Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць. Сёння расказваем  пра  капліцу ў Абадоўцах Вілейскага раёна..

 

 

 

Намоленае месца

 

 

 

f-str-28-2…Па дарозе, паабапал якой раскінуўся стары цяністы парк, уздымаемся на прыгорак да  невялікай белай  каплічкі, якая  захавалася тут  з сярэдзіны XIX стагоддзя. Каплічка знаходзіцца ў дастаткова добрым стане, прыглядае за ёю мясцовы  вернік Канстанцін Навойчык, які  і суправаджае нас з бр. Карнэліем.

– Тое, што вы бачылі пасярэ-дзіне нашай вёскі Абадоўцы, – расказвае ён, – сцяна панскага бровара, фундаменты, якія захаваліся ад сядзібнага дома, фрагменты кузні, аранжарэі, многіх іншых гаспадарчых пабудоў, – гэта ўсё напамін аб даўніх уладарах маёнтку багатага роду Багдановічаў, які жыў і гаспадарыў тут да Другой сусветнай вайны. Старажылі расказвалі, што валодалі паны вялікімі абшарамі, насельніцтва ў іх працавала, і Абадоўцы, як кажуць, “грымелі на ўсю акругу”. Але войны, затым час гаспадарання “апошніх саветаў” не спрыялі захоўванню той гістарычнай спадчыны, якой сёння маглі б цешыцца і ганарыцца людзі. Сяды-тады ў вёску прыязджаюць вышукальнікі  мінулага, турысты, распытваюць у  мясцовых жыхароў пра  колішняе жыццё, аглядаюць гэтыя фрагменты і таксама шкадуюць, што  памяць аб мінулым знішчаецца. Адзінае, што засталося  са “спадчыны” пана Мечыслава Багдановіча, апошняга з уладаль-нікаў, – капліца.

f-str-28Трапяткі захавальнік мінулага Канстанцін расказвае,  што адразу  пасля  Другой  сусветнай вайны капліца была зачынена, і  кіраўніцтва саўгаса, які быў заснаваны ў гэтых  месцах, размясціла  ў ёй склад  ядахімікатаў. Нягледзячы на  гэта,  людзі  ўсё ж прыходзілі, каб менавіта тут, на ўзгорку, у гэтым  намоленым месцы ўзнесці хвалу Богу і  папрасіць  Яго аб штодзённым  заступніцтве.

Прыгожая неагатычная каплічка была вернута каталікам у 1990 годзе, калі час ваяўнічага атэізму адышоў і людзі вярнуліся да Бога, не баючыся адкрыта вызнаваць веру. Але былая яе прыгажосць ужо толькі згадвалася, таму з яе вяртаннем з’явілася і патрэба аднаўлення святыні, што засталася вернікам ад іх багатага папярэдніка-земляка.

– І падчас вайны, і адразу пасля яе, – успамінае 84-гадовая ўра-джэнка Абадоўцаў Ванда Цыбіна, – хадзілі рабаўнікі, нечага ўсё вышуквалі, і ў каплічку паноў Багдановічаў таксама залезлі, мусіць, шукалі золата. А ў капліцы былі пахаванні – і  продкаў f-str-29апошняга пана  Мечыслава, яго бацькоў і ягонай  заўчасна  памерлай дачушкі  Ванды;  памерла, бедная, не маючы  васемнаццаці гадкоў, ад сухотаў… Казалі людзі, што пан усімі сіламі ратаваў яе, адпраўляў лячыцца нават у Аўстрыю, але, на жаль, нічога не дапамагло; пасля смерці  дачкі пан Мечыслаў некалькі разоў на дзень прыходзіў маліцца ў капліцу… А  тыя рабаўнікі  паразварочвалі  труны, што былі змешчаныя ў падвале капліцы, глуміліся над памерлымі… А калі ў 90-я гады кіруючыя ўлады аддалі ўжо капліцу вернікам афіцыйна, і  прыйшлося  там  наводзіць парадак, то Канстанцін сваімі рукамі збіраў костачкі нябожчыкаў і перазахаваў  іх. Гэты чалавек вельмі  многа зрабіў і для аднаўлення святыняў у Іліі, Вязыні, Сцешыцах, іншых месцах. На пачатку 90-х гадоў у парафію ў Касцяневічы прыехаў кс. Зыгмунт з Польшчы, і Канстанцін стаў яму добрым памочнікам у справах аднаўлення святыняў. 

 – Каплічка ў нашых Абадоўцах, – расказвае  далей Юзэфа Гіро, –  была асвечана  пад тытулам  Маці Божай  Маёвай. Не ведаю, чаму менавіта гэты тытул быў для яе абраны,  але ведаю, што, колькі існуе яна,  столькі збіраліся тут старэйшыя  вернікі і бегалі дзеці  на маёвыя набажэнствы, адпраўлялі літанію, маліліся  на  Ружанцы.

З моманту  пабудовы  каплічкі яе алтар упрыгожваў абраз Маці Божай Маёвай, але падчас вайны ён  быў моцна  пашкоджаны. Юзэфа  Васільеўна паказала  нам  такі ж самы абраз, які яна  клапатліва захоўвае і які дастаўся ёй ад адной старэйшай  жанчыны,   яе далёкай  сваячкі, муж  якой,  дарэчы, служыў калісьці ў пана Мечыслава. Сёння  ў алтары капліцы  знаходзіцца абраз Маці Божай, зроблены  маладой  мастачкай  Марыяй з Гродна.  f-str-29-2

…Што незвычайнае кідаецца ў вочы,  калі  набліжаешся да капліцы, дык гэта крыжы, аднолькавыя па памерах  крыжы і акуратна і аднолькава  аформленыя,  з невысокімі  мураванымі агароджамі   невялікія  магілкі. Іх некалькі радоў. Без надпісаў,  без прозвішчаў…

– Гэта ўжо перапахаванні парэшткаў немаўлятак, – патлумачылі нам, – якія паміралі ў розныя гады, не ахрышчаныя, некаторыя яшчэ  за польскім  часам, і якія былі пахаваныя  на гэтым пагорку. Даўно ўжо няма  іх бацькоў, няма  каму даглядаць месцы іх захаванняў, і праблему памяці аб іх Канстанцін вырашыў вось такім чынам, па-свойму. Тут, каля  капліцы, паставіў крыжык кожнаму, каб маглі за іх маліцца ўсе, хто прыязджае і прыходзіць  наведаць  кап-лічку  Маці Божай Маёвай у Абадоўцах і  хто доўга стаіць у роздуме над скарацечнасцю  нашага зямнога жыцця…    

 

 

  Тэкст Веранікі БЕЛЯК.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD

Мінская вобласць


 

Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігурдасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы. Або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий