Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знак Божай прысутнасці, які існуе недалёка ад вёскі Макашы Нясвіжскага раёна.

 

 

 Сцяжынкаю да крыжа

 

 

ІшкалдзьКасцёл Найсвяцейшай Тройцы, святое намоленаеза палову тысячагоддзя з гакам! – месца: і парафіянамі, і суседзямі, і пілігрымамі, і вандроўнікаміМінаем, кіруемся на выезд з мястэчка — на Макашы. І толькі падняліся на ўзгорак — перад вачыма шырэзныя прасторы і… крыж. Хвала навекі, табе, Знак Божай прысутнасці! Дзеля цябе мы сёння тут.

f-str-28Думкі пачынаюць віраваць, быццам каля пажылога чалавека: невысокі (пэўна, паніжэў за гады), крыху пахілены (спінны хрыбет не вытрымаў, відаць, цяжару – ні ветру, ні дажджу, ні хмараў), твар пакрыты глыбокімі змаршчкамі, цела ў зарубінах (тыя самыя жыццёвыя віхуры), але (нібы пад капелюшом!) — пад дахам. Гэта значыць, спрацаваны, але не страціўшы сваю годнасць. А на перакладзіне – Распяцце (тут ужо спрадвечнае: “Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку”).

Думкі зноў віруюць міжволі: нібы забыты, нібы пакінуты, нібы…  Адзін у чыстым полі: да Ішкалдзі —  напрасткі кіламетраў тры, да Макашоў – каля двух. Але дзе шукаць крыніцу, якая б нешта падказала? Бо насамрэч няма крыжоў без гісторыі, за кожным, як людзі кажуць, Божы палец і моцная чалавечая рука. У вёсцы Вугляны Камянецкага раёна (часопіс наш пісаў) сяляне, якія перасяляліся з хутароў у вёску, забіралі з сабою свой крыж, іншыя ставілі – з падзякі Богу за ўратаванае жыццё, яшчэ іншыя – наадварот, адправіўшы на фронт, – з надзеяй, каб Бог вярнуў салдата дадому. У выніку стаяць сёння пасярэдзіне вёскі восем крыжоў разам! У вёсцы Войштавічы Валожынскага раёна (часопіс таксама пісаў) жыхары паставілі аж трынаццаць крыжоў каля сваіх падворкаў – у розныя часы і кожны з патрэбы свайго сэрца.

Якая ж таямніца перад намі зараз, ці  разгадаем: які век крыжа? Хто прыцягнуў  дрэва на поле і ўстанавіў? Чаму менавіта  гэтае месца было выбрана? Хто каля яго маліўся?

Прыемна, што не толькі нас прывабіла таямніца крыжа ў чыстым полі. Яшчэ раней зацікавіўся гэтым ураджэнец Макашоў, чалавек, які моцна шануе сваю малую радзіму, любіць і ганарыцца землякамі, Вячаслаў Бука. Перакананы, што адказ на першае пытанне знайшоў у вершы таксама ўраджэнца Макашоў, вядомага паэта і перакладчыка Уладзіміра Жылкі:

 

Люблю, не знаючы пуціны,

Ісці праз лес, балота, гаць,

Мінаць квяцістыя нізіны,

Пад грушай ў полі спачываць;

 Спаткаць між жыта крыж пахілы

І старца з хлопчыкам малым,

Звычай шануючы мне мілы:

«Дабрыдзень!» — прывітацца з ім.

 

Жылка нарадзіўся ў 1900 го-дзе, — разважае Вячаслаў Станіслававіч. — У друку з вершамі выступіў у 1920-м. Крыху пазней у Вільні выйшлі яго зборнікі: “На ростані”, “З палёў  Заходняй  Беларусі”, “Вершы”, “Пожні” (ва ўзросце 33 гадоў памёр у ссылцы як палітычны вязень, рэабілітаваны ў 1960 годзе). Дык  лічу я, што гэта той самы “крыж пахілы”, якога паэт бачыў яшчэ хлапчуком, яму болей за 100 гадоў. А хто паставіў? Нашыя далёкія  продкі,  прозвішчы  не  знойдзены.

Вячаслаў Станіслававіч Бука

Вячаслаў Станіслававіч Бука

– Глядзіце, – захапляўся наш суправаджаючы, стоячы каля крыжа і паказваючы рукою. – Вунь  зелянеюць  азімыя,  відаць вежа касцёла,  гэта  Ішкалдзь, Баранавіцкі раён. За спіною ў нас вёска Макашы,  Нясвіжскі раён. А з правага боку, праз балота, кустарнікі, хмызнякі,  – зусім задаволена казаў мясцовы краявед і паляўнічы, – вёска Мядзвядкі,  Карэліцкі раён. Тут можа болей за чатыры кіламетры. Лічы,  крыж  першым сустракаў усіх,  хто  ішоў  да касцёла ў Ішкалдзь з розных бакоў. Тыя, хто ставіў  яго, і  не  маглі падумаць, што пройдзе час, і застанецца крыж нашчадкам на памежжы трох раёнаў, бо ў часы Жылкі гэта быў яшчэ Наваградскі павет.

– А гэта праўда, – пацвярджае 97-гадовая ўраджэнка Ішкалдзі Хэлена Зыгмундаўна Разумко, – што ў Макашах свайго касцёла не было, і людзі напрасткі, кожны сваёю  сцежкаю,  праз поле хадзілі ў  наш  касцёл   Найсвяцейшай  Тройцы. Каля крыжа затрымаюцца, згавораць пацеры і далей ідуць. І  ў  Мядзвядках касцёла не было. Я добра памятаю, як прыязджалі адтуль на фэст прыгожа апранутыя, заможныя  людзі – у брычках, у коней на капытах белыя павязкі, быццам шкарпеткі, – от дзецям было цікава! І тыя з Мядзвядкаў заўсёды ў першыя лаўкі садзіліся…

95-гадовая жыхарка Макашоў Марыя Антонаўна Шыманская памятае, што з пачаткам вайны ў 1941 годзе крыж стаяў, яны з падлеткамі туды бегалі. Было там яшчэ і цаглянае збудаванне – падобна невялікая каплічка, але ў выніку баявых дзеянняў не захавалася. А  крыж застаўся, яго аднавілі ўжо пасля вайны.

– Прыкладна ў 1963 годзе, – расказвала Лёдзя, дачка Ядвігі Аўгустынаўны Бука, – мужчыны макашоўскія сабраліся і паставілі чатыры слупы, каб зрабіць чатырохвугольны дах над крыжам. Бляху для гэтага дала мая мама, сказаўшы: “Ну, навошта яна нам, няхай лепей на добрую справу пойдзе!”. Так і зрабілі. Для крыжа новае дрэва з лесу прывезлі, а Распяцце з тых першых часоў, пра якія Жылка пісаў, відаць, засталося. А сёння, кажаце, крыж пахілены – то з 63 года шэсць дзясяткаў гадоў гісторыя таксама адлічыла…

Чым  цешацца макашоўцы – ніхто ніколі  крыжа не  зачапіў, нічым не зганьбаваў. Механізатары часам блізка пад’язджаюць, абрабляючы глебу і пасевы, але ашчадна, з павагай да Таго, Хто на золку хрысціянства сказаў: “Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку”. Гэта наш Збаўца сказаў.

 

 

  Вераніка  БЕЛЯК.

Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

Нясвіжскі раён Мінскай вобласці.


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: info@dialog1994.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий