Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у вёсцы Бачэшнікі Іўеўскага раёна.

 

 

 

Падзяка Нябеснай апякунцы

 

 

 

f-str-28…Хочаце верце, хочаце – не, але прыдарожная каплічка, што стаіць насупраць дома № 18 у вёсцы Бачэшнікі на Іўеўшчыне, падобная да… нявесты – такое застаецца ад яе ўражанне.

Па-першае, заўважна здалёк: у белай «футры», з фіранкамі-вэлюмамі на вокнах, упрыгожаная кветкамі, нібы шлюбнымі вяночкамі.  Па-другое –  навюткая і сучасная: усё тое, што выкарыстана пры яе будоўлі і добраўпарадкаванні, бачым у вялікай колькасці  ў сённяшніх магазінах. Узведзена з  цэглы, з выкарыстаннем шкла, з яго часткова зроблены бакавыя сцены, дзверы, праз якія добра відаць унутранае ўбранства: фігурка Маці Божай Фацімскай у цэнтры, абразы Пана Езуса. Бялюткія фальбоны нейлонавых фіранак… Усё быццам з паветра і аблокаў… Бетонная падлога засцелена зялёным дываном. Шкляныя дзверы каплічкі ахоўвае навясны замок. Але кожны, хто захоча ўвайсці ўнутр, каб там памаліцца, – калі ласка, праз вуліцу па ключ да Галіны Францаўны Дударэвіч. Гэта яна, як цяпер кажуць, аўтар праекту і спонсар.f-str-29

– Заўважылі-такі маю каплічку, – з задавальненнем пачала роспавед, як толькі мы пастукалі ў дзверы. – Калі мы скончылі яе, і наш пробашч кс. Анджэй Бурак асвяціў, кажу сваёй старэйшай дачушцы: Марынка, можа трэба ў інтэрнэт змясціць, няхай людзі ведаюць… “Каму трэба, – адказала яна, – той сам убачыць…”. І нікуды не падала… Але ўсё роўна: хто адкуль ні едзе – застановіцца, памоліцца, за нешта Богу напэўна падзякуе. Хіба няма за што дзякаваць?

Я і пра сябе ўзгадваю, прадаўжала жанчына, каб не дапамагаў Бог, каб не апекавалася мною Маці Божая, як бы я жыла? Падумайце самі: мне было 13 гадоў, як памерла мама. Акрамя мяне, засталося трое меньшых, самай маленькай – крыху болей за паўтара годзіка… Як жыць? Тата хутка ажаніўся (у сяле без гаспадыні немагчыма), а праз год я, скончыўшы восем класаў, пайшла працаваць. Было гэта ў сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Да нас з Латвіі прыязджалі машыны, забіралі моладзь на праполку буракоў, і мы з радасцю ехалі. Там нас і рассялілі; жывём, працуем, стараемся – аж гай шуміць. Памятаю, мне адмералі цэлы гектар – прапалоць і прарэдзіць. За першую праполку плацілі болей, бо яна цяжэйшая, за другую – меней, яна лягчэйшая. Але прыехала дамоў багатая – купіла ўсім сваім малодшым касцюмчыкі і многа шампуні. Тым шампунем “Дзінтары” надзяліла ўсіх  вясковых дзяўчат (на той час у нас гэтага яшчэ не было) – ох, і ўдзячныя былі…

Галіна Францаўна Дударэвіч

Галіна Францаўна Дударэвіч

На працу ў Латвію паехала яшчэ раз і трапіла ў вельмі добрую сям’ю, якая не мела сваіх дзяцей. Мяне там прыпісалі, за паўгода вывучыла латвійскую мову, палюбіла сваіх гаспадароў, а яны – мяне. Называлі Марутай (па іхняму – божая кароўка, у мяне твар быў у вяснушках). Запрашалі застацца з імі назаўсёды. Мо б так і здарылася, каб не вяселле мамінага роднага брата тут, у Бачэшніках, куды я прыехала і дзе пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Праз некаторы час выйшла за яго замуж, нарадзіла дачушку, і прыносіць паштальён пісьмо з Латвіі. Мая гаспадыня перанесла цяжкую аперацыю і чакае мяне там. Я зноў паехала, ужо з дачушкай, а праз некаторы час прыехаў за мною муж. Гаспадары далі нам жыллё –  другі паверх свайго дома, там нарадзіўся наш сынок, і жыць было добра. Але мая свякроўка ўсё ж перамагла  – мы вярнуліся на радзіму. Тут нарадзіліся ў нас яшчэ двое сыноў; на жаль, апошні сынок загінуў трагічна.

…Хіба ёсць маці, якой лёгка дастаюцца ўспаміны пра трагедыі, ці хваробы, ці няўдачы сваіх дзяцей? І Галіна Францаўна ледзь пераводзіць дух, распавядаючы пра страты, якіх нельга вярнуць і якіх нельга забыцца.

Яна і сёння жыве ў тым самым доме, у які яе, 17-гадовую, прывёў каханы Леанід (на жаль, летась адышоў з жыцця і ён). Гэта дом ягоных бацькоў, а насупраць – каплічка Маці Божай, якую шэсць гадоў таму паставілі разам з мужам і дзецьмі па яе, Галінінай прапанове.

Пробашч лаздунскай парафіі Святых Сымона і Юды Тадэвуша  кс. Анджэй Бурак падчас асвячэння капліцы ў Бачэшніках. 2017 г.

Пробашч лаздунскай парафіі Святых Сымона і Юды Тадэвуша
кс. Анджэй Бурак падчас асвячэння капліцы ў Бачэшніках. 2017 г.

– Каплічка, – удакладняе Галіна Францаўна, – гэта працяг той справы, якую пачынала мая пра- пра-бабуля Юзэфа прыкладна 150 гадоў таму. Прыехала з Амерыкі, надта багатая, пабудавала школу, малатарню, капліцу пасярэдзіне вёскі, пасадзіла сад. Пра гэта расказвалі старэйшыя жыхары Бачэшнікаў, сёння з іх нікога ўжо не засталося. Тая каплічка ад часу спарахнела, але людзі ведалі гісторыю яе ўзнікнення. Насупраць нашага дома стаяў крыж драўляны, і ад часу таксама зваліўся. І тады мы з мужам вырашылі паставіць новы крыж, а каплічку – перанесці. Але пераносіць ужо не было чаго, толькі замералі фундамент, каб зрабіць такога ж памеру. Найболей сіл уклаў у пабудову мой сын Дзмітрый. Дапамагалі ўсе дзеці і іх сем’і, нават Дзіміны сябры. Каплічка, здаецца, і невялікая, а працы пры ёй было шмат.

На асвячэнне сабралася многа людзей. Цэлебраваў урачыстасць пробашч лаздунскай парафіі кс. Анджэй Бурак. Я была моцна ўзрушаная і адначасова шчаслівая: рана страціла родную маці і па дапамогу звярталася заўсёды да Маці Божай. Яна мяне чула і мне дапамагала. Гэтая каплічка – мая асабістая падзяка Нябеснай апякунцы.

 

 

 

Тэкст Веранікі БЕЛЯК.

      Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD

і з архіва сямі Дударэвічаў

Гродзенская  вобласць


 

 

 

 

 

Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігурдасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий