Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у вёсцы Літва Ляхавіцкага раёна.
«Мама, па-па…»
Ой, памятае, памятае Літва (не суседняя памежная дзяржава, а вёска ў Ляхавіцкім раёне), якая трагедыя здарылася ў лютым 1991 года і калі з’явілася каплічка Маці Божай Беззаганнага Зачацця каля хаты Ўладзіславы Пятрушка…
У 42 гады яна засталася ўдавою з трыма дзецьмі – можна сказаць, не зусім малымі, але з такімі, пра якіх кажуць “на взлёте”: Гену – 18, Тані – 17, Сяргею – 13. Думай, маці, прымай рашэнні і за сябе, і за бацьку, бо Сяргей – яшчэ школьнік, Таня – навучэнка першага курса тэхнікума ў Баранавічах і толькі старэйшы Гена ўладкаваўся на самастойную працу ў калгасе – трактарыст. Малілася і прасіла Бога аб адным: каб дзеці былі здаровыя і каб не кранулі іх ніякія сучасныя шкодныя звычкі і залежнасці.
Сама Ўладзіслава таксама працавала ў калгасе, на паляводстве, а якія былі заробкі? Смешныя, калі не сказаць больш вострае слова. Трымала хатнюю гаспадарку – тым і жылі. Праўда, усе вясковыя дзеці раслі працавітымі, разважлівымі, не былі выключэннем і дзеці Ўладзіславы Балеславаўны. Прыйшоў час – абодва сыны адслужылі ў войску, а на працу пасля ўладкаваліся ў горадзе, у Баранавічах: Гена стаў пажарнікам, Сяргей – рабочым будаўнічай брыгады адной з воінскіх часцей.
Кожную раніцу яны разам пакідалі бацькоўскі дом, спяшаючыся на рэйсавы аўтобус, каб ехаць у горад.
– І ў той дзень выйшлі абодва, – жанчына ледзь перавяла дух, – а я акурат карову ішла напаіць. Бачу, Гена варочаецца шапку сваю шукаць, бо незнарок схапіў Сярожаву… Знайшоў, ускінуў на галаву, і ўжо каля веснічак аглянуліся, памахалі рукамі і, як у дзяцінстве, дваіх у адзін голас: “Мама, па-па…”.
Развітанне 12 лютага было апошнім.
Ўладзіслава займалася звычайнымі справамі па гаспадарцы, як у хату ўляцела суседка: “Уладзя, званілі з бальніцы, тваіх хлопцаў забіла машына!”. “Не можа быць, яны ж нядаўна з дому!..” – адзінае, што адказалі на тое безуладныя матчыны вусны… На бягу схапіла ружанец і хутчэй да знаёмага вадзіцеля: “Вязі ў бальніцу, можа, не яны…”. З жудаснай весткай матчына сэрца згаджацца не хацела.
Але гэта былі яе сыны – 26-гадовы Гена і 21-гадовы Сяргей. Ішлі на аўтобусны прыпынак, ішлі па абочыне дарогі, і на абодвух наляцеў ваенны аўтобус. Атрыманыя імі траўмы аказаліся не сумяшчальнымі з жыццём.
У дзень пахавання было мора людзей, знаёмых і не знаёмых, каталікоў і праваслаўных, каля хаты дзяжурыла хуткая медыцынская дапамога, і такая кудаса паднялася, што свету відаць не было. З дому траурная працэсія накіравалася ў Дараўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, святую Імшу цэлебраваў кс. Антоній Гей. Ўладзіслава сядзела каля алтара, перабіраючы пацеркі ружанца, і ўсё яшчэ не верыла, што дзве труны на сярэдзіну храма прыбылі з яе хаты…
– Дзень і ноч малілася да Маці Божай, каб дапамагла мне перажыць маё гора, і Бог мяне пашкадаваў, – гаворыць 82-гадовая Ўладзіслава Пятрушка, – паслаў мне вельмі добрага зяця. Што б магла зрабіць я адна, як выжыць? А хто б нам каплічку зрабіў, каб не ён?
– Пасля страты сваіх сыноў ездзіла я пагасціць да сваякоў у Польшчу, – працягвала жанчына, – і зачаравалася тым, што на многіх надворках стаяць прыгожа ўбраныя невялікія каплічкі. Тады падумала: як жа гэта добра – штодня прысутнасць Маці Божай побач. Нечакана прыйшла думка: і я магла б каля Яе маліцца, і іншыя б да мяне далучыліся… Але гэта была толькі думка, жаданнем сэрца яна стала значна пазней, пасля таго, як у Польшчу з’ездзіла мая стрыечная сястра Зося. Яна пазнаёмілася там з законнымі сёстрамі, і тыя, пачуўшы маю трагічную гісторыю, падарылі мне праз маю сястру фігурку Маці Божай Беззаганнага Зачацця. Так і сказалі: “Няхай Маці Божая апякуецца пані Ўладзіславай”. І тады мы ўсе разам вырашылі: не трымаць фігурку ў хаце, а будаваць на надворку каплічку.
Але як будаваць? Ні ў кога ж ніякага вопыту. Раіліся з пробашчам кс. Янам Глінка, шукалі фота, малюнкі, а пасля запраглі каня і паехалі ў поле збіраць камяні… Будаваў мой зяць Генадзь. Усё атрымалася добра. Пробашч асвяціў нашу каплічку, і ў маім сэрцы запанаваў спакой.
– Прайшло ўжо болей за 15 гадоў, як пабудавалі,– гаворыць Уладзіслава Балеславаўна, – і каплічка стала не толькі знакам памяці пра маіх сыночкаў, але і месцам малітвы вяскоўцаў, усіх, каму цяжка дабірацца да касцёла. Збіраемся на маёвыя набажэнствы, у лістападзе на Ўрачыстасць Усіх Святых, да нас прыязджае пробашч, молімся. Разам са мною заўсёды моляцца за Гену і Сярожу былыя аднакласнікі старэйшага сына – Люцыя Коктыш і Валера Бяляўскія. Сёння яны – сужэнства, якому я моцна ўдзячная. А яшчэ каля каплічкі часта астанаўліваюцца прахожыя – памоляцца, пастаяць хвілінку… Пазалетась прыязджалі людзі з Расіі, недзе аж з Сібіры. Зайшлі ва двор і пытаюцца: “Можно сфотографироваться возле вашей часовенки? У нас таких нигде не встретишь…”. “Чаму не, фатаграфіруйцеся, – кажу ім. – І каб у вашых хатах не было бедаў, каб дзяцей хаваць ніколі не прыходзілася”.
Вераніка БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
і з фотаальбома сям’і.
Брэсцкая вобласць.
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.