Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у вёсцы Янкавічы Стаўбцоўскага раёна.

 

 

 

Крыж – каб на гадоў 500…

 

 

 

…Да чаго ж вясковыя людзі шчырыя  і абавязковыя! Дамовіліся сустрэцца ў  пэўны  час каля крыжа, што пасярэдзіне вёскі, едзем крыху раней, каб, як кажуць,  агледзецца  самым. Ды дзе там,  яны  ўжо  паўга-дзіны,  як  на нас  чакаюць!  Заўважылі  машыну  – махаюць   рукамі,  клічуць – Соф’я   Бернардаўна  Кузёмка  і  Катажына Фляр’янаўна Ключнік.f-str-28

– Вы пра нашы крыжы хацелі папытаць і каплічкі? – удакладніла пані Соф’я. – Дык лепей няхай Катажына  скажа, у  яе памяць добрая, усе  дробязі  помніць, а ў мяне, хоць і малодшая за яе,  памяць слабейшая…

 Знаёмімся з Катажынай:

– Колькі гадоў Вам, шаноўная?

 – Ад грамніц 91-ы  пайшоў, – і ў вачах жанчыны  прамільгнуў  радасны агеньчык. – Я тут у Янкавічах нарадзілася, тут і жыву. Прыязджаюць дзеці, унукі, даглядаюць – не скарджуся. Два разы на дзень іду сюды да крыжа, памалюся, пасяджу, з Богам пагавару. З якога боку вы да нас ехалі? Як з Дзераўной , то  павінны былі бачыць крыж, што пры лесе стаіць і з дарогі добра відаць. Гэта крыж памяці пробашча Дзераўнянскай парафіі кс. Паўла Доўжыка і ахвяраў, што забілі фашысты летам 1943 года.

Кіламетраў за два ад трасы, дзе стаіць крыж, прадаўжала бабулька, ёсць невялікая вёсачка Крачаты і крыніца з жывой вадой. Вясковыя дзеці гулялі і ўбачылі забітага чалавека, апазналі, што гэта ксёндз, расказалі Буднічысе, яна там недалёка жыла. А Буднічыха (Юля Буднік) адважная была, мужная, запрагла каня, f-str-29ўзяла чым прыкрыць цела  нябожчыка і павезла яго ў Дзераўную, дзе служыў: паўз лес, пры полі, па  жыце… Паехала адна – нічога не пабаялася! Па дваіх людзі тады не ездзілі, разважалі: калі заб’юць – то аднаго, а не дваіх адразу. Дазналіся дзераўнянскія каталікі, набеглі – каля касцёла пробашча і пахавалі…Такая гісторыя…  Да блакады (блакадаю пані Катажына называе жудасныя па-дзеі, якія ўчынілі фашысты летам 1943 г., спаліўшы некалькі паселішчаў) ў вёсцы і ваколіцах было восем крыжоў. Не ўсе захаваліся – час нішчыў, саветы знішчалі.

…Пра тое, як улады ваявалі супраць крыжоў, расказвала нам жыхарка вёскі Вольга Грышан: “Насупраць нашай старой хаты стаяў крыж. Аднойчы, у сярэдзіне  працоўнага  дня (60-я гады былі), пад’язджае  машына, з кузава саскочылі мужчыны з піламі – і адразу да крыжа. А тут мая набожная бабуля  як  загалосіць,  абняўшы  крыж: “Толькі разам са мною!”, і  брык – і ўпала (у бабулі было хворае сэрца). А тады мая мама мужчынам: “Цяпер рабіце з ёю што хочаце!”. Адступіліся, але   праз некаторы час ўсёроўна крыж убралі… Але, дзякуй Богу, былі  і  такія  пабожныя,  якія  крыжы ставілі і ставяць.  У нас жыве Міхал Супрановіч – тры  крыжы  паставіў, каплічку  напрыканцы  вёскі збудаваў…f-str-29-2

Каплічка, якая ўшаноўваецца сёння вяскоўцамі, мае гісторыю таксама трагічную і пра яе старэйшыя мясцовыя  добра  памятаюць:

–  Збіраліся  людзі  на маёвыя, восенню – на ружанцовыя набажэнствы,  а  перад  Вялікаднем ксёндз прыязджаў асвячаць “сявенькі”, гэта значыць стравы на святочны стол. Ну і калі хтосьці адыходзіў з зямнога  жыцця,  працэсія  павольна рухалася праз вёску ў бок Налібокаў, застанаўлівалася каля каплічкі, маліліся Анёл Панскі, і тут многія з нябожчыкам развітваліся.  Вайною каплічка ацалела, але прыйшлі 60-я, гады ваяўнічага атэізму, і будаўнікам камунізму яна стала “ўпоперак дарогі”.  Аднойчы ноччу, як злодзеі, зачапілі каплічку тросам, і трактар  звярнуў з фундаменту, ператварыўшы яе ў груду лому. Застаўся толькі камень, на якім стаяла фігурка Маці Божай, але і яна разбілася. Праз некаторы час  людзі  прыбралі тое месца,  абгарадзілі невялікім  плоцікам. Але  і  плоцік той стаў перашкодаю, і яго звярнулі і вывезлі, каб спаліць. Застаўся толькі камень, і людзі пачалі хадзіць да каменя –  бо месца было намоленае.

У 1992 годзе Міхал Супрановіч зрабіў  новую  кап-лічку, вясковыя мужчыны дапамаглі ўстанавіць яе, паставілі алтарык, дарэчы, з дому сужэнства Буднік, набылі абразы, і дух Божы завітаў на вясковую вуліцу ў Янкавічы. Да  жыхароў  вярнуліся  вясновыя і восеньскія  набажэнствы,  працэсіі  на  Крыжовыя  дні, спеў Літаній, а таксама традыцыйныя “сявенькі” перад Вялікдзень.

Знаёмімся з Міхалам Іосіфавічам Супрановічам:

Міхал  і  Ірына   Супрановіч

Міхал і Ірына Супрановіч

– Як прыйшла Вам да галавы такая светлая думка – рабіць крыжы, будаваць каплічку?

– А я гэта не толькі для сябе – для ўсіх людзей. Мы памром, а крыжы застануцца, нашчадкі будуць ведаць, што перад  імі  жылі тут хрысціяне і дзякавалі  Богу за кіраўніцтва іх жыццём. А як думка прыйшла? Праўду  кажучы, ездзілі мы з жонкаю ў Польшчу ў госці, і там я ўбачыў,  што  людзі  маюць  невялікія  каплічкі ў сябе ва дварах. Падумаў, чаму ж мне не зрабіць такое  невялікае  сакральнае  збудаванне, сям’я  будзе  карыстацца. Зрабіў, а пасля разважаем з жонкай:  не,  нядобра гэта, няхай каплічка зойме  тое  месца, дзе ўжо стаяла  яе папярэдніца. А крыж, што паставіў  каля  свае хаты, гэта таксама  знак  Божай  прысутнасці, але  задумаў  зрабіць  новы – чатырохкантовы  металічны  “корпус”, а ў  сярэдзіне  – дуб. Каб  на  гадоў  500   хапіла    яго   трываласці.  Зрабіць  проста  металічны  не  хачу – метал  асацыіруецца ў чалавека з холадам, а дрэва – з цяплом.

…Пакінулі  мы  вёску Янкавічы з пачуццём вялікай павагі да тых верных, дзякуючы якім і вітае дух Божы  на  вясковай  вуліцы.

 

 

  Тэкст Веранікі БЕЛЯК.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD

 Мінская вобласць


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий