Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у вёсцы Ёдзенцы Іўеўскага раёна.
На Маці Божую ўзіраючыся…
…Ішоў дождж. То прыпыняўся, то зноў узмацняўся, “дворнікі” аўтамабіля рытмічна змахвалі струменьчыкі, пакідаючы пасля сябе чысцюткае лабавое шкло. Але дожджык не пераставаў, і было ў гэтым прадчуванне нейкай асаблівай чысціні, якая прыходзіць звычайна пасля зімы, і прадчуванне згоды было таксама. Згоды паміж чалавекам і прыродай, якую Бог пасылае ўсяму наваколлю. Ці вы заўважалі калі такое? Нам пашанцавала – заўважылі.
Мы ехалі ў Воранава – асфальтавая шаша вяла праз Суботнікі, праз Геранёны… І толькі “выскачылі” на ўзгорак каля вёскі Ёдзенцы, як перад вачыма паўстала прыгожая прыдарожная каплічка. Стаіць, прыціснуўшыся да самага лесу, убраная каляровымі кветкамі, вяночкамі, агароджаная, каля яе некалькі пафарбаваных скамеек; значыць, каля яе збіраюцца людзі. Літаральна праз дарогу, насупраць – вёска, усяго адна вуліца, і менавіта на гэтую нешырокую вуліцу з яе жыхарамі паглядае штодня Маці Божая праз зашклёную франтальную нішу. Дзе каго ўбачыць, каб запытацца пра гэтае народнае дойлідства?
Праўду кажучы, убачыць каго на вуліцы, калі сыпле такі шчыльны дождж, не заўсёды ўдаецца, але ў той дзень нам пашанцавала яшчэ раз. Здалёк заўважылі жанчыну, якая ў “суправаджэнні” сваіх чацвёраногіх сяброў выходзіла з лесу. На хвілінку затрымалася каля каплічкі, зрабіла знак крыжа, подбегам перасекла асфальт і накіравалася да самай першай хаты. Прыглядаючыся да нас, спрытна адчыніла веснічкі ў свой двор: “Заходзьце, заходзьце, – пачала запрашаць, – не бойцеся, яны ў мяне ласкавыя, не ўкусяць”.
Марыя Эдвардаўна Бутурля жыве тут паўвеку і добра памятае, як будавалася капліца.
– На гэтым самым месцы, – расказвае жанчына, – стаяў калісьці крыж прыдарожны, але час змарнаваў яго, патрэбна была замена, і ўсе мясцовыя (а людзей тады жыло тут яшчэ многа) вырашылі пабудаваць капліцу і ўстанавіць фігурку Маці Божай і Пана Езуса. У суседнім сяле, у Кудэйшах, акурат разбіралі будынак ФАПа. Мой тата Эдвард Ракса, з ім іншыя мужчыны з вёскі паехалі да начальства і атрымалі дазвол, каб узяць цэглы на пабудову каплічкі. Напэўна, Бог так паспрыяў, і было гэта ўжо ў 90-я гады мінулага веку. І тут падзякаваць трэба яшчэ і Ядзі Нарбут, у яе тры сыны, удалыя хлопцы, і адзін з іх, Віктар, каменшчык. Ён і вылажыў каплічку; пасля зрабілі шатровае бляшанае пакрыццё з крыжыкам уверсе, металічную агароджу ўстанавілі. Канечне, усе мужчыны дапамагалі па сіле магчымасцей. Ну а зараз усе разам даглядаем – Іваноўскія Гена і Таня, Лапыш Марыя з Расціславам – і фарбуем час ад часу, вясною кветкі высаджваем; патрэбна, каб Знак Божай прысутнасці ў належным стане захоўваўся. А як асвячалі каплічку, то вялікае свята было. На асвячэнне прыязджаў кс. Францішак Галдысь, ён 18 гадоў служыў у Суботніцкай парафіі, і наша вёска належала да яе, папрыходзілі людзі з Кудэйшаў, з іншых вёсак.
– Ведаеце, гэта вельмі добра, калі ёсць каплічка ў вёсцы, – прадаўжала Марыя. – Вядома, усе старэем, даязджаць да касцёла цяжка, бывае толькі, калі ўжо хто на машыне падкіне. А да каплічкі асабіста я іду кожны дзень. Вітаюся з Маці Божай, раскажу ёй усё сваё, бывае, і паплачу…
– А ёсць аб чым?
– Чаму не?.. Кажуць жа людзі, жыццё пражыць – не поле перайсці, так і ў мяне, усяго хапіла. Але не буду і грашыць перад Богам: маю сына, у яго чацвёра харошых дзетак – дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі-блізняткі. Унучкі мае любяць бабулю, прыязджаюць. Пра іх з Маці Божай таксама пагавару; заўсёды прашу, каб апекавалася Марыя імі, бо самым цяжка ў сённяшнім грэшным свеце. А вёсачка наша з кожным годам усё мялее, людзі адыходзяць: малодшыя ў гарады падаліся, старэйшыя паўміралі. Бачылі, колькі хатаў пазамыканых…. Але наша Маці Божая разам з намі усіх нябожчыкаў аплакала, бо, калі праводзім чалавека ў апошні шлях, працэсія каля капліцы астанаўліваецца, спяваем і чытаем малітвы, святар узначальвае адпаведнае набажэнства, і родныя нябожчыка абавязкова пакідаюць каля каплічкі свой вяночак – у знак удзячнасці Маці Божай за прысутнасць у іх жыцці. У маі і ў кастрычніку мы з жанчынамі збіраемся на малітвы каля каплічкі самі – тры, найболей пяць чалавек. Часам і з Кудэйшаў да нас прыходзяць. Але Пан Езус казаў жа: дзе двое ці трое сабраліся ў Імя Маё, там і Я сярод іх. Значыць, Пан заўсёды з намі. Ну а на лета, можа, хто-небудзь з малодшых прыедзе, каб па бацькоўскім пляцы басанож пахадзіць, ягадаў пазбіраць – лес багаты…
– А вы, мусіць, падумалі, – ус-міхаецца жанчына, – чаго я сёння ў лес хадзіла, яшчэ ж нічога не вырасла… Праўду вам сказаць, я і ў сезон слабы збіральшчык. У лес хаджу маліцца! Не жартую. Калі ў хаце малюся, як машына якая праімчыцца – я ў вакно, хата ж побач з асфальтам, і думкі мае паблыталіся. А ў лесе нічога не блытаецца і нічога не перашкаджае. “Ойча наш” і “Вітай, Марыя, поўная ласкі…” адгавару каля каплічкі, а пасля ружанчык у рукі – і пайшла сваёю сцежкаю, і ўсе малітвачкі па парадку. Часам на душу накатвае такі вялізны ком пачуццяў, што размаўляю з Богам, як з чалавекам. Гэтыя чацвёраногія каля мяне, далёка не адбягаюцца, і думкі мае сканцэнтрыраваныя… Іду ў любую пагоду. І ў дождж, як сёння.
…Вось такое кароткае знаёмства, такі кароткі час разам, а ўражанне, быццам сустрэліся са сваёй знаёмай, з якой даўно не бачыліся. Заставайцеся з Маці Божай, шаноўная спадарыня Марыя!
Вераніка БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Гродзенская вобласць
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.