Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем  пра памятны знак на гары Анёльскай каля Нясвіжу.

 

 

 

Святы Міхал на гары Анёльскай

 

 

 

f-str-28Некалькі стагоддзяў назад гара Анёльская – найвышэйшы ў наваколлі  Нясвіжу ўзгорак на адлегласці каля кіламетра на паўднёвы ўсход ад горада – набыла славу цудатворнай, і да яе з усіх бакоў цягнуліся пілігрымы. Калісьці на ёй узвышаліся касцёл Святога Міхала Арханёла  і манастыр, якімі  апекаваліся і  валодалі няс-віжскія  езуіты.

– Будаўніцтва касцёла і манастыра пры ім цягнулася доўга, у некалькі этапаў, – распавядае пробашч парафіі Божага Цела ў Нясвіжы кс. канонік Пётр Шарко, які з вялікай цікавасцю вывучае гісторыю краю і мінулае разгалінаванага роду Радзівілаў. – Першая фундацыя  касцёла належыць Мікалаю Крыштофу Радзівілу Сіротка, які перад вандроўкай у Святую Зямлю ў 1582 г. даў абет пабудаваць капліцу ў гонар святога Рафаіла, апекуна падарожнікаў. Але будаўніцтва пачалося  толькі праз 11 гадоў. Фактычна была пабудавана не капліца, а храм невялікага памеру, які ў 1598 г. быў асвечаны ў гонар  святога Рафаіла. А праз два гады  мясцовыя вернікі стыхійна перайменавалі яго, пачаўшы называць касцёлам св. Міхала Арханёла, які лічыўся патронам  Белай Русі і карыстаўся вялікай папулярнасцю.f-str-28-2

Пасля скасавання Ордэна езуітаў у 1773 г. будынкі заставаліся безгаспадарчымі, а ў пачатку ХIХ  ст. у іх размясцілі казармы. Вядомы польскі даследнік будаўнічай дзейнасці  Ордэна езуітаў ва ўсёй Рэчы Паспалітай кс. Ежы Пашэнда зазначае, што ў ХХ ст. не было ўжо і слядоў касцёла. Адным словам, у 2000 годзе захаваліся толькі асобныя фрагменты фундаменту святыні.

Што тут сёння? З братам Карнэліем і ў суправаджэнні парафіяніна Сяргея Камінскага ўздымаемся на гару Анёльскую. Перад вачыма – вялізны камень з памятнай табліцай, на якой размешчаны схема былога храма і тэкст: “На гэтым месцы з 1593 г. па 1773 г. узносіўся касцёл св. Міхала Арханёла і кляштар айцоў-езуітаў, а таксама знаходзіцца тут пахаванне айцоў-езуітаў”. Молімся і некаторы час стаім моўчкі, аглядаючыся на ўжо сівы і адначасова малады Нясвіж… Сапраўды, асэнсаваць і ўсвядоміць усё, што тут адбывалася некалькі стагоддзяў таму і даўно стала гісторыяй, немагчыма, але падсвядомае і ўсё ж трапяткое адчуванне, што тут жылі, працавалі, маліліся такія ж хрысціяне, давяраючы сваё жыццё адзінаму Богу, не пакідае. Відаць, гэтыя мясціны для большасці  з тых далёкіх насельнікаў сталі і месцам іх вечнага спачыну, і сёння толькі дрэвы на высокім пагорку схіляюць свае галовы перад іх вечнай памяццю… А людзі? Таксама і людзі, у чыіх сэрцах жыве пашана да продкаў, нашай духоўнай спадчыны і абавязак захоўваць яе, пакуль жывыя самі…

Сяргей  Камінскі  рыхтуе лампад- ку, каб паставіць каля знака

Сяргей Камінскі рыхтуе лампад-
ку, каб паставіць каля знака

Думка аб тым, каб добраўпарадкаваць месца, дзе на працягу 180 гадоў існавала каталіцкая святыня і дзе жылі айцы-езуіты, з’явілася даўно, але першая святая Імша адбылася тут у красавіку 2019 г. – пасля таго, як пробашч парафіі Святога Казіміра ў Стаўбцах кс. Ігар Лашук прапанаваў, каб копія фігуры Міхала Арханёла, перыгрынацыя якой пад яго апекай адбываецца на працягу апошніх двух гадоў па парафіях краіны, наведала ўсе мясціны, якія звязаны з іменем Святога Арханёла. Дарэчы, кс. Ігар і прывёз копію фігуры з Італіі. Яна зроблена там, дзе знаходзіцца яе арыгінал, – у пячоры ў горным масіве Гаргана паблізу горада Монтэ-Сант-Анджэла. Як сведчаць гістарычныя факты, святы Арханёл Міхал неаднойчы з’яўляўся там людзям і зараз над  пячорай узведзена велічная базыліка, у якой знаходзіцца старэйшы ў каталіцкім  свеце  санктуарый святога Міхала Арханёла. Сабраныя – пасля 245 гадоў маўчання – на святой Імшы вернікі ўзносілі свае малітвы-падзякі Богу за тое, што Святы Арханёл  зноў  вітае над гэтымі прыгожымі краявідамі, і вырашылі ўстанавіць на гары, там, дзе знаходзіўся прэзбітэрый касцёла, памятны знак. Гэтым памятным знакам і стаў вялізны камень з табліцаю.

– Падрыхтоўчыя  працы і яго ўсталяванне, – расказваў Сяргей, – занялі каля двух месяцаў. Па-першае, па-трэбна было ачысціць месца непасрэдна, па-другое – знайсці такі камень, паверхня якога была б болей-меней роўнай з аднаго боку, плоскай, і гэта таксама заняло шмат часу. Знайшлі, прывезлі з поля, зрабілі фундамент, замацавалі. І калі 29 верасня, у нядзелю, каля падножжа Анёльскай гары прызямліўся верталёт, які даставіў копію фігуры Святога Міхала Арханёла па дарозе з Івянца на Магілёў, радасныя і ўсхваляваныя вернікі зноў дзякавалі Богу за святога апекуна.f-str-29-2

– Шчыра кажучы, – зазначыў кс. Пётр, – было прыемна  бачыць  людзей, якія актыўна ўзяліся за працу: Сяргей  Камінскі, Дзмітрый Крук, Ігар Камлач, Юрый Доўнар, Пётр Русак,  Гена Іваноўскі. Можаце толькі ўявіць, колькі высілкаў  каштавала  ім зацягнуць гэты  валун  на  гару. Памятную  табліцу з  надпісам ахвяраваў  Мікалай Шыманскі. Прыемна яшчэ і тое, што мужчыны не сталі звычайнымі выканаўцамі просьбы пробашча, але і самі  былі  перакананыя, што гэтае святое месца не павінна адыйсці ў небыццё, наадварот – павінна  адрадзіцца, каб пра  яго ведалі і да яго прыходзілі памаліцца, падумаць пра  сваё зямное жыццё сённяшнія  вернікі.

Ёсць у нас яшчэ задума, дадаў кс. Пётр, каб з цягам часу зрабіць тут невялікую каплічку, паставіць крыж, устанавіць фігурку св. Міхала Арханёла, і  тады гара Анёльская зноў стане  месцам культу Святога Арханёла, знакам  Божай  прысутнасці.

 

 

   Тэкст Веранікі БЕЛЯК.

       Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD 

Мінская вобласць


Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий