Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у вёсцы Дабраўляны Смаргонскага раёна.
Каб гучала музыка пачуццяў…
А што выклікае нашыя першасныя пачуцці — тое, што бачым, ці тое, што чуем? Калі здараецца, што і першае, і другое супадаюць па часе і месцы, разам ахутваюць станоўчымі эмоцыямі, тады сапраўды трапляем “у палон”: пачынае мацней стукаць сэрца, навыперадкі ляцяць думкі, душа напаўняецца асалодай ад музыкі пачуццяў — нам хочацца абняць увесь свет!
“Музыка пачуццяў” – не мой выраз, а Наталлі Чудакоўскай, якую ўсе добра ведаюць на Смаргоншчыне. У сваёй працы па даследаванню комплексу гісторыка-культурных каштоўнасцей раёна, якія ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, аўтарка напісала: “Комплекс сакральных аб’ектаў з’яўляецца неад’емнай часткай велічнага аркестра хрысціянскіх святынь краю, у якім патрэбны ўсе інструменты, каб музыка пачуццяў гучала натхнёна, чыста і прыгожа”. Згадзіцеся, як тонка і дэталёва заўважана! Сапраўды, без натхнёнасці, чыстаты і прыгажосці вартаснае людское існаванне наогул не атрымаецца – толькі б крыніцы, адкуль гэта ўсё можна чэрпаць, не перасыхалі…
Менавіта з прадчуваннем гэтай “музыкі пачуццяў” ехалі мы ў вёску Дабраўляны, што ў Смаргонскім раёне, недзе каля Свірскага возера, калі кіравацца туды з боку Мінска. Сям-там яшчэ ляжалі гурбы абледзянеўшага снегу, сям-там зелянела першая траўка, а ў палісадніках праклёўваліся гіяцынты. Была тая самая пара, па якой дзеці смуткуюць, а дарослыя радуюцца: зіма — адыйшла!
Прадчуванне не падманула: па-першае, назва вёсачкі неяк адразу асацыявалася з чымсьці добрым, спрыяльным, па-сяброўску блізкім… Па-другое, нас запэўнілі: прыязджайце, не заблудзіцеся, сустрэне вас Люся Мароз, яна там усё ведае. А па-трэцяе… Па-трэцяе, не паспелі на нашым ілбе з’явіцца складкі (Люся не сустрэла па важкай прычыне), як нас чакала ўжо Марына Яцыно, малодшая Люсіна сястра, і мы пачалі ўглядацца ў будынкі з чырвонай цэглы, здалёк заўважныя, моцна адметныя сваёю архітэктурай, якія стаяць тут з XIX ст. Апошнімі ўладальнікамі маёнтка былі Адам і Аляксандра Гюнтэры, якія ператварылі Дабраўляны ў цэнтр культуры і духоўнасці былога віленскага краю. І менавіта прозвішча гэтых апошніх – на вуснах сённяшніх жыхароў Дабраўлянаў: “гюнтэраўскі парк”, “гюнтэраўскія пабудовы”…
Дзеля “гюнтэраўскай капліцы” 1826 года мы і прыехалі. Мураваная, атынкаваная, пафарбаваная, абнесеная агароджай, упрыгожаная кветкамі, з фігурай Маці Божай і Дзіцяткам, стаіць пры дарозе ў першапачатковым выглядзе. Колькі малітоўных просьбаў выслухала Маці Нябесная, колькі жаночых слёз высушыла! Калісьці яна была на пад’ездзе да сядзібы графа Гюнтэра, на яго сродкі пабудавана, а вось прозвішча майстра, чыімі ўдалымі рукамі выпрацавана з дрэва фігура Маці Божай з Дзіцяткам, на жаль, у віхуры падзей двух стагоддзяў згубілася.
Углядаемся ў тэксты на табліцах, умураваных на галоўным фасадзе. Надпісы моцна пацярпелі ад часу, але на адным з іх тэкст (па-польску) бачны выразна: „Uzdrowienie chorych. Ucieczko grzesznych. Pocieszycielko straponych. Wspomozenie wiernych. Modl sie za nami”.
Гэта – урывак з малітвы “Літанія да Найсвяцейшай Панны Ма-рыі” (Ларэтанская), якая на беларускай мове гучыць: “Аздараўленне хворых. Прытулак грэшных. Суцяшальніца засмучаных. Успамога хрысціянаў (вернікаў). Ма-ліся за нас!”.
–Ад былога палацава-сядзібнага комплекса, – гаворыць Марына, – засталіся закінуты парк, некалькі гаспадарчых пабудоў і дзве капліцы. Адна з іх – капліца св. апосталаў Пятра і Андрэя – ператварылася ў невялікі храм, сюды па святах і нядзелях прыязджае свірскі пробашч кс. Багуслаў Маджэеўскі, а прыдарожная каплічка выконвае сваю ролю. Глядзіце, – Марына звяртае нашую ўвагу, – дубок каля яе пасадзіў Юзаф Пашук: яны з жонкаю апякуюцца каплічкай.
Нам захацелася пазнаёміцца з сужэнствам, якое жыве недалёка, высаджвае вясною кветкі, часам ставіць букеты са свайго палісадніка, і мы пастукалі да іх у дзверы. Адчыніў гаспадар – прыязны, з усмешкаю на твары. Такою ж гаваркою аказалася і яго жонка:
–Асабіста я з Маці Божай і маленькім Езусам вітаюся кожны дзень, – пачала Ірына. – Працую загадчыцай фермы, іду па дарозе на працу; затрымаюся на хвілінку, адгавару “Вітай, Марыя!” і пайшла далей. Дамоў вяртаюся – зноў: “Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас грэшных…”. А ці заўважылі вы, які тварык у Езуса – скарожаны. Расказвалі, што ў Першую сусветную вайну нейкі вандал шабляй махнуў па ім. Шкада, і пакуль ніхто не знайшоўся, каб адрэстаўрыраваць. Калісьці жыхароў было многа, збіраліся на маёвыя набажэнствы, нават з суседніх вёсак прыходзілі, цяпер, лічы, ідзём да яе кожны паасобку. Яшчэ гэтыя сёстры – Марына, Люся і трэцяя, Іра Цікота – прыходзяць, а так мала людзей у вёсцы, ды і не ўсе веруючыя…
– А хочаце знаць, як я гэты дубок пасадзіў, – ажывіўся гаспадар. – Ўначы, нібы ва сне голас мне кажа: “Пасадзі ля капліцы дрэва!”. Прагучала наяўна, і я так зрабіў. Да гэтага спрабаваў бярозкі пасадзіць – не вытрывалі, каровы блізка пасвіліся і папсавалі пасадкі. Можа, дубок здолее вырасці! А каплічку, казалі старажылы, паставілі тут, бо Маці Божая тройчы ў гэтых мясцінах аб’яўлялася…
З гэтымі словамі Юзаф рэзка падняўся з крэсла і адзіным рухам рукі зцягнуў з шафы…акардэон. Пальцы спрытна забегалі па кнопках і клавішах, хату запоўніла чароўная мелодыя мазуркі. Вось вам і “музыка пачуццяў”: трэба, каб тое, што бачым, і тое, што чуем, супадала па часе і месцы…
Вераніка БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Гродзенская вобласць
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.