Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у вёсцы Сваятычы Ляхавіцкага раёна.
Калі камяні не маўчаць
У пісьмовых крыніцах першыя звесткі пра Сваятычы, што ў Ляхавіцкім раёне, сустракаюцца ў 1506 годзе. Сваятыцкі палац і парк былі ў свой час самымі прыгожымі сярод існаваўшых y Навагрудскім ваяводстве. У 1876 г. y Сваятыцкім маёнтку пабываў Напалеон Орда, які пакінуў y мастацкай спадчыне дзве акварэлі з відамі палацава-паркавага ансамбля. На адной з іх адлюстравана каплічка, на месцы якой сёння – вялізны камень…
Яніна Адамаўна Рудкоўская, 84-гадовая жыхарка Сваятычаў, узрадавалася, калі даведалася, што нехта яшчэ, “з прыезджых”, зацікавіўся мясцоваю каплічкаю. Разам з намі падыйшла да сакральнага збудавання, што стаіць на скрыжаванні дарог Сваятычы – Грыцкавічы – Сноў, і пачала расказваць даўнюю гісторыю вёскі:
– Вы ж, напэўна, ведаеце, якім знакамітым было калісьці наша мястэчка, яму ўжо болей за 500 гадоў. Рамеснікі ў ім жылі, гандляры, трымалі жывёлу, разводзілі коней, ну а кіравалі ўсім – уладальнікі. Мелі прыгожы палац, парк, многа зямлі і надта любілі прыгажосць. Паглядзіце, – цешылася суразмоўца, – нават сёння яшчэ захаваліся векавыя дрэвы былых ліпавых алей. З якога боку вы да нас ехалі?.. Бачылі, колькі кустоў бэзу паабапал дарогі, а водар з яго які (мы наведалі Сваятычы акурат у маі) – гэта ўсё вядзецца яшчэ з той пары… Уладальнікі мяняліся, апошні з іх Генрых Плятэр выехаў за мяжу перад 39-м годам. Палацава-паркавы ансамбль быў узарваны адступаючымі немцамі ў 1944 годзе, разбураны гаспадарчыя пабудовы. На месцы палаца ў савецкія часы была пабудавана школа, а сёння ў ёй няма каму вучыцца, няма дзяцей, вёска, на жаль, вымірае. Што засталося ад былых уладальнікаў – дык гэта каплічкі… Мае бацькі расказвалі, што ўладальнікі маёнтку пабудавалі аж тры каплічкі – гэтую, другую на могілках і трэцюю – пры выездзе з ліпавай алеі на дарогу, якая вядзе на Ляхавічы. Апошняя не захавалася, там вялізны валун цяпер і на ім – дошка з гістарычнай даведкай пра наша мястэчка, там можна ўсё прачытаць.
… Да валуна з гістарычнай даведкай вернемся пазней, а зараз моўчкі стаім каля каплічкі, якую ахоўваюць чатыры магутныя лістоўніцы, – гэты знак Божай прысутнасці стаіць тут ад пачатку XIX стагоддзя. Як напамін пра далёкіх продкаў, якія верылі ў Бога і Ягонае кіраванне людскімі лёсамі, і як знак Божай прысутнасці сёння.

– Мама расказвала, – удакладняе Яніна Адамаўна, – што падчас Другой сусветнай вайны тут фронт стаяў, моцная страляніна была. Але бачыце – Бог захаваў і каплічку, і побач з ёю – гэтыя чароўныя дрэвы. Колькі яшчэ прастаяць… Кажуць, што лістоўніца можа жыць і трыста гадоў, і болей… Гэта чалавечае жыццё кароткае… А людзі каля каплічкі заўсёды збіраліся: напярэдадні Вялікадня праводзілі Крыжовы шлях, у маі – на маёвыя набажэнствы, у кастрычніку – на Ружанцовыя, у лістападзе – на Ўрачыстасць Усіх Святых і тыдзень малітваў за памерлых. Я сёння і сама: куды б ні йшла – падыйду да каплічкі, памалюся…
– Людносці некалі было многа ў Сваятычах, – працягвае жанчына, – у асноўным жылі католікі, моцна набожныя: прытрымоўваліся святаў, хадзілі да касцёла, адным словам, стараліся жыць па Божых законах. Але ж наш касцёл Святога Юрыя доўгі час быў зачынены.
Так, касцёл у Сваятычах быў і ёсць сёння, дзейнічае, але яго напаткаў той самы лёс, што і многія іншыя каталіцкія храмы. У другой палове XIX ст. будынак храма быў перададзены праваслаўнай царкве; у 1918 годзе – вернуты каталіцкай парафіі; пасля Другой сусветнай вайны зачынены тагачаснымі кіруючымі ўладамі, выкарыстоўваўся пад склад, у пачатку 90-х вернуты парафіянам.
І ў розныя перыяды часу, на працягу дзесяцігоддзяў ролю храма для мясцовых католікаў адыгрывала капліца, што і сёння стаіць на могілках, у якую час ад часу прыязджалі ксяндзы. Часцей за ўсё гэта адбывалася з прычыны смерці каго-небудзь з вяскоўцаў, таксама на святы і ў лістападзе на Ўрачыстасць Усіх Святых.
– Адкуль толькі ні прыязджалі былыя нашыя землякі, – успамінае Яніна Адамаўна: – з усяе Беларусі, з-за мяжы, каб пакланіцца родным палеткам і ўкленчыць перад святой памяццю. Каплічка на могілках не магла змясціць усіх жадаючых, таму цэлебравалася святая Імша каля яе.
… Апошняя нашая астаноўка – валун з гістарычнаю даведкаю. На гэтым месцы стаяла каплічка з фігуркай Святой Мацільды, апякункі роду фундатара. На жаль, Другая сусветная вайна абыйшлася з каплічкаю бязлітасна…Нават цяжка ўявіць, колькі малітваў з падзякаю Богу за жыццё, і колькі малітваў-спадзяванняў прагучала тут з людскіх вуснаў за два стагоддзі. Трэба прыслухоўвацца: ні камяні не маўчаць, ні людскія сэрцы – малітвы за мір, за сям’ю і добры ўраджай, за жыццё і любоў да Бога і бліжняга гучаць і сёння.
Вераніка БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Брэсцкая вобласць.
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.