Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у вёсцы Вугляны Камянецкага раёна.

 

 

«Спаси и сохрани…»

 

 

Што ні кажыце, а ўсё ж прыходзіць хвіліна, калі чалавеку надакучае бясконцая хуткасць гарадскога  жыцця, яго прымусовы рытм, мітусня, асабліва, калі ён або ў вёсцы нарадзіўся, або ўжо не адзін раз быў зачараваны вясковай цішынёй ці слухаў забаўляльнае цёхканне салаўя, чырыканне  перапёлкі, клёкат  буслоў. Дзеля гэтай прыроднай, амаль казачнай прыгажосці людзі  вяртаюццачасам на бацькоўскія або дзедавыя палеткі, часам купляюць старыя хаты, імкнучыся ўдыхнуць у іх новае жыццё.

 

Дарэстаўрацыйны здымак  Вадзіма Пракапчука

Дарэстаўрацыйны здымак Вадзіма Пракапчука

Нешта падобнае адбываецца і ва ўтульнай  вёсачцы  Вугляны, што знаходзіцца на поўдні Белавежскай пушчы, на паўночны ўсход ад Камянца. Пастаянных жыхароў у ёй з кожным годам, на жаль, усё меней – сёння крыху болей за 10 чалавек, аднак вёска старанна захоўвае адбітак мінулага беларускага дойлідства. Паабапал вуліцы старыя – але, пэўна,  з моцнага дрэва збудаваныя – дамы, і ў кожнага – адмыслова прыгожы, выраблены на асабісты ўзор гаспадара шчыт франтона. Прыгледзеўшыся  ўважліва, разгледзіш на іх ромбы, квадраты, ёлачкі. Там-сям з масіўных сцен  хат  паглядаюць на нас шклопакеты вокнаў – сучасны трэнд! Некаторыя дахі пакрыты ліставым жалезам, ад часу паржавелі… (так, будавалі навекі, ды век зямнога жыцця не такі доўгі, як самому чалавеку падаецца). Прысядзібныя ўчасткі клапатліва абнесены новай металічнай сеткай, за якой радкамі сядзяць кволыя дрэўцы маладых садоў. Добра, няхай растуць –– на радасць і карысць тым, хто праяўляе клопат пра зямлю продкаў!

   А славутасць вёскі – восем крыжоў-абярэгаў у самым яе цэнтры. Шчыра кажучы, дзеля іх мы сюды  і прыехалі. Адкуль яны і чаму  восем  у адным месцы? Нідзе на  Беларусі,  сцвярджаюць  даследчыкі і вандроўнікі, такога няма. Звычайная справа, калі крыжы ставіліся пры ўездзе ці выездзе з населенага пункту, або на скрыжаваннях дарог, але каб восем у адным месцы?..

Сучасны выгляд.  Фота  Карнэлія  Консэка, SVD.

Сучасны выгляд. Фота Карнэлія Консэка, SVD.

На вясковай вуліцы ў халодную восень сустрэць каго… Сезон закончыўся і амаль усе дачнікі ад’ехалі. Але нам пашчасціла: сужэнства Раманчукоў – Кацярына і Сцяпан. Кацярына Антонаўна тут нарадзілася, тут засталася хата яе бацькоў і сюды прыязджаюць яны на лета з мужам:

–Паглядзіце, якая прыгажосць наўкола, лес, рэчка, паветра… Хіба на гарадской  вуліцы так лёгка дыхаць, як тут? О, не!.. А пра крыжы скажу тое, што чула калісьці ад бацькоў. Крыжы тут, як кажуць, спрадвеку стаялі – моцныя, дубовыя. Ставілі іх мясцовыя – баяліся эпідэмій тыфу, чумы…Крыжы-абярэгі ставіла сям’я, калі на фронт каго з яе забралі… Або калі ў каго якія-небудзь трагедыі здараліся – таксама ставілі крыж, каб у далейшым іх хату гора абыйшло. У адной сям’і дзеці не гадаваліся, паміралі, і тады іх бацька паставіў крыж, пасля гэтага выгадавалі яны з жонкай трое здаровых дачок. І казалі мае бацькі, што  ў Другую сусветную вайну тут вялікія баі ішлі, у суседніх вёсках хаты гарэлі, а ў нашай усе цалёханькія засталіся. Крыжы абераглі  жыхароў і іх маёмасць… А як калгасы  пачаліся і людзі перабіраліся з хутароў у Вугляны, то і крыжы з сабою перавозілі, якія каля сваіх хат калісьці паставілі ад засухі, ці ад чаго…

–Але  ўражанне  такое, што пастаўлены быццам у адзін дзень і ў той  жа час пафарбаваныя…

–А-а, вы пра гэта?.. Запытайце лепей  у  Пракапчука, гэта яго ініцыятыва была.

Дарэстаўрацыйны здымак  Вадзіма Пракапчука

Дарэстаўрацыйны здымак Вадзіма Пракапчука

Вадзіма Пракапчука, які таксама купіў тут сядзібу, у той дзень у Вуглянах не было – жыве і працуе ў Брэсце, і выручыў нас тэлефон. Географ, эколаг і арнітолаг, ён моцна цікавіцца гісторыяй роднага краю, вывучае прыроду, птушак, пацвердзіў тое, што расказала жанчына. Звесткі гэтыя перадаюцца з пакалення ў пакаленне і сёння жывуць у тым “варыянце”, у якім дайшлі да нас праз стагоддзі. Краязнавец уда-кладніў, што першы крыж быў пастаўлены ў Вуглянах болей за 200 гадоў таму на месцы былой каплічкі, ад якой засталіся яшчэ камяні фундаменту. З цягам часу крыжы сапраўды “прырасталі”, надаючы жыхарам духоўнай сілы, узмацнялі іх веру. Асабліва гэта праявілася ў часы ваяўнічага атэізму, калі атэісты зрабілі некалькі спробаў спілаваць, знішчыць гэтыя сімвалы хрысціянства. Быў такі выпадак. Жонка аднаго з вясковых начальнікаў папярэдзіла сялян, у якую ноч прыедуць зносіць крыжы, і, як толькі прышарэла, адна жанчына, накрыўшыся белай прасціной, стала сярод крыжоў. Убачыўшы белую постаць, атэісты паўцякалі. А ў наступны раз – усё ж вырвалі магутным трактарам, зачапіўшы іх тросам, завезлі за суседнюю в. Мартынюкі, аднак мясцовыя людзі вярнулі крыжы на месца. Пэўна ж, час “падкасіў” дубовых волатаў, кожны з іх паменьшыўся “ростам”, страціўшы сваю ніжнюю частку, не дапамагалі ўжо і падпоркі, якімі людзі  ўзмацнялі крыжы, таму ў 2018 годзе пры дапамозе кіруючых уладаў, грамадскіх арганізацый Камянца, вясковых актывістаў і наогул неабыякавых людзей група крыжоў была рэстаўрыравана, узмоцнена, устаноўлена на тым самым месцы, пафарбавана, абнесена агароджаю і традыцыйна ўпрыгожана каляровымі стужкамі.

…Восем крыжоў. На адным з іх захаваліся выразаныя словы малітвы: “Спаси  и сохрани, Господи, люди Твоя”, а за кожным – асабістая гісторыя, людскі лёс, слёзы пакуты і слёзы радасці. Так, да крыжа, самага распаўсюджанага знака Божай прысутнасці, ідзём мы ў розныя часы нашага жыцця. А што пры гэтым нясём у сэрцы, акрамя надзеі на Божую  міласэрнасць?  Да крыжа кожны  нясе сваё.

 

 

  Вераніка  БЕЛЯК.

 Брэсцкая вобласць.


 

 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий