Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці ў Войстаме, Шчанях, Навасёлках і Сяльцы на Смаргоншчыне.

 

 

Адпуст пад  нябесным покрывам

 

 

 

f-str-28Хочацца думаць і верыць, што кіруе намі заўсёды Божы палец, паказваючы шляхі-дарогі, што вядуць да тых далёкіх  – і па часе, і па адлегласцізнакаў Божай прысутнасці, якія існуюць. Гэтыя знакі не толькі напамінаюць сучаснікам пра боязь Божую іх продкаў, але і сёння даюць людзям надзею, што Бог ніколі не пакіне сваіх верных, атуляюць іх ад непагадзі, з усіх бакоў агортваюць нябачным нябесным покрывам.

На гэты раз мы даехалі да Войстама (былога мястэчка ВКЛ), якое знаходзіцца амаль на памежжы Гродзенскай і Мінскай абласцей. Сёння – гэта вёска Смаргонскага раёна,  у цэнтры якой узвышаецца касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Пробашч кс. Уладыслаў Сурвіла з асабістай зацікаўленасцю і задавальненнем расказвае, што адметнасцю Войстамскай парафіі з’яўляецца мноства прыдарожных каплічак, амаль у кожнай вёсцы  – па-першае; па-другое –  мясцовыя вернікі з вялікаю пашанаю апякуюцца імі; па-трэцяе –

Ганна Альфонсаўна Бініцэвіч

Ганна Альфонсаўна Бініцэвіч

менавіта ад каплічак, дзе на маёвыя і іншыя набажэнствы спрадвеку збіраліся людзі, брала пачатак, пашыралася, станавілася яскраваю з’явай традыцыя, якая, урэшце, і спалучыла дзве неабходныя рэчы ў жыцці чалавека – сферу духоўнасці і сферу культуры. Асабліва гэта важна для тых, падкрэсліў кс. Уладыслаў, хто па прычыне пажылога веку да касцёла дабірацца ўжо не можа.

У самой вёсцы Войстам, пры павароце на каталіцкія могілкі стаіць адметная тумба з каменю  пад чатырохсхільным  дахам з крыжам, у  нішы ўсталяваная фігурка  Маці   Божай. Каля яе  надоўга не за-трымліваемся, бо ў суседніх Шчанях чакае нас 85-гадовая   Ганна Альфонсаўна Бініцэвіч.

Хата гэтай жанчыны – як усмешка  сонейка ў пахмурны дзень: ад яснага жоўтага колеру аж зіхаціць;  і  навокал  кветкі, кветкі… Гаспадыня  пачынае  роспавед :

 – Сама я з Навасёлак , а сюды ў 57-м годзе замуж прыйшла, каплічка, казалі, стаіць тут з XIX ст. Каля яе збіраліся, маліліся, часам ксяндзы прыязджалі з Войстама, са Смаргоні. f-str-29-2Але не падумайце, што так заўсёды адкрыта было, як цяпер, не… Дзяцей да веры даводзіла ўпотай. Як да касцёла ў Войстам збяромся, то я іх за рукі  – і праз могілкі, абыходзячы дарогу, каб ніхто не бачыў… Было, што і каля капліц збірацца забаранялі… Але хто і каму можа забараніць веру?..  Сёння  адна  дачка ў Гродна  жыве,  другая –  у  Смаргоні,  і  абедзве  дапамагаюць даглядаць каплічку. Ліпа каля яе расла, баяліся, каб не рухнула. Звярнуліся да ўладаў, атрымалі дазвол, спілілі. Паглядзіце,  якія  незвычайныя вакенцы ў нашай каплічцы. Адразу драўляныя былі, рабіў іх мой  старэйшы  ўнук  Дзіма, дзевяць гадоў прастаялі і згнілі. Мы замянілі іх на пластыкавыя, на свой кошт – наша ахвяра Богу за дар жыцця.

 …І далей  жанчына расказвала пра  тую самую традыцыю, якая у іх парафіі склалася, і пра тое, як рыхтаваліся  да  набажэнстваў мясцовыя  людзі, ведаючы, што наедуць  госці,  хто-небудзь “з начальства”, таму загадзя стваралі атмасферу душэўнай узнёсласці: рабілі   алтары,   устанаўлівалі  крыж, зямлю  вакол усцілалі дыванамі, пасыпалі  кветкамі. 

Капліца ў в. Шчані з фігуркаю Маці Божай, якой апякуюцца дзеці і ўнукі Ганны Бініцэвіч

Капліца ў в. Шчані з фігуркаю Маці Божай, якой апякуюцца
дзеці і ўнукі Ганны Бініцэвіч

Да прыезду святара ўсё было гатова і адразу пачыналася споведзь, пасля – святая Імша.  А калі завяршалася частка  духоўная – ушаноўваліся імёны  лепшых працаўнікоў сяла, пачыналі гучаць вершы, паданні, песні, выступалі спецыяльна запрошаныя  артысты і свае, мясцовыя… Асабліва моцныя ўражанні перажывалі тыя самыя ўраджэнцы  вёсак,  хто  даўно  ўжо  пакінуў родныя  ваколіцы, а ў гэты дзень не вытрываў, завітаў, каб сустрэцца, паціснуць адзін другому руку, ступіць  на дарогу дзяцінства і памаліцца разам з былымі суседзямі, роднымі, блізкімі…

–У Шчанях такое свята, прымеркаванае да набажэнства, было ўсяго адзін раз, і ўжо даўно, – уздыхнула  Ганна  Альфонсаўна, – бо ведаеце, колькі людзей тут зараз засталося, – я  і  яшчэ  адзін  мужчына  даглядае  бацьку; летам бываюць дачнікі, а ў Навасёлках, Сяльцы, Данюшава, Лямяшах, іншых вёсках – сапраўдны фэст! Бывала, і мяне дзеці падвозілі туды, і я атрымлівала адпуст пад адкрытым небам.

–Сапраўды, у арганізацыю падобных святаў, – падтрымаў пані Ганну пробашч кс. Уладыслаў, – людзі ўключаюцца з усімі сваімі здольнасцямі і талентамі. Адбываецца гэта звычайна пасля Ўрачыстасці Спаслання Святога Духа, у кожнай вёсцы – у асобны дзень.

Капліца ў в. Шчані з фігуркаю Маці Божай, якой апякуюцца дзеці і ўнукі Ганны Бініцэвіч

Капліца ў в. Шчані з фігуркаю Маці Божай, якой апякуюцца
дзеці і ўнукі Ганны Бініцэвіч

Бывае прымеркавана да літургічнага календара, як напрыклад, у Войстаме – да ўрачыстасці Маці Божай Шкаплернай, у Навасёлках – да свята Св. Антонія, у Данюшава – у першую нядзелю  жніўня  і г.д. Пра канкрэтны дзень ці дату людзі дамаўляюцца між сабою і ўзгадняюць з пробашчам. Канечне, нямнога застаецца на вёсках тых, каму 18 плюс… Усё болей – каму 30 плюс… Але радуе тое, што ўсё  ж  ёсць  моладзь,  якую  цягнуць да сябе бацькоўскія карані, якая ўмее  шанаваць  мінулае,  верыць у будучыню.  Дарэчы, у  Сяльцы  нават  стварылі  сваеасаблівую  Кнігу памяці,  дзе  запісваюць  усе цікавыя  падзеі вёскі, ганаровых удзельнікаў  свята, іх  трапныя  выказванні,  жарты…

Развітваемся з Ганнай Альфонсаўнай  і  адпраўляемся  ў  той  самы Сялец, у якім не адна, а дзве капліцы. І  першае,  што здзівіла, – капліца  літаральна пасярэдзіне сучаснай дарогі, якая вядзе з Войстама  праз  Востраву  на Смаргонь. Чаму пасярэдзіне?

–А таму, што капліца стаяла тут векі, мы з гэтай вёскі родам і ведаем, – кажа 83-гадовая Ірэна Вікенцьеўна Гіль, – што людзі каля яе збіраліся, маліліся, і кожны знайходзіў суцяшэнне свайму сэрцу; старэйшыя нават расказвалі, што тут быў пахаваны рускі разведчык, які загінуў у

Капліца ў в. Сялец  стаіць пасярэдзіне дарогі з Войстама  на Смаргонь.

Капліца ў в. Сялец стаіць пасярэдзіне дарогі з Войстама
на Смаргонь.

Першую сусветную вайну. Але ў  пэўны час прыйшлі дарожнікі выраўніваць дарогу, капліца пачала ім замінаць і яе вырашылі знесці. Як так?.. Мясцовыя вернікі, разам з маёю сястрою Гэленаю Андрыца, яна была дабітная, збунтаваліся, і мясцовыя ўлады перарашылі: каплічку – “аб’ехаць” з абодвух бакоў. Такім чынам ар-хітэктурная каштоўнасць, створаная ў 1907 годзе (надпіс на таблічцы), і апынулася   пасярэдзіне  дарогі.

А на супрацьлеглым канцы Сяльца – яшчэ каплічка, як тут кажуць, “новая”, да якой сям’я Гіль мае прамое дачыненне, бо будаваў яе старэйшы з іх чатырох сыноў – Пётр. Старажылы  памятаюць, што на тым месцы таксама была калісьці капліца, у савецкія часы знесена, і вернікі паставілі драўляны крыж, але і ён з часам пачаў парахнець. Пётр Гіль (а разам і яго родная цётка, тая самая Гэлена) узяўся за будаўніцтва, уклаў свае сілы, сродкі, узвёў святыню наноў. Якім усё ж быў матыў пабудовы? “Каб людзі ўспаміналі…”, – адказала за Пятра яго ўдава…

Вось такія гісторыі, і  ўсё – з волі Божай.

 

 

  Вераніка  БЕЛЯК.

Здымкі  Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

Гродзенская вобласць


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий