Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры, аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.
Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць на мяжы Лідскага і Воранаўскага раёнаў.
Ружанец
на «Кацярынінскім тракце»
…Чамусьці ўзгадалася думка пра ролю асобы ў гісторыі. І зусім не ў той вялікай, пра якую пішуць і нават спрачаюцца энцыклапедычныя даведнікі, а ў гісторыі, якая будуецца штодня побач з намі, у наш час, нашымі сучаснікамі. Ці заўважаем мы гэтую асобу, ці ацэньваем яе па той “шкале”, якой яна заслугоўвае?
…Мы ехалі ў Тракелі з боку Ліды, спяшаліся ў знакаміты санктуарый Маці Божай Тракельскай, каб укленчыць перад яе цудадзейным абразам і “патануць” у той кранальнай атмасферы, якая ў гэтым вызначаным Богам месцы створана. Ні кроплі не перабольшваю – незвычайнае адчуванне ахоплівае яшчэ “на подступах” да Тракелей. А справа ў тым, што ўсіх падарожных – і пешых пілігрымаў, і “матарызаваных” вандроўнікаў – сустракае прыгожая бярозавая алея, што цягнецца паабапал асфальтавай дарогі. За гэтай дарогай захавалася назва “Кацярынінскі тракт” і неяк перадаецца з пакалення ў пакаленне, хоць расійская імператрыца ніколі тут не праязджала, а толькі меркавала праехаць. Дарэчы, тракт, як сведчаць гістарычныя крыніцы, быў афіцыйна за-цверджаны ў 1783 годзе.
Дык што ж незвычайнага ў гэтай беластвольнай алеі, якая бярэ свой пачатак каля вёскі Ўладзіславова і цягнецца да старых могілак вёскі Дворышча? Незвычайнае ў тым, што бярозы-прыгажуні, якія ў славянскай культуры здаўна
лічыліся сімвалам пачатку жыцця і жаночай чысціні, такімі ж прыгожымі пышнымі кронамі атуляюць Езуса Хрыста і Яго Крыжовы шлях, які адлюстраваны ў выглядзе невялікіх стацый-каплічак, што замацаваныя на жалезных столбіках. Дрэвы, каплічка… Дрэвы, каплічка… Сям-там сустракаюцца ліпы, ёлкі… І так на працягу амаль 3-х кіламетраў. Тут пілігрымы сцішаюць свой ход, моляцца, ад стацыі да стацыі разважаюць Крыжовы шлях Збаўцы, здзіўляючыся ледзь чутнай мелодыі дрэў і супакою, які сыходзіць ад гэтых каплічак: сапраўды, як незвычайна прыгожа і кранальна пераплялося – створанае Богам наваколле і далучаныя рукою чалавека знакі Божай прысутнасці. Здаецца, недзе тут, над намі, у кронах беластвольных бяроз прытуліліся нячутныя людскія малітвы-просьбы да Бога, якія і нам напамінаюць пра крыж Хрыста і наш чалавечы лёс.
Не, каля Дворышча алея не заканчваецца і не заканчваецца нашае адчуванне блізкасці Бога на гэтым тракце, бо ад указальніка “в. Мігуны” і да ўказальніка на Тракелі, там, дзе сустракае пілігрымаў фігура Маці Божай, – дваццаць каплічак “Таямніцы Святога Ружанца”, якія дапамагаюць пілігрымам дайсці да канчатковай мэты. Каля кожнай каплічкі на хвілінку спыняюцца, кленчаць і з малітвамі накіроўваюцца далей у санктуарый. Ідуць пажылыя і маладыя, ідуць сем’і з дзецьмі, нават з немаўляткамі.
–Пілігрымаў і вернікаў, якія прыбываюць у ліпені на фэст у гонар Маці Божай Тракельскай, – гаворыць парафіянін Ян Ганевіч, – з кожным годам ўсё болей, і я ні разу не сустракаў такіх, якія б, убачыўшы наш пілігрымскі шлях, “увенчаны” каплічкамі, не ўсклікнулі: “Якая тут прыгажосць!”.
Павінен сказаць, працягваў Ян Феліксавіч, што, калі наш пробашч агучыў ідэю размясціць каплічкі там, дзе яны сёння, уздоўж асфальту, асабіста я не ўяўляў, што гэта такое і як павінна выглядаць, – да гэтага не бачыў нідзе, хоць і шмат дзе пабываў. Але пазней, пасля таго, як мы разам з ім “перамералі” сваімі нагамі, ад “А” да “Я”, амаль 3 км алеі, пералічылі, каб на роўных адлегласцях адна ад другой размясціць 34 прыдарожныя каплічкі, пасля таго, як пробашч паказаў малюнкі і схемы, якія найперш “прыкінуў” сам, ўсё набыло свае канкрэтныя рысы і свой непаўторны сэнс.
Прыемна было тое, працягваў суразмоўца, што ідэя была падтрымана мясцовымі ўладамі, адпаведнымі дзяржаўнымі службамі, і вернікі горача ўзяліся за справу. Ахвотна працавалі на гэтым рэлігійным аб’екце Юзаф Шанціла, сужэнства Ян і Святлана Драб, Генрых Брэйва, Лідзія Жукоўская, Тэрэза Банцэвіч і іншыя жыхары Дворышча: рыхтавалі ямкі, вазілі раствор, умуроўвалі столбікі, каб на іх замацаваць каплічкі. Сёння відавочна, што гэтая ідэя была правільная і карысная з усіх бакоў: па-першае, яна ўзмацняе дух пілігрымаў і дапамагае ім пераадолець сябе на апошнім кавалку дарогі да санктуарыя; па-другое, асалоду атрымалі тыя, хто спрычыніўся да гэтай Божай справы на стадыі яе выканання; (былы міністрант касцёла ў Забалацці Міхаіл Бартось на свой кошт устанавіў пад каплічкамі светадыёдныя лямпкі); па-трэцяе, пэўныя службы пастаянна падтрымліваюць парадак, каб нават тыя “выпадковыя” падарожныя, якія бываюць тут, заўважылі, прыпыніліся і кожны спытаў сваё сэрца: “Ці Божым шляхам іду я па жыцці?”.
Кажуць, не так важна, што чалавек зрабіў, а значна важней, якую перспектыву адкрыў сваёю працаю для іншых. Стоячы ў гэтай прыгожай алеі, што ледзь чутна шалпоча густымі кронамі дрэў, я разумела, што насамрэч так яно ёсць; імкнулася ўявіць чалавека, які пераадолеў доўгі шлях, каб перад гэтымі незвычайнымі каплічкамі злажыць Богу сваю ахвяру, свае сумненні, сваю малітву. А побач з ім уяўляла таго, хто такую перспектыву для яго адкрыў… Без сумніву, кусташа Санктуарыя Каралевы нашых сем’яў у Тракелях ксяндза каноніка Ежы Беганскага.
Вераніка БЕЛЯК
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА,SVD
Гродзенская вобласць
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.