Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у вёсцы Войштавічы Валожынскага раёна.

 

 

 

Крыж каля хаты

 

 

 

f-str-28Дзякаваць Богу, захавалася ў нас, беларусаў, нешта такое шчырае і цёплае, такое моцна кранальнае, што ўзрушвае цалкам. Не ў куфэрках яно, не за жалезабетоннымі агароджаміяно недзе ў атмасферы, якая вакол нас, у прыязным позірку суразмоўцы, у моцным і даверлівым поціску рукі пры знаёмствеЯно ёсць, жыве! І нават калі ў гэтай мясцовасці не даводзілася табе быць дагэтуль ні разу, сёмае пачуццё падказвае: твайму прыезду тут радыя.

 

–Калі ласка, заходзьце, можа, чаю з дарогі,– гучала ад усіх, з кім размаўлялі ў той дзень. Нават 80-гадовая Цэцылія Смахціна, якая сама ўжо карыстаецца паслугамі сацыяльнага работніка, гатовая была “шыкаваць” стол дзеля гасцей здалёк. Застацца ў Каралінова надоўга не маглі – шмат сустрэч чакала нас  у суседніх Войштавічах, але з цікавасцю выслухалі, як штодня  хадзіла жанчына да свайго “фамільнага” крыжа – адгаворвала Ружанец,  малілася да свае патронкі  Св. Цэцыліі, спявала і верыла, што ў цяжкую хвіліну Бог яе не пакіне. На жаль, сёння і тыя пяць-дзясят ці сто крокаў зрабіць цяжка – чакае  вясну  і моліцца перад хатнім алтарыкам.

Сужэнства Марыя і Рычард Чымбар каля дамашняга алтара

Сужэнства Марыя і Рычард Чымбар каля дамашняга алтара

У Войштавічах адна вуліца – доўгая-доўгая… Хаты стаяць адна каля  другой  шчыльна;  ўлетку надзейна схаваныя вячыстымі дрэвамі і збуялымі кустарнікамі, а ўзімку – аголеныя, халодныя… Многа нежылых – гаспадары памерлі, нашчадкі  даўно  аселі ў гарадах, і толькі крыжы – гэтыя спрадвечныя знакі Божай прысутнасці, пастаўленыя карэннымі жыхарамі ў розныя часы і з розных патрэбаў сэрца, адноўленыя ўжо сённяшнімі  вяскоўцамі, нагадваюць пра ступень велічы папярэднікаў,  пра іх смеласць і рашучасць, з якой яны захоўвалі веру.

У вёсцы яшчэ не забыліся, што адказаў Фелікс Часноўскі, паляў-нічы, калі атэісты прыехалі з намерам знесці крыж каля яго хаты і здзекліва запыталі: “Сам убярэш, ці мы?”. “Не вы яго ставілі, і не вы знішчаць будзеце! А іначай – стрэльбу трымаю напагатове…”. Эдвард  Жвірко  схапіўся  за  сякеру: “Адыйдзіце ад крыжа!”. Адыйшлі…

Будзеце здзіўляцца, шаноўныя чытачы: у  Войштавічах 13 крыжоў! Старыя і навейшыя, драўляныя  і  металічныя, з Распяццем і без  Яго, з абразамі Маці Божай і без абразоў, з таблічкамі-надпісамі…  Відаць,  людзі хацелі выказаць свае пачуцці, што на той момант перапаўнялі іх сэрцы, але разабраць  словы  сёння  ўжо немагчыма…

З падзякі Богу за сына, Казімір і Аміля Сарока ў 1943 г. паставілі каля хаты крыж (адноўлены сённяшнімі жыхарамі).

З падзякі Богу за сына, Казімір і Аміля Сарока ў 1943 г. паставілі каля хаты крыж (адноўлены сённяшнімі жыхарамі).

Карэнныя жыхары вёскі Марыя і Рычард Чымбар, якія, дарэчы, адзначылі 62-ю гадавіну сумеснага жыцця, расказваюць:

–У Казіміра і Амілі Сарока ў 1943 годзе нарадзіўся хлопчык, назвалі Тадэвушам. І хоць прыйшоў ён  да  іх  ужо  пятым дзіцём, радасць так ахапіла, што з падзякі Богу  і з просьбай да Бога аб благаслаўленні немаўляці на жыццё, паставілі  каля дому крыж. Час прайшоў, дзеці, нібы птушкі, разляцеліся, Аміля з Казімірам з жыцця адыйшлі, і сёння там іншыя гаспадары. Але крыж стаіць на тым самым месцы – каля яго моляцца, прыносяць кветкі…

–На жаль, – прызналася Марыя, –сама я не магу падыйсці да яго – хворыя ногі, малюся ў сваёй хаце каля таго самага алтара, дзе цэлебравалася Святая Эўхарыстыя на працягу болей чым 20 гадоў, пакуль вёска была мнагалюдная. Да нас прыязджаў пробашч з Вішнева кс. Уладзіслаў Чарняўскі, з Іўя, падчас перэгрэнацыі фігуры Маці Божай Фацімскай, – кс. Ян Гавецкі, іншыя святары, і адпраўляліся набажэнствы, удзяляліся сакрамэнты.  У маі і чэрвені каля крыжоў збіраліся людзі, аддаючы кожнаму з іх пашану, прасілі ў Бога і Маці Божай заступніцтва. З погляду на нашыя духоўныя патрэбы зараз прыязджае  кс. Юзаф Мельдзюк з Вішнева. Заўсёды на Бога спадзяёмся…

Яніна Клімовіч каля фамільнага крыжа – на месцы  "гнязда" сваіх продкаў Краскоўскіх.

Яніна Клімовіч каля фамільнага крыжа – на месцы
«гнязда» сваіх продкаў Краскоўскіх.

– Мець крыж каля хаты, – гавораць Анатоль і Марына Рыснікі, – справа гонару для католіка; у Войштавічах, расказваў наш тата Вацлаў, гэта спрадвеку цанілася. Сам ён быў моцна набожны, чытаў духоўныя  кнігі  і не прапускаў ніводнай  св. Імшы ў Вішнева, ці Багданава (свайго  касцёла вёска не мела). Марыў пра фамільны крыж, пад  якім  будуць маліцца яго нашчадкі,  але  драўлянага  не  хацеў, і на пачатку 2000-х разам з ім мы  паставілі металічны. 13 гадоў таму тата з жыцця адышоў (пазалетась і мама), але адчуванне іх прысутнасці і пабожнасці сталася нейкім глыбокім  пачуццём  моцы: Бог, вера, бацькі, зямля… Зараз усё яно быццам у гэтым крыжы з’ядналася.

Насупраць сядзібы Дануты і Браніслава  Яблонскіх – два крыжы: стары – заімшэлы, крыху пахілены, а побач – “малады”, моцны.

– Мы  тут  нядаўна  набылі жытло, гісторыю крыжоў яшчэ не адшукалі, – расказвае гаспадыня, – але крыжы – гэта нашы абярэгі: каля іх молімся, пафарбавалі мінулым летам, унучка мае намер змяніць іх аздобу, чакаем вясну.

Два крыжы насупраць сядзібы Яблонскіх: стары – заімшэлы, крыху пахілены, а побач – "малады", моцны.

Два крыжы насупраць сядзібы Яблонскіх: стары – заімшэлы, крыху пахілены, а побач – «малады», моцны.

Апошняй кропкай, дзе мы ў той дзень затрымаліся, было гняздо Краскоўскіх. “Гняздо”, таму што калісьці  сяліліся  побач і  родныя, і дваюрадныя, і сваякі ў трэцім калене – так было прынята. На пляцы Яніны (з дому Краскоўскай) і Віктара Клімовічаў  таксама крыж, а яго гісторыя, як аказалася, сягае ў часы Першай сусветнай вайны.

– Расказвала мая бабуля, – пачынае ўспамін Яніна Шавель (з дому Краскоўская), былая настаўніца. – У час той першай вайны немцы  занялі  вёску.  Дзеда,  ён  быў лесніком, вывезлі недзе пад Гродна, бабулю і шасцёра дзяцей памясцілі  ў зямлянку, а ў іх хаце зрабілі шпіталь. Памерлых хавалі насупраць, а гэта практычна сённяшні  пляц  Клімовічаў. Бабуля не магла  ўспомніць, калі адбылося перапахаванне, але яно адбылося – іх  парэшткі перанеслі на могілкі Першай сусветнай вайны, што знаходзяцца на ўзгорку за вёскай.

– Мой тата быў пабожны, памяркоўны, – сведчыць Яніна Клімовіч, – умеў прабачаць. І калі прыйшоў з Другой сусветнай, за-знаўшы ўсе яе жахі, вырашыў: на месцы, дзе былі пахаваныя тыя (першыя) нямецкія салдаты, паставіць крыж. Сказаў: “Яны ж таксама людзі былі”.

Крыж на пляцы сужэнства Анатоля і Марыны Рыснік.

Крыж на пляцы сужэнства Анатоля і Марыны Рыснік.

І паставіў. А пасля  яны  з  мамай пабудавалі дом, у якім  і  сёння жывём  з  Віктарам, і тым кавалкам зямлі, дзе, па  ўспамінах  старажылаў, былі захаванні,  ніхто  ніколі  не карыстаўся. А каля крыжа  – ужо новага, дубовага  (тата з Віктарам ставілі), молімся самі: з дзецьмі, з унукамі і просім  Бога,  каб  не  дапусціў  новай  вайны.

 

 

 

 

 

 

  Вераніка  БЕЛЯК.

Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

 Мінская  вобласць.


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий