Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Залессі на Смаргоншчыне.

 

 

 

Месца спаткання з Богам

 

 

f-str-28Хіба ёсць хто з дарослых, хто ніколі не чуў кранальна-шчымлівага паланэза Міхала Клеафаса АгінскагаРазвітанне з Радзімай”? 150 гадоў назад аўтар сусветнага  музычнага шэдэўра з жыцця адышоў, а  сэрца і сёння млее ад яго пранізлівай мелодыі, якая то адсылае нашыя думкі  да мінулага, то дорыць светлыя пачуцці, і яны імкліва імчаць нас на сваіх крылах ужо ў новую далячыньГэтымі гукамі, здаецца, і сёння напоўнена паветра, яны быццам атуляюць, як толькі ступаеш на пляц былога маёнтку Агінскіх у Залессі.

Так, былога, бо  сёння тут – Музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага, дзяржаўная гісторыка-культурная  ўстанова з 13 заламі, якая дае багатае ўяўленне аб жыцці і дзейнасці гэтай яскравай асобы.  Адкрыццё рэстаўрыраваных “Паўночных Афінаў”,  як  называлі сядзібу сучаснікі  кампазітара, адбылося ў верасні 2014 года.f-str-29

Міхал Агінскі стаў уладальнікам палаца ў Залессі пасля таго, як быў прызначаны апекуном свайго адзінокага састарэлага дзядзькі, Францішка Ксаверыя, які не меў сваіх дзяцей. Адбылося гэта ў 1802 годзе. Дзяржаўны і вайсковы дзеяч, дыпламат і літаратар Міхал Агінскі адразу заняўся ўзвядзеннем новага цаглянага палаца (перад тым палац быў драўляны) і побач  з  ім  пабудаваў капліцу, якая прызначалася для  рэлігійных  патрэб  сям’і  Агінскіх.

Праектаваў яе архітэктар нямецкага паходжання Міхал Шульц – васьмігранную, каменную, у стылі класіцызму. Яна ўяўляла сабою невялікі храм з двухярусным  разным драўляным алтаром, зробленым з хвойных парод дрэў; разныя дэталі – пазалочаныя. Цагляныя сцены былі атынкаваныя, а над дахам узвышалася драўляная  6-гранная вежа з шатровым купалам. У 1915-м і ў 1930-х гадах капліца перабудоўвалася.

    Гістарычныя буры на працягу вякоў прыносілі шмат змен не толькі ў лёсы дзяржаў, пакаленняў, асобных людзей, але і тых архітэктурных і сакральных помнікаў, якія ў пэўны перыяд былі сімвалам магутнасці дзяржавы, краю, роду…  Мянялася іх прызначэнне, у тым ліку  – і палаца Агінскіх.  У 1822 годзе кампазітар пакінуў Залессе, у якое ўклаў фінансавыя сродкі, натхненне, талент,  і назаўсёды выехаў у Італію. Пасля яго ад’езду сядзіба пераходзіла ад аднаго ўладальніка да наступнага, новыя гаспадары прыстасоўвалі яе пад выкананне розных функцый – была прыватным домам адпачынку, санаторыем…  У гады Другой сусветнай вайны ў палацы размяшчаўся нямецкі штаб, а  пасля вайны тут зрабілі дом  для састарэлых.

Яўген Іванавіч Рубан

Яўген Іванавіч Рубан

 Які ж лёс спасціг капліцу Маці Божай Вострабрамскай, гэты знак Божай прысутнасці ў надзвычай маляўнічай мясцовасці? Можна сказаць, што ў пэўным сэнсе ёй пашанцавала – вайна не кранула, а ў савецкі час яе будынак выконваў ролю кінатэатра (добра што хоць не стайні), таму яна нядрэнна захавалася. “Алтарная частка і сёння знаходзіцца ў  першапачатковым выглядзе”, – адзначыў старэйшы навуковы супрацоўнік установы Васіль Грыбанаў. Моладзь “хадзіла ў кіно”, а асобныя людзі старэйшага веку, ведаючы гэтае даўно намоленае месца, прыходзілі памаліцца (касцёла паблізу не было), маючы ў сваім сэрцы веру і надзею, што Бог чуе, Бог бачыць, Бог дапаможа і ўсё зробіць, як трэба… У розныя  перыяды  гісторыі капліцу  абслугоўвалі   святары пераважна  са Смаргоні.

96-гадовы  жыхар суседняй вёскі Міхневічы Яўген Іванавіч Рубан захоўвае ў памяці і такі  факт, звязаны з гісторыяй капліцы ў Залессі:

– У вайну ў палацы размяшчаўся нямецкі штаб. Немцы ж чапляліся да мясцовых, асабліва мужчын, каб тыя не мелі ніякіх стасункаў з партызанамі, з камуністамі. Знайшоўся адзін такі чалавек, які захацеў, мусіць, выслужыцца перад гітлераўцамі і агаварыў мясцовых мужчын. І што думаеце – шасцярых мужыкоў адразу арыштавалі, замкнулі ў капліцы, пагражалі расстрэлам.  Але Бог мілаваў. Даведаўся пра гэта мясцовы бацюшка, настаяцель  Пакроўскай царквы Хрысанф Калінскі і пайшоў прасіць нямецкага афіцэра, каб той адпусціў невінаватых людзей. І адпусцілі мужчын, а таго даносчыка, казалі, немцы расстралялі.

 

Напалеон Орда. Залессе. Палац князёў Агінскіх.  Малюнак 1872 г.

Напалеон Орда. Залессе. Палац князёў Агінскіх.
Малюнак 1872 г.

…Сёння капліца Маці Божай Вострабрамскай, якая, па сутнасці, для мясцовых выконвае ролю касцёла, як і раней, знайходзіцца пад апекай святароў парафіі Св. Міхала Арханёла са Смаргоні. У нядзелі і ў святы ў ёй цэлебруецца святая Імша. Місія аднавілася на пачатку 90-х, і каплічка прадаўжае быць тым месцам, куды людзі спяшаюцца на спатканне з Богам.

 

 

 

 

 

 

 

   Вераніка БЕЛЯК.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD

Гродзенская вобласць.


 

 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігурдасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий