Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у вёсцы Кавальцы Дзяржынскага раёна.
Святы Рох у Кавальцах
Знакі Божай прысутнасці, якія надзялялі і надзяляюць людзей моцай сілы Бога, прысутнічаюць не толькі ў форме каплічак прыдарожных або на хатніх падворках, ці як прыдарожны крыж або сакральная фігура. Яны існуюць яшчэ і ў моцна закаранёных традыцыях, якія ўшаноўваліся продкамі, а зараз ушаноўваюцца нашымі сучаснікамі і, дзякуючы ўжо ім, працягваюць сваё існаванне. Сёння едзем у вёску Кавальцы, дзе мясцовай славутасцю, святыняй і заступнікам з’яўляецца цудадзейны абраз Святога Роха.
Якім жа чынам Святы Рох (ураджэнец Францыі, XIII ст.), які пасля смерці бацькоў раздаў усю маёмасць бедным, а сам вандраваў па свеце як жабрак, але меў цудоўны дар аздараўляць хворых ад цяжкіх хваробаў, які выратаваў Рым ад эпідэміі, так цесна звязаны з Кавальцамі – вёскай Дзяржынскага раёна, у якую кожны год, 16 жніўня з’язджаюцца вернікі са Стаўбцоў, Івянца, Дзяржынска, Мінска і іншых месцаў? Напярэдадні абзваньваюць знаёмых з тых ваколіц, звоняць пробашчу парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Волме, які духоўна апякуецца вёскай, з адзіным пытаннем: калі адбудзецца ўрачыстасць Святога Роха, каб да яе далучыцца?
Размаўляем з 81-гадовай Браніславай Браніславаўнай Ленгвіновіч у яе ўтульнай хаце, “асісціруюць” ёй, дадаючы свае каментарыі, Баляслаў Францавіч і Зоя Станіславаўна Марачыкі. Усе яны ўжо з тых, чые дзяды-прадзеды, а пасля бацькі абраз ушаноўвалі, хавалі, перадавалі ад адной сям’і да другой, каб ніхто не бачыў, не ведаў і нічога нікому не казаў. Да пары.
А гісторыя захавалася такая. Недалёка ад Кавальцоў быў маёнтак Яхімова, якім валодала пані Свідава. На пачатку XIX ст. у гэтых краях разбушавалася эпідэмія халеры, і людзі паміралі проста ў полі, дзе працавалі. Бачачы такое становішча, прадбачлівая і веруючая пані паехала (адныя кажуць ва Францыю, другія сцвярджаюць – у Італію, іншыя – у Польшчу) і прывезла абраз Святога Роха. Дарэчы, аўтар даследчай працы на тэму ролі Валмянскага касцёла Св. Яна Хрысціцеля ў жыцці наваколля і духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення настаўніца беларускай мовы і літаратуры Н. У. Рубанік, якая прааналізавала ўсе магчымыя крыніцы і даведнікі, сцвярджае, што пані Свідава купіла абраз у Рыме ў 1812 годзе і прывезла яго ў Кавальцы.
Узбуджаныя і ўзрадаваныя жыхары за дзень пабудавалі ў канцы вёскі капліцу, устанавілі у ёй абраз Святога Роха – і эпідэмія адступіла, у гэта цвёрда ўверавала тое пакаленне, што жыло на пачатку 1800-х. А колькі пакаленняў змянілася за болей чым два стагоддзі, калі мець на ўвазе, між іншым, што пакаленнем лічыцца група людзей, якія нарадзіліся і выраслі на працягу прыкладна 25 гадоў? Адным словам, тае каплічкі даўно няма, кажуць, што зняслі яе ў савецкія часы, змагаючыся з “опіумам народа”, а месца, дзе стаяла, ведаюць усе ўраджэнцы вёскі (ёсць каплічка другая, і да яе мы яшчэ вернемся); абраз святога ўратавалі ад знішчэння і па сённяшні дзень захоўваюць мясцовыя вернікі. І не перадаваўся ён родным братам-сёстрам, дзядзькам-цёткам ці пляменнікам-пляменніцам – перадаваўся проста “моцным” вяскоўцам, хто сапраўды мог яго захаваць. І ўсплываюць ў памяці ўдзячных жыхароў вёскі прозвішчы Ленгіновічаў, Рудкоўскіх, Леанец, Мурашка, у некаторых сем’ях абраз захоўваўся на працягу некалькі дзесяцігоддзяў, яго заклейвалі пад шпалеры, хавалі ў гумнах пад сена, на гарышчы. А Марыя Мурашка за захаванне рэлігійнай рэліквіі яшчэ і шмат штрафаў атрымала ад уладаў.
–Але абраз меў вялікую сілу, – падкрэслівае Баляслаў Францавіч. – Яшчэ мае бацькі расказвалі: калі здаралася вялікая засуха, вяскоўцы бралі абраз і абыходзілі з ім вёску, каб уратаваць ураджай і пазбегчы голаду. І пасля гэтага даж-джы прыходзілі!
А зараз непасрэдна пра 16 жніўня, г. зн. пра тую “пару”, калі да Святога Роха можна звярнуцца асабіста, пацалаваць святое аблічча ў раме, прамовіць словы падзякі за тое, “што ты ў нас ёсць” (маецца на ўвазе Святы Рох), за вёску, за родных і папрасіць у Бога ласкі на новы кавалак жыцця. У гэты дзень усе вернікі збіраюцца каля хаты, у якой на дадзены момант захоўваецца абраз, моляцца, і ўстанаўліваецца крыж. Абраз упрыгожваецца вянкамі кветак і пад духоўныя спевы выносіцца з хаты. Дарэчы, ён вялікі, да рамы прымайстраваны ручкі, каб было спадручна несці дваім, і людскі шлейф з малітвамі і духоўнымі песнямі запаўняе сабою ўсю вуліцу… (дзякуючы сучасным электронным сродкам і мы мелі магчымасць паглядзець відэасюжэт, які прадаставіў нам вялікі шанавальнік мінулага вёскі, захавання яе традыцый Валянцін Прострам). Працэсія астанаўліваецца каля кожнай хаты, дзе абраз чакаюць, і зусім нямоглыя старэнькія падыходзяць, моляцца, дакранаюцца да яго тварам, выказваюць свае пачуцці і просьбы да Бога. Вось што сказала Юзэфа Шырвель, калі Святы Рох з урачыстай працэсіяй наблізіўся да яе падворку:
«Святы Рох, вялікі дзякуй, што ты ў нас ёсць. Узмацні нашае здароўе, дапамагай нам жыць. Мае людцы залатыя – той, хто ідзе каля яго, хто нясе яго, хто стаіць каля яго ,– дай, Божа, вам усім здароўя і мір на гэтай зямлі, каб мы жылі, каб нашыя дзеткі жылі і не бачылі гора, як мы».
Працэсія з малітвамі і спевамі рухаецца далей, і чарговая астаноўка – капліца Маці Божай Фацімскай, якую і пабудаваў Валянцін Прострам. Калісьці шлях працэсіі з цудадзейным абразом накіроўваўся вакол вёскі, па ўскрайку лесу, каля возера, тры кіламетры пехатою – і на галоўную вуліцу Волмы да касцёла. З храма выходзілі насустрач вернікі разам з ксяндзом, абраз заносілі і ставілі каля алтара, пасля чаго пачыналася св. Імша.
Строга рэгламентаваны быў і абрад вынасу абраза са святыні. Пасля св. Імшы – крыжовы шлях вакол храма з абразом святога, пасля чаго людзі, якія трымаюць абраз Святога Роха, прыпыняюцца каля крыжа. І ўсе, хто прыйшоў на свята, падыходзяць да іконы, дакранаюцца да яе, цалуюць, складаюць ахвяру і праходзяць пад ёю з верай, што Святы Рох вылечыць іх ад фізічных і душэўных хваробаў. Калі пройдуць усе ўдзельнікі ўрачыстасці, жыхары Кавальцоў зноў з абразом святога, працэсіяй вяртаюцца ў вёску.
Зараз “сцэнарый” крыху зменены: па-першае, у апошнія гады на дзень успаміну Святога Роха прыязджаў у Кавальцы пробашч парафіі з Волмы кс. Валянцін Станкевіч (з чэрвеня б.г. ён пераведзены ў іншую парафію), і каля капліцы Маці Божай Фацімскай адбываецца адмысловае набажэнства; па-другое вернікі разам з абразом святога пехатою не ходзяць – едуць у Волму (і з Волмы) бусам. А ў астатнім – усё, як і раней: жыве вера ў моц і сілу Бога, Які дзейнічае праз абразы святых, праз анёлаў і ўсіх міласэрных людзей.
Вераніка БЕЛЯК
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА,SVD
і з фотаархіва В. Прострама
Мінская вобласць