустрэцца, і застылі, як укопаныя: што ж магло нарабіцца?.. І толькі праз некалькі пакутных гадзін, абражаныя чыімісьці падазронасцямі, прыбылі пілігрымы з абразом Маці Божай Вострабрамскай, і ўкленчылі… Каплічка стала сведкаю святой Імшы падзякі Богу за шчаслівы лёс абраза, які і сёння ўпрыгожвае алтар касцёла Св. Андрэя Апостала ў Лынтупах.
Каплічка XIX ст., якая стаіць пры ўездзе ў былы фальварак Раманішкі, – сведка не толькі тых шчырых малітваў пілігрымаў і маёвых набажэнстваў, на якія заўсёды збіралася шмат людносці з навакольных вёсачак, але таксама малітваў асобных жыхароў, якія прыходзілі сюды пераважна летам, бо лічылі яе абаронцай ад грому. Дата пабудовы яе рознымі крыніцамі называецца розная, аднак зразумела адно: будавалася яна на сродкі прадстаўнікоў багатага роду Даўгяла, якія валодалі маёнткам Раманішкі амаль тры стагоддзі – да Другой сусветнай вайны. Апошнія ўладальнікі яго – Уладыслаў і Хэлена – нягледзячы на іх шляхетнае паходжанне, карысталіся тут вялікай павагай. Рэгіна Карман, якая і зараз жыве ў былым, крыху перабудаваным доме для прыслугі Даўгялаў, расказвае:
– У гэтых паноў батракамі былі амаль усе мясцовыя, таксама і мае бацькі, але ўспаміналі іх як добрых і чуллівых. Гэта было сужэнства, якія моцна кахалі адзін другога. Ўладыслаў памёр малады, і Хэлена засталася ўдавою да канца сваіх дзён: насіла чорную вопратку, Ружанец з рук не выпускала, шчыра молячыся аб супакоі для мужа. Гаспадыняй была дбайнай, разумна вяла гаспадарку, ездзіла ў брычцы… Мела свой гонар, але і сэрца добрае. Старэйшыя расказвалі, як у маі 1942 года, Даўгяліха (так яе звалі мясцовыя), даведаўшыся, што гітлераўцы рыхтуюць карную аперацыю і схапілі маладых мужчын з Раманішак, запрагла коней ў брычку і паімчалася за калонаю арыштаваных. Яна добра ўмела па-нямецку і ёй удалося пераканаць старэйшыну канвоя, каб яе людзей адпусцілі. Такім чынам пані ўратавала ад яўнай смерці некалькі дзясяткаў мужчын. За сваю дабрату ў памяці людзей засталася. Яна і каплічку даглядала, кожны дзень кветкі вазіла – да каплічкі і на могілкі мужу… Наказвала, каб, як памрэ, пахавалі побач з Уладыславам. Але чакаў яе іншы лёс – пасля вайны выехала ў Польшчу, там памерла, там пахавана.
…А каплічка, як тыя вернікі, што лічылі яе абаронцаю ад грому, сама цярпела ад грому вайны. Браніслава Барысевіч з вёскі Гіруці захоўвае ў памяці той жудасны выпадак, калі зімою 1945 года п’яныя бандыты расстралялі драўляную фігурку Езуса Хрыста з крыжам, якая была ўсталяваная ў праёме верхняга яруса капліцы, і кінулі на дарогу. Але дарэмна: расстралялі фігурку, ды не расстралялі веру. Паштальёнка на тое месца паставіла абразік Найсвяцейшай Панны, а ксёндз Ян Шуткевіч замяніў на фігурку Маці Божай.
Некалькі дзесяцігодзяў пазней, недзе ў 80-я, каплічка перажыла аднаўленне: сабраліся Віктар Шымковіч, Браніслаў Карман, Ян Варнело і замуравалі выбоіны ў сценах, што трывалі яшчэ ад вайны, атынкавалі, зрабілі пабелку, хоць кіруючыя на той час улады не дазвалялі гэтага. У сельсавет спачатку вызвалі ксяндза, пасля – брыгадзіра: маўляў, што там у цябе робіцца? “А што? – не пабаяўся пярэчыць святой памяці Стась Драўніцкі. – Пенсіянеры, на свае сродкі вырашылі адрамантаваць капліцу. Я што – павінен забараніць? За ногу іх з лесвіцы сцягнуць?”.
…Так, фігурку расстраляць можна, веру – ніколі!
Вераніка БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Віцебская вобласць.
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.