Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у вёсцы Віржы Докшыцкага раёна.
Віржанскія таямніцы
Сонечным вераснёўскім днём вёсачка Віржы сустрэла нас моцным пахам спелых яблык. Ва мне ён жыве з дзяцінства: памятаю, бабуля саджала ў печ шырокія бляхі з яблыкамі, каб іх падпячы. Пасля выцягвала, злёгку пасыпала цукрам – фантастычныя прысмакі! Няўжо той самы густы пах? А можа гэта настальгія? Можа туга па страчанаму? Хутчэй за ўсё, апошняе – вёсачка паціху адыходзіць у гісторыю…
Камень-помнік
Наш праваднік, Галіна Глушкевіч, таксама сустрэла нас двума кошыкамі яблык – з паласатай барвяной чырванню, духмяных, налітых сокам: “Частуйцеся!..”. Хвіліну-другую мы затрымаліся на вуліцы, удыхаючы паветра і пры-слухоўваючыся да цішыні, пасля жанчына павяла нас да тых знакаў Божай прысутнасці, якія ўдасканалілі яе сэнс жыцця і дзеля якіх прыехалі мы.
Камень-помнік, з якім звязана шмат гісторый, успамінаў і версій, ляжыць тут, як кажуць, спрадвеку. Да 1939-га стаяў перпендыкулярна вясковай вуліцы, але ў верасні таго ж года прайходзіла тут калона савецкіх танкаў, першы з іх зачапіў камень гусеніцамі і валун рухнуў. Людзі адразу схамянуліся – на ім жа былі надпісы, нейкія яшчэ знакі і галоўнае – быў выбіты крыж, знак, які яднае хрысціянаў. А тое, што надпісы былі зроблены на невядомай вяскоўцам мове, на доўгія дзесяцігоддзі засталося прадметам іх разважанняў. Адныя лічылі, што гэта з напалеонаўскай вайны, другія казалі, што камень болей старажытны і звязаны са старадаўнім паселішчам у гэтай мясцовасці, іншыя выказвалі здагадку, можа ад язычніцтва яшчэ, баба Серафіма Бабровіч сцвярджала, што захаваныя каля яго два польскія афіцэры (невядома толькі каторай вайны), а кс. Кшыштаф Грошэк, які служыў тут, на падставе архіўных дадзеных выказаў думку, што камень стаяў на пачатку старажытных могілкаў. Вывучаць яго прыязджалі і літоўскія вучоныя, але да якой вы-сновы прыйшлі, невядома.
– Якая б таямніца ні атуляла гэты камень, – разважае наша суразмоўца Галіна, – але ён тут – раней за ўсіх нас. Ён – частка нашай вёскі, маўклівы сведка яе радасных і пакутных падзей, мы да яго прызвычаіліся. Калісьці нават людзі спатканні вызначалі адзін другому “каля каменя”, збіраліся тут пабавіць час. А выбіты на ім крыжык – гэта наш хрысціянскі сімвал, знак Божы… І гэта чалавечая рука нанесла на ім надпісы, знакі, цыфры.
У 2005 годзе, прадаўжала Галіна, дарожнікі займаліся рамонтам і добраўпарадкаваннем дарогі, і я прасіла: камень не чапайце, гэта наша рэліквія, памяць пра нашых продкаў… Але сачыць за працай не сачыла – акурат у той час я пахавала мужа. А пасля, крыху ачуняўшы, заўважыла, што каменя няма. Куды падзеўся? А ніхто не ведае. Шукала яго 10 гадоў, абыйшла ўсе месцы, куды звозілі валуны з дарог, будаўнічае смецце і ўсё непатрэбнае. І знайшла (не адзін раз прайходзіла каля яго – не пазнавала, другім бокам ляжаў). Пасля гэтага жыхары вёскі звярнуліся да кіруючых уладаў і, дзякуючы іх умяшальніцтву, у 2015 годзе камень вярнулі ў вёску.
Прыдарожны крыж
Прыдарожныя крыжы звычайна ўстанаўліваліся пры ўездзе ў населены пункт. Падобна і гэты, незвычайны і нетрадыцыйны, з чатырохскатнай крышай, з Распяццем Езуса Хрыста і з прыладамі, якія звязаны з Ягоным Укрыжаваннем, што стаіць сёння, увасабляў калісьці памкненні першых жыхароў Віржаў – жыць з Богам, спадзяючыся на Божую міласэрнасць. Прастаяў і ён ужо значна болей за сто гадоў, аб чым сведчанні перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна. Вёску Віржы моцна не кранула, але з абодвух ваюючых бакоў час ад часу заляталі сюды разведчыкі. Аднойчы прыбыў нямецкі эскадрон, засеў за вясковымі хатамі. У той жа дзень вырашылі праверыць вёску і казакі рускай арміі. Двое коннікаў прыскакалі ў Віржы з Ваўкалаты, імчаліся галопам. Калі яны наблізіліся да крыжа, немцы адкрылі страляніну. Адзін з коннікаў упаў… Немцы кінуліся ў бок балота і далей – на вёску Габы.
Пра гэты эпізод расказвалі не толькі вясковыя старажылы, але напамінала таксама і чатырохскатная крыша – яе “прашыла” тая самая куля, якая выратавала жыццё другога казака…
Пасля былі іншыя войны: у 40-я гады – з фашыстамі, а пазней пачалі ваяваць… з Богам.
– Недзе на пачатку 70-х гадоў, – працягвала свой расказ Галіна, – было свята Святой Магдалены, гэта 22 ліпеня. Мы з жанчынамі сабраліся пайсці да касцёла ў Ваўкалату, а брыгадзір: “Не пойдзеце; трэба сена ўбіраць, а не па касцёлах хадзіць!”. Мы спрабавалі спакойна папрасіць, каб уважыў нашыя пачуцці, нашыя жаданні, ды дзе там – вырваў з плоту штакеціну і ўдарыў па фігурцы Распятага Езуса: “Я пакажу вам вашага Бога!”. Стопы ног Распятага рассыпаліся ўшчэнт… А праз некаторы час у брыгадзіра-вандала адказалі ногі, з ложка не ўставаў і памёр.
У 2019 годзе крыж (падрамантаваны ў 1974-м) быў заменены на новы – фігурка Езуса, драбінкі, кавалак малатка, цвікі – усё, што існавала ад пачатку, засталося, замянілі дрэўца крыжа і крышу. Пробашч Ваўкалацкай парафіі кс. Алег Півавар асвяціў крыж, і зараз зноў ідуць да яго нямоглыя старэнькія, каб памаліцца, каб сказаць Богу сваё людское : “Хвала Табе, Хрыстэ!”.
Вераніка БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Віцебская вобласць.
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.