Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у вёсцы Літва Ляхавіцкага раёна.
Пад Тваю абарону…
…Як было б добра, каб мы ніколі нікуды не спазняліся — ні ў дзіцячы садок, ні ў школу, ні на працу. І галоўнае – каб мы не спазняліся да Бога! Ведаем, што Ён чакае нас заўсёды, што да Яго ніколі не позна, але тут справа ў іншым – нам самым трэба спяшацца.
…Меньшага, Віталіка, палажылі спаць, а старэйшага, Алега, нягледзячы на позні час, узялі з сабою,– усё ж такі Навагодняя ноч, забавы, танцы, гульні ў сельскім клубе – няхай паглядзіць, дзяцей з сабою людзі бралі. Аднак, там доўга не затрымаліся – моцна рупіла дамоў. Вярнуліся, не ўключаючы электрычнасць, Люцыя разлажыла пад ёлачку падарункі, каб раніцай здзівіць сваіх хлопчыкаў, і паляглі. Жанчына не паспела заснуць, як пачула на гары пад дахам нібы трэск, нібы грукат. “Хіба пацукі з мышамі разгуляліся, – прамільгнула ў галаве, – памяшканні ж тут старыя…”. Праз хвіліну закрычала, здагадаўшыся: “Валера, гарым!..”. Пад дахам трашчала старая электрычная праводка, з якой і пачаўся пажар. Кінулася ў адно вакно, у другое – надворак быў повен салдат з казармы (муж і жонка Бяляўскія былі служачымі в/ч і жылі ў ваенным гарадку на “9-м кіламетры”). Спячых дзяцей захуталі ў коўдры і вымчалі да суседзяў, агонь палыхаў, салдаты выносілі з кватэры маёмасць, Люцыю ажыўлялі нашатырным спіртам…
Бадай, менавіта ў той раз наймацней і адчула яна відавочную людскую безабароннасць – перад рознымі бедамі, наступствамі прыродных з’яў, хваробамі і інш., і інш. Дзяўчына заканчвала школу, як ў іх сям’ю прыйшло невыказнае гора – памерла яе маладая братавая, жонка Генрыха, пакінуўшы гадавалага хлопчыка Андрэйку. Прайходзіць некаторы час, і трагедыя здараецца ў сям’і старэйшага брата Альфрэда – атрымаўшы цяжкую траўму ў дарожна-транспартным здарэнні, памірае яго 16-гадовая дачушка… Усе разам гаравалі, аплаквалі, маліліся за іх душы, перажывалі розныя непрыемнасці, як напаткала іх новая трагедыя – заўчасная смерць самога Генрыха…
Чарговым выпрабаваннем для Люцыі быў пажар (ужо ў сужэнскім саюзе з Валерай): “Божа, дай моцы і сілы вытрываць! Найсвяцейшая Маці Божая, захавай!”, – прасіла яна, распачынаючы кожны новы дзень. Жыццё быццам ішло наперад, падрасталі свае дзеткі, рос і станавіўся на ўласныя ногі ўдалы пляменнік Андрэй, а думкі ўсё вярталі ў мінулае, прымушалі ў соты раз перажываць падзеі, учынкі, свае і чужыя словы… Перадумвала ўсё сваё жыццё, успамінала, як употайкі ездзіла з мамаю да касцёла ў Баранавічы, бо Дараўскі быў зачынены, як прымала Першую Святую Камунію з рук кс. Станіслава Шапялевіча і ў якую прыгожую сукеначку была ў той дзень апранутая… І побач з усімі гэтымі думкамі, якія то ўкаралі сумненне (нешта, відаць, не так мы рабілі, як трэба), то заспакойвалі (Бог не проста так дае выпрабаванні; Бог хоча, каб мы ўзрасталі ў веры), то прымушалі знайсці адказ на спакусы з боку няверуючых (маўляў, да вас жа ксёндз напярэдадні прыходзіў, памяшканне асвяціў і не дапамагло?), выспявала рашэнне, выпрацоўвалася стаўленне хрысціянскай асобы: “А вы не думалі аб тым, што Бог нас і адправіў дамоў з тых навагодніх забаў раней за ўсіх адпачываючых, каб захаваць нас і дзяцей?!”, – адказвала Люцыя на кпіны. Падобныя разважанні замацоўвалі ў ёй ідэю – будаваць свой дом, а насупраць яго – абавязкова каплічку, якія яна бачыла ў Польшчы, калі ездзіла туды з мамаю адведаць свайго дзядзьку.
Падзялілася ідэяй з мужам, з дзецьмі – спадабалася ўсім, і, калі сельскі савет выдзяліў ім кавалак зямлі пад забудову, пачалі больш дэтальна думаць над тым, якая гэта будзе каплічка, дзе і як яе ўстанавіць. З’ездзілі ў Новую Мыш, што ў суседнім Баранавіцкім раёне, каб паглядзець на каплічку Маці Божай, якая стаіць там пры аб’язной дарозе ў акружэнні маладых бяроз… У хуткім часе набылі фігурку Маці Божай Фацімскай, і пасялілі Яе разам з сабою ў недабудаваным доме, каб быць з Ёю побач.
Сёння каплічка Маці Божай Фацімскай стаіць на надворку сям’і Бяляўскіх у вёсцы Літва. Яна крыху “падарожнічала” па тэрыторыі іх двара – гаспадары імкнуліся так яе ўстанавіць, каб не на дарозе стаяла, а ўсё ж на надворку, але каб была бачная ўсім, хто праязджае ці прайходзіць па вуліцы Палявой.
–Я і сам колькі разоў назіраў, – заўважыў старэйшы сын Бяляўскіх, – ідуць людзі, а каплічку ўбачаць – прыцішаць крок, зробяць знак крыжа, часам прыастановяцца на хвілінку. У кожнага знойдзецца што сказаць Богу – і падзякаваць Яму, і папрасіць Яго.
– Больш актыўна збіраюцца вяскоўцы на маёвыя, – расказвае гаспадыня. – Прыязджае да нас айцец Сцяпан, пробашч дараўскай парафіі Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, збіраюцца жанчыны, адгаворваем Ружанец. А я сама ў цёплую пару года размаўляю з Маці Божай і малюся кожны вечар, часам і дзеці далучацца, і ўнукі, калі гасцяць тут у нас з дзедам:“Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. I ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная i благаслаўлёная. О Панi наша, Апякунка наша, Суцяшальнiца наша, Ты Заступніца наша, з Сынам сваiм нас паяднай, Сыну свайму нас даручай, Сыну свайму нас аддавай”. І калі супакой прыходзіць на сэрца і разліваецца па ўсёй істоце, адчуваю сябе пад апекаю Маці Божай. З Ёю ўтульна і цёпла, як з маці роднай.
Вераніка БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
і з архіва сям’і Бяляўскіх.
Ляхавіцкі раён
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.